Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Адным з галоўных клопатаў Юзафа Кавалеўскага, як, зрэшты, і ўсіх філаматаў, была асвета народа, дабро роднай «Літвы». На навуковых пасяджэннях Таварыства ён актыўна выступаў за арганізацыю вывучэння стану асветы, за пошукі сродкаў для таго, каб даць магчымасць набыць хоць бы пачатковую адукацыю дзецям бедных бацькоў.
Шмат энергіі аддаваў Юзаф Кавалеўскі стварэнню перыядычнага выдання, пра якое марылі філаматы. Удзельнічаючы ў філамацкай дыскусіі пра характар гэтага выдання, Кавалеўскі даводзіў, што адной з галоўных задач часопіса зноў жа «павінна быць павышэнне ўзроўню асветы ў грамадстве», а гэта б прычынілася да «выхавання любові да айчыны».
Калі было выкрыта Таварыства філарэтаў, Юзафа Кавалеўскага арыштоўваюць разам з сябрамі і саджаюць за турэмныя краты. У час доўгага следства ён адбываў зняволенне разам з Адамам Міцкевічам і іншымі сябрамі ў базыльянскім кляштары.
Згодна з царскім прысудам Юзафа Кавалеўскага, а таксама паэтаў-філарэтаў Фелікса Кулакоўскага (яшчэ аднаго з герояў Міцкевічавых «Дзядоў») і Яна Вернікоўскага як здатных філола-
гаў выслалі ў Казань, у тамтэйшы ўніверсітэт, каб яны вывучалі там усходнія мовы «на благо Росснн».
Даставілі гэтых «палітычных злачынцаў» у Казань 25 снежня 1824 года. Спачатку іх пасялілі ў інспектара студэнтаў Казанскага ўніверсітэта, якому даручана было ўладамі ажыццявіць «строжайшнй за ннмн надзор». Амаль год яны знаходзіліся на становішчы «казённакоштных» студэнтаў, таму не хапала грошай на самае неабходнае. Памагала маральная падтрымка сяброў, якія наладзілі з імі перапіску. Гэтакі ж выгнаннік Адам Міцкевіч, даведаўшыся пра іх бядоты, як мог суцяшаў у пісьмах сяброў, імкнуўся ім хоць чым-небудзь памагчы. «Што ж рабіць? пісаў ён Юзафу Кавалеўскаму ў снежні 1826 года з Масквы. He трэба падаць духам, і ты. мой Юзак, нягледзячы на тое, што ў апошнім пісьме было вельмі многа кіслага гумару, спадзяюся, ізноў падбадзёрыўся і, аддаўшыся на ласку Богу, цярпліва чакаеш новага наканавання. Хачу папярэдзіць цябе, каб ты не надта ўлягаў да працы, бо гэта можа адбіцца на здароўі; лепш, па-нашаму, гадзінку люлькай падыміць, над шахматамі пасядзець ці пагаманіць. Цікавяць мяне падрабязнасці пра твой татарскі слоўнік. Ці вядомы табе стары татарска-рускі слоўнік, здаецца, у Казані выдадзены, які я тут бачыў? Граматыку Сасі можаш трымаць, колькі табе трэба; хаця яна не мая, але я здолею апраўдацца перад яе гаспадаром. Можа, прышлю яшчэ які ўсходні падарунак...»
3 пісьма відаць, што Кавалеўскі дзяліўся з сябрамі ўсімі сваімі турботамі. У Казанскім універсітэце ён узяўся за вывучэнне ўсходніх моваў. За адзін год беларускі выгнаннік авалодаў татарскай мовай, на якой мог самастойна чытаць татарскія кнігі, літаратурныя помнікі. Ён пачаў таксама збіраць матэрыялы для яе слоўніка. Адначасова вывучаў Кавалеўскі арабскую і персідскую мовы. Цяжкасці былі ў тым, што не ставала падручнікаў, слоўнікаў, увогуле кніг на ўсіх гэтых мовах. Таму Кавалеўскі прасіў падмогі ў сяброў. Як відаць з прыведзеных радкоў пісьма, адзін з іх, Адам Міцкевіч, блізка да сэрца прыняў яго просьбу, прыслаў яму патрэбныя кнігі, сярод якіх асабліва прыдалася маладому арыенталісту «Граматыка арабскай мовы» французскага ўсходазнаўца Сільвестра дэ Сасі.
Але дапытлівы Юзаф Кавалеўскі не абмяжоўваўся вывучэннем усходніх моў. Яго зацікавіла таксама гісторыя ўсходніх народаў, іх паходжанне. Асабліва захапіўся беларус Кавалеўскі гісторыяй казанскіх татар, пачаў пісаць гісторыю Казанскага ханства. Збіраючы матэрыялы, ён наведаў разам з Феліксам Кулакоўскім Булгары, многія навакольныя вёскі і сёлы з татарскім насельніцтвам.
