Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Другі сведка адзіны сын замосцінскага ўладара і яго нашчадак, мінскі юрыст Ян Ельскі, успаміны якога выявіў у адным з віленскіх архіваў Генадзь Кісялёў, пісаў, што ў віхурныя 1917-1920 гады недзе ў Мінску прапалі два куфры з рукапісамі і кнігамі з Замосця, што ў адным з іх знаходзіліся творы бацькі, яго дзённік за 1876-1889 і пазнейшыя гады, а таксама «беларускія рэчы» (Г. В. Кісялёў. Ад Чачота да Багушэвіча. Мінск, 1993. С. 78).
У гісторыі беларускага нацыянальнага адраджэння Аляксандр Ельскі адыграў надзвычай важную ролю, дастаткова яшчэ не асэнсаваную і да гэтага часу. Ён адносіцца да ліку тых мясцовых дзеячаў шляхецкага паходжання, што свае сілы і веды аддавалі справе развіцця беларускай культуры і абуджэння беларускай нацыянальнай свядомасці. Самааддана служыў ён гэтаму сваёй грамадскай і навуковай дзейнасцю, а таксама літаратурнай творчасцю на беларускай мове.
Мы маем падставы лічыць Аляксандра Ельскага першым беларускім энцыклапедыстам. I не толькі таму, што ён напісаў многія тысячы артыкулаў для энцыклапедычных выданняў. Але перш за ўсё з увагі на тое, што ў сваіх працах, даследаваннях, публікацыях здолеў шматбакова асэнсаваць на высокім для таго часу навуковым узроўні асаблівасці беларускай мовы, пытанні этнаграфіі, розныя аспекты культуры, гісторыі народа, эканомікі, сабраў вялізны фактычны матэрыял па гісторыі літаратуры. А. Ельскі раскрыў найболып істотныя асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай і польскай. Усім гэтым ён даказваў бясспрэчнае гістарычнае права беларускага народа на самастойнае існаванне ў сям’і славянскіх народаў. Сваёй шматграннай і плённай дзейнасцю Аляксандр Ельскі з’явіўся прадвеснікам тых гістарычных працэсаў, якія ў XX стагоддзі прывялі да ўтварэння БНР ССРБ БССР і затым незалежнай Беларускай дзяржавы.
(У суаўтарстве з Уладзімірам Казберуком)

ПАСЛЯСЛОУЕ
Восенню 2017 года знакамітаму Таварыству філаматаў споўнілася 200 гадоў. Слаўны юбілей! На добры лад, яго варта было б шырока адзначыць па ўсёй Беларусі, бо з гэтага згуртавання беларускіх студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, па сутнасці, распачалося наша нацыянальнае адраджэнне.
Філаматы добра ведалі слаўную гісторыю сваёй Бацысаўшчыны і ганарыліся ёю. Яшчэ да ўзнікнення на ўсходзе Маскоўскай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі ўжо існавалі свае дзяржаўныя ўтварэнні Полацкае, Тураўскае, Смаленскае княствы. Усе гэтыя княствы з часам аб’ядналіся ў адной беларускай дзяржаве Вялікім Княстве Літоўскім, якое ўзнікла ў XIII стагоддзі на захадзе Беларусі з цэнтрам у Наваградку. Калі да ВКЛ была далучана Жамойць (этнаграфічная Літва), а потым амаль уся Украіна, якую беларускія войскі пад камандаю вялікага князя Альгерда вызвалілі ад татар, дзяржава беларусаў распасцерлася ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Гэта была адна з самых магутных еўрапейскіх дзяржаў, якая трывала больш за паўтысячагоддзе.
У беларускай дзяржаве паспяхова развівалася культура. Асабліва моцны штуршок для яе пашырэння і росквіту дало распачатае вялікім беларускім асветнікам Францішкам Скарынам кнігадрукаванне. Максім Багдановіч у гістарычным нарысе «Белорусы» зазначаў, што «вся государственная жнзнь Велнкого Княжества Лнтовского протекала в белорусскнх нацнональных формах. По-белорусскн говорнлн велнкнй князь н вся знать, по-белорусскн велнсь днпломатнческне сношення с нностраннымн
государствамн, по-белорусскн пнсалнсь законы, грамоты, акты, по-белорусскй отправлялся суд». Якраз з гэтай прычыны часы поўнай незалежнасці ВКЛ гісторыкі назвалі «залатым векам» Беларусі.
