Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Хай не сарваў зорак з неба Антоні Эдвард Адынец, усё ж яго творчасць даволі цікавы факт няпростай гісторыі нашай літаратуры, якая пісалася ў XIX стагоддзі ў асноўным на польскай мове. А без гэтых фактаў ніяк нельга ўявіць жывы літаратурны працэс на Беларусі таго часу, вытокі беларускага нацыянальнага адраджэння.

ПАПЯРЭДНІКІIПАСЛЯДОЎНІКІ
ФРАНЦІШАК КАРПІНСКІ
Хаця паэт-сентыменталіст Францішак Карпінскі (1741—1825) быў родам з Галіцыі, свой лёс ён звязаў з беларускай зямлёй. У 1880-я гады паэт асеў у мястэчку Заблудава Гродзенскай губерні (цяпер Беластоцкі павет, Польшча) у доме беларускіх магнатаў Радзівілаў, дзе служыў гувернёрам княжацкіх дзяцей. Потым цягам многіх дзясяткаў гадоў арандаваў панскія фальваркі на Гродзеншчыне і Пружаншчыне. На ўлонне прыроды, у вясковую ціш ён уцёк з Варшавы, дзе меркаваў спачатку пасяліцца і жыць. Матывы ўцёкаў Ф. Карпінскі раскрыў у вершы «Вяртанне з Варшавы на вёску», што меў шырокі на той час розгалас. У гэтым вершы ён выказаў і свае жыццёвыя прынцыпы:
Мне бацька наказ даў такі перад сконам: «Дзе б, сын, ты не быў, пад якім бы законам, Знай: праўда за скарб даражэй, за дукаты, Ты бедны, ды з праўдаю будзем багаты». Я помніў наказ, бацька, твой сярод тлуму, Казаў і пісаў толькі так я, як думаў.
У вёсцы Краснік Ф. Карпінскаму выдзелілі зямлю ў арэнду тэрмінам на 50 гадоў. У кнізе «Успаміны» паэт цікава расказвае, як ён сваімі рукамі карчаваў разам з наёмнымі сялянамі лясны пацяроб, як будаваў дом і абжываўся. У час вайны 1812 года «калонію» Ф. Карпінскага Краснік, якую людзі назвалі Карпін, казакі разрабавалі і спалілі. Пакуль узнаўляўся Краснік-Карпін, паэт жыў у суседняй Мураве. У 1819 годзе ён набыў ва ўласнасць вёску Хораўшчына (цяперашні Свіслацкі раён), дзе жыў да канца сваіх
дзён. Пахаваны непадалёк, у Лыскаве, на Пружаншчыне. У памяці беларускага люду Ф. Карпінскі пакінуў добры след. Ён быў апекуном адкрытай у 1805 годзе славутай Свіслацкай гімназіі, якой ахвяраваў частку кніг са сваёй бібліятэкі. У Хораўшчыне паэт адкрыў школку для сялянскіх дзяцей, сам вучыў іх грамаце. Па магчымасці памагаў бедным сялянам. Творчасць «апошняга паэта старой Польшчы» высока цаніў Адам Міцкевіч. У сваіх парыжскіх лекцыях ён даў такую характарыстыку паэту: «Карпінскі не ішоў ні за якімі ўзорамі, не прытрымліваўся ніякай сістэмы, ён спяваў шчыра, як спяваюць птушкі, лёгка і нязмушана. Ён не ўвасабляў у сваіх творах жыццё залатога веку, не ствараў фантастычных карцін у манеры ідылічных паэтаў старажытнасці ці сучасных французаў, ён паказваў нам з поўнай адкрытасцю сцэны і вобразы навакольнага вясковага жыцця».
Як заўважылі польскія літаратуразнаўцы, Ф. Карпінскі быў першым паэтам, чые творы «заблукалі пад сялянскія стрэхі». Адно са сведчанняў гэтагаэпілог Міцкевічавага «Пана Тадэвуша», дзе аўтар расказвае, як ён яшчэ ў юнацтве «чытаў не раз пад ліпай на траве песню пра Юстыну...» Ф. Карпінскага і як слухалі яе вяскоўцы.
У асобных творах Ф. Карпінскага адбілася жыццё беларускага селяніна. Паэттаксама творча выкарыстоўваў матывы беларускага фальклору. «3 беларускім фальклорам, як зазначае ў навукова-літаратурным альманаху “XIX стагоддзе” Мікола Хаўстовіч (кн. I, с. 141), звязаны і адзін з апошніх твораў Ф. Карпінскага “Падарожжа па зачараваным краі”... Гэта і мост, па якім ідуць на той свет, і закамянелыя героі, і соннае каралеўства ды іншае. Праўда, паэт выкарыстоўваў фальклор з пэўнымі мэтамі: ён прагнуў паказаць, як аднабаковы погляд на свет можа прывесці да памылковага разумення рэальных з’яў і прадметаў рэчаіснасці».
