Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
3 Брэсцкай шашы мы паварочваем на Мір недзе за ім, у Карэліцкім раёне, у вёсцы Малюшычы, і нарадзіўся ў 1796 годзе Ян Чачот.
Першы наш супынак быў у Баярах роднай вёсцы Мірачыцкага, якая якраз ляжала па дарозе ў Малюшычы. Загналі машыну ў двор, патупалі да бацькоўскай хаты Льва Паўлавіча. Папраўдзе, гэта была не хата, а добры дамок, мураваны, вельмі акуратны. Пабудаваны ён быў, як расказаў мне Леў Паўлавіч, яшчэ «за польскім часам», недзе ў 1920-я гады. Наогул жа ў Баярах Мірачыцкія пасяліліся даўно недзе ў XVI ці XVII стагоддзі, пакінуўшы сваё «родавае» сяло Міратычы, што каля Свіцязі. Ад назвы гэтага сяла, між іншым, і прозвішча Льва Паўлавіча.
Яго далёкі продак славіўся як майстар на ўсе рукі, вялікі выдумшчык, вынаходнік. Расказвалі, быццам ён змайстраваў нават драўляны веласіпед гэта тады, калі веласіпедаў яшчэ і ў паміне не было. Даведаўся пра таленавітага майстра-самародка пан з Асташына (вёска непадалёк ад Баяр) і невядома ўжо якім чынам дамогся, каб пан з Чамброва, што валодаў Міратычамі, перадаў гэтага майстра яму. Асташынскі пан пасяліў яго ў Баярах. Пра выдатныя здольнасці новага пасяленца адразу ж даведаліся баярцы. Ды і не толькі баярцы людзі з усяго наваколля. Быў ён чалавек добры, бескарыслівы. Калі каму-небудзь трэба было змайстраваць ці паправіць нейкую рэч у гаспадарцы, казалі: «Ідзі да міратыцкага чалавека ён табе ўсё зробіць». Мірачыцкі гэта і ёсць перайначанае ад міратыцкі, чалавек з Міратыч. Цікава, што ўмельства, дапытлівасць, працавітасць сталі родавай традыцыяй Мірачыцкіх. I сёння жыве ў Баярах дзядзька Льва Паўлавіча Уладзімір Якаўлевіч Мірачыцкі, выдатны майстар кавальства. Знаным кавалём быў і бацька, удзельнік рэвалюцыйных падзей 1917 года (ён служыў пад Масквой памочнікам машыніста на паравозе). Майстрамі на ўсе рукі, вельмі паважанымі людзьмі сярод вяскоўцаў былі таксама і яго сыны браты Льва Паўлавіча Міхась і Кастусь. Кастусь, які закончыў аж два тэхнікумы і выбіраўся старшынёй калгаса, трагічна загінуў некалькі гадоў назад: капаў калодзеж, аб’ехала зямля ёю і заваліла чалавека. Кастусь якраз і быў пасля смерці бацькі гаспадаром дамка, да якога мы цяпер пад’ехалі.
У доме Мірачыцкіх сустрэлі нас вельмі ветліва, запрасілі ў пакоі. Дома была сама гаспадыня братавая Льва Паўлавіча і яе дачка Таня, студэнтка ўніверсітэта ў Мінску, са сваімі сябрамі. Леў Паўлавіч паказаў мне сямейныя рэліквіі, падахвоціў злазіць на гарышча там ён захоўваў свае кнігі, якія збіраў яшчэ са школьных гадоў і якія не змяшчаліся ў яго сціплай мінскай кватэры. Знаёмыя назвы кніг, знаёмыя прозвішчы пісьменнікаў, сярод якіх шмат беларускіх. Адразу відаць чалавека, які любіць родную літаратуру, нашу гісторыю. Потым нас пасадзілі за стол перакусіць з дарогі. I тут, за сямейным сталом, зусім нечакана я разгаварыўся з асобай, што была з роду... Чачотаў! Ім, гэтым
чалавекам, аказаўся не хто іншы, як сама гаспадыня хаты, братавая Льва Паўлавіча выкладчыца роднай мовы і літаратуры Цырынскай сярэдняй школы Марыя Мікалаеўна Мірачыцкая, да замуства Чачот. Родам яна з суседняй вёскі Аканавічы. Там, як расказала Марыя Мікалаеўна, палова вёскі носіць гэта прозвішча. Праўда, толькі з націскам на першы склад Чэчат. Дарэчы, Леў Паўлавіч лічыць, што і Яна Чачота правільней было б так называць. Але наўрад ці можна з гэтым пагадзіцца: Чэчат усё ж, мусіць, паланізаванае слова. Чэчатаў шмат і ў Цырыне. Ёсць яны і ў іншых тутэйшых вёсках. Ці не ўсё гэта сведчанне таго, што якраз тут самыя глыбінныя карані Яна Чачота, зямля яго дзядоў і прадзедаў? Цікавая дэталь: Чэчаты з Цырына былі вядомыя тым, што захапляліся мастацтвам, літаратурай. Яны заўсёды славіліся як завадатары мастацкай самадзейнасці. Добра помняць цырынцы, напрыклад, Тоню Чэчат, якая ў 1930-я гады ставіла спектаклі па п’есе «Збянтэжаны Саўка» і іншых творах, а таксама Алесю Чэчат, якая зноў жа ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, а ў час Вялікай Айчыннай вайны стала партызанкай... Мы доўга не затрымаліся ў доме Мірачыцкіх. Падзякаваўшы гаспадыні за гасціннасць, рушылі далей па сваім маршруце.
