Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
I вось мы ўчатырох ідзём шырокай алеяй старога Туганавіцкага парку, разглядаем векавыя ліпы ды грабы, кіруючыся да былой сядзібы паноў Верашчакаў. Доўга стаім каля запаветнай альтанкі пад ліпамі. дзе Адам Міцкевіч сустракаўся начной парой з Марыляй. Пра сваё апошняе наведанне Туганавіч і гэтай незабыўнай альтанкі паэт расказаў у «Дзядах»:
Паслухай жа... Зайшоў я ў сад. Нямы, бязлісты. Асенні холад. Вечар быў такі імглісты.
Такімі ж хмарамі абклаліся нябёсы.
Між хмар такі ж плыў месяц. Стылі росы.
Сяйво туману ўсе запоўніла прасторы. Глыбока ў чарнаце начной танулі зоры. На ўсходзе ж, бачу, зорачка зноў свеціць тая, Што нам тады свяціла. што мне ўсюды ззяе. Агонь той самы зноў паліў мяне ў тым вецці, Было ўсё, як тады... Яе вось я не стрэціў! Падходжу пад альтанку. Шолах там якісьці! Яна? He, ветрык там прабег па жаўталісці. I зноўку цішыня! Кляны стаяць паныла. Альтанка! Шчасця ты калыска і магіла Майго! Тут я знайшоў яе й згубіў...'
На вялікі жаль, Туганавіцкі парк, гэтая наша Мекка, і сёння застаецца закінутым, занядбаным. На добры лад, тут трэба б узнавіць усё, як і было некалі, зрабіць сядзібу-музей. Нанова адкапаць і тыя два возеры, на месцы якіх цяпер засталіся толькі малапрыкметныя ўпадзіны. Туганавічы маглі б стаць адным з найцудоўнейшых асяродкаў нашай высокай духоўнасці.
За Туганавіцкім паркам амаль адразу пачынаецца вёска Карчова. За ёю, ва ўрочышчы Кут, мы знайшлі славуты Камень філарэтаў.
Толькі чаму назвалі камень якраз імем філарэтаў, а не філаматаў?
Як вядома, спачатку ў Віленскім універсітэце ўзнікла Таварыства філаматаў аматараў навук. Яго ўтварылі ў 1817 годзе Тамаш Зан, Адам Міцкевіч і Юзаф Яжоўскі, якія ўвялі ў яго яшчэ трох студэнтаў. Паколькі розныя згуртаванні, тым больш тайныя, строга забараняліся царскімі ўладамі, філаматы былі вельмі асцярожныя ў падборы новых супольнікаў. Выбіраліся толькі надзейныя і здатныя да навук, да літаратурнай творчасці студэнты. Таму Таварыства філаматаў было нешматлікай арганізацыяй. За ўвесь час свайго існавання ў яго ўваходзілі толькі дзевятнаццаць чалавек. Найбольш вядомымі з іх, апроч названых вышэй, былі Ян Чачот, Ануфрый Петрашкевіч, Францішак Малеўскі, Дзяніс Хлявінскі, Дамінік Ходзька, Казімір Пясецкі, Ян Сабалеўскі, Ігнат Дамэйка, Міхал Рукевіч. У 1818 годзе Таварыства было падзелена на два аддзелы: першы літаратуры і маральных навук, другі фізічных, матэматычных і медыцынскіх
навук. Першапачатковай мэтай Таварыства было, як пісалася ў статуце, маральнае ўдасканаленне і ўзаемадапамога ў набыцці адукацыі. Але ўжо ў новым, прынятым у 1818 годзе, статуце мэты Таварыства пашырыліся. Апрача «ўласнага самаўдасканалення», філаматы павінны былі садзейнічаць «па меры мажлівасці ўсеагульнай асвеце», рыхтуючы гэтым самым грамадства да змагання з царызмам. Дзеля пашырэння сваіх ідэй філаматы стварылі больш прадстаўнічую арганізацыю напаўлегальнае Таварыства прамяністых, якое хутка было рэарганізавана ў тайнае Таварыства філарэтаў аматараў дабрачыннасці. Таварыства філарэтаў складалася з чатырох аддзелаў фізіка-матэматычнага, юрыдычнага, літаратурнага і медыцынскага. Два першыя, у сваю чаргу, падзяляліся на асобныя саюзы. Кіраўнікамі ўсіх гэтых падраздзяленняў філарэтаў былі ў асноўным члены Таварыства філаматаў, якое стаяла на чале арганізацыі, з’яўлялася яе ядром. Напрыклад, літаратурным аддзелам, у які ўваходзіў толькі адзін саюз пад назвай «Блакітны», кіраваў Ян Чачот. Сярод 26 супольнікаў гэтага аддзела імёны вядомых у свой час літаратараў, грамадскіх дзеячаў Аляксандра Ходзькі, Дамініка Ходзькі, Руфіна Юндзіла, Юзафа Кавалеўскага, Фелікса Кулакоўскага, Мікалая Казлоўскага, Міхала Кулешы, Антонія Эдварда Адынца, Людвіка Папроцкага, Яна Вернікоўскага, Тамаша Зана, Міхала Данейкі, Тамаша Краскоўскага, Францішка Левандоўскага, Тамаша Масальскага, Тэадора Мілакоўскага, Ігната Станкевіча, Тадэвуша Зялінскага. Агульнае кіраўніцтва Таварыствам філарэтаў было даручана Тамашу Зану, які лічыўся яго прэзідэнтам.
