• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

    Зорка філаматаў

    нарысы, эсэ
    Кастусь Цвірка

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 548с.
    Мінск 2017
    141.87 МБ
    3 Кітая Юзаф Кавалеўскі вярнуўся багатым чалавекам: ён дасканала вывучыў мангольскую мову, ведаў яе гаворкі. Акрамя таго, ён вёз для бібліятэкі ўніверсітэта ў Казані сапраўдныя скарбы: мноства кніг, слоўнікаў, рукапісаў на мангольскай, тыбецкай, кітайскай і маньчжурскай мовах, а таксама на санскрыце. А яшчэ Кавалеўскі набыў для Казанскага ўніверсітэта вялікую калекцыю карцін, у якіх наглядна расказвалася пра гісторыю і сучаснае жыццё Кітая, прадметы побыту, манеты і іншыя матэрыялы. Увесь гэты набытак і сёння ўпрыгожвае экспазіцыю этнаграфічнага музея пры Казанскім універсітэце.
    Але галоўным клопатам Кавалеўскага было складанне слоўніка мангольскай мовы. Таму ён папрасіўся ва ўніверсітэцкіх улад застацца яшчэ на год у Сібіры, дзе працягваў папаўняць свае запісныя кніжкі скарбамі мангольскай мовы. Апрануты па-бурацку, не зважаючы на холад і голад, Кавалеўскі прабіраўся праз горы і стэпы да людзей, ён аб’ехаў шматлікія паселішчы і стаянкі манголамоўных насельнікаў Забайкалля, запісваючы словы і выразы з іх вуснаў. «Колькі месяцаў я змушаны быў спаць
    на мёрзлай зямлі, занесенай снегам, сярод вярблюдаў і аленяў! пісаў ён сябрам у Пецярбург. Ды ці магчыма на кавалку тонкай паперы пералічыць усе мае прыгоды, сумныя і вясёлыя?»
    Трапіўшы ў Сібір, філамат-выгнаннік, вядома ж, не мог не пашукаць спосабу ўбачыцца са сваімі віленскімі сябрамі і таварышамі па няшчасці Міхалам Рукевічам і Ануфрыем Петрашкевічам, якіх доля закінула на пакуты ў гэты край сіверных вятроў і вечнай мерзлаты. Пра хвалюючую сустрэчу з імі, вядома ж, расказваць, тым больш у друку, было нелыа. Але сведчанні пра сустрэчы Кавалеўскага з дарагімі сябрамі ўсё ж засталіся. Напрыклад, яго запісныя кніжкі, дзе пакінулі свае аўтографы вядомыя на ўвесь свет дзекабрысты С. П. Трубяцкой, С. Г. Валконскі, Я. П. Абаленскі, В. Л. Давыдаў і іншыя, з якімі разам адбываў пакаранне Міхал Рукевіч. 3 Ануфрыем Петрашкевічам сустрэўся «малады Юзаф», калі вяртаўся ў Казань са свайго вялікага падарожжа праз Табольск, дзе той адбываў пакаранне. Аж некалькі дзён сябры правялі разам. He трэба казаць, якая гэта была радасць для абодвух.
    Амаль пяць гадоў доўжыліся вандроўкі Кавалеўскага па Сібіры, Бураціі, Манголіі і Кітаі. Вясной 1833 года ён разам з Паповым быў ужо ў Казані.
    Абодвух падарожнікаў адразу па прыездзе выклікалі ў Пецярбург, у Акадэмію навук, дзе яны зрабілі падрабязную справаздачу пра пяцігадовую экспедыцыю ў Азію і паспяхова здалі экзамен на сваю навуковую годнасць. Дарэчы, каб прыехаць у сталіцу, Кавалеўскаму трэба было атрымаць дазвол самога цара. Мікалай I дазвол даў, але асобага паліцэйскага нагляду з яго ўсё ж не зняў.
    У Пецярбургу Кавалеўскі сустрэўся яшчэ з адным сваім сябрам-філаматам Францішкам Малеўскім, з якім не пераставаў перапісвацца, у тыднёвік якога пасылаў свае ўражанні аб падарожжы ў Азію. Тут сустрэлі сябры і сумную вестку пра смерць філарэта і паплечніка Кавалеўскага па Казанскім універсітэце незабыўнага Фелікса Кулакоўскага.
    Акадэмік Шмідт, якому даручылі праверыць падрыхтаванасць Кавалеўскага. адразу ўбачыў у яго асобе неардынарнага
    вучонага, які валодаў глыбокімі ведамі ў галіне манголазнаўства. У Казанскім універсітэце Кавалеўскаму даручылі ўзначаліць мангольскую кафедру.
