Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Вершы і песні Ігната Легатовіча, якія ён пісаў яшчэ з часоў вучобы, мелі даволі шырокую распаўсюджанасць у грамадстве. Асабліва сатырычныя і гумарыстычныя творы, эпіграмы, максімы. «Яны, як сцвярджае Зоф’я Макавецкая ў «Польскім слоўніку біяграфічным», кружылі па Міншчыне і амаль па ўсёй Літве ў шматлікіх спісах, не ў адным доме захоўвалі іх як сямейныя памяткі для наступных пакаленняў...» Некаторыя з твораў I. Легатовіча друкаваліся ў розных польскамоўных перыядычных выданнях, выходзілі асобнымі кнігамі.
У Легатовіча, без сумнення, было нямала беларускамоўных твораў. Але з усіх іх захаваўся толькі адзін кароценькі веріп антыпрыгонніцкага кірунку «Скажы, вяльможны пане...». За гэты верш віленскі польскамоўны альманах «Баян» (1838) быў канфіскаваны ўладамі.
ІГНАТ КУЛАКОЎСКІ
Паэт, юрыст, педагог Ігнат Кулакоўскі нарадзіўся ў 1800 годзе ў вёсцы Яноўшчына на Пружаншчыне. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, потым на юрыдычным факультэце Варшаўскагаўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы прыехаў у 1823 годзе ў Гародню, дзе ўладкаваўся на працу ў судзе. Потым быў прызначаны на пасаду дырэктара гімназіі ў Беластоку.
Цікавіўся гісторыяй, быў таварышам Віленскай археалагічнай камісіі, статыстычнага камітэта Гродзенскай губерні, Лонданскага геаграфічнага таварыства, Капенгагенскага таварыства даследчыкаў старажытнасці. Захапляўся мовамі: ведаў латынь, рускую, французскую, італьянскую, іспанскую, шведскую, нямецкую, чэшскую мовы, санскрыт.
Пісаць мастацкія творы пачаў у 1818 годзе. 3 вершамі, баладамі, паэмамі актыўна выступаў у розных перыядычных выданнях Вільні, Варшавы, Пецярбурга. Адзін з вершаў прысвяціў Ф. Карпінскаму, з якім зблізіўся ў гады вучобы ў Свіслацкай гімназіі, якой апекаваўся гэты славуты ў той час паэт. У 1824 годзе выдаў у Вільні кнігу «Вершаваныя забаўкі».
I. Кулакоўскі клапаціўся пра шырокую асвету народа. У 1834 годзе ў лісце да міністра асветы Расійскай імперыі прапаноўваў паіпырыць на Беларусі сетку школ, ставіў пытанне пра вывучэнне вучнямі традыцыйнай культуры і мовы народа, а таксама стварэння школьнага падручніка, у якім бы даваўся «ясны і сістэматычны выклад... гісторыі заходніх губерняў пад назвай ‘Тісторыя краю”».
Некаторыя падрабязнасці жыцця і грамадскай дзейнасці I. Кулакоўскага падае Г Каханоўскі ў кнізе «Адчыніся, таямніца часу!». Як выявілася, I. Кулакоўскі быў прадзедам беларускай пісьменніцы Зоські Верас.
АЛЯКСАНДР РЫПІНСКІ
Радзіма паэта і фалькларыста Аляксандра Рыпінскага вёска Кукавячына пад Віцебскам. Выхоўваўся ён у заможнага дзеда ў маёнтку Стайкі таксама на Віцебшчыне.
Сярэднюю адукацыю атрымаў у Віцебскай гімназіі. Вельмі запомнілася юнаму шкаляру, які мроіў паэзіяй, сустрэча з літаратарамі-шубраўцамі Восіпам Сянкоўскім, Янам Ходзькам, а таксама сакратаром апошняга маладым Тамашам Занам. У 1829— 1830 гадах вучыўся ў школе падхарунжых у Дынабургу, дзе сышоўся са зняволеным там дзекабрыстам Вільгельмам Кюхельбекерам, якога вучыў польскай мове, знаёміў з асаблівасцямі беларускай мовы, з мясцовай літаратурай, у прыватнасці з творамі Юльяна Нямцэвіча і Адама Міцкевіча.
Калі ўспыхнула Лістападаўскае паўстанне, Рыпінскага і яго таварышаў мабілізавалі ў расійскую армію генерала Дыбіча, але па дарозе да месца прызначэння «падхарунжыя» паўцякалі на бок паўстанцаў. Пасля трагічнага заканчэння паўстання эмігрыраваў у Парыж, дзе пражыў дванаццаць гадоў. На сходах Гісторыка-літаратурнага таварыства, куды сам уваходзіў, Аляксандр Рыпінскі чытаў лекцыі пра беларускі фальклор і этнаграфію, што потым склалі кнігу «Беларусь», выдадзеную ў Парыжы ў 1840 годзе. Дабратворнае ўздзеянне зрабіла на яго знаёмства з Адамам Міцкевічам, якому Рыпінскі прысвячаў свае творы. 3 мэтай вывучэння англійскай мовы ў 1846 годзе пераехаў у Лондан, дзе зарабляў на хлеб, працуючы настаўнікам. Разам з наваградчанінам Ігнатам Яцкоўскім, аўтарам «Аповесці майго часу»,
заснаваў уласную кнігарню і друкарню, дзе выдаваў разам з іншымі аўтарамі і свае кнігі, пры тым з уласнаручнымі ілюстрацыямі.
Дачуўшыся пра аб’яўленую царом Мікалаем I амністыю паўстанцам, прадаў сваю лонданскую друкарню з кнігарняй і ў 1859 годзе вярнуўся ў Беларусь, да сваіх братоў на Віцебшчыну.
Аляксандр Рыпінскі пісаў пераважна вершы на польскай мове, выдаваў іх асобнымі зборнікамі. Для нас найбольшую цікавасць мае яго публіцыстычна-этнаграфічная кніга «Беларусь», дзе ўпершыню быў зроблены агляд вуснай паэзіі беларускага народа і як ілюстрацыя пададзены фальклорныя творы ў арыгінале, на беларускай мове, якія аўтар насіў у памяці з дзяцінства. Рыпінскі падкрэсліваў, што ў вуснай паэзіі беларусаў, якая валодае «чарадзейнай» сілай, хаваюцца «новыя, невычэрпныя крыніцы мовы, гісторыі і паэзіі» і што на яе аснове можна ствараць «сапраўды нацыянальную, вольную ад чужаземнай літаратуру». У кнігу «Беларусь» аўтар уключыў і некалькі беларускамоўных вершаў, аўтарства якіх да канца не высветлена. Кніга «Беларусь» мела шырокі розгалас сярод беларускай інтэлігенцыі. Яна паказвала, які невычэрпны скарб тоіць у сабе беларускі фальклор. 3 яе старонак у поўны голас гучала чыстая беларуская мова, самабытная і мілагучная. Для нас цікавыя звесткі і пра яе пашырэнне. Напрыклад, Рыпінскі адзначае, што ў яго часы ў касцёлах святары не цураліся беларускай мовы, што там заўсёды гучалі беларускія рэлігійныя песні, асобныя з якіх ён і прыводзіць у кнізе на мове арыгінала. Пра адну з такіх песень «О! Мой Божа, веру табе» аўтар піша, што «сёння няма ніводнага касцёла, ніводнага месца, дзе б не чулася гэтая песня».
Спрабаваў Рыпінскі пісаць на беларускай мове і сам. Праўда, да нас дайшла толькі яго балада «Нячысцік», якую аўтар надрукаваў у 1853 годзе ў сваёй лонданскай друкарні, прытым двойчы. Хоць Рыпінскі і назваў твор баладай, яго ўсё ж трэба аднесці хутчэй да жанру звычайнага вершаванага апавядання, альбо інакш «быліцы», жанру, які недзе ў гэты час распрацоўваў В. Дунін-Марцінкевіч.
У нашым літаратуразнаўстве Рыпінскі лічыўся нейкі час амаль рэакцыянерам, непрыхільнікам беларускага народа. У доказ звычайна браліся яго словы з кнігі «Беларусь» пра тое, што беларуская зямля «складае неад’емную частку Польшчы» і што беларускае дзіця павінна выгаварыць слова «Польшча» раней, чым «мама», а таксама тое, што сваю кнігу ён прысвячаў «першаму з беларускіх сялян, які навучыцца чытаць, а потым гаварыць і думаць па-польску». Сапраўды, тут выразна выявіўся польскі патрыятызм аўтара, які залічаў сябе да палякаў, хоць папраўдзе паходзіў з беларускай, толькі апалячанай шляхты. Разам з тым відаць, што ён душой палюбіў песні і мову беларускага народа і недзе ў глыбіні сваёй свядомасці разумеў, што гэта мова не толькі цяперашніх сялян-беларусаў, але і яго радавітых продкаў. Жаданне ж «прыблізіць» беларусаў да палякаў можна, відаць, растлумачыць рэальнай небяспекай «паглынання» Беларусі вялікай усходняй дзяржавай. Прызнанне «блізкасці» беларускай мовы да рускай магло быць важным аргументам у захопніцкай палітыцы царызму, які імкнуўся апраўдаць, «навукова» абгрунтаваць сваю экспансію, далучэнне «нсконно русскнх земель» да Расійскай імперыі.
Рыпінскі пасля вяртання на радзіму ў нейкай ступені памяняў свае погляды, стаў бліжэй да беларускай нацыянальнай ідэі. Так, у вершы для альбома А. Вярыгі-Дарэўскага беларускую песню ён ужо называе «сваёй», «нашай» у адрозненне ад «чужой», польскай. А ў пісьме да А. Плуга ў 1883 годзе заяўляў, што беларусам няма патрэбы «гарнуцца да Польшчы».

РАМУАЛЬД ПАДБЯРЭСКІ
У літаратурна-грамадскім руху Беларусі 1840-х гадоў асабліва ярка вылучалася постаць Рамуальда Падбярэскага (Друцкага-Падбярэскага), выдаўца, крытыка, публіцыста, этнографа.
Родам Падбярэскі з Вільні, з сям’і збяднелага шляхціча. Скончыўшы ў 1830 годзе гімназію, васямнаццацігадовы юнак запісаўся ў Віленскі ўніверсітэт, які, праўда, неўзабаве быў зачынены як гняздо «крамолы». У 1836 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Заадно працаваў у так званым Літоўскім гандлёвым таварыстве ў Маскве. Ён зблізіўся з рускімі славянафіламі I. Кірэеўскім і Ю. Самарыным, пад уплывам якіх зацікавіўся рускім фальклорам, перакладаў і публікаваў рускія народныя казкі. He прыжыўшыся ў Маскве, у 1841 годзе пераехаў у Пецярбург. Там увайшоў у літаратурны гурток Яна Баршчэўскага. Шмат дало Падбярэскаму ў яго нацыянальным абуджэнні знаёмства з вялікім украінскім кабзаром Тарасам Шаўчэнкам, які жыў у гэты час у Пецярбургу і быў сваім у гуртку Яна Баршчэўскага. Падбярэскі заняўся і там выдавецкай дзейнасцю. Выпусціў тры тамы альманаха-штогодніка на польскай мове «Rocznik Literacki», дзе змяшчалася нямала матэрыялаў з Беларусі і пра Беларусь.
У 1847 годзе вярнуўся ў родную Вільню, дзе сышоўся са славутымі пісьменнікамі краю Уладзіславам Сыракомлем, Юзафам Крашэўскім, Эдвардам Жалігоўскім і іншымі. Супрацоўнічаў з прагрэсіўным кіеўскім выданнем на польскай мове «Gwiazda». 3 1849 года пачаў выдаваць у Вільні альманах «Pami^tnik Nawukowo-Literacki». У шасці яго нумарах друкаваліся самыя розныя
матэрыялы з жыцця Беларусі і свету. У альманаху знайшлі сваё месца прагрэсіўныя ідэі, блізкія да «натуральнай школы рускіх дэмакратаў». Падбярэскі сімпатызаваў яе ідэолагу В. Р. Бялінскаму. Пры альманаху было арганізавана антыцарскае таварыства. У 1850 годзе ўлады закрылі выданне. Хаваючыся ад рэпрэсій, Рамуальд Падбярэскі пераехаў у Варшаву. Але царскія жандармы знайшлі яго і там. Хутка ён быў арыштаваны і пасаджаны ў Варшаўскую крэпасць. У 1851 годзе яго выслалі ў далёкі Архангельск, дзе ён і памёр.
3 усёй творчай спадчыны Рамуальда Падбярэскага асаблівую цікавасць мае яго праграмны артыкул «Беларусь і Ян Баршчэўскі», дзе аўтар зрабіў цікавы агляд беларускай літаратуры свайго часу, пачаўшы з пісьменнікаў больш ранняга часу. Важным момантам у гэтым артыкуле з’яўляецца тое, што аўтар асаблівую ўвагу звяртае на беларускамоўную творчасць пісьменнікаў, надзяляючы іх тытулам «народных». Гэту тэндэнцыю заўважыў Мікола Хаўстовіч у аўтарэфераце сваёй дысертацыі: «“Каб быць народным, трэба служыць народу трэба пісаць на мове гэтага народа”. Гэтыя словы крытыка можна лічыць краевугольным каменем новага беларускага літаратуразнаўства, новай беларускай літаратуры».