Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Так паэтычна апісаў гэтую падзею ў вершы «Каранацыя Міндоўга» наваградчанін Ян Чачот. Праўда, Міндоўг пераходзіў з праваслаўя ў каталіцтва і прымаў каралеўскі тытул не дзеля ўласнага ўзвышэння, а каб прадухіліць немінучы напад на беларускія землі крыжакоў, якія сілай зброі неслі сюды сваю «рымскую веру». Калі ж у Жамойці ўспыхнула паўстанне супраць нямецкіх рыцараў, князь Міндоўг без хістання пайшоў на дапамогу жамойтам, паставіўшы крыж на сваім каталіцтве, да якога ставіўся несур’ёзна. Гэта і заўважыў Ян Чачот у тым жа вершы пра каранацыю Міндоўга:
Міндоўг не верыць, не!
Сваю карысць тут гне -
Ён сам кіруе лёсам.
Ён будзе каралём!
Тры дні каталіком...
Крыжак жа будзе з носам!*
Пра беларускага караля Міндоўга ў Наваградку напамінаюць толькі вежы Наваградскага замка, які ён пачынаў будаваць, ды Гара Міндоўга, дзе ён, паводле падання, быў пахаваны семсот з лішнім гадоў таму назад.
Як бы гэта было правільна і здорава, калі б услед за Адамам Міцкевічам выйшаў, а яшчэ лепш выскачыў на сваім баявым скакуне на адну з цэнтральных плошчаў горада і застыў у лёце наш першы, зрэшты, і апошні беларускі кароль або вялікі князь -
Міндоўг. Вось тады б папраўдзе ўсё стала на месца ў старажытным Наваградку!
Назаўтра раніцай, пераначаваўшы ў гасцініцы, мы наведалі музей. Праўда, прынцыпова новага я там не знайшоў: проста прыаздобілі залы, паднавілі экспазіцыю. Я прыпыніўся перад стэндам, дзе выстаўляліся кнігі пра Адама Міцкевіча. Сярод прадстаўленых выданняў чамусьці не ўбачыў сваіх, «кнігазбораўскіх», «Філаматаў і філарэтаў». Папытаў пра гэта ў Гайбы, які, быццам нічога і не адбылося паміж намі, сам падахвоціўся павадзіць нас па залах-пакоях Міцкевічавага дома.
У мяне ёсць «Філаматы...» дома, сказаў Мікола Гайба. Цікавая кніга. А чаму яе няма на стэндзе? Проста мастак не палічыў патрэбным паставіць яе.
Гэта для мяне было яшчэ адно дзіва: не навуковыя супрацоўнікі вызначаюць, што паказваць людзям, а мастак-афарміцель, які глядзіць толькі на знешні бок рэчаў. He хвалячыся, скажу, што мне цяжка назваць іншую беларускую кнігу, якая б так усебакова расказвала чытачу пра Адама Міцкевіча і яго філамацка-філарэцкую сябрыну, як зборнік «Філаматы і філарэты».
Пры развітанні Мікола Гайба падпісаў мне сваю кніжку «Могілкі і пахаванні ў Наваградку», выдадзеную ў Мінску. 3 яе я ўбачыў, што Мікола Гайба чалавек творчы, сур’ёзны. Ён даволі грунтоўна вывучыў гісторыю Наваградка, цікава расказаў пра яго магільнікі і пахаванні. Таму я шчыра пажадаў яму поспехаў на гэтай творчай дзялянцы.
Пасля музея мы зноў скіравалі за горад на вольную волю.
Спачатку «ўзялі курс» на Руту. Здаецца, Рута найчасцей успаміналася Адаму Міцкевічу ў эміграцыі. Якраз тут, на ўлонні чыстай, не засмечанай цывілізацыяй прыроды, праплывалі вёсны і леты яго дзяцінства, «сельскага, анёльскага». Тут быў маёнтак самага лепшага бацькавага сябра наваградскага юрыста Мэдарда Растоцкага, які нейкі будынак ці памяшканне аддаваў у валоданне Міцкевічам. Сюды наведваўся Адам Міцкевіч і пасля таго, як апусцеў, стаў чужым яго бацькоўскі дом. Як дадому, прыязджалі ў Руту і Адамавы браты. Так, Францішак Міцкевіч у лісце да Яна Чачота ад 11 кастрычніка 1822 года прызнаваўся.
што ён даўно жыве ў маёнтку Мэдарда Растоцкага, якога лічыць амаль што «сваім бацькам».
