Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
3 Дрэздэна Ігнат Дамэйка з Адамам Міцкевічам выехалі ў Францыю, у Парыж, дзе пасяліліся разам у недарагім гатэлі.
Калі Адам Міцкевіч пісаў у Дрэздэне і Парыжы самыя значныя свае творы «Дрэздэнскія Дзяды» і «Пан Тадэвуш», Ігнат Дамэйка стаўся паэту вельмі добрым памочнікам. Ён нагадваў свайму сябру эпізоды і важныя падрабязнасці філамацкага руху для трэцяй часткі «Дзядоў», падаваў розныя звесткі з гісторыі, з тапанімікі роднай абодвум Наваградчыны, памагаў паэту ўзнавіць у памяці постаці яе адметных людзей, што станавіліся правобразамі вялікай эпічнай паэмы, шэдэўра сусветнай літаратуры «Пан Тадэвуш». Нават памагаў паэту адшукваць патрэбныя словы, характэрныя для Наваградчыны, а часам і рыфму, удакладняў і папраўляў асобныя радкі. Гэта якраз яго, адданага Ігната Дамэйку, меў на ўвазе Адам Міцкевіч, калі прызнаваўся ў адным з лістоў: «I сябры тады памагалі сваімі апавяданнямі і для песні кідалі мне слова за словам». Калі ж паэма была скончана, Ігнат Дамэйка з прыемнасцю згадзіўся перапісаць яе для друку з адзінага, не надта чытэльнага арыгінала, спярэшчанага папраўкамі ды дапіскамі. Перапісваючы, ён удакладняў і зноў жа папраўляў са згоды аўтара асобныя радкі.
Прывабны вобраз Ігната Дамэйкі, якога сябры-філарэты паважліва звалі Жэготам (памяншальнае ад Ігнат), увасобіў Адам Міцкевіч у самых значных сваіх творах.
Дамэйка-Жэгота стаў адным з персанажаў «Дрэздэнскіх Дзядоў». Мы сустракаем яго ўжо ў пачатку першага акта драматычнай паэмы. Там паказваецца, з якой спагадай і прыязнасцю зняволеныя філаматы і філарэты сустракаюць дваццацігадовага
Ігната Дамэйку («любага нашага Жэготу») у турэмных сценах, куды яго таксама кінулі жандары.
У асобе Ігната Дамэйкі Адам Міцкевіч бачыў тыповага змагара за вызваленне роднай зямлі ад чужацкага панавання. Якраз з яго спісаў паэт і вобраз аднаго з галоўных герояў паэмы «Пан Тадэвуш» Яцака Сапліцы, якому аўтар меркаваў спачатку і імя даць Жэгота. Нават усю паэму на першым часе ён назваў гэтым імем «Жэгота», паставіўшы ў цэнтр твора вобраз свайго сябра. Але па меры таго, як пісалася-разрасталася паэма, задума яе змянялася, паглыблялася, больш шырокім станавіўся ахоп падзей, і замест «Жэготы» з-пад пяра паэта выйшла маштабнае палатно «Пан Тадэвуш». Тым не менш Жэгота-Яцак знайшоў на гэтым палатне сваё адметнае месца.
Самую важную, можна сказаць, паваротную ролю адыграў Адам Міцкевіч, як кажуць, і ў «асабістым жыцці» Ігната Дамэйкі. Гэта дзякуючы паэту трапіў ён у Чылі, якая стала яго доляй, яго другой радзімай. Калі паўстанец-выгнаннік шчыраваў у Эльзасе, вышукваючы для народнай (мо не тое слова?) гаспадаркі Францыі карысныя выкапні ды наладжваў іх здабычу, паштальён прынёс яму фатальны ліст з Парыжа. Ігнат Дамэйка адразу пазнаў почырк сябра Адама Міцкевіча, які пісаў, што знайшоў для яго цікавую работу ў Паўднёвай Амерыцы, у Чылі.
Ліст трапіў да Ігната Дамэйкі акурат у час самых цяжкіх роздумаў пра сваё месца ў свеце, пра марнасць надзей на вяртанне дадому. Расказваючы пазней у сваіх нататках пра тое, як успрыняў гэты ліст сябра, Ігнат Дамэйка прызнаваўся: «Я ажыў. Ажылі і мае дзіцячыя мары пра далёкія вандраванні. Нядоўга думаючы, я напісаў, што згодны». Адам Міцкевіч, хоць сам прычыніўся да ад’езду свайго лепшага сябра за акіян, вельмі шкадаваў, што надоўга прыйдзецца з ім разлучыцца. «Я ў смутку, пісаў ён аднаму са знаёмых 29 студзеня 1838 года, бо трачу Дамэйку, старога і праверанага сябра. Бог ведае, калі яго яшчэ ўбачу». Міцкевічава трывога была недарэмная: сябры ўжо ніколі пасля гэтага так і не сустрэліся, хоць перапісваліся да канца жыцця. Усхваляваным было і развітанне Ігната Дамэйкі ў доме Міцкевічаў, куды ён завітаў перад ад’ездам. Маленькая Адамава
дачка Марыня, як звычайна, папрасілася Дамэйку на рукі яна не ведала, што добры «Дамака» гушкае яе апошні раз.
