Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Ігната Дамэйку можна зразумець: на гэты час ён стаў вельмі паважаным чалавекам у Чылі, якая многім была яму абавязана. Перш за ўсё тым, што беларускі выгнаннік, які ад прафесара і загадчыка кафедры даслужыўся да рэктара чылійскага ўніверсітэта, рэарганізаваў усю сістэму навучання ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне, у тым ліку і ў самім універсітэце. За ўзор узяў ён сістэму адукацыі на сваёй радзіме, сістэму, якую праводзіў у жыццё Віленскі ўніверсітэт, асяродак навучальнай акругі. Рэформа дазволіла прывабіць да навукі лепшыя інтэлектуальныя сілы Чылі, пашырыць асвету ў краі. Ігнат Дамэйка сам пісаў і падручнікі для школ па прыродазнаўчых навуках. Ён стварыў у Чылі музей мінералагічных, петраграфічных і палеанталагічных матэрыялаў, заснаваў фізічны кабінет, хімічную і горную лабараторыю, арганізаваў бібліятэку прыродазнаўства. Вялікія
заслугі Ігната Дамэйкі і як вучонага даследчыка чылійскіх прыродных багаццяў. Ён адкрыў тут багатыя паклады золата, серабра, медзі, каменнага вугалю, салетры, арганізаваў іх здабычу. Вучоны сабраў і апісаў мноства новых, не вядомых навуцы мінералаў, раслін, акамянеласцяў, метэарытаў. А яшчэ ён адшукаў у гарах крыніцы чыстай вады, правёў адтуль у Сант’яга водаправод, поўнасцю вырашыўшы праблему водазабеспячэння чылійскай сталіцы. У адным з афіцыйных чылійскіх друкаваных выданняў зазначалася ў 1893 годзе: «Хоць не адзін пан Дамэйка даследаваў і выкладаў у Чылі прыродазнаўчыя навукі, але ніхто не зрабіў гэтак многа для іх прагрэсу і развіцця, як ён».
Толькі ў 1884 годзе, вызваліўшыся нарэшце ад напружанай працы ва ўніверсітэце, ад пасады рэктара, на якую выбіраўся аж чатыры разы запар, змог васьмідзесяцідвухгадовы выгнаннік ажыццявіць сваю неадступную мару убачыць родную зямлю. Пра гэтую радасную, хаця і вельмі цяжкую вандроўку праз самы вялікі акіян Ігнат Дамэйка паспеў падрабязна расказаць у кнізе «Мае падарожжы».
На радзіме Ігнат Дамэйка прабыў чатыры гады. Жыў у сям’і дачкі ў памятнай з дзяцінства Жыбуртоўшчыне. Але і тут не сядзеў на месцы. Ён здолеў з’ездзіць у Італію, Турцыю, Палесціну, Егіпет. За час яго знаходжання на радзіме Дамэйкавы сыны набылі патрэбную еўрапейскую адукацыю: Казімір скончыў тую ж самую, што і бацька, Горную школу ў Парыжы і меўся заняць бацькава месца на кафедры ва ўніверсітэце ў Сант’яга; Гернан жа займеў дыплом аб сканчэнні ў Рыме духоўнай семінарыі і таксама хацеў служыць на радзіме сваёй маткі.
Разам з сынам мусіў вярнуцца на другую сваю радзіму і састарэлы Ігнат Дамэйка. Перад ад’ездам нейкі час правёў ён у сям’і Уладзіслава Міцкевіча, сына вялікага паэта, свайго дарагога сябра. Садзячыся на параход, Ігнат Дамэйка паслаў Уладзіслававай жонцы Марыі ліст: «Меў я прыемнасць правесці астатнія дні выключна з тваім мужам, а цяпер, праз пяцьдзесят гадоў пасля першага майго падарожжа, ізноў пускаюся ў мора. Буду вам пісаць, як пісаў да вашага бацькі. Адама. А калі ў які год не атрымаеце ліста, то не пытайцеся, ці жывы я».
Пасля студзеня 1889 года сям’я Міцкевічаў ужо не дачакалася ліста ад свайго сардэчнага сябра з далёкай Чылі: ён навекі застаўся ляжаць у зямлі сваёй новай радзімы.
Памяць пра Ігната Дамэйку свята ўшаноўваецца ў далёкай паўднёваамерыканскай краіне. Калі хто з землякоў-беларусаў трапіць у Чылі, ён, відаць, не праміне, каб хоць здалёку не зірнуць на велічны тысячакіламетровы горны хрыбет, які пазначаны на ўсіх картах як Кардыльеры Дамэйкі, каб не наведацца ў прыгожы і светлы горад Дамэйка ў зялёнай даліне каля падножжа гэтага горнага хрыбта і каб не спыніцца хоць на хвіліну ў невялікім зацішным порце на самым беразе Ціхага акіяна Пуэрта-Дамэйка ці ў мястэчку Пуэбла-Дамэйка на вышыні 975 метраў над узроўнем мора. Усе гэтыя геаграфічныя мясціны названы ў гонар таленавітага і працалюбівага сына Беларускай зямлі. А ў сталіцы Чылі Сант'яга падарожнік абавязкова пастаіць і з пашанай схіліць голаў перад велічным помнікам славутаму беларусу і выбітым на граніце лаканічным надпісам на іспанскай мове Грандэ Эдукдор, што па-нашаму азначае Вялікі Асветнік.