Ехаць давялося нядоўга. Мінавалі толькі прыгравійкавыя вёскі Асташын, Любанічы, Сэрвач, якія відаць былі адна ад адной, і калі наблізіліся будынкі наступнай вёскі, Леў Паўлавіч даў знак спыніцца.
Паставілі машыну на пляцоўцы каля прыдарожнага магазіна і пакіравалі да бліжэйшай хаты. У парозе ўбачылі дзвюх жанчын, падышлі да іх. Жанчыны спляталі ў вянкі цыбулю, што ляжала згруджаная каля іх ног, на падлозе сенечак.
Дык гэта ж не Малюшычы, сказалі яны, калі мы пачалі распытваць пра вёску. Гэта Даўгінава. А Малюшычы далей, яны паказалі на хаты другой вуліцы, што ішла ад гравійкі ўбок.
А не адна гэта вёска? папытаўся я.
Цяпер-то яны зліліся. Але ўсё роўна тут Даўгінава, а там Малюшычы.
Жанчыны расказалі нам, што Даўгінава навейшая вёска. Яе склалі перасяленцы з наднёманскага Даўгінава. Перасяліліся
людзі і назву роднай вёскі ўзялі з сабой. Цяпер і Даўгінава, і Малюшычы ўваходзяць у адзін калгас імя Калініна. Мы вярнуліся да машыны і скіравалі ў сапраўдныя Малюшычы. Прыпыніліся ў пачатку вёскі і, пакінуўшы машыну пры плоце, пайшлі па вуліцы пеша.
Малюшычы аказаліся даволі вялікай вёскай. Светлыя і прасторныя дамы, сярод якіх нямала цагляных, зробленых па-сучаснаму. Вуліца чыстая, асфальтаваная. На адным з будынкаў убачылі шыльду: «Малюшыцкая сярэдняя школа». Памкнуліся туды усё ж цікава было б пагутарыць з настаўнікамі, але якраз быў выхадны, і на дзвярах школы вісеў замок. Параўняліся са светлым акуратным дамком канторы калгаса, каля якога стаяла пры плоце белая «Ніва». Пэўна ж, гэта машына старшыні, і мы застанем яго на месцы.
Але ў канторы ўбачылі толькі маладзенькую чарнявую дзяўчыну за вылічальнай машынкай і пажылую жанчыну, якая выйшла да нас з суседніх дзвярэй.
-	Старшыня ездзіць па калгасе. 3 прадстаўніком вобласці, сказала нам жанчына. Але пачакайце, я па радыё скажу, што яго чакаюць... I жанчына знікла за дзвярыма.
-	Я аб’явіла, пасядзіце трохі, сказала яна, вярнуўшыся.
Мы прыселі каля стала, разгаварыліся.
Старшынёй калгаса тут Аляксандр Аляксандравіч Зантовіч. Працуе ў калгасе даўно. Вельмі дзелавы чалавек. Шмат будуе і гаспадарчых будынкаў, і жылля. Дабіўся добрых паказчыкаў па многіх галінах гаспадаркі. Жанчына пачала называць лічбы, якія сапраўды гаварылі аб выдатных дасягненнях калгаса.
-	Але паглядзіце лепей на вось гэта, і жанчына не без гонару падала нам чырвоную папку. Сёння ўручылі. Якраз перад вашым прыездам быў сход усяго калгаснага актыву...
