Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Калі ты ў Наваградак трапіш, бывае, Скіруй не забудзь на Плужыны. У пушчы, дзе сцежка гушчар расхінае, Ты коней спыні ля альшыны.
Між дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку Там возера Свіцязь, як дзіва.
Бы хтосьці чысцюткую шыбу звысоку Сюды апусціў беражліва.
А здарыцца быць тут начною парою, Застынеш, аддаўшыся чарам: Рой зор над табою, рой зор пад табою I месяцы два перад тварам!
Гадацьмеш: з-пад ног гэта ў неба нямое Раўніна ідзе тут шкляная
Ці неба скляпенне сваё незямное Пад ногі табе развінае.
He можаш адрозніць у срэбным сутонні Дно возера ўжо ад зеніту.
Як быццам вісіш ты ў нябесным бяздонні, У нейкім разліве блакіту.’
Ля возера не было ні душы. Цішыня. Толькі далятаў аднекуль з лесу роўны з невялікімі перапынкамі стук дзятла.
Ідучы берагам Свіцязі, слухаючы яе дрэвы, яе неба, мы маглі толькі парадавацца, што жалезная рука цывілізацыі амаль не кранула гэтага цудоўнага кутка Беларусі. Згодна з пастановай нашага ўрада, у 1970 годзе тут створаны Свіцязянскі ландшафтны заказнік плошчай 1034 гектары. Пад абарону дзяржавы ўзяты звонкія чырванастволыя хвайнякі, цяністыя дубровы, светлыя, вясёлыя беразнякі, непаўторныя ясеневыя ды кляновыя закуткі з усім багаццем падлеску і такой разнастайнай фаўнай. Вучоныя знайшлі тут нямала рэліктавых раслін, сярод якіх, напрыклад, такая ніжэйшая раслінная форма, як тэтрадыніум яванікум, што сустракаецца толькі на далёкім востраве Ява. У самім возеры былі адшуканы таксама вельмі рэдкія віды падводнага царства.
Але Свіцязь для нас не толькі цудоўны куток прыроды. Свіцязь гэта сімвал паэзіі вялікага Адама Міцкевіча, які быў непарыўна звязаны з роднай зямлёй. Свіцязь калыска яго натхнення, адна з яго муз.
На ўрачыстае адкрыццё ў Наваградку новай экспазіцыі ў музеі Адама Міцкевіча мы спазніліся на якіх хвілін сорак. Але прызнацца, не вельмі і рваліся на пачатак, калі звычайна гаворацца
доўгія і нудныя прамовы выступоўцаў. Галоўнае, хацелася паглядзець абноўленую музейную экспазіцыю. Асабліва мне цікава было, што там выставілася з таго, чаго я не бачыў раней. Таму, паставіўшы непадалёк машыну, мы спакойна, без спешкі пайшлі да музея. Ды на дарожцы, што вяла туды з вуліцы, перад намі стаў заслон тры маладыя хлопцы.
-	Туды няможна. Адкрыццё скончылася.
Я сказаў, што ў нас запрашэнне, што мы прыехалі з Мінска. Але хлопцы былі непахісныя:
-	Нам загадана нікога не пускаць.
-	Вы з міліцыі? папытаў у хлопцаў спрактыкаваны Валянцін.
— 3 міліцыі.
Тады я папрасіў паклікаць дырэктара музея Міколу Гайбу, які мяне і запрасіў на ўрачыстасць.
Неўзабаве падышоў і Гайба. Шчуплы, невысокага росту цяпер я пазнаў яго: мы з ім сустракаліся ў Наваградку на святкаванні 200-гадовага юбілею з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Ён на той момант узначальваў Наваградскі краязнаўчы музей. Успомнілася, штс Мікола раіўся тады са мной наконт музейнай экспазіцыі. Цяпер я чакаў, што ён будзе рады нашай сустрэчы. Ды на твары Гайбы было напісана нешта іншае, далёкае ад радасці. I паздароўкаўся ён стрымана, з халадком.
— А вы ж казалі, што не прыедзеце, сказаў ён як бы з нейкім папрокам. -1 мы не ўключылі вас у праграму.
Я казаў, што верагоднасць майго прыезду дзесяць працэнтаў, пачаў я апраўдвацца, нібы той вучань перад настаўнікам за дрэнна вывучаны ўрок.
