Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Пасля Завосся мы ўзялі кірунак на Наваградак, дзе правёў свае дзіцячыя і юнацкія гады паэт. Тым больш што якраз сёння павінна было пачацца там свята з нагоды адкрыцця новай экспазіцыі ў Доме-музеі Адама Міцкевіча.
Вельмі цікавае атрымалася ў мяне з гэтым адкрыццём супадзенне. Прыкладна за два тыдні перад ім патэлефанаваў мне з Наваградка дырэктар музея Мікола Гайба і вельмі прасіў мяне як міцкевічазнаўца і перакладчыка твораў паэта прыехаць на адкрыццё новай музейнай экспазіцыі і прыняць удзел у свяце. Абяцаў пры гэтым аплаціць камандзіроўку і гасцініцу. Прыкінуўшы ўсе плюсы і мінусы, я адказаў яму, што яшчэ падумаю, але ўжо цяпер магу сказаць з верагоднасцю на 90 працэнтаў, што не атрымаецца прыехаць. Тым не менш ён сказаў, што вышле на маё імя запрашэнне. Я паабяцаў яшчэ падумаць ці пашукаць каго-небудзь з паэтаў, хто перакладаў Адама Міцкевіча. На гэтым і пагадзіліся. Знайсці я нікога не знайшоў, сам таксама наважыў праз сваю занятасць не ехаць, хоць і атрымаў поштай абяцанае запрашэнне з праграмай урачыстасці. Цяпер зірнуў на запрашальны білет. Вось дзіва: мы ў сваёй вандроўцы намерыліся прыехаць у Наваградак акурат у тую ж самую пятніцу 25 мая, калі павінна была адкрыцца музейная экспазіцыя. Супала так само сабой, без нашага планавання.
Як казала праграма святкавання на запрашальным білеце, урачыстае адкрыццё экспазіцыі Дома-музея Адама Міцкевіча мелася адбыцца a 16-й гадзіне. Пасля ў зале сельскагаспадарчага тэхнікума быў запланаваны святочны вечар з камерным канцэртам.
Мы ў сваёй кампаніі дамовіліся пры магчымасці паўдзельнічаць у наваградскіх урачыстасцях, але не звязваць імі свае рукі, не парушаць дзеля іх уласную праграму.
Па дарозе на Наваградак ляжалі яшчэ цікавыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю Адама Міцкевіча, Туганавічы, Цырын, Камень філарэтаў, возера Свіцязь, Варонча, Плужынскі бор, Валеўка. У свой час я ўжо бываў там, пісаў пра іх у нарысе «Там возера Свіцязь, як шыбіна лёду...», таму, па мне, можна б ужо было ехаць адразу ў Наваградак. Але маім кампаньёнам таксама хацелася пабываць там. Усе яны шчыра цікавіліся гісторыяй сваёй зямлі, яе славутымі мясцінамі. Валянцін Дубатоўка здымаў гэтыя мясціны сваёй кінакамерай з мэтай зрабіць фільм пра наша падарожжа.
Дарэчы, к гэтаму часу я ўжо добра раззнаёміўся з маімі кампан’ёнамі, вельмі сімпатычнымі хлопцамі, цікаўнымі, неабыякавымі да ўсяго, што робіцца на нашай зямлі. Прычым, людзьмі творчымі, дзейснымі.
3 першым, Міхасём Скоблам, я пазнаёміўся яшчэ да яго прыезду ў Мінск, завочна. Праз вершы ў «Чырвонай змене». Калі я іх прачытаў, то не паверыў, што напісаў гэтыя звонкія, вельмі дакладныя і па-мастацку дасканалыя радкі васямнаццацігадовы юнак. Адзін з яго вершаў я цытаваў у сваім аглядным артыкуле пра творчасць маладых, апублікаваным у адным з выпускаў альманаха «Вобраз». 3 прыемнасцю я рыхтаваў да друку вершы Міхася, калі працаваў у часопісе «Полымя». Асаблівай аздобай часопіса былі яго дасціпныя і вострыя пародыі. На Міхасёвых пародыях, можна сказаць, і трымаўся доўгі час палымянскі раздзел сатыры і гумару «Дзядоўнік на Парнасе». Як тонкі лірык выдатна выявіў сябе Міхась Скобла ў зборніку вершаў «Нашэсце поўні». Прыемна здзівіў мяне Міхась і сваёй па-сапраўднаму таленавітай, «густой» прозай, сабранай у кнізе «Дзярэчынскі
сшытак». Нават пра далёкую мінуўшчыну злаўчыўся ён пісаць з добрай усмешкай, з гумарком.