Я разгарнуў папку. Перада мной ляжала Ганаровая грамата Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Беларусі, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ. У ёй гаварылася, што гэтай Ганаровай граматай узнагароджваецца калгас імя Калініна Карэліцкага раёна пераможца ў рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве за паспяховае правядзенне зімоўкі
жывёлы, павелічэнне вытворчасці і продажу прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1982-1983 гадоў. I яшчэ жанчына паказала нам Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і Беларускага рэспубліканскага Савета прафсаюзаў работнікаў сельскай гаспадаркі, якой узнагароджваўся за тыя ж поспехі калектыў малочнатаварнай фермы Малюшычы калгаса імя Калініна.
-	Ферма адсюль блізка. Калі хочаце можна падысці, сказала нам жанчына.
Мы з ахвотай згадзіліся балазе так і не дачакаліся старшыні калгаса: пэўне ж, недзе «замачвае» з прыезджымі начальнікамі ўзнагароду.
Ферма была даволі вялікая. Старыя і новыя пабудовы. Сярод іх вылучаўся доўгі цагляны кароўнік, відаць былі збудаванні для сіласу. Да нас падышоў загадчык фермы Сымон Шайбак, невысокі, сярэдняга веку чалавек. Ён ахвотна пачаў расказваць пра работу, пра тых, хто працуе на ферме.
Вядома, усё гэта было цікава. Добра было б бліжэй пазнаёміцца з гэтымі людзьмі, напісаць пра іх.
Дарэчы, у мяне раней была мара: як можна глыбей вывучаць сучасную калгасную вёску, паказваць у нарысах самыя важныя праблемы сельскай гаспадаркі. Але розныя акалічнасці перашкодзілі мне заняцца гэтым. I галоўная «акалічнасць» гэта нядрэмная наша цэнзура, што доўгія гады маналітам стаяла на варце ўсіх «заваёў» і «ўстояў», і блізка не прапускаючы ў друк думкі і меркаванні, якія б адрозніваліся ад даўно ўстаялых, «агульнапрынятых». Даходзіла да таго, што па-за крытыкай знаходзіліся нават ніжэйшыя чыны партапарату. Пісаць пра сельскую гаспадарку дазвалялася толькі ў плане ўдасканалення калгасна-саўгаснай сістэмы. Пра тое, каб мяняць яе, не магло быць і гаворкі. Якраз таму і «ўцёк» я ў гісторыю, якой па-сапраўднаму захапіўся.
Што значыць гісторыя для грамадства тлумачыць, мусіць, няма патрэбы. Добра сказаў, напрыклад, пра важнасць вывучэння гісторыі вядомы рускі пісьменнік Васіль Пяскоў: «Радзіму можна параўнаць з агромністым дрэвам, на якім не злічыць лістоты. I ўсё, што мы робім добрага, дадае яму сілы. Але ўсякае
дрэва мае карані. Без каранёў яго паваліў бы нават слабы вецер. Карані жывяць дрэва, звязваюць яго з зямлёй. Карані гэта тое, чым мы жылі ўчора, год назад, сто, тысячу гадоў назад. Гэта Ha­ma гісторыя. Гэта нашы дзяды і прадзеды. Гэта іх справы, якія маўкліва жывуць побач з намі, у стэпавых каменных бабах, разьбяных ліштвах, у драўляных цацках і дзівосных храмах, у цудоўных песнях і казках. Гэта слаўныя імёны палкаводцаў, паэтаў і змагароў за народную справу... Без мінулага немагчыма ні добра зразумець, ні ацаніць па-сапраўднаму сённяшняе...» Залатыя словы!..
На малюшыцкую ферму я зайшоў нездарма. На гэтым жа самым месцы, дзе размясціліся яе пабудовы, і быў некалі той фальварак, які арандаваў яшчэ ў XVIII стагоддзі бацька Яна Чачота і дзе нарадзіўся будучы паэт і фалькларыст. Сымон Шайбак расказаў, што перад вайной можна было ўбачыць тут рэшткі фальварка. Сёння ж ад яго не засталося і знаку. Затое навокал ляжалі тыя ж узгоркавыя палеткі, якія бачыў некалі малы Ян Чачот. За фермай, у лагчыне, відаць быў пасак маленькай рачулкі Малюшыца, якая і сёння, пэўна, вабіць да сябе вясковую дзятву... Тое, што тут нарадзіўся адзін з пачынальнікаў нашай літаратуры, нікому ўжо і не ў галаве. На месцы фальварка бруд, смурод. Вось так шануем мы святыя месцы! Хто ж паважаць будзе нас, калі мы самі сябе не паважаем?