Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Маладому сямнаццацігадоваму хлопцу з Ашмяншчыны, які даўно захапляўся паэзіяй, вельмі цікава было слухаць на сходках вершы трошкі старэйшых за яго сяброў, спрэчкі аб прачытаным, дыскусіі і дыспуты на літаратурныя, a то і палітычная тэмы, удзельнічаць у сяброўскіх маёўках і розных урачыстасцях. На гэтых урачыстасцях Антоні Адынец сустрэўся ўпершыню са славутымі ўжо ў той час паэтамі Тамашам Занам, старшынёй Таварыства філарэтаў, і Адамам Міцкевічам, які прыязджаў на тыя ўрачыстасці з Коўні, дзе працаваў настаўнікам. Пра першую сустрэчу з Адамам Міцкевічам расказвае ў сваіх успамінах сам Антоні Адынец. Было гэта, прыгадвае аўтар, у маі 1821 года на другі дзень Зялёных святак на ўрачыстым сходзе ў гонар Тамаша Зана ў гарах за Вільняй, пад Маркуцямі. Свята доўга не пачыналі: чакалі прыезду Адама Міцкевіча. «Старэйшыя, расказвае Антоні Адынец, пайшлі яго сустракаць, мне сказаў Чачот ісці з ім. Неўзабаве ўбачылі дрожкі, коні ляцелі наўскач, і Малеўскі памахваў адтуль у паветры белай хусткай падаваў знак, што вязе чаканага госця. Пласкагор’е з боку горада канчалася стромым схілам, дарога кружыла па ім. Дрожкі нарэшце суняліся ўнізе, у падножжы схілу, і абодва хлопцы без дарогі падымаліся на гару, дзе мы стаялі, чакаючы іх... Міцкевіч махаў шапкай, вітаючы нас, але хоць ужо быў блізка і хоць я глядзеў ва ўсе вочы, твару яго зверху не мог убачыць. Чачот першы ўзяў яго ў абдымкі, і яны ціскалі адзін аднаго. Потым не менш сардэчна віталі яго іншыя знаёмыя. Я, самы малады і незнаёмы, стаяў збоку і быў апошні, каго Чачот да яго падвёў. Міцкевіч кінуў на мяне праніклівы позірк і, прыязна ўсміхаючыся, папытаўся ў Чачота: “Ці не той самы гэта Любімчык-Тэлемак?” А калі Чачот, смеючыся, пацвердзіў, ён падаў мне па-сяброўску руку і таксама з усмешкай запытаў: “А Ментар усё яшчэ строгі?” Я не адказаў ні слова: гэтакі быў разгублены, асабліва ад яго праніклівага позірку».
У час вучобы ва ўніверсітэце Антоні Адынец зблізіўся таксама з сям’ёю Саламеі Бэкю маткі Юльюша Славацкага, якога ведаў, калі той быў яшчэ малым хлапчуком, наведваў кватэру славутага гісторыка Іаахіма Лялевеля, пасябраваў з Аляксандрам
і Ігнатам Ходзькамі, Антоніем Гарэцкім, Юльянам Корсакам, іншымі філарэтамі і філаматамі.
У 1823 годзе, калі царскімі ўладамі было выкрыта Таварыства філарэтаў, Антонія Адынца арыштавалі і разам з сябрамі кінулі ў турму, адкуль выпусцілі толькі ў канцы следства.
Нейкі час жыў Антоні Адынец у Варшаве, дзе яго як пацярпелага ад царызму сябра славутага Таварыства філарэтаў з прыязнасцю прыняла творчая інтэлігенцыя. Працаваў ён там у розных перыядычных выданнях, выдаў два ці тры альманахі-штогоднікі «Мелітэле», што мелі шырокі грамадскі рэзананс, распачаў разам з Валерыянам Красінскім працу над мнагатомавай «Усеагульнай энцыклапедыяй», выданне якой давялося з-за недахопу сродкаў перапыніць.
Вельмі даражыў Антоні Адынец сяброўствам з Адамам Міцкевічам. Калі высланы ў Расію старэйшы сябра намерыўся выехаць адтуль за мяжу, сваім спадарожнікам у паездцы па краінах Еўропы ён выбраў Антонія Адынца. Падарожжа іх доўжылася аж чатырнаццаць месяцаў. Сябры аб’ездзілі многія гарады і паселішчы Германіі, Італіі, Швейцарыі, іншых краін. Назаўсёды запомнілася абодвум гасцяванне ў Ё. В. Гётэ ў Веймары, пра што Антоні Адынец падрабязна расказаў потым ва ўспамінах. Між іншым, у шматлікіх размовах з двума славянскімі паэтамі вялікі нямецкі паэт выяўляў зацікаўленасць народнымі песнямі, матывы якіх выкарыстоўваў у сваёй творчасці Адам Міцкевіч. «Гётэ, прыгадваў Адынец, з жывой цікавасцю распытваў і слухаў тое, што Адам, а часткова і я расказвалі яму аб разнастайнасці і адрозненнях у характары і тоне песень нашых правінцый». А як вядома, «правінцыі» Адама Міцкевіча і Антонія Адынца Наваградчына і Ашмяншчына. Значыць, якраз беларускія народныя песні зацікавілі Гётэ, які пачутае пра гэтыя песні «амаль слова ў слова» пераказваў за абедзенным сталом потым іншым, напрыклад, свайму сакратару, нямецкаму пісьменніку I. П. Экерману.
