Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Жывучы ў далёкай Чылі, Ігнат Дамэйка не забыў роднай беларускай мовы. Пра гэта сведчыць тое, што ў сваіх нататках «Філарэты і філаматы» (гл.: Філаматы і філарэты. Мінск, 1998), напісаных у 1870 годзе, г. зн. праз 50 гадоў пасля выезду з Беларусі, ён амаль слова ў слова ўспомніў і прывёў тэкст беларускай песні Яна Чачота:
Ах, што ж мы вашэці скажам, Простага сяла дзяўчата, Якія ж песнячкі звяжам:
У нас мысль небагата, у нас мысль небагата.
Але мы мыслім, як чуем,
Так табе заспяваем, Так цябе павіншуем, Няшчырасці не знаем, няшчырасці не знаем.
Будзь, як лісічка, здаровы, Як конік, весел пры трудзе. Hex твае пісма і мовы, Як салавей, голас будзе, як салавей, голас будзе.
Кнігі Ігната Дамэйкі ў свой час атрымалі шырокі розгалас у свеце. Напрыклад, адзін з першых яго дарожных нарысаў, які першапачаткова называўся «Араўканія і яе жыхары», у перакладах на розныя мовы абышоў у XIX стагоддзі ўвесь зямны шар. Да сённяшняга дня ён быў не знаёмы хіба толькі адным землякам аўтара беларусам, як, зрэшты, і ўсе іншыя дарожныя нарысы і шматлікія навуковыя працы Ігната Дамэйкі. Упершыню ў Беларусі «Мае падарожжы» вялікага асветніка былі выдадзены ў 2002 годзе ў серыі «Беларускі кнігазбор».

АЛЯКСАНДР ХОДЗЬКА
Блізкі сябар Адама Міцкевіча і Юльюша Славацкага, добры знаёмы Аляксандра Пушкіна, сын вядомага ў свой час пісьменніка Яна Ходзькі («Яна са Свіслачы»), паэт, усходазнавец і славіст Аляксандр Ходзька (Барэйка) нарадзіўся ў 1804 годзе ў родавым маёнтку ў Крывічах Вілейскага павета (цяпер Мінская вобласць). Вучыўся спачатку дома, а потым бацька аддаў яго на далейшую вучобу ў Вільню, пад апеку свайго знаёмца Тамаша Зана. У 1820 годзе Алесь (так звалі яго дамашнія і сябры) стаў студэнтам Віленскага ўніверсітэта, аддзялення літаратуры і вольных навук. Пазнаёміўшыся і пасябраваўшы з філаматамі, А. Ходзька запісваецца ў створанае імі Таварыства філарэтаў, уваходзіць у яго Блакітны саюз пад апеку Яна Чачота. Як і большасць членаў гэтага студэнцкага згуртавання, восенню 1823 года А. Ходзька быў кінуты ў базыльянскія муры, у турэмнае зняволенне, адкуль яго выпусцілі разам з сябрамі вясной наступнага года, па заканчэнні следства.
Пасля ўніверсітэта Аляксандр Ходзька наважыў паехаць у Санкт-Пецярбург вывучаць персідскую і арабскую мовы ў Інстытуце арыенталістыкі пры азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расійскай імперыі. У сталіцы, відаць, не без дапамогі Адама Міцкевіча, ён збліжаецца з прадстаўнікамі рускай інтэлігенцыі Аляксандрам Пушкіным, Васіліем Жукоўскім, князем Пятром Вяземскім. 14 мая 1829 года Аляксандр Ходзька праводзіў на параходзе з Пецярбургскай гавані да Кранштата Адама Міцкевіча, які назаўсёды пакідаў Расійскую імперыю, кіруючыся ў эміграцыю ў краіны Еўропы.
У 1830 годзе Аляксандра Ходзьку залічаюць на рускую дыпламатычную службу ў Персію (Іран), дзе ён стаў рускім консулам.
Дапытлівы, прагны да ведаў наш зямляк, вядома ж, не мог не скарыстаць такой нагоды для болын глыбокага вывучэння Персіі, яе звычаяў, народнай творчасці, літаратуры і жывой персідскай мовы. Зацікавілі яго і іншыя народы, падпарадкаваныя Персіі, з якімі ён у час сваёй службы сутыкаўся, іх самабытная культура, мова, звычаі, гісторыя.