Вельмі прыемнае ўражанне зрабіў на мяне таксама завадатар і фундатар гэтай нашай вандроўкі Валянцін Дубатоўка. Усіх людзей я падзяліў бы на тры катэгорыі: стваральнікаў, разбуральнікаў і тых, што звыклі, каб іх нехта папіхаў. Валянцін якраз з катэгорыі стваральнікаў. Сваё першае прадпрыемства ён стварыў з адыходаў Ваўкавыскага цэментавага завода. У тых адыходах Валянцін убачыў шмат крэменю, які ён выкарыстаў для вырабу фільтраў для ачысткі вады ў прамысловасці. Такія фільтры нашы прадпрыемствы (БелАЗ, Беларускі металургічны камбінат у Жлобіне і многія іншыя) закуплялі ў Расіі. Цяпер фільтры ўзяўся пастаўляць ім Валянцін Дубатоўка на карысць прадпрыемствам і сабе. Потым ён стварыў свае новыя прадпрыемствы. Сярод іх мэблевую фабрыку ў Дзярэчыне. Патрэбная людзям работа пайшла. Вядома ж, на гэта трэба было мець не абы-які арганізатарскі талент, прадпрымальніцкія здольнасці.
I што вельмі прыемна і пахвальна: выручаныя сродкі Валянцін Дубатоўка імкнецца скіраваць на дабро людзям, на іх духоўнае аздараўленне на будаўніцтва праваслаўнага «Храма ўсіх беларускіх святых» у Гародні, на выданне кніг.
Пазней я даведаўся, што Валянцін Дубатоўка, апрача ўсяго, і паэт. Гаспадарнік і паэт вельмі цудоўнае і сімвалічнае спалучэнне! Мне трапіўся ў рукі адзін з яго вершаў «Радзіме», які, мусіць, як нішто лепш характарызуе аўтара, таму дазволю сабе прывесці гэты верш цалкам:
Я ва ўспамінах выпалашчу душу, На скразняку знявагі устаю I праз пакуты за Цябе я рушу, На рукі ўзяўшы прашчураў зямлю. О, хворая, знямоглая краіна!
Дзе ў кожнай хаце свой уласны Бог, Дзе ўсе клянуць імя Тваё, Айчына, Як толькі пераступяць Твой парог. Пабольшала і цэркваў, і касцёлаў, Хоць свечку запаліць няма каму. I хіляцца крыжы маўкліва долу, 1 дзеці ў абразы плююць таму.
I роднай мовы, як ліхой праказы, Стыдаюцца паўсюль Твае сыны. Каханне, веру, вернасці наказы Усё згубілі ў роспачы яны.
Але за маразамі прыйдзе сонца, Вясновы абудзіўшы крыгаход. I вырасце лілея у палонцы!
I прэч сплыве за мора шэры лёд.
Ды гэта толькі мроі пілігрыма, Што заблукаў у пыле ста дарог. Ім не ўзляцець, як жаўрукам Багрыма... Чаму, за што нас так не любіць Бог?
Але гэта, як выявілася, не ўсё: Валянцін яшчэ вывучае беларускую мінуўшчыну. Ён напісаў кнігу пра Сапегаў, прасачыўшы ўсю гісторыю гэтага слаўнага ў Беларусі магнацкага роду.
Трэці мой кампаньён, Валянцінаў сябар і паплечнік у працы Віктар Каладскі, таксама неабыякавы да культуры. Я заўважыў, як ён імкнецца спасцігнуць Адама Міцкевіча, з якой цікавасцю знаёміцца з памяткамі вялікага паэта.
Карацей кажучы, я трапіў у кампанію аднадумцаў, людзей, з якімі вельмі лёгка знаходзілася агульная мова і з якімі прыемна было падарожнічаць.
Недзе пад паўдня мы прыпыніліся каля Туганавіцкага парку.
Туганавічы...
Нешта невыказна тужлівае і разам з тым светлае чуецца ў гэтай назве. Яна, гэтая назва, навечна асвечана зыркім полымем кахання Адама Міцкевіча.
...Сонечным летнім днём 1818 года перад прысадамі туганавіцкай сядзібы сунялася параконная брычка, і з яе саскочылі двое маладых, акуратна апранутых людзей, якія, паціху перамаўляючыся, скіравалі па цяністай тапалінай алеі да панскага дома. Гэта былі студэнты Віленскага ўніверсітэта Тамаш Зан і Адам Міцкевіч. Тамаш ішоў упэўнена, ён чуў сябе тут як свой, бо ўжо не раз бываў у гэтай гасціннай гасподзе: запрашалі яго сюды браты Верашчакі Міхал і Юзаф, з якімі ён шчыра пасябраваў, калі яшчэ вучыўся ў Мінскай гімназіі. Пасля смерці
бацькі браты разам з маткай сталі гаспадарамі маёнтка. Ведаючы гасціннасць Верашчакаў, Тамаш Зан падгаварыў прыехаць сюды на адпачынак і Адама Міцкевіча, запэўніўшы яго, што яму тут таксама спадабаецца. He думаў, не гадаў тады дзевятнаццацігадовы юнак, чым стане для яго гэта закінутая сярод беларускіх палёў сядзіба, якую буру пачуццяў будзе выклікаць у яго праз усё жыццё адна толькі яе назва Туганавічы. I ўсё праз яе, Марылю, сястру Міхала і Юзафа...