Імем Ігната Дамэйкі названы вуліцы ў чылійскіх гарадах Антафагаста, Вальпараіса, Какімба, Кап’япа, Ла-Серэна, ПунтаАрэнас, Пуэрта-Наталес, Сант’яга, Тэмуко, Чаньяраль, а таксама на Галоўных могілках чылійскай сталіцы, дзе знаходзіцца сямейны маўзалей Дамэйкаў. А яшчэ імя Дамэйкі носяць асобныя чылійскія навучальныя ўстановы, бібліятэкі, шахты, грамадскія аб’яднанні і нават заснаваны ў 1950 годзе ў Пуэбла-Дамэйка Саюз футбалістаў «Дамэйка».
Імя Ігната Дамэйкі ўвекавечыў і вучоны свет. У гонар славутага даследчыка названы адкрыты ім у чылійскіх гарах мінерал дамэйкіт, аманіт аманітэс дамэйканус, выкапнёвы слімак науцілюс дамэйкус, а таксама знойдзены і апісаны Дамэйкам від фіялкі віёла дамэйкана.
Вялікі вучоны-прыродазнавец, як кожны можа пераканацца, не менш цікавы і як літаратар. I гэта нягледзячы на тое, што да літаратурнай творчасці Ігнат Дамэйка схільнасці ніколі не меў, пра што сам прызнаваўся. Тым не менш ён вельмі цікавіўся літа-
ратурай, сачыў за яе навінкамі, захапляўся творчасцю сяброўфіламатаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча і іншых таленавітых пісьменнікаў-землякоў.
Разам з тым, як выявілася, у самога вучонага таксама былі не абы-якія літаратурныя здольнасці. Ігнат Дамэйка нават пісаў часам з нейкай канкрэтнай нагоды вершы. У ягонай бібліятэцы захоўваўся, напрыклад, падручнік Ануфрыя Капчынскага, дзе малады Ігнат пакінуў такі надпіс:
Па гэтай кніжцы вучыўся Ігнат Дамэйка, А пасля яго браты калейкай.
Выдатна праявіліся літаратурныя здольнасці вучонага ў дарожных нарысах і мемуарах. Напісаныя ў розны час, нарысы Ігната Дамэйкі ў найбольш поўным выглядзе былі выдадзены ў Вроцлаве ў 1962-1963 гадах пад назвай «Мае падарожжы» і з падзагалоўкам «Успаміны выгнанніка» (кнігі 1-3).
Чытаеш гэтыя жывыя, непасрэдныя запісы вучонага-падарожніка і дзівішся яго пісьменніцкаму майстэрству, дзівоснаму ўменню маляваць словам убачанае і перажытае. 3 першага слова аўтар проста забірае ўвагу чытача і вядзе яго за сабой па тых жа, амаль двухсотгадовай даўнасці, дарогах, па якіх прайшоў ён ад сваёй Наваградчыны да самых недаступных вяршыняў Андаў.
Нарысы Ігната Дамэйкі асабліва цікавыя сваім багатым пазнавальным матэрыялам. Услед за аўтарам мы нібы акунаемся ў атмасферу пачатку 30-х гадоў XIX стагоддзя на Беларусі, часу вялікага грамадска-палітычнага ўздыму, звязанага з нацыянальнавызваленчым рухам, з барацьбой перадавых грамадскіх колаў за аднаўленне федэратыўнай Рэчы Паспалітай, а ў яе рамках Вялікага Княства Літоўскага. Актыўны ўдзельнік гэтага руху, а таксама Лістападаўскага паўстання, Ігнат Дамэйка малюе жывыя, непрыдуманыя карціны вайны з царскім самаўладствам, з захопніцкай палітыкай Расійскай імперыі. Перад намі праходзяць усе этапы паўстання 1830-1831 гадоў ад яго першых поспехаў да разгрому.
Апынуўшыся ў выніку гэтага разгрому ў эміграцыі, спачатку ў Дрэздэне, а потым у Парыжы, Ігнат Дамэйка праўдзіва пака-
звае настроі эмігрантаў, былых удзельнікаў паўстання, няскоранасць іх духу, расказвае пра іх патрыятычную дзейнасць за межамі сваёй краіны.
Нельга не захапляцца незвычайнай дапытлівасцю Ігната Дамэйкі, прагай пазнання свету, рамантычнай адданасцю падарожжам. Толькі сапраўды адважны і мужны чалавек мог пусціцца ў паўгадавую дарогу з Парыжа ў нязведаныя краі Паўднёвай Амерыкі.