Сваім «любімым апекуном» называў яго і Адам Міцкевіч, які зрабіў потым бацькавага сябра адным з галоўных герояў эпапеі «Пан Тадэвуш», вывеўшы яго пад імем суддзі Сапліцы. У сцэне сустрэчы суддзі з панам Тадэвушам, які прыехаў да яго з вучобы на пабыўку, угадваецца сустрэча гаспадара Руты з самім Адамам Міцкевічам:
Віталіся пры людзях неяк сарамліва:
Юнак пацалаваў Суддзю ў руку пачціва;
Суддзя ж, абняўшы госця, вуснамі да скроні Даткнуўся, быццам быў той чалавек старонні, I голасам дрыготкім, можа, два-тры словы Як выціснуў з сябе. Якія там размовы Пры хваляванні! 3-пад павек яго тым часам Сляза слязу скаціла, ён іх сцёр кутасам I ўсім, хто там прысутнічаў, была прычына Сцвярджаць, што любіць пан Тадэвуша, як сына.
(Пераклад Я. Семяжона)
Сюжэтны стрыжань «Пана Тадэвуша» зацятая спрэчка двух суседніх родаў Сапліцаў і Гарэшкаў за ўсімі пакінуты даўно, нікому не патрэбны замак, які для ганарлівай шляхты меў значэнне як жывое сведчанне яе радавітасці. Адаму Міцкевічу падказаў гэтую сюжэтную канву судовы працэс паміж Мэдардам Растоцкім і яго далёкімі сваякамі за валоданне самой Рутай, працэс, які цягнуўся з 1803 па 1834 год і ў выніку якога асноўная частка маёнтка засталася ўсё ж за апекуном маладых Міцкевічаў.
Усё дзеянне паэмы разгортваецца ў Сапліцове маёнтку суддзі Сапліцы, прататыпа Растоцкага. Значыць, апрача Туганавіч і рэальнай вёскі Сапліцова, якая і цяпер, здаецца, існуе на Наваградчыне, можа паспрачацца за месца дзеяння славутай Міцкевічавай эпапеі і Рута.
Яна, Рута, дала Адаму Міцкевічу і сюжэт першай яго рамантычнай балады «Люблю я», напісанай у снежні 1819 года ў Коўне. Спярша дваццацігадовы паэт прысвячаў баладу наваградскай
шляхцянцы Ягасі, але потым пераадрасаваў туганавіцкай Марылі, якая тады пачынала ўжо авалодваць яго думкамі.
Пасылаючы баладу сябрам-філаматам у Вільню, аўтар прызнаваўся ім, як узнікла задума твора: пры сустрэчах Марыля (а раней, мусіць, Ягася) на яго «сторазовае» прызнанне ў каханні ні разу не выціснула са сваіх вуснаў слова «люблю», не кажучы пра «кахаю». Акурат за гэта ён «у Руце паўночнай хвілінай» з пажаданнем «дабранач» «страшыў» Марылю сваёй баладай.
Пачынаецца гэты рамантычны твор з апісання Руты:
Бачыш, Марыля: ля самага гаю
Вербы ўзнялі свае шаты,
Рэчка віецца далінаю з краю, Мосцік над рэчкай гарбаты.
Вунь і царквы, і званіцы руіны,
Сыч там гняздзіцца панылы, Зараснік побач, буяюць маліны
I захінаюць магілы.
Месца гэтае, як расказвалі паэту старыя людзі, сярод якіх быў і нейкі дзед Андрэй, уважалася за «нячыстае». Нібы апоўначы там здараліся дзіўныя дзівы: з магіл выходзілі здані, прыезджым чыніліся ўсякія перашкоды: то ў возе ламаліся восі, то ні з таго ні з сяго адлятала кола. Аднаго разу зведаў тыя чары і сам паэт, едучы ў Руту начной парою: спярша коні сталі раптам на дарозе як укопаныя, а потым так ірвануліся ўперад, што парвалася збруя. Ды паэт, які не верыў у людскія байкі, не разгубіўся:
Нанач ды ў полі самому застацца Гэта, прамовіў, люблю я.
Ледзьве ён так сказаў, як перад ім вырасла дзяўчына ў белым. Насмерць перапалоханаму хлопцу яна адразу ж пачала шчыра дзякаваць за тое, што ён прамоўленымі словамі «люблю я» зняў з яе заклён, які ў пакутах насіла яна роўна сто гадоў. I пачала тут жа расказваць пра сябе. Зваць яе Марыля. Жыла бесклапотна ў заможных бацькоў. Да яе сваталася мноства панічоў. Ды яна
пагарджала імі. Адзін з іх, «юны, прыгожы, цнатлівы» Юзік, так закахаўся ў дзяўчыну, што, не пачуўшы ад яе ўзаемнага прызнання, наклаў на сябе рукі. А ўслед за сабой пацягнуў на той свет і яе. Там, у пекле, пачула яна такія словы:
Ведала добра ты Божую волю:
Створана Богам кабета.
