Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Свет знаходзіцца напярэдадні катаклізмаў, пасля якіх павінны прыйсці новыя грамадскія групоўкі. Ад гэтага паваротнага пункту пачнецца свабодны нацыянальны рух, дык і некалькімільённы беларускі народ разаўе свой дух у натуральным кірунку. <.. .>»
Вялікую ролю ў нацыянальным адраджэнні беларусаў адводзіў Аляксандр Ельскі роднай літаратуры. Прыступаючы да асвятлення яе гісторыі, ён найперш узяўся за выяўленне ўсіх твораў, якія былі напісаны на беларускай мове ад старажытнасці да апошняга часу. Вынікам гэтай шматгадовай тытанічнай працы з’явілася даследаванне «Беларуская літаратура і бібліяграфія», у якім аўтар паказвае ўсе выяўленыя ім «першакрыніцы беларускай літаратуры і ўвогуле пісьменства, што тычацца гісторыі, старажытных помнікаў, мінулага і сучаснага стану Белай Русі з розных пунктаў гледжання». Ён добра разумее важнасць сваёй працы: «Гэта важны прадмет, малавядомы нават спецыя-
лістам і нікім не сістэматызаваны паводле храналагічнага прынцыпу і ва ўсёй магчымай паўнаце. Таму мяркую, што мая праца будзе мець грунтоўнае значэнне для ўсіх, хто захоча дэталёва пазнаёміцца з беларускімі справамі».
Гэта быў не толькі першы найбольш сістэматызаваны і грунтоўны нарыс гісторыі самой беларускай літаратуры, але і агляд даследаванняў, што ажыццяўляліся пераважна на польскай і рускай мовах усіх праблем, якія датычылі Беларусі, яе літаратуры і пісьменства пачынаючы ад XVI стагоддзя, ад Францішка Скарыны і яго пражскага выдання Бібліі. У поле зроку аўтара трапілі такія помнікі, як «Літоўскі Статут», «Хроніка Быхаўца», «Запіскі» Фёдара Еўлашэўскага, «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» Сымона Буднага, беларускі пераклад «Хронікі» Марціна Бельскага, «Прамова Мялешкі» і шматлікія іншыя, як самыя даўнія. так і зусім блізкія яму па часе.
Трэба адзначыць, што А. Ельскі разглядае не проста літаратуру, якая з’явілася на тэрыторыі Беларусі, а выключна беларускамоўныя помнікі пісьменства, бо толькі яны маюць усе падставы лічыцца беларускімі. У той жа час ён пералічвае і публікацыі, прысвечаныя Беларусі, што былі напісаны на іншых мовах.
Аўтар не спрабуе стварыць нейкую закончаную, верагодную канцэпцыю гісторыка-літаратурнага развіцця, заканамернасцяў ці асаблівасцяў літаратурнага працэсу. Ён пакуль што паставіў перад сабою больш сціплую, але вельмі працаёмкую задачу: даць храналагічны пералік публікацый у аднолькавай меры і беларускіх мастацкіх твораў, і артыкулаў, прысвечаных Беларусі.
Як і прадбачыў Аляксандр Ельскі, яго праца сапраўды стала «асновай» для фундаментальнага даследавання гісторыі беларускай літаратуры яго наступніка славутага вучонага, аўтара «Беларусаў», акадэміка Яўхіма Карскага.
У творчай спадчыне Аляксандра Ельскага найбольшую каштоўнасць побач з матэрыяламі па гісторыі краіны і літаратуры маюць яго грунтоўныя мовазнаўчыя працы, даследаванні асаблівасцяў, стану, граматычных форм беларускай мовы ў параўнанні з іншымі славянскімі мовамі, яе гістарычнага лёсу і перспектыў
развіцця. Гэтыя даследаванні не страцілі свайго пазнавальнага значэння і сёння, бо ў іх ахарактарызаваны складаныя і супярэчлівыя праблемы фарміравання сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Праяўляючы сапраўдны можна сказаць, сыноўні клопат пра развіццё беларускай мовы, якая шмат чым, на думку А. Ельскага, магла б узбагаціць і рускую, ён у артыкуле «Пра беларускую гаворку» прыходзіць да высновы: «Культурная ж руская мова, несумненна, знойдзе ў беларушчыне нямала родных славянскіх скарбаў, лепшых за тыя. што дагэтуль паспешліва і оптам сабрала з чужых дыялектаў; народная паэзія таксама можа закрануць у душы не адну высакародную струну».
