Зорка філаматаў
нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
Кастусь Цвірка
Мінск «Беларуская навука» 2017
УДК 821.161.3.09
ББК 83.3(4Беп)
Ц28
Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Ц28 Цвірка, К. А.
Зорка філаматаў : нарысы, эсэ / Кастусь Цвірка. Мінск : Беларуская навука, 2017. 548 с.
ISBN 978-985-08-2215-4.
200 гадоў назад, восенню 1817 года, студэнтамі-беларусамі Віленскага ўніверсітэта было створана знакамітае Таварыства філаматаў, якое дало пачатак новай беларускай літаратуры. У кнігу ўвайшлі нарысы і эсэ пра самых вядомых філаматаў (А. Міцкевіча, Т. Зана, Я. Чачота, А. Петрашкевіча, I. Дамэйку і іншых), а таксама іх папярэднікаў і паслядоўнікаў.
Разлічана на літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў і навучэнцаў і ўсіх тых, хто цікавіцца пытаннямі роднай гісторыі і культуры.
УДК 821.161.3.09
ББК 83.3(4Бем)
ISBN 978-985-08-2215-4 © Цвірка К. А„ 2017
© Афармленне. РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2017
ПАДАННЕ ПРА ФІЛАМАТАЎ
(Замест уступу)
Згуртаваў іх Віленскі ўніверсітэт.
На зазыўнае святло навук у гэтую адну з лепшых у Еўропе вышэйшую навучальную ўстанову былога Вялікага Княства Літоўскага, заснаваную ажно ў 1579 годзе езуітамі, кожную восень з’язджалася з глухіх, закінутых сярод палёў і лясоў беларускіх засценкаў і панскіх сядзібаў, гарадоў і мястэчак цікаўная шляхецкая і не толькі шляхецкая моладзь. Ва ўніверсітэце выкладаліся ўсе асноўныя навукі, працавалі тут даволі дасведчаныя, еўрапейскай вывучкі прафесары. Моладзі было ў іх чаму павучыцца.
Вядома ж, універсітэт не быў ізаляваны ад жыцця краіны, ад віхураў часу. Наадварот, ён заўсёды знаходзіўся ў самым цэнтры падзей, адыгрываў у іх сваю прыкметную ролю.
Асабліва ўзрасло значэнне ўніверсітэта ў пачатку XIX стагоддзя, калі ён стаў вучэбным і адміністрацыйным цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, якая ахоплівала ўсю Беларусь, Літву і частку Украіны.
Гэта быў час вялікай напружанасці ў нашым грамадстве, выкліканай разбойніцкім захопам зямель Рэчы Паспалітай трыма манархічнымі рэжымамі Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй, якія па-драпежніцку падзялілі іх паміж сабой. Па ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай шырыўся грамадскі рух за яе аднаўленне. He мінуў ён і Беларусі, дзе яго актыўна падтрымлівала мясцовая шляхта, якая рашуча пратэставала супраць гвалтоўнага далучэння
беларускіх зямель да Расійскай імперыі, гэтай агромністай «турмы народаў». Адным з асяродкаў барацьбы супраць палітыкі царызму якраз і быў Віленскі ўніверсітэт, дзе канцэнтраваліся ўсе інтэлектуальныя сілы Беларусі.
Увосень 1817 года два студэнты ўніверсітэта, Тамаш Зан з-пад Маладзечна і Адам Міцкевіч з Наваградка, якія ўжо рабілі свае першыя пробы пяра на літаратурнай ніве, надумалі заснаваць тайнае студэнцкае таварыства, каб аб’яднаць найбольш блізкіх сяброў па вучобе, што захапляліся літаратурай, філасофіяй, іншымі навукамі і ўвогуле праяўлялі ў нечым свае здольнасці. Мэтай згуртавання была ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканальванні, грамадская праца для дабра заняволенай Айчыны. Свае ўяўленні пра характар таварыства і прынцыпы яго дзейнасці сябры выклалі ў статуце, напісаным крыху ў жартаўлівай форме. Відаць, тут не абышлося без уплыву вядомага віленскага Таварыства шубраўцаў (гулякаў), з якімі быў звязаны Тамаш Зан і якія ў сваім сатырычным часопісе «Wiadomosci Brukowe» («Вулічныя навіны») смела крытыкавалі адмоўныя бакі жыцця болып за ўсё мясцовай арыстакратыі, паноўпрыгоннікаў, высмейвалі шляхецкае невуцтва, розныя забабоны. Статут новага таварыства юнакі далі пачытаць свайму старэйшаму сябру ўкраінцу Юзафу Яжоўскаму, вельмі адукаванаму, даволі дасведчанаму ў філасофскіх і філалагічных навуках студэнту. Ён дапрацаваў статут, надаў яму болыпай сур’ёзнасці. Без асаблівага вагання згадзіўся ён і з прапановай узначаліць арганізацыю.