Звыш дзесяці гадоў праслужыў Ходзька ў Персіі і ў прылеглых да яе краінах. Выйшаўшы ў адстаўку, ён шмат падарожнічае па краінах Еўропы. Наведвае Грэцыю, Італію, Англію, Францыю. Нарэшце назаўсёды пасяляецца ў Парыжы. Тут ён зноў сыходзіцца з Адамам Міцкевічам, вельмі актыўна памагае яму выпускаць інтэрнацыянальную газету «Трыбуна народаў». У Парыжы Ходзька ажаніўся з зямлячкай Геленай Юндзіл. Колькі гадоў працаваў у Міністэрстве замежных спраў Францыі як спецыяліст-усходазнавец. Па просьбе шаха Ірана кіраваў таксама навучаннем у Парыжы іранскіх студэнтаў. Цэлых 26 гадоў (з 1857 па 1883 год) Аляксандр Ходзька чытаў курс лекцый па славянскай філалогіі і літаратуры ў Калеж дэ Франс, той курс, які перад гэтым вёў тут Адам Міцкевіч. У сваіх лекцыях асаблівую ўвагу звяртаў на народную творчасць славян. Памёр Ходзька ў 1891 годзе пад Парыжам. пахаваны ў Манмарансі.
За гэтай скупой біяграфічнай даведкай схавана вялікая «праца душы» паэта і вучонага. Вынікам яе быў даволі значны літаратурны і навуковы набытак.
Пачынаў Аляксандр Ходзька з паэзіі. У час вучобы ва ўніверсітэце яго вершы змяшчаліся ў розных віленскіх выданнях. He пакідаў свайго захаплення паэзіяй Ходзька і ў Санкт-Пецярбургу. Тут у 1829 годзе ён выдаў кнігу паэзіі, якую прысвяціў Адаму Міцкевічу. У зборнік увайшлі яго вершы, балады, элегіі, напісаная паводле ўсходніх матываў паэма «Дэрар», пераклады з навагрэчаскай паэзіі. На зборнік Ходзькі адгукнулася сталічная «Лнтературная газета», якую выдаваў Дэльвіг пры ўдзеле Пушкіна, змясціўшы на сваіх старонках зычлівую рэцэнзію.
На вершы Аляксандра Ходзькі, напісаныя ў рамантычным стылі яшчэ ў Вільні, звярнуў увагу Адам Міцкевіч. Ужо ў той час прызнаны «арол» у паэзіі, у сваім вершы-імправізацыі «Аляксандру Ходзьку», які прачытаў сябрам у 1824 годзе ў турэмным зняволенні ў базыльянскіх мурах, прызнаваўся, што Алесь Ходзька, якога ён назваў «сокалам», быццам бы так добра «зразумеў тайну арлінага палёту», што яму зайздросціць нават сам «арол». Міцкевіч прарочыў яму вялікую будучыню, казаў, што Ходзька некалі сядзе на яго «троне».
Але гэтыя Міцкевічавы прароцтвы не спраўдзіліся. Захапіўшыся арыенталістыкай (усходазнаўствам), Аляксандр Ходзька неўзабаве занядбаў паэзію.
На ніве ж усходазнаўства ён дасягнуў даволі значных поспехаў, стаў прызнаным аўтарытэтам.
Ужо першыя нататкі А. Ходзькі з падарожжа ў Персію, куды яго паслалі з расійскай дыпламатычнай місіяй (дарэчы, ехаў ён па слядах Аляксандра Грыбаедава, які толькі год перад гэтым быў забіты ў Тэгеране), нататкі, якія былі апублікаваны ў пачатку 1830-х гадоў у «Tygodniku Petersburskim» на польскай мове і ў той жа «Лнтературной газете» на рускай, выклікалі немалую цікавасць у грамадстве.
На аснове сабраных у час дыпламатычнай службы ў Персіі багатых гісторыка-этнаграфічных матэрыялаў Аляксандр Ходзька, выйшаўшы ў адстаўку, выдаў цэлы шэраг кніг пераважна на французскай і англійскай мовах. Сярод іх «Граматыка персідскай мовы», «Узоры народнай паэзіі Персіі...», куды ўвайшлі песні прыкаспійскіх народаў, а таксама славуты туркменскі эпас «Кёраглы» (потым з Ходзькавага англійскага перакладу гэты эпас быў пераствораны на нямецкую, французскую і рускую мовы, дарэчы, на французскую яго пераклала Жорж Санд), падручнік турэцкай мовы, складзены спецыяльна для французскіх салдат, якія разам з туркамі прымалі ўдзел у Крымскай вайне 1853-1856 гадоў, зборнік персідскай драматургіі «Персідскі тэатр», шмат артыкулаў, гісторыка-этнаграфічных нататак, фальклорных публікацый, у якіх асвятлялася невядомая свету самабытная культура Ірана і прылеглых да яго краін. «Усходазнаўчыя
працы Ходзькі, як зазначае беларускі гісторык Валянцін Грыцкевіч у артыкуле «3 роду Ходзькаў» («Полымя», 1990, № 5), атрымалі прызнанне і высокую ацэнку яго сучаснікаў і наступных даследчыкаў, што апісвалі вывучэнне еўрапейцамі Ірана і яго культуры. Яны адзначалі велізарную работу першапраходца па зборы фальклору прыкаспійскіх народаў».
