Зорка філаматаў
нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
Закончылася следства ў красавіку. Зняволеныя былі выпушчаны на парукі блізкіх і знаёмых. Адама Міцкевіча, напрыклад, узяў на парукі Іаахім Лялевель. У турме пакінулі толькі трох найбольш «небяспечных злачынцаў»: Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Сузіна, а таксама здрадніка Яна Янкоўскага, якога ніхто не захацеў узяць на парукі.
Дзякуючы арганізаванасці зняволеных і іх сяброў на волі ад следства ўдалося ўхаваць некаторыя найбольш важныя факты дзейнасці згуртавання моладзі. Напрыклад, камісія не дазналася пра існаванне Саюза сяброў і некаторых іншых згуртаванняў. I галоўнае, яна не даведалася, што Таварыства філарэтаў і Таварыства філаматаў, якія былі быццам распушчаны вясной 1822 года, хутка ізноў распачалі сваю дзейнасць і існавалі да апошняга часу. He ўдалося камісіі натрапіць і на след філамацкага архіва, які надзейна схаваў Ануфрый Петрашкевіч і які, дарэчы, шчасліва захаваўся да нашых дзён. Вынесці прыгавор «бунтаўшчыкам» цар Аляксандр I даручыў спецыяльнай камісіі, у якую прызначыў міністра асветы Шышкова, генерала Аракчэева і сенатара Навасільцава. 14 жніўня 1824 года цар зацвердзіў падрыхтаваны камісіяй прысуд.
Згодна з прысудам, дзесяць філаматаў і дзесяць філарэтаў назаўсёды высылаліся з роднай ім «Літвы» ў «аддаленыя губерні» Расіі. 3 філаматаў такое пакаранне панеслі Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі, Ануфрый Петрашкевіч, Вінцэнт Будрэвіч, Ян Сабалеўскі, Юзаф Кавалеўскі і Тэадор Лазінскі; з філарэтаў Адам Сузін, Мікалай
Казлоўскі, Ян Гэйдатэль, Ян Крыніцкі, Фелікс Кулакоўскі, Ян Вернікоўскі, Цыпрыян Дашкевіч, Гіляры Лукашэўскі, Ян Міхалевіч і Ян Янкоўскі. Самае жорсткае пакаранне прысудзілі Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну, якіх выслалі на Урал, дзе яны павінны былі да таго ж адседзець свой тэрмін у крэпасці: першы адзін год, два астатнія па паўгода. 80 філаматаў і філарэтаў былі адпушчаны пад нагляд паліцыі. He абмінуў суд і выкладчыкаў універсітэта. Ён абавязваў пакінуць універсітэт і Вільню найболып «неблагонадежных» прафесараў, якія быццам бы садзейнічалі студэнцкім згуртаванням, Іаахіма Лялевеля, Міхала Бароўскага, Ігната Даніловіча і Юзафа Галухоўскага. Рэктар універсітэта Юзаф Твардоўскі быў заменены больш «ручным» Венцаславам Пеліканам. Вызваліць пасаду куратара Віленскай навучальнай акругі, а значыць, і Віленскага ўніверсітэта, змушаны быў і князь Адам Чартарыйскі. Яго месца заняў сам Мікалай Навасільцаў, выкараняльнік свабодалюбства ў Каралеўстве Польскім і на Беларусі.
Асуджаныя на выгнанне філаматы і філарэты яшчэ некалькі месяцаў заставаліся ў Вільні: ім далі магчымасць як след падрыхтавацца да выезду, развітацца з роднымі і блізкімі, з роднай зямлёй.
Першымі ўлады адпраўлялі ў далёкую дарогу самых «небяспечных злачынцаў» Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Сузіна. Іх да апошняга часу так і не выпусцілі з турмы. Толькі за некалькі дзён да ад’езду у кляштарныя муры дазволілі наведацца тым, хто хацеў з імі развітацца. А такіх было шмат: уся Вільня спачувала выгнаннікам. Пра гэтае хвалюючае развітанне асобныя з наведвальнікаў пакінулі цікавыя ўспаміны. Напрыклад, філарэт Отан Слізень прыгадвае ў сваіх нататках, што «дзверы ў камеры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся», што калі ён таксама туды ўвайшоў, «у камеры было ўжо некалькі філарэтаў, сярод іх Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэенд, два Тамашовы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ... Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, успамінае далей Слізень, бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў
толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жаласную, развітальную, якая сваёй мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач...». 3 іншымі дэталямі расказвае пра гэтае ж развітанне Антоні Адынец: «Было нас некалькі дзесяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:
Да лятуць. лятуць да дзікія гусі, Да нас павязуць да далёкай Русі...