Пусціўшы ў чылійскай зямлі глыбокія карані, займеўшы там сям’ю, Ігнат Дамэйка змог вярнуцца на радзіму, прытым не назаўсёды, толькі праз пяцьдзясят з лішнім гадоў, калі ўсе яго сябры-філаматы пакінулі гэты свет.
Было гэта ў 1884 годзе.
Перш за ўсё яго неадольна цягнула родная Медзвядка. Даехаўшы цягніком да станцыі Гарадзея, 82-гадовы Ігнат Дамэйка з блізкімі і сябрамі рушыў да бацькоўскага кутка ў адкрытай карэце. Якая гэта была хвалюючая сустрэча з краем дзяцінства, сведчыць сам Ігнат Дамэйка ў сваіх успамінах: «Што гэта быў за цудоўны ранак! Летняе сонца, здаецца, радавалася майму шчасцю. Вачам адкрываліся шырокія палеткі жыта і пшаніцы, адны пажатыя ўжо, з копамі, да другіх ішлі з сярпамі жнеі. Зялёныя, з рознымі адценнямі сялянскія шнуры, палосы белай грэчкі, толькі што пакошаныя сенажаці, а ўдалечыні бары і дубровы, як бы наўмысна пасаджаныя для ўпрыгожання краявіду. Усё гэта было перад вачыма і ў Міцкевіча, калі ён пісаў «Пана Тадэвуша».
Мы мінавалі два фальваркі і адну вёску яны стаялі на тым жа месцы, што і некалі. Ніхто іх не пераносіў. А што рабілася са мной, колькі было хвалявання, калі я ўбачыў першыя хаты і за імі медзвядскую сядзібу!..»
Цікава, што ж засталося ад усяго гэтага цяпер, праз 125 гадоў?
Дырэктар школы ахвотна згадзіўся паказаць нам былое селішча Дамэйкаў. Так, нярадаснае відовішча адкрылася перад нашымі вачыма. Ад Дамэйкавай сядзібы застаўся толькі зарослы лебядой ды дзядоўнікам падмурак на невялікім узвышэнні. Унізе, схаваны ў лісці густа пераплеценага хмызу, тачыўся ў недалёкую адсюль Ушу невялічкі ручай. Відаць, прыгожая была некалі сядзіба.
3 сядзібных пабудоў, якія нейкім чынам абмінулі віхуры часу, паказаў нам Васіль Іванавіч толькі мураванку «для чэлядзі» невядома толькі чыёй. хутчэй за ўсё, пазнейшых гаспадароў. I ўсё! Нібы пракацілася тут нейкая бязлітасная разбойная арда.
Пад’ехалі мы з Васілём Іванавічам і да тутэйшай старажылкі Ганны Мацвееўны Салтан, якая трохі расказала нам пра вёску. Людзі здаўна называюць яе Вялікая Медзвядка. Казалі, быццам некалі забілі тут вялікага мядзведзя, таму і вёску так назвалі. Недалёка ёсць і Малая Медзвядка. Палякі некалі перайначылі назву на свой лад Нядзвядка. А поўнасцю яна гучала ў іх, у палякаў, так Дужа Нядзвядка. Цяпер нашы «грамацеі» на дарожным паказальніку напісалі назву «па-беларуску»: Бальшая Мядзвядка. Колькі іх на Беларусі, гэтакіх во скалечаных невукамі нашых геаграфічных найменняў!
Пра Дамэйкаў род цётка Ганна ведала няшмат. У яе часы, пры Польшчы, сядзібу займаў нейкі палкоўнік Ян Обух-Вашчанскі, які ўзяў замуж адну са сваячак Ігната Дамэйкі і займеў з ёю аж пяцёра дзяцей. Калі прыйшлі «саветы», паноў тут, вядома ж, не стала. Пайшоў з дымам і панскі «дзеравяны палац». Пры польскім часе меўся ў Вялікай Медзвядцы і помнік Ігнату Дамэйку. На ім было напісана, што тут засталася толькі памяць пра яго, a «сіаіо w Czyli» (цела ў Чылі).
У 1939 годзе, закончыла свой расказ цётка Ганна, бальшавікі ўсё растаўклі.
Ну, вядома ж, логіка ў бальшавікоў была простая: раз пан, ды яшчэ «член Польскай акадэміі навук», значыць, «варожы элемент». А з такімі не належала цацкацца, жывыя яны ці мёртвыя!