У нас ужо запісана многа выступоўцаў, і толькі аднаго мы можам дапісаць, зрабіў мне ласку Мікола Гайба і, адвёўшы ўбок, растлумачыў на вуха: Тут адно далікатнае пытанне: пасля ўрачыстасці будзе для ўдзельнікаў банкет, і на ім ужо вызначана колькасць чалавек. Вас яшчэ ўключым, а болей не.
Вядома, мне трэба было б там пабыць, сказаць сваё слова пра Адама Міцкевіча. А галоўнае цясней пазнаёміцца з уплывовымі землякамі паэта, каб падбіць іх на дапамогу ў выданні за-
планаванага ў серыі «Беларускі кнігазбор» аднатомніка выбраных твораў вялікага наваградчаніна: за бяседнымі ж сталамі такія пытанні вырашаюцца лёгка і проста. Ды без сваіх спадарожнікаў я туды пайсці не змог.
Затое ў нас заставалася нямала вольнага часу, і мы спакойна маглі паблукаць па Наваградку. Кожны з нас бываў тут і раней. Але як жа яшчэ раз не запыніць вока на шчасліва захаваных памятках першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і радзімы Адама Міцкевіча, не пашпацыраваць па старажытных вуліцах, не падняцца на Курган бессмяротнасці?
Калі яшчэ нядаўна Наваградак выглядаў як звычайны раённы гарадок з нейкімі цеснаватымі, часам засмечанымі розным друзам вуліцамі ды плошчамі, з дамамі, што даўно, скажам мякка, патрабавалі рамонту, то цяпер ён прыкметна абнавіўся, пахарашэў. Аднавілі, падшліфавалі даўнейшыя дамы і дамкі, забрукавалі новенькай плітачкай плошчы і вуліцы, весялей засвяціліся вокны адміністрацыйных ды грамадскіх будынкаў. Вядома ж, так цудоўна ператварыўся Наваградак дзякуючы Адаму Міцкевічу, 200-гадовы юбілей якога тут спраўляўся з самым шырокім размахам. Мы яшчэ раз падышлі да дома-музея паэта. Сядзіба Міцкевічаў здалёк вабіць вока, кліча наведаць гэты ўтульны куток Наваградка. Усё тут цяпер дагледжана, прыаздоблена, вычышчана-выгладжана. Праўда, сам дом ужо не той, які быў пры жыцці паэта, многа зменена і ва ўсёй сядзібе. Тут не сустрэнеш ужо тых таполяў, што вартай стаялі некалі перад домам, я іх бачыў толькі на малюнку Ігната Дамэйкі. Няма ручая, што цёк каля вокнаў, няма маленькай цяністай алеі з каштанаў ды ліп, што вяла да ганка, замест яе цяпер акуратная забрукаваная дарожка. I ўсё ж гэта тая самая сядзіба. Тут, як тыя мімалётныя птушкі, праляцелі некалі дзіцячыя і юнацкія гады паэта. Цэлых сямнаццаць гадоў кожны дзень чуўся тут яго голас ад нараджэння (сюды адразу ж маці прывезла немаўля з Завосся) і да паступлення ў 1815 годзе ў Віленскі ўніверсітэт. На родны падворак імчаў ён кожным разам бавіць канікулы спачатку як студэнт універсітэта, а потым як настаўнік Ковенскай школы. Вунь на той высокі ганак сустракаць яго выходзіла
маці, а з будкі, радасна павіскваючы, ляцеў насустрач улюбёнец усіх дзяцей чорны як смоль Крук, кідаўся на грудзі і ўсё меціў лізнуць у шчаку.
Здаецца, апошні раз Адам Міцкевіч прыехаў сюды ў жніўні 1821 года. Толькі быў гэта горкі прыезд. На ганку цяпер яго ніхто не сустрэў. Маці ўжо год як ляжала ў магіле. Сын нават не мог прыехаць з Коўна на яе пахаванне: быў ён тады ў стане моцнай дэпрэсіі пасля замуства Марылі, і сябры, каб зберагчы яго, не адразу паведамілі пра мацерыну смерць. Са смерцю Барбары дом Міцкевічаў апусцеў, усе дзеці разышліся хто куды. Пра наведанне бацькоўскай сядзібы Адам Міцкевіч жаліўся ў лісце сябру Яну Чачоту: «Ніхто мяне не спаткаў, не пачуў я былога “Адам, Адам!" I такі жаль ахапіў мяне, што я доўга не мог апомніцца. Я абышоў усе куткі, адчыніў дзверы кладоўкі. У гэты час зверху сходзіць наша старая служанка, якую я ледзь пазнаў у змроку, ды і цяжка было яе пазнаць: яна паблажэла, відаць было, што церпіць нястачу. Пазнаўшы адно аднаго, мы доўга плакалі разам... Я кінуўся ў Руту, але не вытрымаў там і дня...» Яшчэ больш эмацыянальна расказаў пра гэта Адам Міцкевіч у паэме «Дзяды» вуснамі свайго правобраза Густава:
Нядаўна я наведаў дом памерлай маткі. Яго я не пазнаў былых гадоў астаткі. Куды ні глянеш тло, руіны, запусценне, Калы платоў, паркету друз, каменне. Ля дома палыны, быльнёг, асоту восці. Маўчанне немае. Бы ў поўнач на пагосце. Раней быў іншы мой прыезд у тыя брамы... Крывёю сэрца аблілося ля парога.
