Зорка філаматаў
нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
Разам з тым і для нас, беларусаў, Адам Міцкевіч зусім не чужак, якім зрабіла яго літаратуразнаўства. Ён жа сын беларускай зямлі. Тут ён нарадзіўся, тут усе яго карані, тут прайшлі лепшыя гады жыцця паэта, тут, урэшце, жыло яго каханне. Якраз яе, Беларусь, якую яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя, ды і пазней, называлі Літвой, лічыў ён сваёй радзімай, якраз яе апяваў у сваіх творах («Літва! Мая Айчына, ты нібы здароўе...»), ёй прысвячаў самыя лепшыя радкі сваёй паэзіі. Нездарма ж Аляксандр Пушкін называў яго «певцом Лнтвы».
Калі гартаеш кнігі Адама Міцкевіча, перад вачамі так і мільгаюць геаграфічныя назвы Беларусі Наваградак, Вільня, Мінск, Свіцязь, Нёман, Вілія, Вілейка, Літоўка, Сталовічы, Рута, Шчорсы, Мір, Туганавічы, Плужыны, Цырын, Асташын, Ашмяны, Ляхавічы, Ліда, Варонча, Мыш, Болценікі, Налібакі і многія іншыя.
У сваёй творчасці Адам Міцкевіч усебакова і глыбока паказаў жыццё і традыцыйную культуру беларусаў, супярэчнасці паміж рознымі слаямі беларускага грамадства ў першай палове XIX стагоддзя. Асабліва добра відаць гэта з яго самых значных твораў драматычнай паэмы «Дзяды», у аснову якой пакладзены беларускі абрад ушаноўвання продкаў, і паэмы-эпапеі «Пан Тадэвуш», пра якую сам аўтар казаў: «Што там самае лепшае дык гэта напісаныя з натуры вобразы нашай радзімы, нашых звычаяў і абрадаў».
Беларускай гісторыі падзеям Вялікага Княства Літоўскага паэт прысвяціў свае паэмы «Мешка, князь Наваградка», «Гражына» і «Конрад Валенрод». За гэтыя гістарычныя паэмы, ці «аповесці», як вызначаў іх жанр сам Адам Міцкевіч, сучаснікі называлі яго «літоўскім Вальтэрам Скотам». На аснове беларускіх народных паданняў і легенд Адам Міцкевіч стварыў славуты цыкл рамантычных балад, якімі ён запачаткаваў на нашых землях новы літаратурны напрамак рамантызм.
Яшчэ больш усхвалявана, больш прачула пісаў паэт пра сваю радзіму Беларусь, калі апынуўся за яе межамі. Туга па Бацькаўшчыне была асноўным матывам яго «Крымскіх санетаў», што заўважыў яшчэ Аляксандр Пушкін, які, расказваючы ў дадатку да «Яўгенія Анегіна» пра падарожжа свайго героя па Крыме, пісаў, што там «пел Мнцкевнч вдохновенный н посредн прнбрежных скал свою Лнтву воспомннал». Гэтая туга Адама Міцкевіча па страчанай радзіме Беларусі чуецца і ў кожным радку яго эміграцыйнай лірыкі.
Што ж да этнаграфічнай Польшчы, то Адам Міцкевіч яе проста не ведаў, бо не жыў там, нават ні разу не быў у Варшаве. Тыя некалькі месяцаў знаходжання пры канцы Лістападаўскага паўстання ў маёнтку аднаго познаньскага пана на самай мяжы
з Прусіяй, вядома ж, нічога не мянялі. Усе вобразы і жыццёвыя рэаліі Адам Міцкевіч браў на сваёй беларускай зямлі.
