Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Выдатны беларускі паэт і герой вайны 1812 года, В. Равінскі быў аўтарам і іншых твораў вершаванай камедыі на рускай мове «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўшчыну «Вялікі муж субардынацыі» і іншых, у якіх яскрава праявіліся яго дзекабрысцкія, дэмакратычныя погляды.
АНТОНІ ГАРЭЦКІ
Родам Антоні Гарэцкі з Вільні. Ён быў малодшым сынам у даволі вялікай сям’і віленскага ўплывовага чыноўніка Валенція Гарэцкага. Адна з яго сясцёр Схалястыка маці вядомага беларускага мастака Валенція Ваньковіча. Вучыўся Антоні ў Віленскім універсітэце на літаратурным факультэце. Сябраваў з Іаахімам Лялевелем. У студэнцкія гады пачаў пісаць вершы, якія публікаваў у віленскім друку. У 1809 годзе запісаўся на вайсковую службу. Удзельнічаў у паходзе Напалеона на Расію як ад’ютант брыгаднага генерала Мяльчынскага. Быў нават узнагароджаны за баявыя заслугі крыжам Ганаровага легіёна. Пасля разгрому напалеонаўскага войска капітан Антоні Гарэцкі выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў родавай вёсцы пад Вільняй. Захварэўшы, паехаў на лячэнне ў Італію. Пабываў таксама ў Францыі, Чэхіі. Вярнуўшыся дадому, ажаніўся і заняўся гаспадаркай у сваіх падвіленскіх маёнтках Дусяняты і Пагава. Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Вільні, уступіў у Таварыства шубраўцаў, адзін з членаў якога вядомы гісторык Міхал Балінскі нават прывітаў яго напісаным з гэтай нагоды вершам.
У Вільні А. Гарэцкі зблізіўся з Адамам Міцкевічам і іншымі філаматамі, а таксама філарэтамі. У час працэсу над філарэтамі ў яго доме ў Вільні была арганізавана дапамога зняволеным. У 20-я гады XIX стагоддзя меў магчымасць заняцца творчай працай. Супрацоўнічаў з шубраўскім часопісам «Wiadomosci Brukowe» і іншымі віленскімі і варшаўскімі выданнямі. Пісаў вершы, байкі, элегіі, думы, фрашкі. Творы, у якіх паэт выступаў
у абарону запрыгоненага беларускага селяніна, крытыкаваў царскія ўлады, карысталіся вялікай папулярнасцю сярод моладзі. «Прыземленасць», народнасць яго творчасці выклікалі крытыку з боку кансерватыўных сіл. Вельмі злосную сатыру на Гарэцкага напісаў Францішак Мараўскі пад назвай «Новы Парнас», у якой здзекліва называў яго «смаргонскім Піндарам». У 1828 годзе за «Байку пра фурманаў», у якой закранаўся нават царскі намеснік князь Канстанцін, паэт быў арыштаваны ў сваёй падвіленскай вёсцы і дастаўлены ў варшаўскую турму. 3 яе А. Гарэцкі быў выпушчаны толькі пасля таго, як падпісаў для віленскага генерал-губернатара Корсака дэкларацыю, у якой абавязваўся не пісаць палітычную сатыру.
Але А. Гарэцкі не толькі не адышоў ад палітыкі ў сваіх творах, але і заняўся ёй на практыцы. Прыняў актыўны ўдзел у Лістападаўскім паўстанні, пасля разгрому якога вымушаны быў выехаць за мяжу. Да канца жыцця паэт заставаўся ў эміграцыі. Спачатку жыў разам з Адамам Міцкевічам і іншымі выгнаннікамі-літвінамі ў Дрэздэне, потым усе яны перабраліся ў Парыж. Пасяліўшыся ў сталіцы Францыі, А. Гарэцкі ўдзельнічае ў розных эмігранцкіх згуртаваннях, аддаецца літаратурнай творчасці. У 1834 годзе выдае ў Парыжы зборнік ранейшых і новых твораў пад назвай «Паэзія Літвіна». Потым выходзілі іншыя паэтычныя кнігі. У эмігранцкіх творах паэта асабліва моцна гучыць туга па роднай зямлі, па сваёй Віленшчыне, дзе засталася яго сям’я. 3 болем у сэрцы даведваецца Гарэцкі, што два яго сыны ў 1839 годзе былі прымусова вывезены ўладамі ў Пецярбург. Толькі на схіле жыцця паэт меў шчасце сустрэцца з сынам Тадэвушам, які прыехаў да бацькі. Ажаніўшыся з дачкой Адама Міцкевіча Марыяй, Тадэвуш Гарэцкі застаўся ў Парыжы і стаў адзінай уцехай для знямоглага бацькі: памёр Антоні Гарэцкі 18 верасня 1861 года.