3 радзімы Ігната Дамэйкі едзем прамой дарогай на радзіму Адама Міцкевіча.
А ехаць туды доўга не давялося. He паспелі мы палюбавацца вясёлымі краявідамі Карэліччыны, як перад вачамі адкрылася ва ўсёй сваёй красе адноўленая сядзіба Міцкевічаў Завоссе. Дзесяць ці болей гадоў назад мне давялося сюды трапіць разам з Вячаславам Чамярыцкім, Генадзем Дзмітрыевым, Віталем Скалабанам ды амаль штатным пісьменніцкім фатографам Валодзем Крукам. Тады ў забытай людзьмі і Богам лугавіне ўзвышаўся толькі стаўбунаваты, здаецца, цэментавы помнік, на якім значылася, што на гэтым месцы ў былым хутары Завоссе нарадзіўся вялікі паэт Адам Міцкевіч. I ўсё. Цяпер жа на шырокім выраўне-
ным пляцы вырасла сама сядзіба з усімі прыбудоўкамі, такая, якую мы маглі бачыць толькі на малюнку Напалеона Орды.
Пры ўваходзе ў музейны комплекс купляем, як і належыць, білеты і акуратнай, выдатна вымашчанай дарожкай ідзём у сам Міцкевічаў дом, дом-музей. Хоць пабудаваны ён з цяперашняга дрэва і крыты цяперашняй саломай, але пакідае добрае ўражанне, уражанне даўніны, нібы вяртаючы наведніка ў даўно аджылую эпоху. Гэтаму дапамагаюць і адшуканыя ў наваколлі прадметы даўнейшай шляхецкай і традыцыйнай сялянскай мэблі. Вельмі добра! Чаму б не ўваскрасіць гэтакім спосабам і Дамэйкаву сядзібу?
Маладая сімпатычная экскурсаводка Таня Калоша, што якраз падкаціла на веласіпедзе з сваёй недалёкай адсюль вёскі Завоссе, упэўнена, на добрай беларускай мове расказала пра Міцкевічаву сядзібу і пра экспанаты-памяткі. Ажылі тут, набыўшы прадметнасць, і легенды пра паэта. Так, наведнікі музея могуць убачыць і тоўстую, у даўнейшым акладзе кнігу, на якой нібыта была перарэзана пры нараджэнні Адама яго пупавіна, ад чаго быццам бы стаў ён паэтам, пачаў сам пісаць кнігі. Тут жа можна крадком памацаць на спінцы крэсла і тую сукенку Марылі Верашчакі, якая вісела на такім жа крэсле, толькі што адпрасаваная, беласнежная, і ў якую быццам бы адразу закахаўся малады Адам Міцкевіч, яшчэ нават не ўбачыўшы яе гаспадыні. Толькі ж было гэта не ў Завоссі, як даводзіла экскурсаводка, а ў Туганавічах, куды першы раз прывёз маладога паэта яго сябар Тамаш Зан. Ды што ж зробіш: у Туганавічах гэтую сукенку не пакажаш, бо ад сядзібы Верашчакаў застаўся там толькі запушчаны, занядбаны парк. Вось і давялося прывязаць прыгожую легенду да Завосся. Што ж, хай будзе і так. Толькі, можа, трэба б і растлумачыць людзям, як гэта і дзе было папраўдзе.
У двары дома-музея Таня Калоша яшчэ паказала нам агароджаную старую ліпу, паведаміўшы, што пад ёй любіў пісаць свае вершы Адам Міцкевіч. Тут я паправіў ужо дзяўчыну, нагадаўшы, што гэта зусім не апраўданая нацяжка, бо малога Адама адразу ж пасля нараджэння адвезлі з Завосся ў Наваградак. Потым, праўда, маці прыязджала з дзецьмі на сваю былую сядзібу,
што дасталася цяпер блізкай радні Мікалая Міцкевіча, але гэта было ў самым раннім дзяцінстве Адама, і пад гэтую ліпу, калі яна папраўдзе ўжо расла тады, ён хадзіў ці бегаў не пісаць, а пісяць.
Трэба сказаць, што па сёння не сціхаюць спрэчкі і пра само месца нараджэння паэта. Раней яго біёграфы даводзілі, што нарадзіўся Адам Міцкевіч зусім не ў Завоссі, а ў Наваградку. А калі ўсё ж прызналі, што ў Завоссі, то пачалі гадаць, у якім канкрэтна Завоссі, бо на Наваградчыне, аказваецца, было не адно селішча з такім найменнем. Ды пераканаўчых довадаў розных версій пакуль што даследчыкі нам не выставілі, таму вельмі правільна, думаецца, робяць музейнікі, што прыводзяць да ладу гэтае найбольш верагоднае месца нараджэння Адама Міцкевіча.