Сам Аляксандр Ельскі з аптымізмам глядзеў на далейшы лёс беларускай мовы. Надзейнай падставай з’яўляліся творы беларускіх пісьменнікаў, публікацыі фалькларыстаў і асабліва выхад у свет «Слоўніка беларускай мовы» Івана Насовіча: «Як бы там ні было, а краевугольным каменем беларускай мовы стаў <...> выдатны беларуска-рускі слоўнік Насовіча 1870 года, заслужана ўзнагароджаны Пецярбургскай Акадэміяй навук Дзямідаўскай прэміяй, сцвярджаў ён у тым жа артыкуле. У гэтым манументальным творы, які каштаваў аўтару 16 год працы, нягледзячы на непаўнату і дробныя хібы <...>, п. Насовіч з бесстароннасцю і сумленнасцю, вартай самай вялікай пахвалы, скрышталізаваў беларускую мову. 3 таго часу, як існуе гэта багатая крыніца мовы нашага народа. якая змяшчае звыш 30 тысяч слоў, беларуская мова можа быць спакойная за будучыню і развівацца на ўласнай глебе, толькі б добрая грамадзянская воля аўтараў умела выказваць гэтай мовай усё высакароднае, прагрэсіўнае і карыснае».
Уласныя погляды на далейшы лёс і перспектывы развіцця беларускай мовы і беларускай нацыянальнай свядомасці А. Ельскі неаднаразова фармуляваў і ў публікацыях, і ў карэспандэнцыі. Сваё крэда ён выразна вызначыў, у прыватнасці, у пісьме да Яна Карловіча ад 16/28 лютага 1890 года: «Нельга сумнявацца, што яшчэ і Беларусь будзе жыць сваім духоўным жыццём і выпрацуе сваю «гаворку» да ступені “мовы” <...>. Мова штодзень
перайначваецца, калі мае для гэтага прастор, і гіне ці камянее, калі зменіцца лёс і яна адыграе сваю ролю ў грамадстве. Але Беларусь, амаль некранутая, мае будучыню не народаў, што аджылі, а тых, якія цягнуцца да жыцця. як кветка пад праменнямі сонца. О! He згінем і мы, і маладыя нашы браты! Я веру ў гэта...»
Распрацоўваючы агульную канцэпцыю праблем, звязаных з тагачасным станам, лёсам і напрамкамі развіцця беларускай літаратурнай мовы, А. Ельскі абапіраўся на вынікі даследаванняў розных спецыялістаў. прытым не толькі мовазнаўцаў, гісторыкаў, фалькларыстаў, літаратуразнаўцаў, але і філосафаў. Неаднаразова спасылаецца ён на Кароля Лібельта (1807-1875), вядомага польскага філосафа, публіцыста, крытыка, удзельніка нацыянальна-вызваленчай барацьбы польскага народа ў 18301831 і 1846-1848 гадах, які ў сваім шырокавядомым калісьці трактаце «Пра любоў да Радзімы» пісаў: «Пазбаў народ мовы і пазбавіш яго гэтым самым жыцця. Народ жыве, пакуль мова яго жыве, без нацыянальнай мовы няма народа <...>. Любіце ж яго мову, як святую кроў маці-радзімы».
Аляксандр Ельскі не шукаў гучных навуковых званняў, сам сябе лічыў самавукам, пра што пісаў аднаму знаёмаму ў 1902 годзе: «Не маю зусім прэтэнзіі на нейкі навуковы аўтарытэт, бо не маю ступені, хаця працаваў шчыра... на ніве айчыннага пісьменства. Была гэта праца ўсяго толькі з Божай ласкі, дзякуючы нейкай здольнасці, запалу да ведаў у напрамку грамадска-гістарычным і літаратурным, мая сітуацыя сціплая, але незалежная дазваляла мне займацца самаадукацыяй ад маладосці да пажылых гадоў». Тым не менш сваёй шматграннай нястомнай навуковай і публіцыстычнай дзейнасцю ён заслужыў шырокую вядомасць і прызнанне. Аляксандр Ельскі стаў членам Імператарскага Вольна-Эканамічнага таварыства ў Пецярбургу (1885), правадзейным членам Камісіі гісторыі мастацтва філалагічнага аддзялення Акадэміі ведаў (Akademii Umiej^tnosci) у Кракаве і членам гістарычнай камісіі (1892). Ha III з’ездзе польскіх гісторыкаў у Кракаве яго абралі адным з трох старшыняў. Прымаў удзел у археалагічных з’ездах у Вільні (1893) і Рызе (1896).
У багатым культурным наробку Аляксандра Ельскага ёсць і ўласныя літаратурна-мастацкія творы, якія ён пісаў выключна на роднай беларускай мове.