Літаратуразнаўцы адводзяць Гарэцкаму пераходнае месца паміж класіцызмам і рамантызмам. У яго творах нават праяўляліся элементы рэалізму, што вельмі цаніў Адам Міцкевіч. Пад уплывам рамантыкаў Гарэцкі спрабаваў пісаць творы, заснаваныя на народнай паэзіі беларусаў, якую добра ведаў, жывучы
ў падвіленскіх вёсках. Польскія даследчыкі знаходзяць у яго творах «налёт правінцыялізмаў», г. зн. беларускія словы і выразы. Некаторыя матывы творчасці Гарэцкага выкарыстаў Адам Міцкевіч у сваіх байках, баладзе «Лілеі», паэме «Пан Тадэвуш». А байку «Д’ябал і збожжа» вуснамі Жэготы (Ігната Дамэйкі) пераказаў Міцкевіч у трэцяй частцы сваіх «Дзядоў».
Змагаючыся за аднаўленне Рэчы Паспалітай, якая стала называцца Польшчай. А. Гарэцкі ніколі не забываўся, што ён сын беларускай зямлі, гістарычнай Літвы. Нездарма ж адзін з яго псеўданімаў быў Літвін.
ГЕНРЫК РЖАВУСКІ
Генрык Ржавускі, граф герба Крыўда, нарадзіўся ў 1791 годзе на Валыні, дзе яго бацька набыў маёнткі Паграбішчы і Цуднаў.
Радзімай жа яго продкаў была Беларусь. Тут, у Вялікім Княстве Літоўскім, Ржавускія займалі высокія дзяржаўныя пасады. 3 беларускай зямлёй мелі кроўныя повязі і бацькі пісьменніка. Яго бацька Адам Ваўжынец Ржавускі быў сынам «літвінаў» Станіслава Ржавускага і Кацярыны з роду Радзівілаў (дачка пісьменніцы Францішкі Уршулі, сястра славутага Кароля Станіслава Пане Каханку). У ВКЛ ён таксама займаў высокія пасады. Быў паслом на сейме ад Наваградскага ваяводства, віцебскім кашталянам. Маці Генрыка Юстына паходзіла з роду Рдултоўскіх, таксама не бедных беларускіх магнатаў, што мелі вялікія зямельныя ўладанні на Міншчыне, сярод якіх было мястэчка Сноў, дзе яны пабудавалі палац на 100 пакояў (ён, на шчасце, захаваўся да нашых дзён). Тут, у Мінскай губерні, у адным з маёнткаў Рдултоўскіх Валамечцах, пад апекай бабулі Марыяны Рдултоўскай і правёў Г. Ржавускі свае дзіцячыя гады, якія, як ён сам прызнаваўся, засталіся ў памяці «на ўсё жыццё».
Г. Ржавускі быў «літвінам», г. зн. беларусам. У сваіх «Успамінах» ён пісаў: «I хаця лёс прымусіў мяне пасяліцца далёка ад святой Літвы, у душы ніколі не пераставаў адчуваць, што я літвін». Звяртаючыся да нашчадкаў, ён і іх просіць, каб яны лічылі яго «літвінскім», а не якім іншым пісьменнікам: «Маё разумовае жыццё збудзілася ў Літве, і калі б хто не лічыў мяне літвінам, той мяне пакрыўдзіў бы. Калі ў творах, апублікаваных
у мае сталыя гады, ёсць нешта такое, што наступныя пакаленні хацелі б захаваць, няхай яны прымуць маю творчасць, як плён той любові, якой я не пераставаў палаць дзеля дарагой Літвы. Большая частка сцэн у маіх раманах адбываецца ў Літве, мае героі часцей за ўсё літвіны. Ведаю пра тое. што нашчадкі не заўважаць мяне або хутка забудуць, але калі б я быў другім Гамерам, калі б прадчуваў, што калі-небудзь гарады пачнуць спрачацца, жадаючы мець мяне сваім грамадзянінам, тады я смялей гукнуў бы літвінам, просячы іх не дазволіць, каб па маёй смерці нейкая іншая зямля пераконвала іх, што я не з'яўляюся дзіцём Літвы».
У сям’і Ржавускіх панавала любоў да літаратуры. Генрыкаў бацька. пэўна, пад уплывам сваёй мацеры Францішкі Уршулі Радзівіл забаўляўся ў юнацтве вершаскладаннем. У сталыя гады яго больш турбавала доля роднай Беларусі ў часы заняпаду Рэчы Паспалітай.
У 1782 годзе Адам Ржавускі здаў у друк кнігу «Думкі над Літоўскім статутам». але яго дзядзька Кароль Станіслаў Пане Каханку, даведаўшыся пра негатыўную ацэнку ў ёй уніі Польшчы з Літвой, загадаў забраць кнігу з друкарні і спаліць. У сям’і Ржавускіх засталіся толькі два яе экзэмпляры. Другая яго кніга выйшла пад назвай «Думкі пра рэформу рэспубліканскага кіравання» (1790).