У 1826 годзе адбыліся падзеі, якія палепшылі становішча і агульную атмасферу ў Казанскім універсітэце: быў зняты з пасады куратара Казанскай навучальнай акругі царскі служака М. Л. Магніцкі, які душыў усё жывое ва ўніверсітэце, з падазронасцю ставіўся да ўсякіх творчых пачынанняў, тым больш з боку такіх «неблагонадежных», як Кавалеўскі і яго сябры. Цяпер куратарам стаў М. Н. Мусін-Пушкін, які садзейнічаў паляпшэнню навучальнага працэсу ва ўніверсітэце, пашырэнню тут арыенталістыкі. Ён з ахвотай падтрымаў важныя пачынанні і задумы славутага рускага матэматыка Мікалая Іванавіча Лабачэўскага, які з мая 1827 года стаў рэктарам Казанскага ўніверсітэта.
Пры Лабачэўскім Казанскі ўніверсітэт стаў адным з сусветных цэнтраў арыенталістыкі. Тут, акрамя іншых, была створана і мангольская кафедра. Але для нармальнай яе работы не ставала спецыялістаў-манголазнаўцаў, не было падручнікаў мангольскай мовы, адпаведных слоўнікаў. I ўзяць усяго гэтага не было дзе ніхто ў свеце па-сур’ёзнаму манголазнаўствам яшчэ не займаўся, калі не лічыць асобных аматараў. Трэба было пачынаць амаль з нуля.
На радзе ўніверсітэта Лабачэўскі прапанаваў паслаць для вывучэння мангольскай мовы ва Усходнюю Сібір, у Бурацію, насельніцтва якой размаўляла на адным з адгалінаванняў мангольскай мовы, лепшых знаўцаў усходніх моў. Жэрабя выпала на Кавалеўскага і студэнта-выпускніка Аляксандра Папова.
I вось 26 мая 1828 года пачалося цяжкое, поўнае нягод і разам з тым вельмі цікавых уражанняў падарожжа Кавалеўскага і Папова ў Азію, у далёкае Забайкалле. Падарожжа было разлічана на цэлыя чатыры гады. Перад ад’ездам Кавалеўскаму ўручылі ад імя куратара Казанскай навучальнай акругі Мусіна-
Пушкіна пісьмо (яго рыхтаваў Лабачэўскі), у якім выказвалася пажаданне на дарогу: «Я ўпэўнены, што Вы будзеце прыкладаць усе намаганні, каб апраўдаць выбар мой, шчыра зоймецеся набыццём патрэбных прафесару мангольскай мовы звестак. Урад чакае, што Вы будзеце добрым і падрыхтаваным выкладчыкам яе, але вучоная рада, звыш таго, жадае бачыць у Вашай асобе дакладнага і глыбокага даследчыка мала яшчэ вядомай мовы, гісторыі і старажытнасцяў манголаў». Ехалі пасланцы Казанскага ўніверсітэта праз Перм, Екацярынбург, Цюмень, Табольск, Барабінскі стэп, Калывань, Томск, Краснаярск. Дарога была нялёгкая. Сібірскія рэкі, што разліліся вясной, яшчэ не ўвайшлі ў свае берагі. Часта павозка гразла ў балоце. У дарозе Кавалеўскі, згодна з інструкцыяй, вёў дзённік назіранняў, пасылаў ва ўніверсітэт справаздачы пра здабытыя звесткі з галіны мовы, этнаграфіі, гісторыі, фальклору, сучаснага жыцця насельнікаў Сібіры.
Праз два месяцы падарожнікі прыехалі ў Іркуцк, на месца іх жыхарства, «базу». Пасяліўшыся ў Іркуцкай гімназіі, яны неадкладна ўзяліся за вывучэнне мангольскай мовы. Навучаннем займаўся выдатны яе знаўца, штатны перакладчык канцылярыі іркуцкага губернатара A. В. Ігумнаў, чалавек перадавых поглядаў.
Здольны мовазнаўца Юзаф Кавалеўскі праз лічаныя месяцы авалодаў асновамі мангольскай мовы, пачаў самастойна чытаць мангольскія рукапісы і летапісы, нават перакладаць іх. Сярод іншых матэрыялаў ён пераклаў на рускую мову мангольскія і бурацкія народныя казкі, паданні і песні з запісаў Ігумнава. Потым не без дапамогі Ігумнава і Папова ўзяўся за пераклад адной з мангольскіх версій народнага эпасу пра Гэсэр-хана. Гэта быў першы пераклад славутага твора на рускую мову.