Адным з першых такіх твораў было жартоўнае і разам з тым вельмі зычлівае вершаванае пасланне аўтару «Гапона» «Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу», дзе Ельскі знайшоў шчырыя словы, каб падахвоціць да далейшай творчасці ўжо састарэлага «беларускага дудара».
Цэлы шэраг беларускіх твораў Бацяна з-над Пцічы выходзіў на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў асобнымі кніжкамі. У Пецярбургу ў 1895 годзе пабачыла свет даволі аб’ёмістае вершаванае апавяданне «Сынок» з падзагалоўкам «Расказ з праўдзівага здарэння ўсім бацькам і дзецям для перасцярогі» пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. У 1896 годзе тройчы друкаваўся празаічны твор Аляксандра Ельскага «Выбіраймася ў прочкі! Скарэй у Томск! Аб тое добра разведаў і растлумачыў народу A. J.» (выходзіў асобным выданнем у Пецярбургу, потым у «Внтебскнх губернскнх ведомостях» (№ 84, 86, 87, 90) і ў Віцебску асобным адбіткам пад назвай «Нашы перасяленцы. Скарэй у Томск!»), Затым з’явіліся творы «Слова аб праклятай гарэлцы і аб жыцці і смерці п’яніцы. Добраму беларускаму народу на пакрапленне яго душы і розуму расказаў прыяцель яго папячыцель трэзвасці A. J.» (СПб., 1900); «Гутарка аб тым, якая мае быць “Зямля і воля” сельскаму народу. Праўдзівы абразок, жыўцом зняты з цяперашняга жыцця вёскі на Белай Русі, даўняй Крывічызне. Падаў A. J.» (Вільня, 1906) і «100 прыказак, загадак, прыдумак і гавэндаў для пажытку беларускага (крывіцкага) народу. Сабраў А. I» (Вільня, 1908).
Аляксандр Ельскі не прэтэндаваў у сваіх творах на нейкія мастацкія адкрыцці. Пісаў ён іх з мэтай дапамагчы простаму беларускаму люду паляпшаць маральныя якасці і далучацца да святла ведаў.
Дзеля народнай асветы і абуджэння нацыянальнай годнасці і самасвядомасці беларусаў браўся А. Ельскі таксама за пераклады з польскай мовы твораў «літвіна» Адама Міцкевіча, у першую чаргу яго шэдэўра «Пан Тадэвуш». У 1892 годзе замосцінскі ўладар
апублікаваў першую кнігу гэтай вялікай эпічнай паэмы. He так даўно знайшоўся і яго ж пераклад аднаго з Міцкевічавых крымскіх санетаў «Бура на моры». Акрамя перакладаў з Адама Міцкевіча захаваўся яшчэ пераклад Аляксандра Ельскага на беларускую мову знакамітага ў свой час твора польскага паэта з Валыні Антонія Мальчэўскага «Марыя».
Хоць сам Аляксандр Ельскі быў задаволены сваімі перакладамі, сёння яны ўспрымаюцца ўсё ж з цяжкасцю. Як і ў арыгінальных творах, можна ўбачыць шмат моўных хібаў. Ды не трэба, мусіць, надта вінаваціць аўтара: у яго часы беларуская літаратурная мова яшчэ не нармалізавалася, па-сапраўднаму не выкрашталізавалася, яна толькі праходзіла стадыю распрацоўкі. На беларускамоўныя творы Аляксандра Ельскага мы павінны сёння глядзець як на жывыя помнікі нашай літаратурнай гісторыі, беларускага пісьменства на адным з этапаў яго развіцця.
Да таго ж цалкам прааналізаваць беларускамоўную літаратурную спадчыну Аляксандра Ельскага мы не можам, бо да нас дайшла толькі яе частка. Несумненна, твораў у гэтага руплівага працаўніка на беларускай ніве было значна больш. Адно са сведчанняў успаміны яго пляменніка Уладзіслава Ельскага, які пісаў: «Імкнучыся бараніць люд беларускі ад русіфікацыі яго расійскім урадам, дзядзька пісаў розныя беларускія гутаркі, перакладаў цалкам такія творы, як, напрыклад, “Нядзельныя вечары” Супінскага. Калі расійскі ўрад забараніў друкаваць па-беларуску лацінскім алфавітам, дзядзька спрабаваў ужываць адпаведную гэтай мове “гражданку” з пэўнымі значкамі. А калі і гэта не ўдалося, ён уручную адліваў шрыфты для капіравання ў маёнтках і такім чынам пашыраў свае творы па вёсках».