Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Ігнат Дамэйка вельмі ўзрадаваўся лісту сябра. «Я ажыў, пісаў ён потым у сваіх нататках. Ажылі і мае дзіцячыя мары пра далёкія вандраванні. Нядоўга думаючы, я напісаў, што згодны».
Што ж да Адама Міцкевіча, то хоць ён і знайшоў гэтае месца для сябра. сам быў вельмі засмучаны расстаннем з ім. «Я ў смутку, пісаў ён Г. Кайсевічу 29 студзеня 1838 года, бо трачу Дамэйку, старога і праверанага сябра. Бог ведае, калі яго яшчэ ўбачу».
Міцкевічава трывога была не дарэмная: сябрам ужо ніколі не давялося сустрэцца. Хвалюючым было і само развітанне Дамэйкі ў доме Міцкевічаў, куды ён завітаў перад ад’ездам. Маленькая Адамава дачка Марыня, як заўсёды, папрасілася Дамэйку
на рукі яна не ведала, што добры «Дамака» сёння гушкае яе апошні раз.
I вось перад вачыма бясконцая марская пространь. Магутныя пеністыя хвалі, нібы тую шчэпку, падхапілі і пачалі гайдаць не такі ўжо і надзейны акіянскі брыг «Спэй», што выйшаў 9 лютага 1838 года з Лондана і ўзяў курс на Канарскія астравы, каб скіраваць потым праз Атлантычны акіян да берагоў Паўднёвай Амерыкі. Згодна з пагадненнем, Ігнат Дамэйка павінен быў папрацаваць у Чылі не меней чым пяць гадоў.
Праз два месяцы нясцерпнай гойданкі на акіянскіх хвалях і яшчэ больш працяглага падарожжа праз горы ды цясніны Паўднёвай Амерыкі Ігнат Дамэйка 3 чэрвеня таго ж года якраз на Сёмуху нарэшце быў на месцы свайго прызначэння, у невялікім прыморскім горадзе Какімба, асяродку горнай прамысловасці Чылі.
Сваё ўражанне аб далёкай краіне апісаў Ігнат Дамэйка ў кнізе «Мае падарожжы»: «Мусіць, няма краю, які быў бы такі не падобны на наш, як гэты край, дзе мне давялося асталявацца пасля вайны, парыжскага шуму і далёкага падарожжа. Відаць толькі скалы, пустыні і мора. Hi лясоў, ні шырокіх палёў, дзе зелянее збажына, ні такіх, як у нас, лугоў, ні вёсак. Увесь гарызонт заслонены з усходу Кардыльерамі, вострымі грабянямі гор, колер якіх увесь час ад усходу да заходу сонца мяняецца. Часцей за ўсё ён палавы, шаравы, калі-нікалі агняна-чырвоны, што пераходзіць у залацісты і пурпуровы. Прыгожа адбіваюцца на блакітным фоне адвечныя горныя льды. На захадзе ж шырока раскінулася бясконцае мора, звычайна пацягнутае раніцай лёгкаю смугою, пеністае пры беразе, вечарам жа асветлена фасфарычнымі хвалямі...»
Чылійскія ўлады запрасілі Дамэйку недарэмна. Пасля вызвалення Чылі ад каланіяльнай залежнасці ад Іспаніі і ўстанаўлення тут рэспубліканскага ладу адкрыўся шырокі прастор для развіцця гаспадаркі краіны. Неабходна было выкарыстаць багатыя, але пакуль яшчэ не асвоеныя прыродныя рэсурсы. Тут патрэбны былі спецыялісты. Задача вучонага-мінералога, горнага інжынера Ігната Дамэйкі была такая падрыхтаваць спецыялістаў
па вывучэнні і выкарыстанні прыродных багаццяў Чылі, стварыць адпаведную навуковую базу. Сваю задачу Ігнат Дамэйка выканаў належным чынам. Ён адкрыў школу па падрыхтоўцы патрэбных спецыялістаў, арганізаваў лабараторыю, дзе рабіліся хімічныя аналізы руд. Пачынаць на новым месцы было нялёгка. Да таго ж, на пачатку стварала цяжкасці няведанне іспанскай мовы. Але настойлівасць і працавітасць дапамаглі пераадолець усе перашкоды. За тры месяцы I. Дамэйка авалодаў іспанскай мовай і мог свабодна весці курс лекцый у сваёй школе.