Захапляліся літаратурай і самімі літаратарамі і Генрыкавы сёстры. Так, адна з іх Караліна, па першым мужу Сабанская, стала каханкай ажно двух літаратурных геніяў Аляксандра Пушкіна і Адама Міцкевіча, а другая Эваліна Ганская нават завалодала сэрцам французскага класіка Анарэ дэ Бальзака і стала яго жонкай. Праз сваіх авантурных сясцёр пазнаўся з многімі літаратарамі і Генрык, у тым ліку са шваграм Бальзакам.
3 дзяцінства ад бацькі, ад маці, ад бабулі Рдултоўскай, ад іншых родзічаў многа цікавага наслухаўся Генрык пра сваю радню, асабліва пра сваякоў Радзівілаў, Рдултоўскіх, Ржавускіх, пра ўсю беларускую магнатэрыю і дробную засцянковую шляхту. Гэтыя жывыя гавэнды ён любіў пераказваць сябрам і знаёмым, у тым ліку літаратарам.
Да запісвання на паперу гэтых авантурных сюжэтаў заахвоціў Г. Ржавускага А. Міцкевіч, з якім ён пазнаёміўся ў 1825 годзе
ў час падарожжа па Крыме. Потым яны сустракаліся ў Пецярбургу і Рыме. Г. Ржавускі ў 1839-1841 гадах ананімна выдаў у Парыжы свае творы ў чатырох тамах пад агульнай назвай «Успаміны яснавяльможнага пана Севярына Сапліцы, парнаўскага чэсніка». У 1844 годзе кніга, зноў жа ананімна, выйшла паўторна пад крыху змененай назвай «Успаміны старога літоўскага шляхціча». Аўтар праўдзіва, у жывых, нявыдуманых вобразах раскрыў у кнізе цэлую эпоху жыцця вышэйшых грамадскіх колаў Беларусі канца XVIII стагоддзя, паказаў згубную для дзяржавы шляхецкую анархію.
Яшчэ да апублікавання гавэнды Генрыка Ржавускага, пачутыя з вуснаў аўтара, навялі Адама Міцкевіча на стварэнне ўласнага твора з жыцця беларускай шляхты паэмы «Пан Тадэвуш». Міцкевіч узяў нават імя таго ж Сапліцы для аднаго з галоўных герояў сваёй знакамітай паэмы, а заадно і назву сядзібы, дзе разгортваецца дзеянне, Сапліцова.
Другім значным творам Г. Ржавускага стаў гістарычны раман «Лістапад» (1845), у якім таксама было паказана жыццё беларускага грамадства ў другой палове XVIII стагоддзя. Пэўную цікавасць уяўляюць і іншыя раманы пісьменніка «Кракаўскі замак» (1847-1848) і «Адам Смігельскі» (1851).
У 1840-я гады Г. Ржавускі супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты «Tygodnik Petersburski», створанай выхадцамі з Беларусі, што асталяваліся ў Пецярбургу. Там ён зблізіўся з беларускімі літаратарамі, уваходзіў у іх гурток.
Апошнія гады жыцця Г. Ржавускі правёў у бацькоўскім маёнтку ў Цуднаве. Тут ён даў прытулак і пецярбургскаму сябру выдатнаму беларускаму паэту і празаіку, тады ўжо безнадзейна хвораму Яну Баршчэўскаму, які там і закончыў свой жыццёвы шлях у 1851 годзе.

ІГНАТ ЛЕГАТОВІЧ
Настаўнік і паэт Ігнат Легатовіч (1796-1867) паходзіў з вёскі Малая Капліца пад Гародняй. У пяць гадоў страціў бацьку, якога замяніў малому айчым, небагаты шляхціч Якуб Вішнеўскі. Ігнат скончыў дамініканскую школу ў Гародні, пасля чаго паступіў у Віленскі ўніверсітэт на аддзяленне літаратуры і мастацтва. Атрымаўшы ў 1817 годзе навуковую ступень магістра філасофіі, быў накіраваны ў Мінск, у губернскую гімназію. Болып за дваццаць гадоў працаваў ён тут на сціплай пасадзе настаўніка лацінскай мовы. 3 1839 года служыў інспектарам лепельскай, полацкай і вількамірскай школ. У 1846 годзе, страціўшы зрок, вярнуўся ў Мінск. За сваю шматгадовую настаўніцкую бездакорную працу быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава III класа. Быў двойчы жанаты. Меў трох сыноў і восем дачок. Ігнат Легатовіч вядомы як калекцыянер народнай мудрасці (збіраў прымаўкі, прыказкі, выслоўі, казкі), а таксама як заядлы кніжнік. У яго доме было шмат рэдкіх і цікавых кніг, лёс якіх цяпер не вядомы.