На пасяджэннях філарэты, як і філаматы, чыталі свае навуковыя трактаты, рабілі агляды айчыннай і замежнай прэсы, вялі дыскусіі па розных пытаннях навукі і грамадскага жыцця. Адной з форм работы Таварыства было правядзенне маёвак, на якія філарэты стараліся прывабіць паболей моладзі і рабілі ўсё, каб гэтыя маёўкі праходзілі як мага весялей і цікавей. Да іх старанна рыхтаваліся, складалі цэлыя сцэнарыі, развучвалі спецыяльна напісаныя вершы і песні, драматычныя сцэнкі. Часта маёўкі прымяркоўвалі да імянін каго-небудзь з таварышаў.
Філаматы многа рабілі, каб ствараць філарэцкія філіі і ў правінцыях. Кожны з філаматаў абавязаны быў, выехаўшы на канікулы ў родныя мясціны, весці работу сярод насельніцтва, арганізоўваць тайныя згуртаванні. Асабліва праявіў свой арганізатарскі талент філамат Міхал Рукевіч, які стварыў у Беластоку Таварыства згодных сяброў, а ў Свіслачы таварыства «Заране». Міхал Рукевіч знайшоў нават шлях да афіцэраў Літоўскага асобнага корпуса, што быў раскватараваны ў Гродзенскай губерні, і арганізаваў сярод іх таварыства «Ваенныя сябры», якое хутка было выкрыта і разгромлена царскімі ўладамі за спробу ў 1825 годзе, праз дзесяць дзён пасля паўстання дзекабрыстаў у Пецярбургу, сарваць прысягу Мікалаю I. Да нас няшмат дайшло звестак пра арганізаваныя філаматамі згуртаванні моладзі ў правінцыі, так званыя філіі Таварыства філарэтаў. Тлумачыцца гэта перш за ўсё тым, што ўсе дакументы, звязаныя з імі, філарэты пасля выкрыцця царскімі ўладамі тайных саюзаў моладзі аддалі агню.
Філія Таварыства філарэтаў, відаць па ўсім, была створана і дзесьці паблізу Туганавіч, хутчэй за ўсё, у мястэчку Цырын. Пра гэта ж тут, як-ніяк, было каму паклапаціцца: у Туганавічах падоўгу гасцявалі, прынамсі, чатыры філаматы, ды не простыя філаматы, а самыя завадатары згуртавання Тамаш Зан, Адам Міцкевіч, Ян Чачот і Ігнат Дамэйка, стрыечны брат Марылі Верашчакі. Калі б уявіць, што каля каменя ў Куце збіраліся на свае сходкі адны толькі яны (што пры іх актыўнасці было зусім немагчыма), то яго, гэты камень, назвалі б няйначай як Каменем філаматаў, бо ў першую чаргу Зан, Міцкевіч, Чачот, Дамэйка былі філаматамі, а потым ужо філарэтамі...
Камень быў з аднаго боку як бы ўсечаны і нагадваў сабою невялікую скалу. Ляжаў ён каля самай дарогі, у падножжы ляснога ўзгорка, што даволі крута ішоў уверх. Так, на гэтым узгорку было вельмі добра наладжваць філарэтам свае сходкі. Тым больш і мясцінка ж зацішная, у баку ад вялікіх дарог, наводшыбе ад вёскі. Прастор і воля!
Калі мы даволі далёка ад’ехалі ад Каменя філарэтаў і Туганавіч, я ўспомніў, што планаваў жа пашукаць месца былога маёнтка Путкамераў Уніхаў! Ён жа быў недзе побач з Туганаві-
чамі, куды наведваўся малады Ваўжынец Путкамер да Марылі. Што засталося ад таго Уніхава? I ці захавалася хоць назва маёнтка? Як гэта я забыўся даведацца пра ўсё? Кленучы сябе ў роспачы, я ледзьве не кусаў сабе локці.