Каб авалодаць жывой мангольскай мовай, Кавалеўскі з Паповым наладжвалі працяглыя экспедыцыі з Іркуцка ў Забайкалле, туды, дзе жылі манголамоўныя народы. У пачатку 1829 года яны пабывалі ў Манголіі, наведалі яе сталіцу горад Урге (пазнейшы Улан-Батар). Пасля месячнага вандравання па Манголіі выправіліся ў падарожжа па Бураціі. Наведалі Верхнеудзінск (Улан-Удэ). Адсюль скіравалі да Гусінага возера, пабывалі ў далінах
рэк Селянга і Цемнік, пазнаёміліся з жыццём так званых селянгскіх буратаў, сярод якіх жылі каля месяца. Тут яны пачулі і запісалі нямала цікавых народных песень, казак, паданняў. Далей падарожнікі падаліся ў бок Яблынавага хрыбта, да Нерчынскай акругі. Папоў у дарозе захварэў, і Кавалеўскі далей прабіраўся адзін. Усё лета ён правёў сярод буратаў Чыноя і Халока, а таксама з ляснымі і стэпавымі эвенкамі (тунгусамі). Дзённікавыя запісы і справаздачы Кавалеўскага з гэтых мясцін былі скупыя, лаканічныя, але дакладныя: «За Яблынавым хрыбтом зямля пакатая да ўсходу. 3 поўначы, схаваная за доўгім ланцугом гор, яна на дзіва ўрадлівая. Паветра цудоўнае. Тут надзвычай багатыя травы, якія кормяць вялізныя чароды жывёлы; тут ёсць дубровы, яблыні, арэхі, у рэках ракі, у далінах і ў гарах сустракаюцца такія расліны, якіх дарэмна будзеш шукаць на ўсёй прасторы ад Урала да Каменнага пояса. Словам, гэтая краіна зусім не падобная на нашу».
Да глыбокай восені падарожнічаў Кавалеўскі па гарах і далінах Забайкалля. Адсюль ён ізноў вяртаўся на сваю «базу» у Іркуцк, дзе правёў зіму 1829-1830 гадоў. апрацоўваючы сабраныя ім багатыя матэрыялы, пасылаючы свае нататкі ў «Казанскнй вестннк», у «Tygodnik Petersburski» і іншыя выданні, якія з ахвотаю публікавалі цікавыя паведамленні з далёкага Забайкалля, пра побыт, звычаі, рэлігію, фальклор буратаў, пра незвычайную прыроду краю.
У канцы лета 1830 года Юзаф Кавалеўскі ў складзе духоўнай місіі быў накіраваны ў Пекін. Спачатку члены місіі спыніліся на шэсць дзён ва Урзе. Потым рушылі далей праз пустыню Гобі. А за ёю ўсталі горныя хрыбты Гобі, на пераадоленне якіх спатрэбіўся не адзін месяц. У лістападзе падарожнікі дасягнулі каменнага вала Вялікай кітайскай сцяны, ступілі на зямлю непазнанага і загадкавага Кітая. «Пераехаўшы гэты вал, занатоўваў у сваім дзённіку Кавалеўскі, убачылі мы іншы свет. Пасля пустой Манголіі як прыемна было глядзець на працавітых кітайскіх сялян!»
Праз нейкі час прадстаўнікі місіі былі ў сталіцы Кітая Пекіне, які зрабіў вялікае ўражанне на Кавалеўскага сваёй непа-
добнасцю на еўрапейскія гарады. У Пекіне Кавалеўскі пражыў каля года. За гэты час ён шмат цікавага даведаўся пра жыццё, звычаі кітайцаў, пра іх гісторыю і шматвекавую культуру. 3 захапленнем выказваў ён свае ўражанні ад бачанага і пачутага ў дзённіках і нататках: «Няма чаго казаць, Кітай, які славіцца сваёй старажытнасцю, вялікай колькасцю насельніцтва і адукаванасцю, які пазбягае стасункаў з іншаземцамі і мае сваю асаблівую мову і літаратуру, адметны характар, звычаі і прывычкі. краіна цікавая, вартая ўвагі вока Еўропы».
Старанна занатоўваючы ўсе важнейшыя звесткі пра Кітай і яго народы, усё ж асаблівую ўвагу звяртаў Кавалеўскі на мову, вывучэннем якой займаўся ўвесь час. Ён нават адрозніваў дыялекты, запісваў усе цікавыя словы і выразы розных этнічных груп мангольскага народа. «Я лічыў сябе шчаслівым, пісаў ён свайму калегу ў Казань, калі, пачаставаўшыся кубкам цёмнацаглянага чаю ці вярблюджага малака ў стэпавых жыхароў, я ехаў з новым словам, песняй ці звесткай. Мангол чым багаты, тым і рады!»