I вось 1 кастрычніка 1817 года адбылося першае пасяджэнне студэнцкага згуртавання. На ім сабраліся шэсць маладых хлопцаў, якія і ўтварылі Таварыства. Старшынёй (альбо прэзідэнтам) выбралі Юзафа Яжоўскага, намеснікам старшыні (віцэ-прэзідэнтам) і адначасова касірам Эразма Палюшынскага, сакратаром Тамаша Зана. Супольнікамі згуртавання сталі Адам Міцкевіч, Ануфрый Петрашкевіч і Бруна Сухецкі. Назвалі студэнты сваю арганізацыю Таварыства філаматаў (аматараў навук). Назву далі невыпадкова. Таварыства такога ж кірунку ўжо існавала ва
ўніверсітэце гадоў дзесяць назад. Актыўны ўдзел прымаў у ім любімы студэнтамі прафесар, славуты гісторык і грамадскі дзеяч Іаахім Лялевель, які тады вучыўся ва ўніверсітэце. I называлася яно Навуковае, а потым Філаматычнае таварыства па аналогіі з вядомым у гісторыі Філаматычным таварыствам, што дзейнічала ў Францыі напярэдадні і ў час Вялікай французскай рэвалюцыі.
На сваім пасяджэнні ўдзельнікі створанай арганізацыі перш за ўсё абмеркавалі пытанне пра Таварыства. Яны пагадзіліся прымаць у арганізацыю толькі надзейных і правераных сяброў па вучобе. Студэнты задумалі Таварыства як змацаваную асабістым сяброўствам сям’ю аднадумцаў, якую стваралі, паводле выказвання Юзафа Яжоўскага, «не на хвілю, не дзеля мімалётнай забавы, а на ўсё жыццё». Нават у статуце падкрэслівалася, што філаматы, якая б ні напаткала іх пасля доля, куды б яна іх ні закінула, застаюцца супольнікамі Таварыства назаўсёды, што, як убачым далей, яны і даказалі ў жыцці.
Пры ўступленні ў Таварыства малады чалавек павінен быў адказаць пісьмова на цэлы шэраг пытанняў і падаць падрабязную аўтабіяграфію. Абавязковай была і рэкамендацыя аднаго з удзельнікаў згуртавання. Новы супольнік Таварыства даваў клятву, што будзе выконваць усе абавязкі, ускладзеныя на яго статутам. Каб не памыліцца ў падборы новых сяброў, каб мець большую ўпэўненасць у іх надзейнасці, філаматы пастанавілі ўвесці пераходную прыступку да ўступлення ў іх сям’ю: навічкі залічваліся на колькі месяцаў у члены-карэспандэнты, якія хоць і мелі права прымаць чынны ўдзел у навуковых пасяджэннях Таварыства нароўні з усімі філаматамі, але не маглі пакуль што выбірацца на адміністрацыйныя пасады.
У выніку такіх абмежаванняў Таварыства расло не хутка. Затое прыходзілі сюды папраўдзе годныя, неардынарныя маладыя людзі. 4 лістапада таго ж года былі прыняты Францішак Малеўскі і Зыгмунт Навіцкі, якіх рэкамендаваў Адам Міцкевіч. Праз тры тыдні арганізацыя папоўнілася яшчэ адным сябрам Юзафам Кавалеўскім. 16 красавіка 1818 года ў яе залічылі Яна
Чачота, выдатную рэкамендацыю якому даў зноў жа Адам Міцкевіч, яго школьны сябар. У тым жа годзе стаў супольнікам Таварыства Тэадор Лазінскі. За ім, ужо ў 1819 годзе, згуртаванне папоўнілі Дзіянісій Хлявінскі, Дамінік Ходзька, Казімір Пясецкі, Ігнат Дамэйка, Ян Сабалеўскі, Міхал Рукевіч. У 1820 годзе ў Таварыства прыйшоў Вінцэнт Будрэвіч, а вясной 1822 года Станіслаў Казакевіч. Вось і ўсе ўдзельнікі Таварыства філаматаў. Праўда, тры з іх Бруна Сухецкі, Эразм Палюшынскі і Зыгмунт Навіцкі у 1821 годзе з розных прычынаў былі выключаны з філамацкай сям’і. Усе ж астатнія да канца сваіх дзён заставаліся ў Таварыстве філаматаў.
Мэты Таварыства вызначаліся ў яго статутах. Калі ў статуце, прынятым на першым пасяджэнні, філаматы дэкларавалі творчае ўдасканаленне і ўзаемадапамогу ў набыцці ведаў, то ўжо ў новым, прынятым у 1818 годзе, статуце яны ставілі перад сабой болып шырокія задачы. Цяпер Таварыства павінна было садзейнічаць «па меры магчымасці ўсеагульнай асвеце». Праз асвету філаматы намерваліся рыхтаваць грамадства да змагання за вызваленне Бацькаўшчыны ад царскага самаўладства, пра што, вядома ж, у статуце не гаварылася.
I ўсё ж яшчэ доўгі час самаадукацыя, узаемадапамога ў літаратурнай творчасці і ў навуковых даследаваннях стаялі ў філаматаў на першым месцы. Шырокую асвету ў краіне яны, натуральна, пачыналі з сябе. Згодна са статутам, «кожны з чынных членаў на працягу чатырох тыдняў мусіў падрыхтаваць адну працу арыгінальную ці пераклад, вершам ці прозай, сур’ёзную, навуковую ці вясёлую, прызначаную для пагулянак». Так, для пагулянак. Гэта падкрэслівалася невыпадкова. Пагулянкам, розным урачыстасцям філаматы надавалі немалое значэнне для ўмацавання Таварыства, для пашырэння сваіх ідэй. Яны наладжвалі за горадам маёўкі, розныя святкаванні. Вельмі шумна адзначалі дні нараджэння. Да гэтых урачыстасцяў рыхтаваліся грунтоўна, складалі цэлыя сцэнарыі абходзін, часцей за ўсё вершаваныя. Асабліва праявіў сваё майстэрства Ян Чачот, які звычайна рыхтаваў такія сцэнарыі на беларускай мове. Яны вельмі
прыхільна сустракаліся філаматамі. Музыку да гэтых вершаў пісаў Тамаш Зан. Рытуальнай, напрыклад, стала песня на беларускія словы Яна Чачота «Што мы вашэці скажам...», якую філаматы спявалі на кожнай урачыстасці. Спяваліся і польскамоўныя песні. Напрыклад: «Хай радасць з вачэй нашых блісне...» Адама Міцкевіча, «Што старыя за вар’яты!» Яна Чачота і іншыя. Адзін раз на тыдзень філаматы збіраліся на так званыя навуковыя пасяджэнні, дзе чыталі свае навуковыя даследаванні, паэтычныя творы. Тут жа выступаў хто-небудзь з рэцэнзіямі на іх, падрыхтаванымі загадзя. Потым ішлі дыскусіі, у час якіх кожны мог выказаць сваю думку. Заканчваліся спрэчкі галасаваннем, якім ухвалялі ці адхілялі прачытаную навуковую працу альбо мастацкі твор.
Аб шырыні інтарэсаў філаматаў, размаху іх навуковай і творчай працы сведчыць даволі аб’ёмісты спіс прачытаных і абмеркаваных на пасяджэннях навуковых даследаванняў і паведамленняў паводле матэрыялаў прэсы, а таксама літаратурных твораў. Назавём толькі некаторыя з іх: «Праванская паэзія», «Пра Сафокла», «Пра класіцызм», «Пра дзве разнавіднасці ўлады» Юзафа Яжоўскага; «Нататкі пра стан прыгожых мастацтваў на Літве», «Пачатак і развіццё філасофіі», «Вытокі дабрачыннасці» Францішка Малеўскага; «Палюцыі», «Пра ўсемагутнасць Бога» Эразма Палюшынскага; «Уплыў рэлігіі грэкаў на грамадства ў гераічныя часы», «Прычыны заняпаду Рыма», «Жыццё і школа Піфагора» Зыгмунта Навіцкага; «Пра характары» Бруна Сухецкага; «Пра эпапею», «Пра важнасць вынаходства друкарскага станка» Юзафа Кавалеўскага; «Матэматычныя навукі», «Пачатак і развіццё драматычнай паэзіі» Тамаша Зана; «Пра оперу», «Вясковыя праходкі» Адама Міцкевіча; «Пра становішча сялян», «Апісанне падарожжа на Валынь і Украіну», «Выклад гіпотэз пра хвастатыя каметы», «Выклад гіпотэз пра плямы на Сонцы» Тэадора Лазінскага; «Гісторыя вышэйшай улады ў Літве», «Пра яўрэяў» Казіміра Пясецкага; «Эканоміка», «Пра падаткі» Дзіянісія Хлявінскага; «Кароткі выклад палітыкі Філіпа, македонскага караля» Міхала Рукевіча; «Пра электрычнасць» Ануфрыя