Далей у песні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае, ці вернуцца яны калі-небудзь назад. I так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб’ектам абдымкаў».
Вывозілі першых выгнаннікаў 10 кастрычніка 1824 года. Расказваюць, што Адам Міцкевіч, развітваючыся са сваімі лепшымі сябрамі, не саромеўся слёз. Роўна праз пятнаццаць дзён давялося пакінуць родную зямлю, прычым назаўсёды, і самому Адаму Міцкевічу, якога везлі ў адным вазку з Янам Сабалеўскім у Санкт-Пецярбург. Адзін за адным былі высланы за некалькі дзён і ўсе астатнія асуджаныя на выгнанне.
Высылаючы філаматаў і філарэтаў з «акругі Віленскага ўніверсітэта» ў Расію, царскія ўлады хацелі дасягнуць адначасова некалькі мэтаў: першая гэта, вядома ж, пакаранне маладых людзей за вальнадумства «в назнданне» іншым, другая знішчэнне ў самым зародку беларускага нацыянальнага руху як часткі агульнапольскага (а лепш сказаць агульнарэчпаспалітаўскага) руху і трэцяя рабаванне «мазгоў», інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі. «Д’ябальскі план! правільна разгадаўшы гэтыя мэты царызму, зазначаў польскі даследчык Адам Крэхавецкі, які, праўда, па-свойму глядзеў на філаматаў. Патушыць святло ў самай лепшай навучальнай установе, вынішчыць у ёй нацыянальны дух, а тых, што былі выхаваны ў гэтым духу і што маглі пашыраць яго далей, вывезці далёка па-за межы краю
і прымусіць, каб сваю працу і інтэлектуальныя сілы яны аддалі на карысць агульнай іх айчыны расійскай дзяржавы».
Пасля разгрому Таварыства філаматаў і Таварыства філарэтаў члены гэтых згуртаванняў ужо ніколі не змаглі сабрацца разам. Параскіданыя па свеце, яны і ў разлуцы, перапісваючыся паміж сабой, заўсёды адчувалі сябе супольнікамі адной філамацка-філарэцкай сям’і, засталіся вернымі ёй да канца жыцця.
Хаця філаматы і філарэты даўно ўжо сталі легендай, цікавасць да іх не змяншаецца і сёння. Іх дзейнасць адна з надзвычай важных старонак нашай гісторыі. Тым не менш яна, думаецца, асветлена ў нас яшчэ недастаткова. На мой погляд, па-сапраўднаму яшчэ не ацэнена значэнне дзейнасці філаматаў і філарэтаў у гісторыі беларускай літаратуры, у нацыянальным адраджэнні. Па сутнасці, яны засталіся выключанымі з кантэксту нашай літаратурнай гісторыі. Беглыя, вельмі неканкрэтныя агляды іх творчасці мала што мяняюць. Многія творы філаматаў і філарэтаў амаль невядомыя беларускаму чытачу, не знойдзеш іх ні ў нашых хрэстаматыях, ні ў анталогіях беларускай літаратуры.
Вядома, неадольнай перашкодай сталася тут польская мова, на якой вымушаны былі пісаць свае творы літаратары Беларусі. Але ж гэта іх бяда, а не віна: такая ўжо наша гісторыя. У выніку шматвекавой паланізацыі ўсё справаводства і пісьменства ў Беларусі было к XIX стагоддзю цалкам польскае. I каб нешта сказаць грамадству, каб зрабіць на яго пэўнае ўздзеянне, трэба было пісаць толькі па-польску. Гэта рэальнасць. I дакараць пісьменнікаў Беларусі першай паловы XIX стагоддзя, што яны быццам бы ігнаравалі мову свайго народа, будзе па меншай меры несправядліва. Да пераходу пісьменства і справаводства на беларускую мову трэба было яшчэ рыхтаваць грамадства. Якраз гэта і рабілі ўдзельнікі Таварыства.