Падрабязную інфармацыю пра Уніхаў я прачытаў у «Слоўніку геаграфічным польскіх і іншых зямель» за 1892 год. Артыкул у гэтай энцыклапедыі пра Уніхаў напісаў наш славуты энцыклапедыст беларускі пісьменнік Аляксандр Ельскі. Ён расказаў, што Уніхаў, ці Уняхова, называўся яшчэ Крышылоўшчына, бо ўладальнік гэтай вёскі і фальварка Юры Іллініч у 1568 годзе перадаў уніхоўскія ўладанні свайму служку Цімафею Крышылоўскаму. Аўтар артыкула пералічыў усіх далейшых уладальнікаў Уняхова, а закончыў гэты пералік так: «На пачатку XIX стагоддзя Уняхова належала Путкамерам і тут жыў у суседстве з уладаннем Верашчакаў Туганавічамі Ваўжынец Путкамер, які, пазнаёміўшыся з Марыляй, узяў яе замуж». Тым, хто хацеў больш падрабязна даведацца пра гэта, Аляксандр Ельскі раіў зазірнуць у кнігу Антонія Эдварда Адынца «Успаміны з мінулага», якая выйшла ў Варшаве ў 1884 годзе. Я паслухаў беларускага энцыклапедыста і заказаў у Нацыянальнай бібліятэцы гэтую надзвычай цікавую кнігу, якую, дарэчы, мы плануем выдаць у «Беларускім кнігазборы». Адынец расказаў у ёй пра свае сустрэчы з Ваўжынцам Путкамерам, якога ён характарызуе як вельмі адукаванага, шляхетнага і прагрэсіўнага чалавека. Хоць Путкамер меў тытул графа, ды «не толькі сам яго не ўжываў, але цярпець не мог». Ён паслядоўна выступаў за адмену прыгонніцтва. У 1818 годзе на губернскім сейміку ў Гародні Ваўжынец Путкамер выступіў з прапановай вызваліць сялян ад прыгоннай залежнасці, за што пыхлівае панства яго асвістала і назвала «дэмагогам». У сваіх уладаннях ён даў сялянам максімальныя вольнасці. У 1845 годзе Путкамера выбралі маршалкам Наваградскага павета. На гэтай пасадзе ён таксама абараняў інтарэсы сялян і быў празваны «маршалкам мужыкоў».
Недзе ўперадзе, закінутае сярод верасовых лясоў, вабіла нас яшчэ сваёй незвычайнай красой чароўнае возера Свіцязь, асвечанае высокай паэзіяй Адама Міцкевіча. Ды сустрэчу з ім праз
абмежаванасць часу мы вырашылі адкласці на другі раз, балазе кожны з нас ужо стаяў раней над яго блакітнаю хваляю. Мне застаецца толькі прыгадаць тут сваю паездку на Свіцязь з Львом Мірачыцкім дваццаць гадоў назад.
Прыехалі мы туды на маёй машыне. Спыніліся на асфальтаванай аўтастаянцы ў глыбіні светлай паляны сярод таго самага бору, таго лесу, што ідзе сюды ад колішніх уладанняў памешчыкаў Верашчакаў недалёкай вёскі Плужыны, якая і дала яму назву. Была раніца, і выгоністыя спакойныя хвоі з грабняком ды арэшнікам уперамешку, што шчыльнай сцяной падступалі з аднаго боку да стаянкі, і раскідзістыя харашуны-дубы, якія, невядома адкуль прыблытаўшыся сюды, на святло, разышліся хто куды па паляне. ужо скінулі з сябе цёмную посцілку ночы і нерухома, нібыта яшчэ ў сне, стаялі, адкрытыя воку, у рэдзенькім сяйве туману, нікуды не спяшаючыся, нікуды, апрача неба, не імкнучыся: тут жа даўно і назаўсёды знайшлі яны сабе на зямлі месца, даўно абжылі гэты куток. 3-за шырокіх камлёў застылых у сваёй нерухомасці дубоў, з-за іх навіслага над зямлёй вецця адразу ж заяснела перад намі шырокая, як акінуць вокам, пространь святла, што зусім невядома дзе злівалася з небам. Свіцязь!
Зялёным грудом, густа ўсыпаным яшчэ не пабурэлымі жалудамі, патупалі пад шатамі дубоў да берага. Туман ужо развеяўся, і возера ляжала перад намі ва ўсёй сваёй красе. Чыстае, празрыстае. Што шкло. Аж відаць быў на дне і далёка ўперад на дзіва белы пясок. Усё: і цемнаватая паласа лесу на тым беразе, і лёгкія белыя аблачынкі над ёю, і бледная зорачка каля іх, што чамусьці яшчэ не згасла ў святле раніцы, выразна і хораша адбівалася ў гэтай дзівоснай люстранай чысціні. Здавалася, само неба апусцілася тут, сярод векавечных лясоў. Але хіба лепей скажаш за Міцкевіча: