Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Ужо ў маладыя гады I. Храпавіцкі карыстаўся немалым аўтарытэтам сярод сваіх землякоў. Нездарма ж у 1843 годзе яго абралі на грамадскую пасаду наглядчыка сельскіх «ссыпных магазінаў» Дрысенскага павета. У яго абавязкі ўваходзіла вывучаць патрэбы сялян, знаёміцца з іх жыццём. Гэтыя абавязкі былі адначасова душэўнай патрэбай абаронцы свайго народа. Даследуючы народныя побыт і фальклор, Ігнат Храпавіцкі ўсё мацней адчуваў бесчалавечнасць прыгону і рабіў усё магчымае для вызвалення сялян ад ганебнай няволі. У 1850 годзе разам з аднадумцамі Сяргеем Убры і Юстыніянам Шчытам Ігнат Храпавіцкі распрацаваў праект ліквідацыі прыгоннага права, які нават быў
прыняты большасцю галасоў на губернскім з’ездзе шляхты Віцебшчыны. Праўда, час адмены прыгону яшчэ не надышоў, і пастанова з’езда засталася толькі на паперы.
He вядома, з якіх прычын I. Храпавіцкі быў неўзабаве зняты з пасады наглядчыка ссыпных магазінаў. У 1858 годзе ён увайшоў у склад губернскага камітэта для выпрацоўкі прапаноў у паляпшэнні жыцця прыгонных сялян, а ў 1859 годзе яго выбралі маршалкам шляхты Дрысеншчыны.
Паслядоўнае змаганне Храпавіцкага за вызваленне сялян, за што ён, відаць, меў нямала непрыемнасцяў, урэшце было ўзнагароджана. 3 афіцыйнай адменай прыгонніцтва I. Храпавіцкаму аб’явілі пра імператарскае «благословеніе» за дзейнасць у падрыхтоўцы рэформы. Пры гэтым яму быў уручаны адпаведны медаль.
У 1880-я гады Храпавіцкага як паважанага і шаноўнага чалавека выбралі маршалкам дваран усёй Віцебскай губерні. На гэтай пасадзе ён працаваў да апошніх гадоў свайго жыцця.
Ігнат Храпавіцкі меў немалыя літаратурныя здольнасці, пра што сведчыць верш «Дзвіна», якім адкрываўся першы нумар часопіса «Рубон» (1845), і іншыя вершы, што пісаў паэт па душэўнай патрэбе. Выдатна праявіліся яго майстэрства і ў публіцыстыцы. Гэта відаць, напрыклад, з артыкула «Позірк на паэзію беларускага народа», які блізкі сваім жанрам да эсэ і быў напісаны «з агнём» (Р. Падбярэскі). Свабодная манера пісьма, багатая вобразнасць, лірызм адразу кідаюцца ў вочы пры яго чытанні. Толькі сапраўдны літаратар можа пісаць такімі, напрыклад, словамі: «Хто ведае паўночныя краі, хто захапляўся напраўду феерычным краявідам нашых палёў і лясоў, аздобленых брыльянтамі інею, хто бачыў у марозны пагодны адвячорак над убогай сялянскай страхой пазалочаны сонцам дым, што ўздымаецца проста ўверх узорыстым воблакам, у якім можна пазнаць то нейкі воз чараўніка, то незвычайны закляты замак, той толькі, кажу я, зразумее, адкуль мог узнікнуць у галаве беднага беларускага селяніна гэты фантастычны свет казкі, свет дзівосаў, свет, поўны золата, перлаў, незлічоных багаццяў, як у аповесцях Усходу».
Артыкул Ігната Храпавіцкага ярка выяўляе дэмакратызм аўтара, шырыню яго душы, гарачае імкненне палепшыць жыццё
народа. Гэтым артыкулам аўтар вучыў паважаць народ, шанаваць яго традыцыйную культуру, мову. Нездарма ж ён дае ў канцы і невялічкі тлумачальны слоўнік беларускай мовы. 3 той жа мэтай, дарэчы, Ігнат Храпавіцкі склаў для сябе шырокую праграму збору беларускага фальклору і ажыццяўляў яе ў шматлікіх паездках па Віцебшчыне і, магчыма, далей, запісваючы ад сялян іх песні і казкі. Ён рыхтаваў да друку «Поўны беларускі песнязбор». На жаль, гэту вялікую задуму ён не змог ажыццявіць ва ўмовах непрыязнасці афіцыйных улад да беларускай культуры. Сабраныя ім матэрыялы не пабачылі свет і, хутчэй за ўсё, загінулі ў віхурах часу.
БРАНІСЛАЎ ЗАЛЕСКІ
Пісьменнік-дакументаліст, самабытны мастак, вучоны, актыўны грамадскі дзеяч Браніслаў Залескі пакінуў свой адметны след у гісторыі і культуры Беларусі XIX стагоддзя. Перыпетыі яго багатага на падзеі жыцця вартыя пяра пісьменніка-раманіста, а творчая спадчына спецыяльнага даследавання.
Паходзіў Браніслаў Залескі з дваранскай сям’і. Нарадзіўся ён у 1820 годзе ў родавым маёнтку Рачкавічы на Случчыне. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Лецешыне недалёкім маёнтку дзядзькі Кароля Чарноцкага, блізкага сваяка Адама Чарноцкага, вядомага пад імем 3. Далэнгі-Хадакоўскага, які, дарэчы, таксама выхоўваўся ў гэтым жа доме, толькі значна раней. Кароль Чарноцкі апекаваўся яшчэ і над вядомым у свой час грамадскім і культурным дзеячам, супольнікам віленскага таварыства філарэтаў Д. Ходзькам.
У 1836 годзе едзе ў эстонскі горад Дэрпт (сёння Тарту), дзе паступае на юрыдычнае аддзяленне тутэйшага ўніверсітэта. А неўзабаве запісваецца ў антыцарскую арганізацыю, створаную вядомым рэвалюцыянерам Сымонам Канарскім, з выкрыццём якой Браніслаў Залескі разам з паплечнікамі быў арыштаваны і высланы ва Украіну. Дзякуючы хадайніцтву мацеры, яму дазволілі закончыць навучанне ў Харкаўскім універсітэце. Адтуль ён вяртаецца на радзіму, у сталічную Вільню, дзе зноў звязваецца з дзеячамі рэвалюцыйнага руху. У 1846 годзе быў арыштаваны, пазбаўлены дваранства і адпраўлены салдатам у Арэнбургскую крэпасць, потым у Хіву, у Туркменістан.
У час салдацкай службы Б. Залескі сышоўся з такім жа, як ён сам, ссыльным салдатам Тарасам Шаўчэнкам, вялікім украінскім паэтам і самабытным мастаком. Звяло іх агульнае захапленне выяўленчым мастацтвам. Доўгі час жылі яны ў адной палатцы і разам хадзілі маляваць тутэйшыя краявіды. На цэлых пяць месяцаў абодвум салдатам-мастакам пашанцавала прыняць удзел у экспедыцыі штабс-капітана Анціпава ў горы KapaTay. Народжанае ў ссылцы шчырае сяброўства беларуса Залескага і ўкраінца Шаўчэнкі не перапынялася да канца жыцця. Калі абставіны іх разлучылі, сябры падтрымлівалі адносіны з дапамогай пошты. Да нас дайшло 16 пісем Шаўчэнкі да Залескага і 10 Залескага да Шаўчэнкі. 3 гэтай перапіскі відаць, наколькі глыбокім было іх сяброўства.
Калі Б. Залескаму дазволілі вярнуцца на радзіму, у яго Рачкавічы, ён піша адтуль Т. Шаўчэнку 18 верасня 1856 года: «Я шэсць тыдняў жыву сярод сваіх, дыхаю родным паветрам, гляджу на родныя лугі і лясочкі, на ўсё дарагое і маіх сяброў і блізкіх... Ах, дружа мой! Як жа мне хацелася даць і табе гэтага хлеба! Бачыць цябе на мілай радзіме, сярод сваіх, якіх ты так шчыра любіш». У гэтым жа лісце Браніслаў Залескі запрашае Тараса Шаўчэнку да сябе ў Рачкавічы.
Украінскі кабзар, чакаючы дазволу вярнуцца з ссылкі дадому, у пісьме да свайго беларускага сябра складае такі маршрут паездкі на радзіму праз Беларусь: «Замест пецярбургскай чыгункі я выбіраю простую паштовую дарогу смаленскую ці віленскую прыязджаю проста ў Рачкавічы. Сустракаюся з табой, плачу, цалую рукі тваёй шчаслівай матулі, цалую твайго бацьку, сясцёр, чарнавокіх і блакітнавокіх siostrzencow тваіх, і ў абдымках поўнага шчасця адпачываю, паўтараючы радок вялікага паэта (А. Міцкевіча. К. Ц.): “Мала паветра ўсёй Аравіі напоўніць мае вольныя грудзі”. Замест Аравіі я буду гаварыць Літва». Праўда, мара Т. Шаўчэнкі пагасціць у свайго сябра на Случчыне, як і жаданне прыехаць з ім разам на вучобу ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, не спраўдзілася... Украінскі Кабзар прысвяціў беларускаму сябру верш «Як мы былі яшчэ казакамі».
У 1860 годзе пісьменнік змушаны пакінуць родны край і выехаць у эміграцыю. Жыў у Дрэздэне, Рыме, Парыжы. Калі ў 1863 годзе ў Беларусі выбухнула паўстанне, дапамагаў паўстанцам у куплі зброі. У Парыжы ўдзельнічаў у створаным землякамі-эмігрантамі Гісторыка-літаратурным таварыстве, быў яго сакратаром і рэдактарам «Штогоднікаў».
Б. Залескі аўтар ілюстраванага (22 афорты) выдання «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), кніг «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), «Адмена прыгонніцтва ў Літве», «3 жыцця літвінкі» (пра беларускую мастачку Гэлену Скірмунт, 1876). Акрамя таго, ён пакінуў цікавыя ўспаміны пра перажытае і сваіх сучаснікаў, цікавыя творы выяўленчага мастацтва, у тым ліку шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863-1864 гадоў у Беларусі. Сябраваў з Ц. Норвідам, перапісваўся з А. Герцэнам.
ПАВЕЛ ШПІЛЕЎСКІ
Нарадзіўся Павел Шпілеўскі ў 1823 годзе ў вёсцы Шыпілавічы Бабруйскага павета, дзе яго бацька служыў праваслаўным святаром. Дзяцінства Паўла прайшло ў павятовым горадзе Ігумене (цяперашнім Чэрвені), куды ў 1825 годзе перавялі Міхаіла Шпілеўскага (бацьку), якога прызначылі кіраўніком царкоўнай акругі. Міхаіл Шпілеўскі і для сына вызначыў духоўную кар’еру, таму адправіў яго вучыцца ў Мінскую духоўную семінарыю, а потым у Пецярбургскую духоўную акадэмію.
Працоўную дзейнасць П. Шпілеўскі пачаў выкладчыкам славеснасці Варшаўскага павятовага духоўнага вучылішча, дзе прабыў каля пяці гадоў. У 1853-1855 гадах служыў так званым пакаёвым наглядчыкам у Галоўным педагагічным інстытуце ў Пецярбургу. Па сутнасці ж, Шпілеўскі быў памочнікам прафесара польскай мовы, дзеля вывучэння якой яго туды і ўладкавалі. У гэты ж час у інстытуце вучыўся будучы вялікі рускі крытык М. А. Дабралюбаў, з якім Шпілеўскі меў кантакты. Пасля інстытута ён зноў каля года настаўнічаў. Потым аддаўся журналісцкай працы. Памёр даволі рана у 38 гадоў.
У літаратуру Паўла Шпілеўскага паклікала любоў да роднай Беларусі, з якой даводзілася надоўга разлучацца. Выступаў у рускай перыёдыцы з артыкуламі і нарысамі, дзе хацеў расказаць пра сваю радзіму, пра яе людзей, побыт і традыцыйную культуру беларускага народа, яго фальклор. Сярод іх «Беларускія народныя павер’і» (1846-1852), «Апісанне пасольства Льва Сапегі ў Маскву ў 1600 годзе» (1850), «Народныя прыказкі з тлумачэннем паходжання і значэння іх» (1852), «Даследаванне
пра ваўкалакаў» (1853), «Мазыршчына (з падарожжа па заходнерускім краі)» (1859), «Паездка ў заходнія губерні» (1860). Захапіўшыся вывучэннем роднай мовы, Шпілеўскі яшчэ ў юнацтве пачаў складаць «Слоўнік і карняслоў беларускай гаворкі», які застаўся ў рукапісе. Але самым значным з напісанага Шпілеўскім трэба назваць яго краязнаўчы нарыс «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі», які на працягу 1853-1855 гадоў публікаваўся ў прагрэсіўным рускім часопісе «Современннк», і шматпланавы твор «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках», што гэтак жа з працягам друкаваўся на старонках другога рускага часопіса «Пантеон» (1853-1854, 1856).
У сваіх краязнаўчых нарысах і фальклорна-этнаграфічных артыкулах П. Шпілеўскі праявіў сябе як сапраўдны патрыёт Беларусі, які шчыра любіў яе народ, шанаваў і цаніў культуру і мову беларусаў. Якраз тут найбольш красамоўнае і эмацыянальнае гучанне набывае яго пяро. Вось як, напрыклад, піша ён у сваім «Падарожжы па Палессі і Беларускім краі»: «Па дарозе мне сустракаліся знаёмыя твары і ўборы, чулася родная беларуская мова, якая... шчаслівыя часы!.. некалі ў гады маленства і дзяцінства гучала ў вушах маіх...» He могуць не крануць чытача шматлікія апісанні сустрэч аўтара з роднай зямлёй. Праўда, палітычныя погляды П. Шпілеўскага былі, як зазначаюць даследчыкі яго творчасці, у пэўнай ступені «абмежаваныя». Так, паверыўшы рускім шавіністам, ён лічыў услед за імі справядлівым захоп расійскім царызмам беларускіх зямель у канцы XVIII стагоддзя, апраўдваў яго палітыку ў Беларусі. I ўсё ж усім сэрцам спачуваў беларускаму народу, прызнаваў самабытнасць і прыгажосць яго мовы.