Калі падыходзілі ўжо да шырокага ганка туганавіцкага дома, Адам Міцкевіч убачыў яе ўпершыню: яна, як расказваюць, толькі на адзін момант, нібы спуджаная птушка, мільганулася перад ім у сваім белым убранні, але гэты момант, гэта белае ўбранне запомніліся яму назаўсёды. Тое, што паэт першы раз убачыў толькі яе сукенку на спінцы крэсла, гэта адна з легендаў.
Спачатку Марыля не зрабіла асаблівага ўражання на Адама Міцкевіча. Але паступова, сустракаючыся з ёй пад раскідзістым голлем туганавіцкіх ліп, чытаючы разам раманы Жан-Жака Русо і Гётэ, разважаючы пра літаратуру, пра жыццё, слухаючы яе ігру на фартэпіяна, А. Міцкевіч адчуў, як цягне яго да гэтай мілай і непасрэднай паненкі, як хочацца яму слухаць яе голас, яе смех... I ўсё ж не вядома, да чаго прывяло б іх сяброўства, калі б не замужжа Марылі. Вестка пра тое, што Марыля, так лёгка забыўшыся на патаемныя вячэрнія сустрэчы ў альтанцы пад ліпамі на дарожках парку, на пацалункі і маладыя клятвы, гэтак раптоўна выйшла замуж за графа Путкамера, проста ашаламіла хлопца. Толькі цяпер усвядоміў ён, што страціў, толькі цяпер зразумеў, як яе кахае. «Любая мая Марыля, пісаў ён да яе пазней, я цябе шаную і кахаю, як багіню. Каханне маё такое ж бязвіннае і нябеснае, як і сам яго прадмет». I далей: «Але я не магу ўтрымацца ад страшэннага хвалявання, калі ўспамінаю, што я страціў цябе назаўсёды, што я буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне; часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця б і забылася пра мяне, і адначасна гатоў закрычаць, каб ты памерла... разам са мной!..» I яшчэ: «Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім!..» Ці не яно, гэта светлае, поўнае высокіх узлётаў і ня-
спраўджаных надзей каханне, і распаліла ў сэрцы Адама Міцкевіча той паэтычны агонь, які даў свету магутныя тварэнні чалавечага духу, што навечна застануцца для людзей нязгасным светачам у іх дарозе да вяршынь дасканаласці? Вобраз Марылі Верашчакі можна ўбачыць не толькі ў творах, непасрэдна ёй прысвечаных ці з ёй звязаных, такіх, напрыклад, як «Да М***» («Прэч з воч маіх...»), «Да*** (Марылі)», «Няўпэўненасць», «Сон», «Курганок Марылі», «Сябрам», «Люблю я...», але і ў многіх іншых, у тым ліку ў «Дзядах» і «Пане Тадэвушы». У паэме «Пан Тадэвуш» вельмі ж нагадвае Марылю адзін з асноўных вобразаў твора паненка Зося, у якую закахаўся малады пан Тадэвуш. I паэтычнае апісанне іх спатканняў у Сапліцове не што іншае, як прымружаныя туманам часу ўспаміны пра хвалюючыя спатканні самога Адама Міцкевіча з Марыляй у Туганавічах. Ды і ўся паэма «Пан Тадэвуш», напісаная ў эміграцыі, у далёкім Парыжы, узнёслая песня першаму каханню, роднай зямлі. Як піша ў сваёй кнізе «Край гадоў дзяціных», выдадзенай у 1970 годзе ў Любліне, польская пісьменніца Моніка Варненская, «з сэрца паэта вялікі боль кахання, перажыты ў Туганавічах, вычараваў строфы несмяротнай прыгажосці. А калі пасля многіх гадоў прытупіліся пакуты і сцішылася вострая горыч успамінаў, тады час адступіўся і вярнуў твары...». Ізноў, як наяве, вярнуўся «край гадоў дзяціных», падхарошаны смуткам. Вярнуліся вобразы наднёманскіх ваколіц і роднай Літвы, якая «ёсць, як здароўе». Вярнуліся Туганавічы, каб стаць фонам аднаго з найцудоўнейшых твораў, якія ведае сусветная паэзія».