Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Пісаў П. Шпілеўскі і мастацкія творы. Ён аўтар аповесці «Цыганё», п’есы «Дажынкі» (напісанай на аснове «Ідыліі» В. Дуніна-Марцінкевіча), некалькіх апавяданняў. Але асаблівых мастацкіх адкрыццяў не здзейсніў. Часта П. Шпілеўскі выступаў у друку пад псеўданімамі Драўлянскі, Барон Ікс і інш.
ВІНЦЭСЬ КАРАТЫНСКІ
Вінцэсь Каратынскі адзін з нямногіх паэтаў, хто выбіўся «ў людзі» з прыгонных сялян. Сапраўднае яго прозвішча Каратай. Каратынскім стаў ён, калі атрымаў вольную. Нарадзіўся ў вёсцы Селішча Наваградскага павета. Адукацыю набываў пры дапамозе добрых людзей, у асноўным самастойна. 3 часам ён авалодаў рускай, чэшскай, французскай, нямецкай мовамі, не кажучы пра беларускую і польскую. Працаваў «дырэктарам» дамашнім настаўнікам у заможных людзей Наваградчыны. Вельмі памагло Каратынскаму ў жыцці знаёмства з Уладзіславам Сыракомлем, які адразу заўважыў і падтрымаў здольнага сялянскага хлопца. У 1850 годзе «вясковы лірнік» запрасіў яго да сябе ў Залуча. В. Каратынскі стаў Сыракомлевым памочнікам-сакратаром. 3 пераездам Сыракомлі пад Вільню, у вёску Барэйкаўшчына, праз нейкі час таксама перабраўся туды і ён.
Тут, паблізу Вільні, была добрая магчымасць наладзіць сувязь з рэдакцыямі розных перыядычных выданняў. Каратынскі супрацоўнічаў у часопісе Адама Кіркора. Быў членам Віленскай археалагічнай камісіі і Статыстычнага камітэта.
У 1859 годзе паэт ажаніўся з дачкой заможнага шляхціча Станіславай Цалінай Якубовіч і жыў з ёй у маёнтку цесця Якенты Ашмянскага павета. Было ў іх дзесяць дзяцей. Сваю вялікую сям’ю (апрача даходаў з гаспадарання на зямлі) карміў Каратынскі журналісцкай працай. У 1866 годзе ён пераехаў у Варшаву, дзе супрацоўнічаў з асноўнымі польскімі перыядычнымі выданнямі, выступаючы з нарысамі і артыкуламі. Там, у Варшаве, ён і памёр.
За пісьменніцкае пяро Вінцэсь Каратынскі ўзяўся пад уплывам і пры непасрэднай падтрымцы свайго настаўніка У. Сыракомлі, творы якога ён перапісваў для друку. Першы верш «Над калыскай» (на польскай мове) ён напісаў і апублікаваў ў 1856 годзе. Пасля пісаў на польскай і беларускай мовах. У. Сыракомля нават меў намер выдаць сумесна са сваім вучнем беларускія вершы ў адной кнізе. Але аўтары не змаглі пераадолець тыя бар’еры, што стаялі перад беларускім словам. Сёння не вядома, якія беларускія вершы меліся яны ўключыць у супольны зборнік.
Праз год пасля паэтычнага дэбюту выйшла першая паэтычная кніга В. Каратынскага з добразычлівай прадмовай яго настаўніка «Чым хата багата, тым рада». Вядома ж, на польскай мове так праблем з выданнем не было. У час прыезду ў Вільню цара Аляксандра II (1859) Каратынскі напісаў для яго прывітання верш на беларускай мове, у якім імкнуўся напомніць самадзержцу пра існаванне пагарджанага панствам мужыка-беларуса. У тым жа годзе асобным выданнем выйшаў найбольш значны твор Вінцэся Каратынскага паэма «Таміла», у цэнтры якой вобраз беларускага селяніна Тамілы, праз які аўтар хацеў паказаць жыццё беларускай вёскі таго часу. Праз год убачыла свет апошняя паэтычная кніга Каратынскага вершаваны памфлет «Выпіў Куба да Якуба», пасля чаго з вершамі выступаў у друку толькі зрэдку. В. Каратынскаму прыпісваюцца яшчэ вершы-пракламацыі «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў».
Вельмі цікавыя для нас і многія артыкулы і нарысы Вінцэся Каратынскага, звязаныя з гісторыяй і культурай роднай Беларусі. Сярод іх «Карціны з берагоў Нёмана», «Некалькі падрабязнасцяў пра сям’ю, месца нараджэння і маладосць Адама Міцкевіча», «Саламон Рысінскі», «Віцебск», «Канстанцін Тышкевіч», «Яўстаф Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч», «Дзве будоўлі» і інш.