Ф. Карпінскі працаваў у літаратуры на мяжы двух стагоддзяў XVIII і XIX, сваёй паэзіяй, і не толькі паэзіяй, ён нібы перакідаў мост ад адной эпохі да другой. У яго творчасці, вельмі тыповай для сентыменталізму, можна заўважыць разам з тым і зародак новага літаратурнага напрамку, што ярка расквітнеў на беларускай зямлі у першай палове XIX стагоддзя, рамантызму.
ЮЛЬЯН УРСЫН НЯМЦЭВІЧ
Імя гэтага пісьменніка, гісторыка і грамадскага дзеяча было надзвычай папулярным у канцы XVIII першай палове XIX стагоддзя ва ўсёй Рэчы Паспалітай і асабліва на яго радзіме Беларусі.
Нарадзіўся Юльян Урсын Нямцэвіч у 1758 годзе ў вёсцы Скокі паблізу Брэста ў шляхецкай сям’і. У вясковым зацішшы, у самых цесных стасунках з беларускім сялянствам прайшло яго маленства. Сюды, на парог бацькоўскага дома, заўсёды цягнула яго з блізкіх і далёкіх дарог.
Вучыўся Юльян спачатку ў Брэсцкай калегіі, а ў 1770 годзе бацькі адправілі яго ў Варшаву, у «рыцарскую школу», як называлі Варшаўскі кадэцкі корпус, дзе ён выхоўваўся цэлых сем гадоў. Вядомы прыхільнік літаратуры і мецэнат Чартарыйскі, які ўзначальваў школу, адразу заўважыў выдатныя літаратурныя здольнасці Юльяна Нямцэвіча. Калі юнак закончыў вучобу, узяў яго да сябе ад’ютантам, усяляк заахвочваючы да літаратурнага занятку. Разам са сваім патронам Нямцэвіч шмат падарожнічаў па Еўропе, наведаў Францыю, Італію, Англію, Германію, Аўстрыю і іншыя краіны.
У 1785 годзе Ю.-У. Нямцэвіча выбіраюць дэпутатам гістарычнага Чатырохгадовага сейма, дзе асабліва ярка праявіліся яго дэмакратычныя перакананні. На пасяджэннях сейма вельмі часта гучалі палкія прамовы дэпутата Нямцэвіча ў абарону запрыгоненага селяніна, супраць хцівасці, эгаізму і прадажнасці магнатаў, якія дзеля ўласнай карысці і пыхлівасці гатовы былі аддаць чужынцам сваю краіну. Нямцэвіч быў адным з самых актыўных
дзеячаў Патрыятычнай партыі, супрацоўнічаў з яе друкаваным органам «Нацыянальнай газетай». Ён з’яўляўся суаўтарам найбольш дэмакратычнай на той час Канстытуцыі 3 мая 1791 года.
Актыўна змагаўся Нямцэвіч супраць разбойніцкіх падзелаў Рэчы Паспалітай манархічнымі рэжымамі Аўстрыі, Прусіі і Расіі. У гэтым змаганні ён збліжаецца са сваім земляком, праслаўленым у вайне за незалежнасць ЗША брыгадным генералам Тадэвушам Касцюшкам, які якраз вярнуўся з-за акіяна на радзіму. Разам з Касцюшкам Нямцэвіч распрацоўвае планы паўстання за вызваленне радзімы, рыхтуе зварот да народа. Калі ў 1794 годзе пачалося паўстанне, Ю.-У. Нямцэвіч становіцца бліжэйшым памочнікам Тадэвуша Касцюшкі, яго ад’ютантам. 10 верасня 1794 ro­fla адбылася вырашальная бітва паўстанцаў з расійскім войскам пад Мацеёвічамі, дзе Нямцэвіч і Касцюшка былі паранены і трапілі ў рускі палон. Кацярына II загадала даставіць іх у Пецярбург. Абодва яны былі кінуты ў змрочныя камеры Петрапаўлаўскай крэпасці і прабылі там да 1796 года. Пасля смерці царыцы на рускі трон сеў Павел I, які і адпусціў іх.
Разам з Касцюшкам Нямцэвіч едзе ў ЗША. Там ён пражыў некалькі гадоў, ажаніўся з удавой Касцюшкавага сябра. У Амерыцы наш зямляк пазнаёміўся і шчыра пасябраваў з выдатнымі дзяржаўнымі дзеячамі ЗША Томасам Джэферсанам і Джорджам Вашынгтонам, якія імпанавалі яму сваімі перадавымі дэмакратычнымі поглядамі.