Апавядаючы пра родную «Літву»-Беларусь, раскрываючы самыя розныя бакі яе жыцця, Адам Міцкевіч і адрасаваў свае творы ў першую чаргу яе чытачам, ад іх, сваіх землякоў, чакаў ён спагады і разумення. Пра гэта, напрыклад, выразна сведчыць верш «Я помнік узнёс...», у якім паэт выказаў спадзяванне, што яго «помнік» паэтычная творчасць перажыве нават даўгавечныя каменныя памяткі,
Бо ад Панарскіх гор і ковенскіх нябёс Далей за Прыпяць люд імя маё панёс. Чытае дружна Мінск, Наваградак мяне, Мой верш перапісаць юнак не праміне...*
Як бачым. тут Адам Міцкевіч вельмі выразна акрэсліў межы, куды перш за ўсё скіроўвала свой зрок яго неўтаймоўная муза, паказваў, якой зямлі ён быў песняром. Зямля гэтая яго родная Беларусь. Калі ж казаць пра мову твораў паэта, то інакш як па-польску ён і не мог пісаць. У яго ж часы мовай літаратуры, усяго пісьменства і справаводства на Беларусі заставалася польская мова. Усе кнігі, газеты і часопісы друкаваліся толькі папольску, на польскай мове ставіліся спектаклі ў тэатрах Вільні, Мінска, Нясвіжа і ўсіх іншых нашых гарадоў. Пісаць жа па-беларуску азначала пісаць «у стол». За вяртанне беларускай мове яе колішняга статуса дзяржаўнай, як гэта было ў Вялікім Княстве Літоўскім, яшчэ трэба было змагацца. Няма сумневу, што Адам Міцкевіч як шчыры нарадалюбец, як патрыёт сваёй Бацькаўшчыны мог бы стаць чыста беларускім паэтам, пісаць на беларускай мове, якую ён называў «самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай», а яшчэ «самай багатай і самай чыстай». Ды на гэта час яшчэ не прыйшоў. I мы павінны ўспрымаць Адама Міцкевіча такім, якім ён быў. Але ўспрымаць адназначна як сына беларускай зямлі, як свайго паэта. А таму трэба вярнуць беларускаму чытачу (праз пераклады) творчую спадчыну паэта, уключаць яго вершы і балады ў хрэстаматыі па беларускай літаратуры, вывучаць яго творы ў школах. Думаю, вярнуць
’ Тут і далей пераклады, пазначаныя зорачкай, мае.
праз пераклады дадому нам трэба і ўсіх іншых польскамоўных пісьменнікаў Беларусі XVIII і XIX стагоддзяў, сярод якіх такія славутасці, як Юльян Нямцэвіч, Ігнат Ходзька, Уладзіслаў Сыракомля, Эліза Ажэшка. Без іх проста немагчыма ўявіць нашу тагачасную літаратуру, беларускія рэаліі.
Прапанова праехаць па Міцкевічавых дарогах заспела мяне трохі знянацку: я яшчэ не паспеў скласці падрабязны маршрут вандроўкі. Паездка планавалася ў наступную пятніцу, роўна праз тыдзень. Гэта бурыла мой распарадак. 3 самай вясны я езджу на лецішча, у сваю Зялёную Дуброву. Праз кожны тыдзень. Тыдзень у Мінску, тыдзень там. У Мінску ў мяне заўсёдныя турботы з падрыхтоўкай і выпускам у свет серыйных выданняў «Беларускага кнігазбору» і кніг выдавецтва «Беллітфонд», дзе я наважыў наладзіць выданне яшчэ трох кніжных серый «Беларускі гістарычны раман», «Мастакі Беларусі» і «Беларуская лірыка». У Зялёнай жа Дуброве больш творчая праца: чытаннеперачытванне і рэдагаванне выданняў абодвух выдавецтваў, а таксама, калі мне ўдаецца ўкрасці з гэтага занятку нейкія хвіліны, сваё «крэмзанне». Вельмі спрыяе маёй «застольнай» працы, дае добры зарад энергіі і станоўчых эмоцый шчыраванне на зямлі, у садзе ды агародзе.
У пятніцу, калі павінна было пачацца двухдзённае падарожжа, я, у згодзе з маім распарадкам, меўся быць яшчэ ў Зялёнай Дуброве. Значыць, мне належала адарвацца ад свайго пісьмовага стала, ад расквітнелых яблынь ды шпачыных перасвістаў ужо ў чацвер.
Дабрацца з Зялёнай Дубровы ў Мінск у будні дзень можна толькі чыгункай: дызелем да Асіповіч, а адтуль на электрычцы. А каб сесці на дызель, трэба сем кіламетраў ісці з Зялёнай Дубровы да станцыі Фалічы пеша. Спадзявацца на спадарожную машыну не даводзілася, бо на нашай лясной дарозе сустрэць які транспарт вялікая рэдкасць.
Выязджаць з Фаліч можна было, як казаў запісаны ў маім блакноціку расклад руху цягнікоў, у 12 гадзін 42 хвіліны або ў 18 гадзін 26 хвілін. Я выбраў першы час: трэба было яшчэ хоць
зболыпага ўдакладніць у Мінску маршрут падарожжа, ну і прывесці сябе ў парадак. Але калі, дадыбаўшы ў Фалічы, я пастукаў у акенца білетнай касы, маладзенькая касірка, вызірнуўшы з яго, не без спачування аб’явіла:
Дызель на Асіповічы сёння адменены: рамантуюць мост. Наступны будзе толькі ў 18.26.