Але трываў ён не вельмі доўга. На зваблівыя беларускія землі паквапілася наша заходняя суседка Польшча. Толькі Беларуссю, якая разам з далучанымі да яе краямі была ці не ў два разы большая за яе тэрытарыяльна, авалодаць сілай Польскае Каралеўства не змагло б. Тады польскія вярхі прыдумалі вельмі хітры ход. Яны запрасілі на свой каралеўскі трон беларускага ўладара вялікага князя Ягайлу, які па ўказцы палякаў распачаў інтэграцыю дзвюх краін. Беларусь апынулася пад моцным польскім уплывам. Пачалася паступовая, але няўхільная паланізацыя Беларусі. Дайшло да таго, што беларуская мова была цалкам выцеснена як з дзяржаўнага ўжытку, так і з літаратуры. У выніку Беларусь з часам стала ўспрымацца ў свеце як польская правінцыя.
Гэта быў сапраўдны заняпад Беларусі, яе культуры. Яшчэ больш паглыбіўся ён з гвалтоўным далучэннем нашай краіны ў канцы XVIII стагоддзя да Расійскай імперыі.
Перадавыя колы беларускага грамадства не маглі мірыцца з такім становішчам сваёй краіны. He змірыліся з гэтым і студэнты Віленскага ўніверсітэта. Яны ведалі, што змяніць сітуацыю да лепшага магла б толькі незалежнасць Беларусі як ад Масквы, так і ад Варшавы.
Зрабіць Беларусь вольнай, ні ад кога незалежнай дзяржавай такую далёкасяжную мэту якраз і паставілі перад сабой студэнты-беларусы, ствараючы сваё аб’яднанне з бяскрыўднай назвай Таварыства філаматаў (аматараў навукі).
Спосабам для дасягнення сваёй мэты філаматы абралі шырокую асвету народа. Дзеля гэтага яны ўзяліся пісаць нават падручнікі для школ па ўсіх галінах навукі, выдаваць часопіс «Геба», выступаць у друку з асветніцкімі публікацыямі.
Як самае галоўнае філаматы хацелі ва ўсёй праўдзівасці раскрыць перад беларусамі іх слаўную мінуўшчыну, якая памагла б ім вярнуць страчаную веліч. Сама больш зрабіў у гэтым плане Адам Міцкевіч. Ён выдатна ўзнавіў важныя старонкі змагання
беларускага народа з іншаземнымі заваёўнікамі ў «літоўскіх» вершаваных аповесцях і паэмах «Мешка, князь Наваградка», «Гражына», «Конрад Валенрод» і ў паэтычнай эпапеі «Пан Тадэвуш», якія сталі шэдэўрамі сусветнай літаратуры. Здаецца, і па сёння ніхто з нашых пісьменнікаў, апрача хіба Уладзіміра Караткевіча, так глыбока і з такіх папраўдзе патрыятычных пазіцый не раскрываў гісторыю Беларусі, як Адам Міцкевіч.
Пра самыя значныя падзеі нашай мінуўшчыны цікава расказаў у цыкле невялікіх балад «Спевы пра даўніх літвінаў да 1434 года» Ян Чачот. Па сутнасці, гэта своеасаблівая паэтычная гісторыя старажытнай Беларусі, у якой апяваецца дзейнасць найбольш славутых князёў і палкаводцаў Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга, Войшалка, Віценя, Гедыміна, Альгерда, Кейстута, Вітаўта, Ягайлы, Давіда Гарадзенскага, ятвяга Комата і іншых.
Падзеям беларускай гісторыі прысвяціў сваю невялікую паэму «Роздум каля руінаў Гедымінавага замка» Ануфрый Петрашкевіч. Па-свойму імкнуліся асвятляць беларускую мінуўшчыну і іншыя філаматы і філарэты.
