Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Петрашкевіча; «Вылічэннне некаторых мінералагічных сістэм» Яна Сабалеўскага.
Слухаліся і абмяркоўваліся на гэтых пасяджэннях таксама многія паэтычныя творы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча і іншых паэтаў-філаматаў.
Гэта была выдатная школа для маладых людзей. Яна прывучала іх творча мысліць, удасканальваць сваё паэтычнае майстэрства, развіваць навуковыя здольнасці, не кажучы ўжо пра элементарнае пашырэнне і паглыбленне ведаў.
Аб’ём навуковай працы вымагаў адпаведных арганізацыйных формаў, філаматы знайшлі іх. Ужо ў 1818 годзе Таварыства падзялілася на два аддзелы: аддзел літаратуры і вызваленых навук і аддзел фізікі, матэматыкі і медыцыны. Першы аддзел узначаліў Адам Міцкевіч, другі Ануфрый Петрашкевіч. Кожны аддзел наладжваў свае «навуковыя пасяджэнні» роўна праз два тыдні, адзін раз на месяц прызначаўся арганізацыйны сход. Праз кожныя два месяцы абодва аддзелы збіраліся на агульнае пасяджэнне. Былі яшчэ «вялікія» пасяджэнні, якія склікаліся адзін раз на год і на якіх выбіралася кіраўніцтва аддзелаў і агульны «ўрад».
Філаматы добра разумелі, што, каб лічыцца адукаванымі людзьмі, кожны з іх павінен быў ведаць некалькі замежных моваў. Таму ў дадатак да таго. што вывучалася ва ўніверсітэце, яны арганізавалі яшчэ спецыяльныя курсы для вывучэння англійскай і нямецкай моваў, імкнуліся дасканала авалодаць імі. Апрача таго, многія філаматы добра ведалі французскую мову, не кажучы ўжо пра латынь, якую вывучалі ў школе.
Асаблівае значэнне надавалі філаматы вывучэнню роднага краю. Дзеля яго і распачалі сваю дзейнасць, за яго лепшую долю і змагаліся. Для сістэматычнага і шырокага збору самых розных звестак пра родны край з ініцыятывы Францішка Малеўскага быў створаны Статыстычны камітэт, у які ўвайшлі некалькі філаматаў. На аснове прапаноў удзельнікаў гэтага камітэта яго старшыня Францішак Малеўскі разам з Міхалам Рукевічам склалі спецыяльную інструкцыю для збірання «статыстычных»
звестак з тэрыторыі ўсяго былога Вялікага Княства Літоўскага называлася яна «Геаграфічнае апісанне, ці Інструкцыя ў збіранні звестак для вывучэння парафіі». Яе, як паведамляў потым сенатар Мікалай Навасільцаў вялікаму князю Канстанціну, філамат Ян Чачот і член Таварыства філарэтаў Юндзіл «без одобрення цензуры напечаталн секретно в ночное время в внленской базнлнанской тнпографнн, подкупнв там на сей конец набортнков, поелнку префект той тнпографнн без цензуры печатать не согласнлся... Снн такнм образом напечатанные ннструкцнн раздавалнсь в 1821 году Чечетом н Малевскнм всем членам фнларетского обіцества, выезжавшнм в вакацнонное время нз Внльны». Згодна з гэтай «Інструкцыяй», філаматы і філарэты па выездзе ў родныя мясціны павінны былі даць падрабязнае апісанне сваёй парафіі, асвятліўшы такія пытанні: геаграфічнае становішча, велічыня тэрыторыі, рэльеф мясцовасці, дарогі, рэкі, каналы, клімат, саслоўі насельніцтва, нацыянальны склад, веравызнанне, гаспадарка, асвета, звычаі і абрады. Акрамя гэтага, інструкцыя патрабавала адказаць яшчэ на шэраг пытанняў: на якой мове размаўляюць розныя слаі насельніцтва, якія сямейныя і гадавыя спраўляюцца святы і ўрачыстасці і як адзначаюцца, якія бытуюць забабоны, у што людзі апранаюцца, якое ў іх жыллё, грамадскія звычаі, сямейныя ўзаемаадносіны. У «Апісанні» падкрэслівалася, што ўсе гэтыя звесткі патрэбны для таго, каб айчынная навука абапіралася на свае факты, а не на звесткі замежных краёў, каб яна станавілася на ўласны грунт.