А пра незвычайную працавітасць нашага земляка, пра настойлівасць у вывучэнні новай краіны, у асваенні і выкарыстанні яе багаццяў для дабра чылійцаў няма чаго і казаць. Па сутнасці, ён паставіў эканоміку Чылі на ногі, узняў яе на самы высокі па тым часе ўзровень.
У нарысах выдатна праявіўся глыбокі дэмакратызм Ігната Дамэйкі. Гэта добра відаць па яго стаўленні да паўднёваамерыканскіх абарыгенаў індзейцаў-араўканцаў.
Далёкая, амаль недасяжная для еўрапейцаў Араўканія недарэмна вабіла Ігната Дамэйку. Нядаўняму змагару за вызваленне роднай Літвы, г. зн. Беларусі, ад расійскай тыраніі вельмі цікава было пазнаёміцца з мужным паўднёваамерыканскім народам, які ўсё яшчэ вёў непрымірымую барацьбу з іспанскімі заваёўнікамі за сваю незалежнасць. У гэтай барацьбе беларускі паўстанец быў цалкам на баку араўканаў, з якімі ўдалося добра пазнаёміцца і якіх палюбіў за гасціннасць і ветлівасць, за шчырасць і непасрэднасць, за пачуццё нацыянальнай годнасці. Наш зямляк адкрыта крытыкуе чылійскі ўрад за імкненне сілай зброі падначаліць сабе гэты свабодалюбівы народ, які ўсімі сіламі абараняе родную зямлю ад чужынцаў, аберагае ад знішчэння сваю векавую культуру, свой жыццёвы лад. Адмятаючы байкі пра «дзікасць» насельнікаў дакалумбавай Амерыкі, беларус Ігнат Дамэйка з запальчывасцю заяўляе: «Індзейцы-араўканцы не дзікі народ, я лічу іх больш цывілізаванымі, чым простыя чылійцы, што жывуць на сумежных тэрыторыях».
Ігнат Дамэйка ў сваіх нарысах не мінае ўсіх самых важных падзей, сведкам ці ўдзельнікам якіх ён быў. Прытым заўсёды
выказвае свой уласны погляд на іх, не хаваючы прынцыповай пазіцыі, заўсёды застаючыся самім сабой.
Асабліва хвалююць тыя старонкі нарысаў, дзе расказваецца пра сустрэчы Ігната Дамэйкі з роднай зямлёй пасля больш чым паўвекавога вандравання па свеце. Апісваючы прыезд на сваю радзіму Беларусь, якую ён па традыцыі называе Літвой, вучоны прызнаецца: «3 кожным новым днём расло ў маім сэрцы нясцерпнае жаданне як найхутчэй убачыць наш родны дом у Літве, маю радню на шумных банкетах і вечарах, якія наладжваліся ў мой гонар (у Польшчы. К. Ц), бывалі моманты, калі я адчуваў, як шыбае мне ў скроні кроў пры думцы, што я буду хутка дома, што я яшчэ не здзейсніў мэту свайго падарожжа. Я ўсхопліваўся сярод ночы, гледзячы ў акно, ці днее, падлічваючы гадзіны».
Тугой беларускага выгнанніка па роднай зямлі, сыноўняй любоўю да страчанай Бацькаўшчыны пранізаны ўсе нарысы вучонага. Падарожнічаючы па далёкіх краінах, Ігнат Дамэйка ні на хвіліну не забывае, адкуль ён родам. У апісаннях краявідаў чужых, часта экзатычных зямель аўтар вельмі часта параўноўвае іх з роднымі мясцінамі, пра якія ўвесь час думае і пра якія сумуе. Пры гэтым у памяці натуральна ўсплываюць і назвы гэтых мясцін, а за імі і жывыя беларускія словы, якіх нямала можна напаткаць у польскамоўных творах аўтара. На гэтую асаблівасць мовы нарысаў Ігната Дамэйкі звярнула ўвагу і аўтарка ўступнага артыкула да польскага выдання «Маіх падарожжаў» Эльжбета Гелена Нясева, якая прывяла і прыклады беларусізмаў «рэгіянальных выразаў». I тут няма нічога дзіўнага: Ігнат Дамэйка змалку добра ведаў беларускую мову. Гэта зазначае і польскі даследчык Збігнеў Вуйцік у калектыўнай кнізе «Ян Чачот і Ігнат Дамэйка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча (Мінск, 1998): «Гісторыкі могуць спрачацца, кім ён быў: беларусам, літвінам ці палякам. Адно несумненна, што нарадзіўся на тэрыторыі, дзе галоўным этнічным элементам быў беларускі народ, і мовай гэтага народа ён карыстаўся. He адзін раз пісаў пра сябе, што з’яўляецца літвінам. Гэта тэрмін абазначаў таго, хто паходзіў з абшараў былога Вялікага Княства Літоўскага скарочана: з Літвы».