Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Нягледзячы на прыбліжанасць да царскай канцылярыі, на добрае стаўленне да яго царскага саноўніка Спяранскага, Франці-
шак Малеўскі не надта карыстаўся высокімі «ласкамі», ён быў заўсёды верны ідэалам сваёй філамацкай маладосці. Калі за заслугі ў складанні збору законаў свайго краю і, пэўна ж, за высокую адукаванасць яму вырашылі надаць ганаровую годнасць сенатара, ён горда адмовіўся ад гэтага.
Чалавек высокай культуры і перадавых ідэй, філамат-выгнаннік Францішак Малеўскі, трапіўшы ў самы асяродак культурнага жыцця Расіі, вельмі хутка зблізіўся з прагрэсіўнымі коламі рускай інтэлігенцыі, са славутымі літаратарамі, заваяваў сярод іх усеагульную сімпатыю.
Ужо ў самыя першыя дні выгнання, калі сябры-філаматы трапілі ў залітую нечуванай паводкай паўночную сталіцу, іх са шчырай спагадай і сардэчнасцю прынялі ў свае сяброўскія абдымкі прадстаўнікі перадавой рускай інтэлігенцыі, і перш за ўсё дзекабрысты Аляксандр Бястужаў і Кандрацій Рылееў, якія ўслед за Міцкевічам называлі «сябрам», «выдатным хлопцам» і Францішка Малеўскага.
Бываючы разам з Міцкевічам у літаратурных салонах Масквы і Пецярбурга, Малеўскі меў магчымасць блізка пазнаёміцца з усімі тымі рускімі славутасцямі, з якімі сышоўся і яго сябар. Прычым высокая адукаванасць і эрудыцыя Малеўскага, глыбокае веданне ім сусветнай літаратуры гэтак жа прыцягвалі да яго маскоўскіх і пецярбургскіх сяброў, як і да Міцкевіча.
Шчырыя сяброўскія стасункі звязвалі Малеўскага з Пушкіным. Засталося нямала сведчанняў іх сустрэч і сяброўства. Многія з іх адзначаны ў кнізе Л. А. Чарэўскага «Пушкнн н его окруженне» (Л., 1988, с. 248-249). Цікавыя звесткі пра сустрэчы з Пушкіным ёсць у дзённіку самога Малеўскага яны апублікаваны ў 58-м томе «Лптературного наследства» (с. 263-268). Дакладна, хоць і скупа расказала пра сустрэчы прадстаўнікоў рускай інтэлігенцыі ў доме Марыі Шыманоўскай яе дачка Гелена, якая потым стала жонкай Францішка Малеўскага. Вось адзін з яе запісаў: «Перад палуднем прыйші да нас п. Малеўскі, кн. Вяземскі і п. Пушкін. П. Пушкін прынёс альбом, у якім зрабіў запіс. Разам з гэтымі панамі мы паехалі на Васільеўскі востраў, дзе жыве мастак Ваньковіч. Там мы глядзелі партрэты Міцкевіча
і Пушкіна, што прызначаліся для выстаўкі ў Варшаве. Абодва вельмі падобныя. Адтуль мы паехалі да мастака Арлоўскага...»
У студзені 1832 года адгулялі вяселле Францішка Малеўскага і Гелены Шыманоўскай. Яны сталі мужам і жонкай. Праз колькі часу малодшую сястру Гелены Цэліну ўзяў замуж Адам Міцкевіч, вяселле было ў Парыжы. Сябры-філаматы сталі такім чынам шваграмі. У Малеўскіх нарадзіліся дзеці: Адам, Марыя (яна пазней стала жонкай Міцкевічавага сына Уладзіслава), Юзаф і Ян. Ці не ў гонар сваіх сяброў-філаматаў даў Малеўскі ім такія імёны Міцкевіча, Яжоўскага, Чачота, а таксама Марыі Верашчакі?
Нягледзячы на тое што з 1829 года Міцкевіч і Малеўскі былі назаўсёды разлучаны, яны тым не менш да канца засталіся сябрамі. У цяжкія для Міцкевіча часы бяздомнага эмігранцкага жыцця Малеўскі пасылаў яму грошы, памагаў чым толькі мог. Амаль адзіным сродкам зносін паміж сябрамі была пошта. Іх багатай перапіскай, здаецца, у нас яшчэ ніхто не цікавіўся.
Памёр Францішак Малеўскі 10 красавіка 1870 года ў Пецярбургу.