Каб упрыгожыць мужчынскую долю, -
Як жа забыла ты гэта?
Сэрца ты быццам каменнае мела, Мольбаў было табе мала, Ветла ні разу не паглядзела.
Слова любві не сказала.
Будзеш за чэрствасць загубную гэту
Мучыцца ў пекле, дзяўчына, Покуль не скажа табе з таго свету
Уголас: «Люблю я!» мужчына...
(Пераклад А. Зарыцкага)
Калі магічнымі словамі «люблю я» зняліся з заклятай дзяўчыны чары, адразу ж наладзілася і збруя, паспакайнелі ў хлопца коні, і ён шчасліва даехаў дадому, у руцянскі маёнтак. Ну і мы ехалі цяпер у любую сэрцу паэта Руту, не баючыся, што якінебудзь нячысцік знянацку падкіне нам пад колы машыны слізкі корч з балота ці, на ляту падскочыўшы, спрытна адкруціць колавую гайку, каб убачыць нас у становішчы дагары нагамі. Але каб і напраўду яшчэ заставаліся тут якія заклёны, то яны, як і ў Адама Міцкевіча, адразу ж зняліся б, бо Валянцін Дубатоўка, аглядаючы праз акно машыны даліны і ўзгор’і Руты, ухапіўся за сваю кінакамеру і прамовіў:
Ну і люблю ж я здымаць такія краявіды!
Пасля Дубатоўкавага «люблю я» нам ужо не страшныя былі руцянскія кручы ды стромы! Да прыкладу, мне аж трэба было заплюшчыць ад страху вочы, калі Віктар Каладскі з разгону пускаў машыну з гары проста ў глыбокую ўпадзіну-прорву, а потым руляваў з яе старчма ў самае сіняе неба. Машына тады натужна раўла, нават нешта ў яе нутры калацілася. Ды яна
няўхільна, нібы які ўчэпісты жук, лезла і лезла ўверх на самы пік гары.
Там, на роўнай пляцоўцы-плато, Віктар паставіў свайго звера «на прыкол»! Адсюль мы ўбачылі Міцкевічаву Руту як на далоні.
Я аб’ездзіў усю Беларусь, як той казаў, удоўж і ўпоперак. Ды такіх шырокіх, невыказнай красы краявідаў, здаецца, яшчэ не сустракаў. 3 нашага «плато» перад вачыма адкрывалася неаглядная лясная-палявая пространь, зліваючыся ўдалечыні з падсіненым смугою небасхілам, нават цяжка было ўгадаць, дзе там канчалася неба і дзе пачыналася зямля. У белай квецені яблынь ды вішаннікаў хаваліся хаты далёкіх і блізкіх вёсак, дзенідзе, вырываючыся з цесных абдымкаў калін ды ракітнікаў, бліскала срэбраная стужка рачной плыні ды зноў нырала ў густыя зараснікі. Цяпер я зразумеў Адама Міцкевіча, якому ў Парыжы снілася родная Рута, краявіды якой яму былі мілейшыя і прыгажэйшыя за луўрскія ды альпійскія. Дубатоўкава кінакамера гула не сціхаючы, круцячыся наўкруга і ўбіраючы ў сваё нутро ўсю гэтую красу. Раз за разам пстрыкаў і Міхасёў фотаапарацік.
Каб бліжэй пазнаёміцца з самой Рутай, мы зноў селі ў машыну. Едучы сцішаным ходам па Руце, правільней па дзвюх Рутах: Горнай і Дольнай мы шукалі каго-небудзь з вяскоўцаў, хто мог бы паказаць нам колішнюю панскую сядзібу. Ды людзі як пахаваліся: нідзе ні душы. Супынілі адзінокі «МАЗ». Шафёр, чалавек сярэдніх гадоў, на наша запытанне толькі адмоўна пакруціў галавой:
-Я не здешннй. Волжаннн.
Спусціліся ў даліну, дзе паблісквалі купалы царквы. Пэўна ж, яна ўстала на месцы даўнейшай царквы, пра руіны якой казаў Адам Міцкевіч у згаданай баладзе. Балазе мы ўбачылі паблізу і могілкі, адкуль некалі выходзілі, пужаючы паэта, здані. Спыніўшы машыну, патупалі да іх: ці не знойдуцца там знаёмыя імёны, звязаныя з Адамам Міцкевічам. He, на надмагільных помніках толькі нядаўнія даты.