    Там вучоны пачаў упершыню ў Еўропе выкладаць мангольскую мову. Адначасова ўзяўся за складанне адпаведных падручнікаў. I вось у 1835 годзе беларус Кавалеўскі напісаў і апублікаваў першую сістэматызаваную «Краткую грамматнку монгольского кннжного языка», потым у 1836-1837 гадах двухтамовую «Мангольскую хрэстаматыю», якая давала добрае ўяўленне пра мангольскую літаратуру. За гэтую хрэстаматыю Расійская акадэмія навук узнагародзіла Кавалеўскага поўнай Дзямідаўскай прэміяй, вельмі ганаровай у вучоным свеце, а таксама выбрала яго сваім членам-карэспандэнтам.
    Вялікім дасягненнем у манголазнаўстве стаў трохтомавы «Монгольско-русско-французскнй словарь» Кавалеўскага, што выйшаў у Казані ў 1844-1849 гадах і не страціў свайго значэння да сённяшніх дзён. У 1933 годзе ён быў перавыдадзены ў Шанхаі. Гэты слоўнік таксама адзначыла Акадэмія навук поўнай Дзямідаўскай прэміяй. Акрамя таго, прызнанне вучонага свету атрымалі такія працы Кавалеўскага, як «Сравннтельная грамматнка монголо-тюркско-фннская», «Опыт монгольской семантнкн», «Опыт монгольского корнеслова» і многія іншыя.
    Адначасова Кавалеўскі бесперапынна вывучаў гісторыю і літаратуру народаў Азіі. Ён напісаў «Гісторыю манголаў» у двух тамах, «Гісторыю мангольскай літаратуры» ў трох тамах. Праўда, абедзве гэтыя вельмі сур’ёзныя і грунтоўныя працы не былі апублікаваны. Друкаваліся ў розных выданнях толькі асобныя артыкулы на гэтыя тэмы.
    У 1847 годзе Юзаф Кавалеўскі быў выбраны ардынарным акадэмікам Расійскай акадэміі навук. Але калі спіс з імёнамі новых акадэмікаў трапіў у рукі Мікалаю 1, цар выкрасліў Кавалеўскага са спіса: не забылася філамацкае мінулае вучонага.
    Нямала зрабіў Юзаф Кавалеўскі і ў арганізацыі вучэбнага працэсу ў Казанскім універсітэце. Звыш дваццаці гадоў быў ён сакратаром выдавецкага камітэта «Ученых загшсок Казанского унііверснтета», старшынёй якога з’яўляўся Лабачэўскі. Некалькі
    гадоў працаваў Кавалеўскі выбарным дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта, а ў 1855 годзе стаў рэктарам Казанскага ўніверсітэта. Як выдатнага спецыяліста-манголазнаўца яго запрашалі і ў Пецярбургскі ўніверсітэт весці там адпаведны курс лекцый. Але Кавалеўскі адмовіўся. У пісьме да Ануфрыя Петрашкевіча ён прызнаваўся: «Не зважаючы на ўсе пажаданні міністэрства, я прыняў рашэнне застацца ў Казані і свае косці аддаць той зямлі, дзе правёў 30 лепшых незваротных гадоў».
    Але ў пачатку 1860 года ў Казанскім універсітэце ўзніклі антыўрадавыя выступленні студэнтаў. За гэта Юзафа Кавалеўскага знялі з пасады рэктара і зусім звольнілі з універсітэта. Пражыўшы яшчэ два гады ў Казані на пенсіі, ён не мог сядзець без працы і намерыўся вярнуцца ў горад свайго студэнцкага юнацтва Вільню, куды акурат прыехаў з сібірскай ссылкі і сябарфіламат Ануфрый Петрапікевіч. Але ў родным універсітэце яму, відавочна, не знайшлося месца, і ён даў згоду на пісьмовую прапанову Варшаўскага ўніверсітэта заняць пасаду прафесара кафедры ўсеагульнай гісторыі. Там Юзаф Кавалеўскі працаваў да самай смерці. Памёр ён, прыйшоўшы на чарговую лекцыю ва ўніверсітэт. Здарылася гэта 9 кастрычніка 1878 года.
    Была ў прафесара Кавалеўскага і сям’я. Ажаніўся ён пасля свайго азіяцкага падарожжа з рускай дзяўчынай Аннай Сакаловай. У іх нарадзілася трое сыноў, адзін з якіх памёр у дзяцінстве, і дачка. Старэйшы сын Мікалай Кавалеўскі захапіўся медыцынай, вывучыўся на лекара, з часам стаў прафесарам і, нарэшце, рэктарам Казанскага ўніверсітэта. Ён вядомы ў навуцы як рускі фізіёлаг, працы якога высока цанілі такія славутыя рускія вучоныя, як I. М. Сечанаў, I. П. Паўлаў, М. Я. Уведзенскі. Другі сын Павел праславіўся як рускі мастак-баталіст, быў прафесарам Акадэміі прыгожых мастацтваў у Пецярбургу.