У час канікул няўрымслівы Жэгота наладжвае працяглыя экспедыцыі па вывучэнні Чылі, ён цярпліва пераадольвае напаленыя сонцам пяскі пустыняў, прадзіраецца праз непраходныя зараснікі нечапаных пушчаў, пераплывае на шчуплых мясцовых чоўнах бурныя горныя рэкі, месіць густую багну забалочаных нізін, карабкаецца па гарах, імкнучыся дайсці да самых непрыступных вяршынь, куды нават не ступала нага карэннага чылійца. Вось як сам Дамэйка ў лісце Міцкевічу ад 20 красавіка 1840 года апісвае свае падарожжы: «Мой дарагі Адаме! Праз два дні пасля таго, як я паслаў табе ліст (дня 27 студзеня), я быў ужо ў пустыні. У вялікім, з гваюкільскай саломы капелюшы, у белым з чырвонымі палосамі плашчы (понча), з вострымі шпорамі прабіраюся я на поўнач акіянскім узбярэжжам, адводзячы вочы ад гарачага пяску то ў бок блакітнага мора, то на шаравыя, з тысячай зменлівых адценняў Кардыльеры. За мной едзе ў пунсовым плашчы мой слуга (мосо) з мядзяным тварам, паганяючы наўючаную муліцу і двух для падмены коней».
У сваіх падарожжах па Чылі Ігнат Дамэйка цікавіцца не толькі карыснымі выкапнямі ды мінераламі гэтай горнай краіны, яе прыроднымі багаццямі, але і жыццём насельнікаў, побытам рабочых на капальнях і асабліва карэнным насельніцтвам Паўднёвай Амерыкі індзейцамі, іх традыцыйнай культурай.
У снежні 1844 года беларускі выгнаннік наладжвае заманлівае для яго падарожжа на поўдзень Чылі у краіну свабодалюбівых індзейцаў-араўканцаў, якія трыста гадоў адстойвалі сваю незалежнасць, мужна змагаючыся з іспанскімі канкістадорамі. Вывучае іх гісторыю, побыт і ўсё занатоўвае на паперы.
Незаўважна прыйшоў час, калі заканчваўся тэрмін працы Ігната Дамэйкі ў Какімба. Вучоны мог цяпер спакойна варочацца дадому. Але ж дарога на радзіму ўсё яшчэ была перакрыта: тамашнія ўлады не надта чакалі змоўшчыка-філамата і паўстанца. Да таго ж, у час падарожжа ў Араўканію згарэла з такой цяжкасцю створаная ім лабараторыя і дом з багатай калекцыяй мінералаў. Трэба было аднаўляць страчанае, а таксама даследаваць сабраныя ў апошніх падарожжах мінералы і іншыя матэрыялы. I Ігнат Дамэйка яшчэ на нейкі час мусіў застацца за акіянам.
У 1846 годзе вучоны ўжо цвёрда наважыў вярнуцца ў Еўропу, бліжэй да радзімы. Але чылійскія ўлады прасілі папрацаваць яшчэ на карысць маладой рэспублікі. Дамэйка ізноў адклаў свой ад’езд. Тым болып што яго перавялі ў сталіцу краіны Сант’яга, дзе прапанавалі пасаду прафесара хіміі і мінералогіі нядаўна адкрытага тут універсітэта. Праз нейкі час Дамэйка ўжо ўзначаліў кафедру хіміі, стаў членам універсітэцкай рады. Вучоны ізноў па вушы ўлазіць у педагагічную і навуковую працу. Захоплены ёю, Дамэйка не абмяжоўваецца кабінетнымі сценамі, яго ўвесь час цягне ў горы вывучаць прыроду Чылі. Вось пачуў ён пра вывяржэнне ў Андах вулкана, і адразу кідае ўсё, наладжвае туды экспедыцыю гэта ж столькі там цікавага для геолага! «Я першы з смертных, расказвае ён у лісце сябрам, вывучыў новы вулкан на Кэро Азуль. Цэлымі днямі хадзіў я па агромністай сальфатары, дыхаючы дымам ад згарання серы і скачучы з каменя на камень, як алень. Ніякая рака, ні ручай не маглі затрымаць мяне ў вандроўцы, а ад майго малатка ўсе трыццаць дзён разлягаліся горы».
Але як бы ні захапляла Ігната Дамэйку праца, ён ні на хвіліну не пакідаў думаць пра вяртанне на радзіму. У Какімба была добрая магчымасць ажаніцца, займець, як усе людзі, сям’ю. Ды выгнаннік ведаў, што жаніцьба магла б стаць непераадольнай перашкодай для вяртання, і ён адмовіўся ад свайго намеру. I ўсё ж жыццё мацнейшае за чалавечыя планы. Усе карты змяшала Ігнату Дамэйку чароўная маладая паненка Энрыкета дэ Сатамаер, якая прычаравала прафесара. I вось саракашасцігадовы Жэгота 7 ліпеня 1850 года бярэ шлюб з пятнаццацігадовай чылійкай.