Пра літаратурную творчасць Францішка Малеўскага мы няшмат можам сёння сказаць, бо яна нікім не даследавалася. Да таго ж ён і не прэтэндаваў на ролю літаратара. I ўсё ж, з ранняй маладосці выбраўшы сваёй прафесіяй правазнаўства, Малеўскі меў таксама літаратурныя здольнасці. Меў і зрэдчас праяўляў іх. Вядома выказванне пра яго рускага паэта князя Вяземскага. Калі Міцкевіч з Малеўскім ад’язджалі з Масквы ў Пецярбург, ён у рэкамендацыйным пісьме да Васілія Жукоўскага, просячы па-братэрску прыняць іх там, пісаў: «Рэкамендую табе Міцкевіча... Ён цудоўная паэзія, таварыш яго Малеўскі цудоўная проза...» Што меў на ўвазе Вяземскі, застаецца, па сутнасці, загадкай. Бо апрача нешматлікіх вядомых артыкулаў у перыёдыцы, турэмнага дзённіка, які вёў Малеўскі, калі яго арыштавалі ў 1823 годзе ў Берліне, і пазнейшых дзённікаў, нічога з яго празаічных твораў нам пакуль што не вядома. Зрэшты, не вядома таму, што Францішак Малеўскі звычайна ніколі не падпісваўся пад сваімі публікацыямі, хоць іх, як сведчаць сучаснікі, было
нямала. Друкаваўся ён спачатку ў віленскіх перыядычных выданнях, а потым у розных маскоўскіх і пецярбургскіх на польскай і на рускай мовах. Вось радкі з пісьма Францішка Малеўскага сваім сёстрам яшчэ з 1825 года: «Ці атрымлівае хтонебудзь у вас «Телеграф» («Московскнй телеграф». К. Ц.), рускі часопіс; там часам друкуюцца ананімна мае артыкулы і Адамавы».
У 1830 годзе Францішак Малеўскі з дапамогай сябра-філарэта Мікалая Маліноўскага пачаў выдаваць газету на польскай мове «Tygodnik Petersburski», прызначаную галоўным чынам чытачам Беларусі, Літвы і часткова Украіны. Тут сярод розных звестак з Расіі і ўсяго свету друкаваліся паведамленні з родных мясцін, гістарычныя, этнаграфічныя матэрыялы, літаратурныя творы пераважна з «заходніх губерняў». Ці не самымі актыўнымі аўтарамі былі раскіданыя па свеце сябры філаматы і філарэты, якіх аб’яднала газета. Сярод іх Юзаф Кавалеўскі, які расказваў пра свае падарожжы па Азіі, Алесь Ходзька (паведамленні з падарожжа ў Персію), член філарэцкага Блакітнага саюза Юльян Корсак і іншыя аўтары, многія з якіх друкаваліся ананімна. Шмат публікацый было ў газеце самога Францішка Малеўскага, толькі без подпісу.
Францішак Малеўскі, як і ўсе філаматы і філарэты, з вялікай пашанай ставіўся да фальклору, да мовы свайго беларускага народа, што таксама праявілася ў «Tygodniku Petersburskim». Гартаючы тыя вельмі нешматлікія нумары газеты, якія захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, я нечакана натрапіў на даволі цікавую ў гэтых адносінах публікацыю ў нумары 95 за 1835 год. Гэта агляд кнігі, якая выйшла ў той час на беларускай мове і называлася «Кароткі зборнік хрысціянскай навукі для сялян, якія размаўляюць на руска-польскай мове». Безыменны аўтар агляду гэтай кнігі, выказваючы сваё задавальненне з прычыны яе выхаду, зазначаў: «Першы раз здараецца нам бачыць кнігу, напісаную на гаворцы, на якой размаўляе просты народ у Літве і Беларусі. Гэта малавядомая частка роднай нашай мовы, якая распаўсюджана на шырокай прасторы зямлі і якая сведчыць пра рускае паходжанне яе жыхароў. Гаворку гэтую
правільней называць не польска-рускай, а беларускай...» Далей аўтар агляду змяшчае свой кароткі слоўнічак, дзе параўноўвае чатыры рады слоў: рускія, словы з «Літоўскага Статута», беларускія з жывой гаворкі, польскія. У канцы публікуецца «для цікаўных» адна рэлігійная беларуская песня з той кнігі: «О мой Божа! Веру табе...», у якой гучыць вельмі чыстая беларуская мова. Думаецца, аўтарам гэтага агляду беларускай кнігі быў не хто іншы, як сам Францішак Малеўскі: толькі ён як юрыст і збіральнік юрыдычных помнікаў Беларусі могтак добра ведаць «Статут Вялікага Княства Літоўскага», яго мову.