КАНСТАНЦІН ВЕРАНІЦЫН
Гэтак жа, як і аўтара «Энеіды навыварат», у лона нашай літаратуры вярнуў імя Канстанціна Вераніцына нястомны даследчык-літаратуразнавец Генадзь Кісялёў, пра што захапляльна і вельмі пераканаўча расказаў ён у сваёй таленавітай кнізе «Пошукі імя», а потым у дапоўненым выданні «Расшукваецца класік». Там жа падаў ён і асноўныя звесткі з біяграфіі паэта.
Нарадзіўся К. Вераніцын 1 чэрвеня 1834 года ў вёсцы Астраўляны Віцебскага павета. Паходзіў з прыгонных сялян ліберальнага пана Бондырава. Сапраўднае яго прозвішча Васільеў. Сыну прыгоннага селяніна ўдалося паступіць у Гарадокскае парафіяльнае вучылішча, якое ён скончыў у 1844 годзе. Праз год Кастусь Васільеў ці не за свае здольнасці да навук? атрымлівае вольную, што дае яму магчымасць запісацца на вучобу ў Віцебскую губернскую гімназію. У 1851 годзе яго прылучаюць да мяшчан мястэчка Гарадок. У гэты час ён і выбірае сабе новае прозвішча Вераніцын. У 1852 годзе, не паспеўшы скончыць гімназію, прагны да вучобы юнак паступае ў Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, дзе вучыліся, дарэчы, шмат разначынцаў. Праўда, праз два гады ўпартага беларуса выключаюць за нешта з акадэміі. Хлопец вяртаецца ў Беларусь і як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступае ў ГорыГорацкі земляробчы інстытут, адразу на трэці курс. У 1859 годзе ён абараняе дысертацыю «Пра беларускую гаспадарку» і атрымлівае званне агранома (кандыдата агранаміі). Потым К. Вераніцын служыць аканомам у нейкім маёнтку. 3 1863 года зноў жыве
ў Пецярбургу, служыць у розных установах. Праз дзесяць з лішнім гадоў вяртаецца на радзіму, дзе ў 1874-1879 гадах працуе выкладчыкам геаграфіі, прыродазнаўства і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. У 1880 годзе Вераніцын зноў апынуўся ў Пецярбургу, дзе пасяляецца назаўсёды, не забываючы наведвацца ў родную Беларусь. У Пецярбургу служыў чыноўнікам Міністэрства шляхоў зносін. У 1890 годзе ў чыне стацкага саветніка выходзіць у адстаўку. Як мяркуе Г. Кісялёў, там жа Канстанцін Вераніцын і памёр недзе каля 1904 года.
Яшчэ нядаўна «ананімная» паэма «Тарас на Парнасе», якая належыць, як вельмі пераканаўча даводзіць Г. Кісялёў, пяру Канстанціна Вераніцына, стала класічным творам беларускай літаратуры. Яна была шырока распаўсюджана ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі, часта перапісвалася, перадавалася з рук у рукі па ўсёй Беларусі. У ёй выдатна праявіўся дэмакратызм аўтара, глыбокая павага да свайго беларускага народа. Напісана паэма пяром сапраўднага майстра, з добрым народным гумарам. Вельмі доказна паказаў той жа Г. Кісялёў, што К. Вераніцын з’яўляецца аўтарам і другой, надзвычай цікавай беларускай паэмы «Два д’яблы», знойдзенай В. Скалабанам у рукапіснай хрэстаматыі А. Рыпінскага.

АЛЯКСАНДР ЕЛЬСКІ
Імя гэтага выдатнага дзеяча беларускай культуры, апантанага будзіцеля нацыі ў другой палове XIX пачатку XX стагоддзя было вядома кожнаму адукаванаму беларусу. Пісьменнік, публіцыст, літаратуразнавец, гісторык, этнограф, фалькларыст, нястомны збіральнік айчынных помнікаў пісьменства і гісторыі, Аляксандр Ельскі ўсёй сваёй шматграннай дзейнасцю імкнуўся да аднаго: раскрыць перад светам эстэтычнае хараство і веліч культуры беларускага народа, яго нацыянальную самабытнасць і слаўную мінуўшчыну.
У савецкія часы патрыятычная дзейнасць Аляксандра Ельскага адзначалася ў друку звычайна ў негатыўным плане або проста замоўчвалася. Сёння прыйшоў час па-гаспадарску, аб’ектыўна агледзець яго даволі вялікую гісторыка-літаратурную спадчыну і паказаць сапраўднае аблічча гэтага шчырага працаўніка на беларускай ніве.
Аляксандр Ельскі паходзіў «па мячы» з вядомага на Беларусі шляхецкага роду Ельскіх герба Пелеш. Яго дзед Станіслаў Ельскі недзе на мяжы XVIII-XIX стагоддзяў атрымаў у пасаг ад жонкі, дачкі віцебскага ваяводы Розы Прозар, маёнтак Дудзічы Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкага раёна), які потым перайшоў у спадчыну да яго сына вельмі адукаванага чалавека, доктара медыцыны Кароля Ельскага. Тут 4 (16) чэрвеня 1834 года і нарадзіўся Аляксандр Ельскі.