К гэтаму часу ў Дамэйкі быў раскошны дом з садам на ўскраіне Сант’яга. Гадаванец Медзвядкі, віленскі філамат і запольскі гаспадар цяпер з каранямі пачаў урастаць у паўднёваамерыканскую зямлю.
Яшчэ раней сябры папракалі Ігната Дамэйку за тое, што ён быццам пачаў забывацца пра родны край, рабіцца чужаком. На гэта беларускі выгнаннік даваў такі адказ: «Вядома ж, перарадзіцца я ніколі не здолею і спадзяюся на Бога, што я ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах усё роўна памру літвінам...»
Ігнат Дамэйка і цяпер, калі ўжо моцна звязаўся з чылійскай зямлёй, калі прыняў чылійскае грамадзянства, калі адно за адным пайшлі ў сям’і дзеці, не пакідае надзеі вярнуцца на радзіму. Вось словы з ліста да Адама Міцкевіча ад 12 студзеня 1854 года: «Калі б была магчымасць вярнуцца і паслужыць яшчэ, хоць на старасці год, свайму краю, то не ўседзеў бы, не ўседзеў бы тут, хоць я даўно ўжо стаў грамадзянінам гэтай краіны, уладальнікам маёнтка і бацькам...»
Чорным для Ігната Дамэйкі і сям’і стаў снежань 1870 года: нечакана памерла жонка. На руках у яго засталося трое дзяцей: пятнаццацігадовая дачка Аніта і два меншыя хлопцы Гернан і Казімір. He паспеў Дамэйка як след ачуняць ад смерці жонкі, як новая цяжкая вестка выбіла яго з каляіны: памёр дома родны брат Казімір. «Калі прачытаў, што яго ўжо няма, то ў мяне як бы што абарвалася ў сэрцы, скардзіцца ён Лясковічу ў лісце ад 22 верасня 1872 года. Па хвіліне ўспомнілася мне, калі былі мы дзецьмі. Два мае браты, больш жывога характару, не любілі сядзець дома, рыхтаваліся да вандраванняў па свеце, да далёкіх гарадоў, марылі пра прыгодніцкае жыццё, а з мяне смяяліся, што я ні аб чым іншым не думаю, як толькі пра гаспадарку, пра дом і суседзяў, і называлі мяне запечнікам. I вось яны спакойна памерлі дома, можа, на тым самым ложку, што і бацька, а дзе я складу свае косці, аднаму Богу вядома».
Шмат было перажыванняў тады ў Дамэйкі. Ды раптам у змрочных хмарах няшчасцяў бліснуў і прамень святла. 3 далёкай радзімы прынеслі яму ліст ад пляменніка Казіміравага сына Леана, які вярнуўся з Сібіры, дзе адбываў пакаранне за ўдзел
у паўстанні 1863 года. У сваім лісце сын дарагога брата выказаў намер прыехаць да яго, пакінутага ўсімі Ігната Дамэйкі, сюды, у Чылі, пагасціць. Гэтую нечаканую сустрэчу з першым пасля многіх гадоў адзіноты родным чалавекам, якога, праўда, і ў вочы не бачыў, Дамэйка чакаў з радасцю і нецярплівасцю. Сустрэча з пляменнікам не толькі дала палёгку душы выгнанніка, але і спрычынілася да новых змен у жыцці Дамэйкавай сям’і. Леан, які прабыў у гасцях каля месяца, з усім сваім маладым запалам закахаўся ў гожую дзядзькаву дачку Аніту. Аніта таксама ўпадабала хлопца. Пачалася гаворка пра шлюб. Як ні шкада было Дамэйку, але мусіў ён аддаць дачку замуж за пляменніка, які спецыяльна прыехаў яшчэ раз па яе і звёз туды, на радзіму, у «Літву», у тую самую Жыбуртоўшчыну, дзе некалі прайшло маленства яе выгнанніка бацькі.
Услед за дачкой ізноў пачаў парывацца туды і сам Дамэйка: цяпер жа, здаецца, сам Бог клікаў яго на радзіму. Аднак ён апынуўся ўжо ў становішчы чалавека, які заграз у дрыгве: толькі здолеў выцягнуць з багны адну нагу, як яшчэ болей загразла другая. Другой «нагой» для Дамэйкі была яго заглыбленасць у працу. На карысць новай для яго радзімы, з якой зрадніўся душой, вучоны аддаваў усе свае здольнасці. Кідаць усё азначала зноў адрываць нешта дарагое ад сэрца.