Філаматы, якія амаль усе паходзілі з беларускай, хоць і апалячанай шляхты, будучыню сваёй Беларусі бачылі ў аднаўленні былой Рэчы Паспалітай. Толькі ў яе рамках магла быць, на іх думку, вернута самастойнасць былой магутнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага. Адсюль іх усвядомленае
змаганне за «Польшчу», як стала называцца агульная для палякаў, беларусаў, літоўцаў і часткова ўкраінцаў Рэч Паспалітая. У сапраўднасці філаматы ні на хвіліну не забываліся, што яны «літвіны», дзеці «Літвы», г. зн. Беларусі, якраз дзеля яе асветы, дзеля яе вызвалення з-пад царскага прыгнечання і стваралі свае згуртаванні, якраз яе называлі сваёй Радзімай, яе апявалі ў Bepmax, песнях. баладах, паэмах (успомнім хаця б Міцкевічава «Літва, айчына мая!..»).
Заўважыў гэта, дарэчы, і Навасільцаў, які ў згаданым вышэй рапарце вялікаму князю Канстанціну зазначаў, што допыты філаматаў і філарэтаў «ясно обнаружнвалн, что под словом прнверженностн к своему краю разумелось не прнверженность к Росснйской нмпернн вообте, но только к губернням, составляюіцнм внленскнй уннверснтетскнй округ.
«Літоўскі», а фактычна беларускі патрыятызм філаматаў і філарэтаў вось тая галоўная асаблівасць іх літаратурнай творчасці, якая дазваляе гаварыць пра іх як пра самую першую хвалю пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння.
Якраз адсюль, ад гэтага «лакальнага» патрыятызму, ішла і павышаная цікавасць філаматаў і філарэтаў да свайго беларускага народа, да яго традыцыйнай культуры, да абрадаў і звычаяў, да багатай вусна-паэтычнай творчасці беларусаў. Ніколі яшчэ дагэтуль не назіралася такога шырокага і плённага «наплыву» ў літаратуру беларускага фальклору, як гэта бачым у творах філаматаў і філарэтаў. Першыя паказалі добры прыклад Ануфрый Петрашкевіч і Тамаш Зан, іх досвед падхапіў і развіў Ян Чачот. Але сапраўдную рэвалюцыю ў літаратуры зрабіў з дапамогай беларускага фальклору Адам Міцкевіч, які сваёй творчасцю праклаў на Беларусі дарогу новаму, найбольш прагрэсіўнаму для свайго часу літаратурнаму напрамку рамантызму.
Узводзячы на высокі алтар літаратуры фальклор беларуса, усю яго традыцыйную культуру, філаматы і філарэты не маглі абысці ўвагай і мову беларускага народа. У сваіх выказваннях яны адзначалі яе самабытнасць, мілагучнасць, паказвалі, што наша мова нічым не ўступае любой іншай з еўрапейскіх моў,
а ў нечым нават і пераўзыходзіць па прыгажосці асобныя з іх, што асабліва адзначалі Адам Міцкевіч і Ян Чачот.
He маючы магчымасці пісаць па-беларуску (бо гэта азначала б у той час пісаць без адраса, пісаць «у стол»), філаматы і філарэты свядома ўводзілі ў сваю літаратурную мову элементы беларускай мовы. На гэта звярталі ўвагу многія даследчыкі іх творчасці, як беларускія, так і польскія. Беларуская моўная стыхія асабліва яскрава адчуваецца ў творах Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча, Аляксандра Ходзькі і іншых. Польская даследчыца творчасці філаматаў Зоф’я Кавын-Кужова ў артыкуле «Мова філаматаў і філарэтаў» («Ргасе j^zykoznawcze», 1963, № 36) багацце беларускага элемента ў іх мове тлумачыць дзвюма прычынамі. Першая гэта тое, што філаматы і філарэты як ураджэнцы Беларусі карысталіся ў сваёй творчасці моцна збеларушанай польскай мовай, «якая ўцягвала ў сябе ўсё болей беларускіх асаблівасцяў, набываючы ў выніку гэтага характар пераходнага дыялекту». Другая прычына якраз «свядомае запазычванне і макаранізаванне» філаматамі і філарэтамі з беларускай мовы. Інакш кажучы, мова іх твораў гэта рэгіянальная мова «літоўскай» шляхты, той «пераходны дыялект», які фактычна быў тагачаснай беларускай літаратурнай мовай і які яны хацелі яшчэ болей «збеларусіць».