Аляксандр Ходзька імкнуўся пазнаёміць еўрапейцаў і з творчасцю славянскіх народаў, выдаваў зборнікі іх фальклору ў перакладзе на французскую мову, але гэтая чыста папулярызатарская работа не так высока ацэньваецца ў параўнанні з яго ўсходазнаўчымі працамі.
Дзейнасць Аляксандра Ходзькі як усходазнаўца яркі прыклад таго, як нашы землякі-беларусы шчодра аддавалі свой талент на карысць чужых народаў, у той час калі культура сваёй краіны, Беларусі, ляжала амаль некранутай аблогай.
3 творчай спадчыны Аляксандра Ходзькі для нас маюць цікавасць паэтычныя творы, напісаныя на «літоўскія» тэмы, заснаваныя на ўзорах беларускай народнай паэзіі. Да такіх трэба перш за ўсё аднесці яго баладу «Маліны», у аснову якой А. Ходзька паклаў пашыраны ў Беларусі песенны сюжэт пра тое, як старэйшая сястра з рэўнасці забівае малодшую, якая потым прарастае вярбой выразаная з яе галінкі дудка сама расказвае пра ўчыненае злачынства. Сюжэт балады «Маліны» выкарыстаў у сваім драматычным творы «Баладына» Юльюш Славацкі. Асновай другой вельмі цікавай Ходзькавай балады, якую ён назваў беларускім словам «Васілёк», стала пачутае ў народзе беларускае паданне пра пераўвасабленне душ памерлых у галубоў. Матывы беларускай народнай творчасці адчуваюцца і ў такіх вершах-песнях Ходзькі, як «Зух» (тут аўтар па-свойму апрацаваў народны сюжэт пра захопленую ў палон воінам-літвінам ляшку, матыў выкарыстаны ў розны час таксама Антоніем Эдвардам Адынцам і Тадэвушам Ладам-Заблоцкім), «Алеся», «Паніч і дзяўчына» і іншыя. На тэмы роднай беларускай зямлі напісаны таксама вершы і балады Аляксандра Ходзькі «Вясенняя ноч у Літве», «Незнаёмец», «Гербы», «Старац». Даследчыкі знаходзяць у творах Ходзькі нямала беларускіх слоў і выразаў, якія паэт ужываў свядома.
АНТОНІ ЭДВАРДАДЫНЕЦ
Той, хто трымаў у руках заключныя тамы збораў твораў Адама Міцкевіча розных выданняў, тамы, дзе звычайна даецца эпісталярная спадчына паэта, не мог не заўважыць сярод шматлікіх яго адрасатаў імя Антонія Эдварда Адынца, якое вельмі часта сустракаецца. Гэта быў адзін з самых адданых сяброў Адама Міцкевіча і адначасова блізкі яму па духу, хоць і ніжэйшага ўзроўню, паэт.
Біяграфія Адынца вельмі тыповая для апалячанага беларускага інтэлігента XIX стагоддзя і разам з тым у нечым своеасаблівая, адметная. Нарадзіўся ён 25 студзеня 1804 года ў вёсцы Гяйстуны Ашмянскага павета ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў павятовай базыльянскай школе ў Барунах, прычым вельмі паспяхова. Школьнае начальства хваліла яго і за прыкладныя паводзіны, за што вучні празвалі Антонія Любімчыкам.
У 1820 годзе Адынец паступіў у Віленскі ўніверсітэт, каб вучыцца на юрыста. Адначасова наведваў лекцыі па літаратуры Готфрыда Эрнста Гродэка і Леана Бароўскага. Даведаўшыся пра ўтварэнне ва ўніверсітэце тайнага Таварыства філарэтаў, адразу запісаўся ў гэтае вельмі прыцягальнае для яго згуртаванне, стаў таварышам яго літаратурнага аддзела, які назвалі Блакітным саюзам. Кіраваў гэтым саюзам прызнаны ўжо сярод філаматаў і філарэтаў паэт Ян Чачот. Убачыўшы яўныя паэтычныя здольнасці Адынца, Чачот узяў яго пад сваю апеку. За гэта філаматы і філарэты празвалі Чачота Ментарам, а АдынцаТэлемакам (паводле грэчаскай міфалогіі Ментар быў выхавальнікам Тэлемака, сына Адысея і Пенелопы).