Апісанні парафій, зробленыя філаматамі і філарэтамі, на жаль, не захаваліся. Вядома толькі, што на аснове пытанняў «Інструкцыі» такую працу прарабілі Міхал Рукевіч на Беласточчыне, Станіслаў Казакевіч у Завілейскім павеце, Тэадор Лазінскі ў Жытоміры.
Пры вывучэнні роднага краю філаматы асаблівую ўвагу звярталі на асвету, яе стан, на школы. Прытым яны не абмяжоўваліся толькі зборам звестак, але і самі імкнуліся практычна памагаць пашырэнню адукацыі народа. Усё-такі асвета была галоўнай часткай іх дзейнасці. Філаматы нават самі пачыналі ствараць
школы. Асабліва вызначыўся Францішак Малеўскі, які арганізаваў ланкастарскую школу для сялян у Шчорсах на Наваградчыне і які імкнуўся праз друк пашырыць новы метад навучання. Як вядома, дзекабрысты таксама надавалі важнае значэнне ланкастарскім школам для асветы народа.
Наогул не могуць не здзіўляць маштабы планаў Таварыства філаматаў у пашырэнні асветы. Маладыя людзі бяруцца нават за стварэнне падручнікаў для школ, наогул для народнай адукацыі, распачынаюць працу над галіновымі энцыклапедыямі. Для гэтага яны размяркоўваюць паміж сабой важнейшыя навукі. Так, Ян Сабалеўскі і Тэадор Лазінскі павінны былі сабраць матэрыял для энцыклапедыі прыродазнаўчых навук, Тамашу Зану і Вінцэнту Будрэвічу даручалася падрыхтаваць артыкулы па матэматыцы, Францішак Малеўскі ўзяўся за распрацоўку правазнаўства, Юзаф Яжоўскі філасофіі. Праўда, такія няпростыя задумы філаматы не паспелі ажыццявіць.
Для пашырэння сваіх ідэй філаматы з самага пачатку дзейнасці сур’ёзна думаюць пра стварэнне ўласнага перыядычнага выдання, на першым часе штогодніка, у якім яны мараць змяшчаць свае навуковыя працы і літаратурныя творы. Непасрэдна да арганізацыі выдання яны прыступілі ў 1821 годзе. Прыдумалі ўжо і назву «Геба». Спецыяльна для «Гебы» напісалі свае творы тады ўжо славутыя філамацкія паэты Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ануфрый Петрашкевіч. Але і тут ажыццявіць задуманае філаматам не ўдалося. Прызначаныя для «Гебы» творы паэты-філаматы аддалі ў віленскую перыёдыку. Што ж да навуковых трактатаў, то яны засталіся ў рукапісах і, магчыма, пыляцца дзе-небудзь на архіўных паліцах і сёння, калі зусім не загінулі.
Нягледзячы на канспіратыўнасць згуртавання, філаматы ў сваёй дзейнасці не замыкаліся ў яго рамках. Паставіўшы перад сабой вялікія задачы асветы народа, яны імкнуліся супрацоўнічаць з іншымі апазіцыйнымі ўладам арганізацыямі. Дзеля гэтага звязваліся з шубраўцамі, масонамі, з віленскім згуртаваннем польскага Патрыятычнага таварыства, але нікому не да-
звалялі ўмешвацца ў свае справы, праводзячы самастойную палітыку. Як сведчаць факты, філаматы завязвалі кантакты з дзекабрысцкімі арганізацыямі, вялі перагаворы наконт гэтага з іх прадстаўніком Аляксандрам Бястужавым у час яго прыезду ў Вільню.
Для ажыццяўлення шырокіх мэтаў асветы народа філаматы імкнуліся ствараць паводле свайго ўзору больш прадстаўнічыя арганізацыі, беручы кіраўніцтва ў свае рукі. Вельмі настойліва выступаў за пашырэнне такім спосабам дзейнасці Таварыства Адам Міцкевіч, які склаў цэлую праграму арганізацыі ў згуртаванні моладзі, распрацаваў канкрэтныя задачы.
Якраз з ініцыятывы Адама Міцкевіча яшчэ ў 1819 годзе было ўтворана першае адгалінаванне Таварыства філаматаў Саюз сяброў, у які за год уступілі 30 студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Адам Міцкевіч напісаў для яго і статут, згодна з якім кіраўніком Саюза павінен быў стаць хто-небудзь з філаматаў. Галоўная мэта гэтай арганізацыі самаадукацыя і маральнае ўдасканаленне «сяброў». Меркавалася праз Саюз сяброў папаўняць само Таварыства філаматаў, пра існаванне якога не павінны былі ведаць нават супольнікі створаных ім арганізацый. 3 1822 года супольнікаў Саюза сяброў пачалі называць філадэльфістамі (браталюбцамі).
Філаматы спрабавалі стварыць і іншыя прадстаўнічыя арганізацыі. Так, Тэадор Лазінскі на аснове літаратурнага гуртка студэнтаў Віленскага ўніверсітэта арганізаваў Навуковае таварыства, Францішак Малеўскі Саюз маладых адвакатаў, Тамаш Зан Саюз айчынных натуралістаў, Ануфрый Петрашкевіч спрабаваў стварыць згуртаванне «масістаў» працаўнікоў канцылярыі для ўпарадкавання спадчыны Радзівілаў пад назвай «Рэчпаспалітая». Міхал Рукевіч з Францішкам Малеўскім рабілі спробу ўтварыць Саюз літоўскай моладзі. Але моладзь з невялікай ахвотай ішла ў палітыку, не заўсёды імкнулася «сушыць мазгі» рознымі навукамі.
Для таго каб прывабіць моладзь, трэба было знайсці нешта больш цікавае. Тут праявіў свае арганізатарскія здольнасці і кемлівасць вясёлы і таварыскі Зан. Ён намерыўся арганізаваць
згуртаванне, мэтай якога хаця б напачатку было толькі адно маральнае ўдасканаленне, не абцяжаранае навуковымі задачамі. Задуманую арганізацыю Тамаш Зан назваў Таварыства прамяністых. Сэнс «прамяністасці» ён растлумачваў так: кожны добразычлівы, высокай маралі чалавек выпраменьвае святло і тым самым дабратворна ўздзейнічае на іншых. Інакш кажучы, Таварыства прамяністых гэта згуртаванне тых, хто імкнецца быць высокамаральнымі, духоўна багатымі людзьмі. Філаматы сфармулявалі 15 правіл, якіх павінны былі прытрымлівацца прамяністыя. Адно з іх, напрыклад, даводзіла, што вялікім крокам на шляху да маральнага ўдасканалення маладога чалавека з’яўляецца «прыхільнасць да айчыннай зямлі». А наступнае правіла канкрэтызавала гэта: «Прыхільнасць да айчыннай зямлі ў тым, каб жадаць дабра суайчыннікам кожнага стану і ўсяму народу наогул, захоўваць карысныя звычаі сваіх бацькоў, любіць прыродную мову і вывучаць яе, помніць славу і подзвігі продкаў і ў меру сілы сваёй і стану памнажаць іх».
Форму дзейнасці Таварыства Зан выбірае самую простую і прыцягальную маёўкі, агульныя пагулянкі з выкарыстаннем урачыстых, часам таямнічых, рытуалаў.
На арганізацыйным пасяджэнні было выбрана кіраўніцтва Таварыства. Старшынёй яго, «архіпрамяністым», стаў Тамаш Зан, «канцлерам» Ануфрый Петрашкевіч, «вялікім маршалкам» Тэадор Лазінскі, «надворным радцам» Казімір Пясецкі. Былі выбраны яшчэ пяць «камергераў» для сувязі паміж рознымі групамі Таварыства.
Каб адвесці падазрэнні ўлад ад сапраўдных намераў згуртавання (праз яго філаматы меліся праводзіць свае ідэі), Юзаф Яжоўскі прапанаваў называць яго яшчэ Таварыствам сяброў карыснай забавы.
Першая маёўка адбылася за Вільняй 6 мая 1820 года. Была яна добра падрыхтавана. Адкрыў маёўку Тамаш Зан, які выступіў са спецыяльна напісанай да яе вершаванай прамовай. За ім прачытаў «Малітву прамяністых» Міхал Рукевіч. Пасля выступленняў філаматаў моладзь пайшла, згодна з рытуалам,
«піць малако». Гэта была своеасаблівая, вясёлая, толькі безалкагольная бяседа, падчас якой гучалі вершы, прамовы, спевы, жарты. Там жа наладжваліся гульні.