Апрача яго ў Кароля Ельскага і Людвікі Штайнберг былі яшчэ два сыны Міхал і Жыгімонт і дачка Станіслава. У сям’і
Ельскіх панавала высокая духоўнасць. Дзеці выхоўваліся ў атмасферы любові да мастацтва і літаратуры. Асаблівым захапленнем бацькоў была музыка. Кароль Ельскі вучыўся ў прафесійных майстроў, выдатна іграў на скрыпцы і нават сам пісаў паланэзы. Да сённяшняга дня дайшоў, праўда, толькі адзін яго музычны твор для скрыпкі «Паланез 1837 года». Знакамітым скрыпачом-віртуозам, кампазітарам і музыказнаўцам стаў і яго старэйшы сын Міхал Ельскі, які выступаў з канцэртамі нават у гарадах Полылчы і Германіі.
Аляксандр першапачатковую адукацыю атрымаў дома, ад бацькоў. Потым яны ўладкавалі яго ў нямецкую школу ў Лясдэнене ў Прусіі (цяпер Красназнаменск Калінінградскай вобласці Расіі). Пасля вучыўся ў Мінскай класічнай гімназіі, якую скончыў у 1852 годзе. У той жа год васямнаццацігадовы Аляксандр Ельскі, наважыўшы паступіць на вайсковую службу, становіцца карнетам аднаго з палкоў расійскага войска і неўзабаве ў складзе свайго палка прымае ўдзел у Крымскай вайне 18531856 гадоў.
У 1855 годзе да яго даходзіць сумная вестка пра смерць бацькі. Гаспадаром бацькоўскага маёнтка Дудзічы становіцца старэйшы брат Міхал. Аляксандру дастаецца другі родавы маёнтак Ельскіх Замосце, які знаходзіцца паблізу. Стаўшы яго паўнапраўным гаспадаром, Аляксандр Ельскі кідае вайсковую службу і застаецца жыць у Замосці. Тут ён будуе вялікі драўляны дом, знешне вельмі падобны да бацькоўскага ў Дудзічах, а таксама ўласную капліцу, гаспадарчыя будынкі і, ажаніўшыся з Гэленай Калянчынскай, заводзіць сям’ю.
У сваім маёнтку Аляксандр Ельскі з усёй шчырасцю ўзяўся гаспадарыць. Шмат намаганняў прыкладаў ён, каб павысіць культуру земляробства і жывёлагадоўлі. Як дбайны гаспадар, ён ажыццяўляў меліярацыю зямлі, прымаў меры для павышэння яе ўрадлівасці, клапатліва і сур’ёзна займаўся агародніцтвам, садоўніцтвам, рыбаводствам, пабудаваў у сябе цагельню. Шмат часу аддаваў таксама актыўнай грамадскай дзейнасці ў сваёй акрузе: з’яўляўся міравым суддзёю ў Ігуменскім павеце (з 1861 ro­fla), членам апякунскага савета рэальнай гімназіі ў Мінску (1882— 1887) і нават быў ганаровым апекуном аднаго са страхавых тава-
рыстваў. Аляксандр Ельскі пастаянна цікавіўся грамадскімі праблемамі свайго часу, вёў настойлівую барацьбу супраць п’янства, супраць заганных з’яў у побыце і паводзінах людзей, парушэння маральных норм у жыцці наогул і ў сямейных узаемаадносінах.
Але больш за ўсё прываблівае А. Ельскага гісторыя і культура роднай Беларусі. Ужо з першых гадоў гаспадарання ў Замосці ён загараецца ідэяй стварыць у сваім маёнтку музей старажытнасцяў, найперш беларускіх. Збіраючы для яго матэрыялы, Аляксандр Ельскі вядзе шырокую перапіску з дзеячамі навукі і культуры Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы і іншых замежных краін. Як гэта рабілася, даюць пэўнае ўяўленне яго пісьмы да розных асоб. У так званым Архіве сталічнага горада Варшавы, у «Зборы Каратынскіх», збярогся, напрыклад, ліст да Вінцэся Каратынскага ад 18 ліпеня 1884 года, дзе чытаем: «Я збіраю ўсе творы нашай літаратуры, напісаныя на беларускай гаворцы, а ў сувязі з тым, што не маю прыгожага верша Вашага з года 1858 у гонар Аляксандра II... перадайце яго мне, за што застануся Вам удзячны назаўсёды...» А вось радкі з пісьма да польскага этнографа і фалькларыста Яна Карловіча, родам з Віленшчыны: «Шаноўны мой зямляча! Пасылаю Вам прывітанне, прашу ласкава прыслаць мне кнігу пана Ул. Вярыгі з Вашай прадмовай “Беларускія паданні”, якая толькі што выйшла ў Львове. Я рупліва збіраю ўсё, што датычыць беларускай літаратуры, і хацеў бы мець названую кніжку, якую цяжка дастаць у краі...»