Развітаўся Антоні Адынец з Адамам Міцкевічам у 1830 годзе ў Жэневе. У тым жа годзе прыязджаў ён яшчэ ў Парыж, дзе
сустракаўся з многімі славутасцямі Францыі, напрыклад Вікторам Гюго. Наведаў таксама Лондан. Некалькі гадоў жыў у Дрэздэне. Сюды ж прывёз Зоф’ю з Мацкевічаў (сястру жонкі Ігната Ходзькі), з якой узяў шлюб у Круляўцы. Дарэчы, яе добра ведаў і шанаваў Адам Міцкевіч, якраз у яе гонар ён назваў адну з галоўных гераінь «Пана Тадэвуша» Зося.
У 1837 годзе Антоні Адынец вярнуўся ў свае Гяйстуны, а потым пераехаў у Вільню, дзе амаль дваццаць гадоў з 1840 па 1859 год рэдагаваў урадавую газету на польскай і рускай мовах «Kurjer Wilenski» («Внленскнй вестннк»), Дарэчы, да актыўнага супрацоўніцтва ў газеце прывабіў ён як рэдактар і славутага «вясковага лірніка» Уладзіслава Сыракомлю, які пасяліўся ў недалёкай ад Вільні Барэйкаўшчыне, перабраўшыся сюды з-пад Стоўбцаў на Міншчыне.
Сямейныя абставіны прымусілі Антонія Адынца пераехаць у 1866 годзе ў Варшаву ўслед за дачкой, якая выйшла туды замуж. Там узяўся ён рэдагаваць газету «Кур’ер Варшаўскі», але неўзабаве кінуў, бо не меў ужо сіл цягнуць цяжкі рэдакцыйны воз. Да канца жыцця супрацоўнічаў з газетай «Кроніка Родзінна», якую рэдагавала сястра яго зяця Аляксандра Баркоўская.
Як сведчаць сучаснікі, быў Антоні Адынец чалавекам добрага нораву, таварыскі, добразычлівы, вельмі дасціпны і «даступны». За тое, што надта любіў цалаваць дамам рукі, яго празвалі «панам Смактальскім».
Памёр Антоні Эдвард Адынец у 1885 годзе ў Варшаве, дзе і пахаваны.
На паэтычную дарогу Антоні Адынец ступіў вельмі рана, яшчэ ў Барунскай школе. Але толькі ва ўніверсітэце, дзе сама атмасфера, само вірлівае студэнцкае асяроддзе спрыялі паэтычнай творчасці, ён змог праявіцца як паэт. Падахвочваў яго да паэзіі і прафесар Леан Бароўскі, які шмат у чым дапамагаў маладому аўтару.
У студэнцкія гады малады паэт даволі актыўна выступае на старонках віленскага друку у такіх выданнях, як «Тыгоднік Віленьскі», «Дзённік Віленьскі», «Дзее Доброчынносьці Краёвэй і Загранічнэй» і іншых. 3 прыхільнасцю сустракаюць чытачы
яго пераклады на польскую мову. Што ж да ўласных вершаў Адынца, то яны маюць выразныя сляды пераймання стылю Міцкевіча. Звысоку, «па-ментарску» глядзеў на паэтычныя практыкаванні Антонія Ян Чачот. У пісьме да Адама Міцкевіча ён зазначаў: «Адынус хацеў бы, каб пра яго вершы ведаў увесь свет, а больш за ўсё прыгожая яго палавіна, ён жыве для друку і для славы, гэта адзіная мэта яго творчасці». Пэўне ж, тут ёсць доля праўды, але хто ж з маладых не марыць пра славу?
Сапраўдную папулярнасць прынесла Антонію Адынцу «Песня філарэтаў», якая была напісана, калі малады паэт разам з сябраміфіларэтамі апынуўся ў турме падчас следства над віленскімі згуртаваннямі моладзі. У ёй адчуваецца маральная перавага зняволеных студэнтаў над царскімі паслугачамі, выказваецца глыбокі аптымізм маладых патрыётаў:
Прэч ад нас, прэч, смутку хмары!
Лепш падымем хмелю чары! Вышай голаў хай вясёла Тут ляціць наш час!
Нарадзіўшыся ў турэмных сценах, песня вельмі хутка паляцела ў свет. Спявалі яе па ўсёй Беларусі. Перажыла песня і самога аўтара: яе можна было пачуць на Беларусі і ў пачатку новага, XX, стагоддзя.
Падсумаваннем творчасці маладога Адынца стаўся двухтомавы зборнік яго ўласных вершаў і перакладаў, першы том якога выйшаў у 1825, другі у 1826 годзе пад назвай «Паэзія».
Жывучы ў Варшаве, малады паэт напісаў таксама «рыцарскую драму» ў трох актах «Ізора», над якой працаваў каля трох гадоў. Хоць і была яна напісана ў рамантычным стылі, яе не прынялі вялікія рамантыкі Юльюш Славацкі і Адам Міцкевіч. Першы ахарактарызаваў драму як «твор вялікага аб’ёму, але вельмі малой вартасці». Адам Міцкевіч, у сваю чаргу, не раіў паэту нават друкаваць «Ізору», бо яна «лжывая ў самой задуме і ў самой пабудове; дарэмна папраўляць тыя ці іншыя сцэны, лячыць члены, калі ўсё цела ад нараджэння хворае і ў ім цячэ кепская кроў.Але, нягледзячы на суровую крытыку вялікіх сяброў,
Адынец не ўтрымаўся ад спакусы бачыць свой твор апублікаваным. Здаецца, ён нават ставіўся на сцэне.
Больш удалай атрымалася яго вершаваная драма «Феліцыта, альбо Карфагенскія пакутнікі», напісаная значна пазней. Заснаваў яе аўтар на гістарычных фактах пачатку III стагоддзя. Прачытаўшы гэты твор, Адам Міцкевіч так пісаў пра яго аўтара: «Я не спадзяваўся, што сіла яго так хутка і шырока разгорнецца». Але Міцкевіч, відаць, меў на ўвазе толькі мастацкі бок твора. Бо што да зместу, то яго ў штыкі сустрэла дэмакратычная грамадскасць, крытыкуючы кансерватыўна-клерыкальную накіраванасць драмы. Студэнты Дэрпцкага ўніверсітэта нават публічна спальвалі гэтую кнігу.
Яшчэ больш падарваў рэпутацыю Антонія Адынца яго панегірык у гонар цара Аляксандра II, напісаны для спецыяльнага «Альбома» паднашэння з выпадку прыезду рускага самадзержца ў 1857 годзе ў Вільню. Грамадскасць Вільні адкрыта выказвала непераборліваму аўтару сваё абурэнне.
У 1858 годзе была напісана, а праз два гады выдадзена драматычная паэма Антонія Адынца ў шасці актах «Барбара Радзівіл, ці Пачатак панавання Жыгімонта Аўгуста». Хоць аўтар і закрануў у творы важныя праблемы маралі, усё ж драму псавала залішняя ідэалізацыя галоўнай гераіні, а таксама адступленне ад праўды гісторыі.
Найбольш каштоўным творам Антонія Адынца крытыка прызнала напісаныя ў 1875-1878 гадах «Лісты з падарожжа» даволі падрабязныя, з важнымі дэталямі і фактамі ўспаміны пра падарожжа ў 1829-1830 гадах аўтара разам з Адамам Міцкевічам па Еўропе. Вельмі добра дапаўняе іх і кніга «Успаміны з мінулага», якая была напісана Адынцам на старасці гадоў і ў якой шмат цікавага, пазнавальнага пра мінулае нашай зямлі можа знайсці і сённяшні чытач.
Да канца жыцця не кідаў пісаць Антоні Адынец вершы. Найбольш удалыя з іх тыя, дзе аўтар звяртаецца да жыццёвых рэалій, да фальклору, пераважна беларускага. На фальклорных матывах заснавана, напрыклад, яго балада «Паланянка літвіна», пра ўзятую ў палон «літоўскім» ваяром у час аднаго з баявых
паходаў на польскія землі маладую польку. Дарэчы, гэты ж, відаць, у свой час распаўсюджаны сюжэт пазней выкарыстаў у баладзе «Ляшка» другі беларускі польскамоўны паэт Тадэвуш Лада-Заблоцкі. Выразныя фальклорныя матывы відаць і ў баладах «Сон Алесі», «Русалкі», у вершы «Хохлік» і іншых творах. Шмат у Адынца і вершаў, напісаных у гонар вядомых літаратараў і вучоных («На шлюб Тамаша Зана», «Адаму Міцкевічу», «Адаму Сузіну», «Ігнату Ходзьку», «Надпіс на надмагільным помніку Яну Чачоту ў Ротніцы», «Яўстафію Тышкевічу», «Міхалу Балінскаму», «Уладзіславу Сыракомлю» і інш.). Адным з апошніх у Антонія Адынца быў верш «На камені ў Крашыне», напісаны ў гонар наведання ў 1884 годзе разам з Ігнатам Дамэйкам Крашына пад Баранавічамі (гэты верш быў адбіты там на памятным камені). Ёсць у Антонія Адынца (зазначым як факт гісторыі) і творы, напісаныя сумесна з Юльюшам Славацкім і Адамам Міцкевічам.