У час інтэнсіўнай працы па зборы і ўкладанні юрыдычных помнікаў свайго краю ў ведамстве М. М. Спяранскага Францішак Малеўскі не мог поўнасцю аддавацца тыднёвіку, таму ён перадаў газету свайму сябру Юзафу Пшэцлаўскаму. Але як аўтар ён і далей выступаў на яе старонках, зноў-такі ананімна.
Паколькі асноўныя творы Францішка Малеўскага не выяўлены не «расшыфраваны» яго публікацыі і не вывучаны архіў (а ў ім можа быць шмат цікавага), то пра ягоныя літаратурныя магчымасці, стыль і спосаб мыслення могуць даць хоць нейкае ўяўленне старонкі «Турэмнага дзённіка», апублікаванага ў зборніку ўспамінаў і матэрыялаў «3 філарэцкага свету», які выдаў у 1924 годзе на польскай мове ў Варшаве Генрык Масціцкі, а таксама вытрымкі з «Геаграфічнага апісання».

ЮЗАФ КАВАЛЕЎСКІ
У Беларускай Савецкай Энцыклапедыі пра Юзафа (там Восіпа Міхайлавіча) Кавалеўскага паведамляецца як пра «рускага вучонага», «заснавальніка манголазнаўства ў Расіі». I ні слова пра яго беларускасць. Хіба толькі месца нараджэння пазначана беларускае Гродна, ды зноў жа прыблізнае, няправільнае, бо нарадзіўся ён не ў самім горадзе, а ў Гродзенскай губерні, у Вялікай Бераставіцы (28 снежня 1800, паводле новага стылю 9 студзеня 1801 г.). Што ж, нічога тут дзіўнага няма пра сваіх славутых людзей мы звычайна даведваемся ад суседзяў, перапісваючы звесткі пра іх то з рускіх, то з польскіх кніг, часта вельмі недакладныя, тэндэнцыйныя. Таму, хто ведае біяграфію Кавалеўскага, дзіўнавата ўсё ж чытаць у энцыклапедыях «рускі вучоны»: беларускі шляхціц, студэнт-філамат, які вельмі актыўна выступаў супраць «маскалёў», заваёўнікаў яго зямлі, сам, выходзіць, стаў «маскалём». «Укачалн», як кажа руская прымаўка, сіўку-бурку. Хоць, мусіць, не зусім.
Паходзіў Юзаф Кавалеўскі з незаможнай сям’і. Бацька яго Міхал Кавалеўскі быў уніяцкім ксяндзом, што таксама, відаць, нешта кажа пра яго беларускія повязі.
Вучыўся Юзаф у Свіслацкай гімназіі, той самай, праз горан якой прайшлі нямала славутых людзей Беларусі. Пасля яе сканчэння ён паступіў у 1817 годзе на факультэт літаратуры і вызваленых навук Віленскага ўніверсітэта. Там ён захапіўся класічнай філалогіяй, шчыра ўзяўся за вывучэнне антычнай літаратуры.
Ва ўніверсітэце Юзаф Кавалеўскі адразу трапіў у кола найбольш таленавітых і актыўных студэнтаў, пасябраваў з Адамам
Міцкевічам, Тамашам Занам, Янам Чачотам, Францішкам Малеўскім і іншымі цікавымі маладымі людзьмі, якія і прынялі яго ў арганізаванае імі Таварыства філаматаў. У адрозненне ад старэйшага за яго Юзафа Яжоўскага сябры назвалі Кавалеўскага «маладым (ці малым) Юзафам». Гэта ён, Кавалеўскі, пад імем Юзаф стаў потым адным з герояў Міцкевічавых «Дзядоў».
Скончыўшы ў 1820 годзе ўніверсітэт са ступенню кандыдата філасофіі, ён пачаў выкладаць лацінскую і польскую мовы ў Віленскай гімназіі. Адначасова працягваў сваю даследчыцкую працу ў галіне старажытнай літаратуры.
Як і ўсе іншыя філаматы, ён і пасля сканчэння вучобы ва ўніверсітэце не парываў са сваім згуртаваннем, браў актыўны ўдзел у дзейнасці Таварыства.
3 узнікненнем у 1820 годзе Таварыства філарэтаў Юзаф Кавалеўскі адразу запісаўся ў гэту арганізацію, стаў членам і адным з кіраўнікоў яе Блакітнага (літаратурнага) саюза.