Вось ён, мой першы «пракол»! Ведаў жа, што такія штучкі з адменай цягнікоў сталі своеасаблівай нормай, што яны ўжо не раз выбівалі мяне з каляі. ведаў і не паклапаціўся пра ўсё пацікавіцца загадзя!
Ну што ж, будзем лічыць, што мае дарожныя прыгоды пачынаюцца!
Так-то так, але што мне было рабіць? Гэта ж даводзілася чакаць цэлых шэсць гадзін!
Жанчына, што стаяла каля касы і бачыла маю разгубленасць, параіла ехаць праз Слуцк. Я ўхапіўся за гэтую ідэю, балазе неўзабаве чакаўся з Асіповіч на Слуцк дызель. Адтуль-то не было б праблемы даехаць: аўтобусы са Слуцка на Мінск курсіруюць амаль праз кожную гадзіну. Ды дзяўчынка з касы тут жа разбіла маю надзею: дызель ідзе толькі да Старых Дарог усё з прычыны рамонту таго загадкавага моста.
Мне заставалася адно: чакаць да 18.26. Гэта азначала, што ў Мінску я буду толькі пасля 22.00. Mae спадарожнікі, што ўжо настроіліся на паездку, недзе як след падрыхтаваліся да яе (Дубатоўка дзеля гэтага павінен быў прымчаць у Мінск аж з Гародні), цяпер могуць падумаць, што я не стрымаў свайго слова і застаўся на лецішчы. Зноў стукаю ў акенца касы, якое ўжо зачынілася. Даходліва растлумачыўшы дзяўчынцы сітуацыю, прашу дазволу патэлефанаваць у Мінск.
Тут толькі ўнутраны, чыгуначны тэлефон, міла адказала дзяўчынка.
На добры лад, мне трэба было б вярнуцца ў Зялёную Дуброву. Адтуль я мог бы з горам папалам дазваніцца ў Мінск і папярэдзіць, што прыеду позна. Да таго ж у сваім садзе-агародзе я не ўсё паспеў зрабіць кінуў-рынуў і паляцеў у свет.
Але ізноў ісці ў Зялёную Дуброву пеша не мела сэнсу: даўшы туды і назад чатырнаццаць кіламетраў, я толькі дарэмна змарнаваў бы час і сілы.
А мо пашукаць у Фалічах якога транспарту? Хоць бы веласіпеда? 3 такой думкай падышоў да прыстанцыйнай крамы. Там, як заўсёды, мне сустрэўся мой добры знаёмец Якалесьзгубіўсяўлесе. Аднаго разу, прыехаўшы з Мінска, я зайшоў сюды нешта купіць. Разлічваючыся з прадаўшчыцай, пачуў раптам збоку голас:
Як Алесь згубіўся ў лесе.
Акурат гэтак называлася адна мая кніжка для дзяцей. Цікава, хто ж гэта мяне тут ведае? Абярнуўшыся, убачыў чырванатварага ўсмешлівага чалавека маіх гадоў. Мы тады пазнаёміліся, ён назваў сябе. Але я забыўся яго імя і пры сустрэчы жартам называю Якалесьзгубіўсяўлесе. «Дзяжурыць» ён у магазіне, як шапнула мне прадаўшчыца, з надзеяй прыстаканіцца да якой кампаніі ды падзарадзіцца «градусамі».
Я расказаў яму пра сваю сітуацыю і паабяцаў даць на бутэльку, калі ён паможа знайсці якога каня ці веласіпед з’ездзіць у Зялёную Дуброву. Ды мой знаёмец толькі паціснуў плячыма: відаць, не займеў у суседзяў даверу.
Заспакоіўшы сябе тым, што ў мяне будзе магчымасць патэлефанаваць у Мінск з Асіповіч, я вярнуўся ў станцыйную пачакальню. Дарэмна марнаваць час я тут не збіраўся. 3 свайго дарожнага ранца дастаў «работу»: сканаваны тэкст рамана беларускага пісьменніка з Аўстраліі Уладзіміра Случанскага «Драбы», які якраз рыхтаваў да выдання ў серыі «Беларускі гістарычны раман». Праца над падрыхтоўкай гэтага даволі займальнага рамана пра часы Вітаўта Вялікага не з лёгкіх. Аўтар скардзіўся ў адной з публікацый, што пры яго выданні ў 1958 годзе ў Мельбурне рэдактар моцна зрусіфікаваў мову твора. Таму мне даводзілася цяпер на сваю рызыку здымаць той налёт «русчызны». Сам аўтар зрабіць ужо гэтага не мог, бо ў 1994 годзе яго не стала. У пачакальні я быў адзін, таму выбраў лепшую лаўку, бліжэй да акна, і, паклаўшы папку з раманам на калені, нацэліў на яго джала свайго «пісадла».