У адраджэнні культуры Беларусі філаматы перш за ўсё звярнуліся да вусна-паэтычнай творчасці свайго народа. Легенды, паданні, песні, казкі, звычаі простага люду яны лічылі важнай крыніцай для абнаўлення літаратуры. Першыя засноўвалі на беларускім фальклоры свае творы Тамаш Зан («Табакерка», «Свіцязь-возера», «Цыганка»), Ануфрый Петрашкевіч («Купала») і асабліва Ян Чачот (балады «Бекеш», «Наваградскі замак», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Узногі», «Свіцязь», «Падземны звон на горцы ў Пазяневічах»), Услед за імі і Адам Міцкевіч стварае па фальклорных матывах свае выдатныя балады «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка», «Вяртанне таты», «Курганок Марылі», «Люблю я», «Лілеі», якія запачаткавалі новы напрамак у нашай і польскай літаратуры рамантызм. Да яго, гэтага найбольш прагрэсіўнага ў параўнанні з класіцызмам літаратурнага напрамку, як бачым, прывёў Адама Міцкевіча беларускі фальклор.
Філаматы, як і ўсе без выключэння літаратары таго часу, пісалі свае творы на паноўнай у Беларусі польскай мове. Пісаць
па-беларуску яны яшчэ не маглі, бо на той момант не існавала ні беларускага друку, ні беларускага чытача: вышэйшыя слаі грамадства па-ранейшаму карысталіся польскай мовай, а простае сялянства спрэс было непісьменным.
Усё ж філаматы рыхтавалі глебу для стварэння беларускай літаратуры. Яны паказвалі ў сваіх публіцыстычных выступленнях і мастацкіх творах багацце і прыгажосць народнай культуры і мовы, вучылі шанаваць беларускае слова. 3 вялікай пашанай і любоўю да мовы свайго народа гаварыў, чытаючы ў Парыжы, у Калеж дэ Франс, лекцыі пра славянскія літаратуры, Адам Міцкевіч: «На беларускай мове, якую называюць русінскай ці літоўска-русінскай... размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У часы незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю ў сваёй дыпламатычнай перапісцы».
Шмат пісаў пра прыгажосць беларускай мовы Ян Чачот. Ён склаў нават слоўнік найбольш адметных беларускіх слоў і выразаў, а таксама запісваў беларускія народныя песні, прыказкі і прымаўкі.
Філаматы рабілі і псршыя спробы літаратуры на беларускай мове. Выдатныя ўзоры беларускіх паэтычных твораў апублікаваў у сваіх фальклорных зборніках Ян Чачот.
Пісаць па-беларуску мог і Адам Міцкевіч. Але яго беларускія творы з розных прычын не дайшлі да нас. У друку не раз паведамлялася пра знаходкі беларускіх вершаў паэта, але ніхто пакуль што не бачыў іх апублікаванымі.
Хоць стварыць беларускую літаратуру філаматам не ўдалося, але іх высакародныя ідэі не загінулі з разгромам царскімі ўладамі славутага Таварыства. Запаленая імі на беларускім небасхіле 200 гадоў назад зорка нацыянальнага адраджэння ярка асвяціла дарогу наступным пакаленням інтэлігенцыі ў змаганні за лепшую долю Бацькаўшчыны.
ЗМЕСТ
Паданне пра філаматаў (замест уступу) 	 5
Раздзел I. Вецер вандраванняў
«Да ўзгоркаў тых лясных...» 	 28
Абарваная песня Яна з Мышы	 85
Дарогамі Тамаша Зана 	 131
Паданні азёрнага краю 	 191
Галасы і зоры Дзвіны 	 204
Тайны Крашынскага парку 	 216
Дарога ў сто гадоў 	 239
Гладыятар на арэне беларушчыны 	 327
Тут грала дудка Бурачка 	 338
Той курган векавечны 	 389
Раздзел II. Вартыя памяці
3 філамацкай сям’і	 418
Ануфрый Петрашкевіч	 418
Міхал Рукевіч 	 427
Францішак Малеўскі 	 438
Юзаф Кавалеўскі	 447
ІгнатДамэйка 	 458
Аляксандр Ходзька	 475
Антоні Эдвард Адынец	 479
Папярзднікі і паслядоўнікі	 486
Францішак Карпінскі 	 486
Юльян Урсын Нямцэвіч 	 488
Міхал Клеафас Агінскі 	 491
Ян Аношка	 493
Вікенцій Равінскі 	 496
Антоні Гарэцкі 	 498
Генрык Ржавускі 	 501
Ігнат Легатовіч 	 504
Ігнат Кулакоўскі	 505
Аляксандр Рыпінскі 	 506