    Як літаратар Юзаф Кавалеўскі праявіў сябе яшчэ ў студэнцкія гады перакладамі твораў антычнай літаратуры. Ён актыўна выступаў на пасяджэннях Таварыства філаматаў з дакладамі па тэорыі літаратуры, з разглядам твораў сяброў-паэтаў. Ян Чачот у пісьме да Адама Міцкевіча, гаворачы пра свае балады, паведамляў, што адна з іх «Бекеш», выстаўленая «на крытычныя штыкі маладога Юзафа, атрымала добрага чосу».
    Талент Кавалеўскага як апавядальніка-дакументаліста выдатна раскрыўся ў дарожных нарысах і нататках. Мова яго твораў лаканічная і разам з тым эмацыянальная. У Кавалеўскага не знойдзеш доўгіх, абцяжараных спецыфічнымі навуковымі тэрмінамі апісанняў, як часта бывае ў працах вучонага люду. Чытаюцца яны лёгка, з неаслабнай цікавасцю.
    Праўда, да нас дайшла толькі маленькая частка літаратурнай спадчыны Кавалеўскага. Пераважная большасць яго твораў і навуковых прац, прывезеных у Варшаву, дзе вучоны рыхтаваў іх да друку, беззваротна загінула ў час паўстання 1863 года. А было гэта так. 3 акна дома, дзе жыў Кавалеўскі, адзін з паўстанцаў выстраліў у высокага царскага начальніка Берга. У адказ на гэта ўвесь дом аддалі на рабаванне салдатам. Усё, што здалося ім непатрэбным, яны выносілі на вуліцу і палілі. У тым агні і згарэлі рукапісы Кавалеўскага плён шматгадовай руплівай працы. Сярод іх былі і яго дарожныя дзённікі, пісьмы, іншыя матэрыялы. Дарэчы, тады ж прапалі і пісьмы Яна Чачота. Пра гэта пісаў сам Кавалеўскі 27 сакавіка 1872 года В. В. Грыгор’еву: «Я з 1827 года вёў... перапіску з маім старым сябрам Янам Чачотам, які ў час 7-гадовага знаходжання ў Арэнбургскім краі кожны тыдзень адараў мяне доўгімі пісьмамі, дзе было мноства звестак пра таямнічыя курганы, пра мясцовыя паданні, часта з пісьмовымі дакументамі, што знаходзіў ён у прыватных асоб. I гэтая папка пісем, каля 2000 лістоў, у час разгрому маёй маёмасці ў Варшаве прапала без вестак. Цяжка, цяжка пра гэта пісаць».
    Разам з тым многа напісанага Юзафам Кавалеўскім засталося ў рукапісах і распылена па розных архівах. Многія з іх трапілі ў сталіцу яго роднага краю Вільню. Напрыклад, частка вялікай бібліятэкі Юзафа Кавалеўскага з рукапісамі на рускай, мангольскай, тыбецкай, французскай і польскай мовах, а таксама на санскрыце была перададзена пасля яго смерці ў Віленскую публічную бібліятэку. Многія з рукапісаў вучонага захоўваюцца ў Рукапісным аддзеле Віленскага ўніверсітэта, адкуль і пачынаў ён свой шлях у вялікую навуку. Уся гэтая багатая спадчына славутага беларуса-манголазнаўца яшчэ чакае свайго руплівага даследчыка.
    ІГНАТ ДАМЭЙКА
    25 студзеня 1889 года ў сталіцы далёкай паўднёваамерыканскай краіны Чылі Сант'яга амаль адначасова зазванілі званы ўсіх касцёлаў. Трывожныя, пералівістыя гукі запоўнілі ўсе вуліцы і завулкі горада. Людзі кідалі свае заняткі і спяшаліся да цэнтральнага пляца сталіцы. Яны ўжо ведалі: там пачыналася цырымонія пахавання вялікага грамадзяніна Чылі Ігната Дамэйкі, вестка пра смерць якога хутка разляцелася ва ўсе канцы краіны.
    Калі на шырокім пляцы перад урадавым палацам сабралася мора людзей, каля ўстаноўленай там труны з целам славутага вучонага выступіў сам прэзідэнт рэспублікі Бальмакеда, які нагадаў пра вялікія заслугі памерлага перад краінай і аб’явіў аб наданні Ігнату Дамэйку звання нацыянальнага героя Чылі.