Атрымаўшы вестку пра смерць бацькі, Нямцэвіч выехаў з Амерыкі дамоў, у Беларусь, дзе на яго імя былі перапісаны бацькоўскія маёнткі. Уладкаваўшы ўсе фінансавыя справы, у сакавіку 1804 года ён зноў накіроўваецца ў Амерыку. Але праз тры гады назаўсёды пакідае чужы мацярык і вяртаецца на радзіму, дзе цалкам аддаецца літаратурнай творчасці. He цураецца Нямцэвіч і грамадскай працы. У 1827 годзе яго выбіраюць старшынёй Варшаўскага таварыства сяброў навук. У час паўстання 1830-1831 гадоў Нямцэвіч уваходзіць у склад Часовага ўрада паўстанцаў. Пасля разгрому паўстання немалады ўжо пісьменнік мусіў пакінуць радзіму. Жыве ў Францыі, дзе сустракаецца з Адамам Міцксвічам і іншымі суайчыннікамі. Памёр 21 мая 1841 года ў Парыжы.
У літаратуры Ю.-У. Нямцэвіч праславіўся як аўтар палітычнай камедыі «Вяртанне пасла» (1790), дзе ён выказваўся за сацыяльныя рэформы, за вызваленне сялян ад прыгону; зборнікаў прозы «Літоўскія пісьмы» (1812), у якіх знайшло адлюстраванне жыццё на Беларусі ў той час; «Гістарычных песень» (1816), дзе ў паэтычнай форме расказваецца пра славутых людзей Рэчы Паспалітай; аповесцяў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825), паэтычных твораў. Сучаснае яму жыццё Беларусі, яе гісторыя, мінулае асобных гарадоў адбіліся ў дарожных нарысах і гістарычных эсэ Нямцэвіча «Успаміны маіх часоў» (1848), «Гістарычныя падарожжы на польскіх землях у 1811-1828 гадах» (1858). Пісьменнік выдаў таксама шасцітомавы «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу». Свабодалюбівую творчасць Нямцэвіча, асабліва яго «Гістарычныя песні», высока цаніў дзекабрыст К. Рылееў, якраз пад іх уздзеяннем ствараў ён свае «Думы».
Творчасць Юльяна Нямцэвіча мела немалое значэнне для развіцця рэгіянальнай літаратуры на землях былога Вялікага Княства Літоўскага, і ў першую чаргу на Беларусі. Адлюстроўваючы ў асобных творах жыццё і гісторыю роднага краю, выказваючы «лакальныя» патрыятычныя пачуцці, пісьменнік вучыў наступныя пакаленні землякоў-літаратараў, і перш за ўсё рамантыкаў на чале з Адамам Міцкевічам, па-сыноўняму шанаваць родную зямлю, перададзеную ў спадчыну продкамі, любіць і паважаць свой народ.

МІХАЛ КЛЕАФАС АГІНСКІ
Беларускі кампазітар, літаратар і грамадскі дзеяч Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833) паходзіў са славутага «літвінскага» роду Агінскіх, якія сваю генеалогію выводзілі ад Рурыкаў. Іх роданачальнікам быў смаленскі князь Іван Васільевіч Глушонак. У XV стагоддзі яго сын Дзмітрый атрымаў ад вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягелончыка каля Коўні маёнтак Агінты, што і даў назву роду.
У сваіх «Мемуарах» Міхал Клеафас Агінскі адзначаў: «Паходзячы з літвінскага роду, я нарадзіўся ў Польшчы, у вёсцы маіх бацькоў, у сямі мілях ад Варшавы». Пачатковую адукацыю будучы кампазітар атрымаў дома. Для ўдасканалення музычных навыкаў бацькі аддалі сына ў сям’ю яго дзядзькі, гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага ў горад Слонім. Настаўнікам музыкі ў яго быў вядомы кампазітар Восіп Казлоўскі, аўтар славутага паланэза «Гром перамогі, гучы».
У 1794 годзе М.-К. Агінскі прыняў дзейсны ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі супраць падзелу Рэчы Паспалітай. Ён сабраў у Вільні вайсковы аддзел і з баямі прабіваўся ў Мінскую губерню, каб і там падняць паўстанне. У сутычках з царскім войскам ледзь не загінуў.
Пасля задушэння паўстання знаходзіўся ў эміграцыі. У 1802 годзе вярнуўся на Радзіму. Жыў ва ўласным маёнтку Залессе недалёка ад Смаргоні. Супрацоўнічаў з царскімі ўладамі.