Няўжо мінула ўсё?..’
Так, мінула. Але сілай духу вялікага паэта ўсё зноў вярнулася на сваё месца. Разбураны фашыстамі, падняўся з руінаў абноўлены дом Міцкевічаў. Нібы дзівосная птушка фенікс, ажыў і ўстаў непадалёку на ўвесь рост і сам Адам Міцкевіч, так узнёсла, так дакладна тонка ўвасоблены ў метале нашым чарадзеемскульптарам Валяр’янам Янушкевічам.
Уяўляю, як са сваім высокашляхетным, па-рамантычнаму прасветленым паэтам на шырокім пляцы горада падвысіліся
духам, акрыліліся, вышэй паднялі галовы і самі наваградчане яго землякі. Велічная постаць Адама Міцкевіча па-добраму прыўздымае, напаўняе гордасцю душу і тых, хто прыязджае ў Наваградак з іншых куткоў Беларусі. Ён жа свой усім нам, беларусам.
Адам Міцкевіч быў належна ўшанаваны тут і раней. Ушанаваны велічным курганом паблізу такога ж велічнага замка, магутныя вежы якога нібы затрымалі сівую даўніну ў нашым часе. Але курган ёсць курган. Зусім іншае жывы воблік паэта.
Калі мы аглядалі гістарычныя памяткі Наваградка, мяне не пакідала адчуванне, што тут яшчэ нечага не стае. Ну, так, дасюль не ставала, вельмі не ставала Адама Міцкевіча. Цяпер ён назаўсёды з наваградчанамі. 3 устаноўкай помніка паэту як быццам бы ўсё стала на месца. Толькі ці ўсё? 3 Наваградкам жа звязана яшчэ наша вялікая і слаўная гісторыя. Ён, цяперашні ціхі раённы гарадок Наваградак, калыска магутнай беларускай сярэдневяковай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, яе першая сталіца. Больш за пяцьсот гадоў палову тысячагоддзя! грымела ва ўсёй Еўропе слава гэтай старажытнай дзяржавы.
А заснаваў яе вялікі наваградчанін, хай і не карэнны тутэйшы жыхар, а, як сцвярджаў Мікола Ермаловіч, перабежчык з суседняга Беларускага Панямоння, што некалі называлася Літвой (не блытаць з цяперашняй Літвой!), таленавіты военачальнік і дзяржаўны дзеяч князь Міндоўг. У шматлікіх войнах з нямецкімі рыцарамі, татарамі, палякамі і Галіцка-Валынскімі князямі (Чырвонай Руссю) ён са зброяй у руках абараняў самастойнасць маладога беларускага гаспадарства. Моц князя Міндоўга бачыў і Рымскі Папа Інакенцій IV, які ўганараваў яго каралеўскай каронай. Летам 1252 (ці 1253) года наваградчане былі сведкамі цікавага, ніколі не бачанага дагэтуль відовішча. 3 усяго свету з’ехалася сюды сціжма высокіх гасцей, больш за ўсё каталіцкіх святароў. Многія прыехалі з Рыгі, з арцыбіскупства. Былі і паслы з самога Рыма. Усе госці кіраваліся да рэзідэнцыі князя Міндоўга, каб распачаць урачыстую цырымонію яго каранацыі. Мусіць, увесь Наваградак збегся да Міндоўгавага палаца, наваградчане з цікавасцю глядзелі на незвычайную працэсію:
Што гэта за паны? Наваградка званы
Чаму ім звоняць доўга? Ах. гэта ж крыжакі
Ідуць, каталікі,
Каранаваць Міндоўга!
Усё на іх блішчыць Ды золатам зіхціць.
Ад іх наўкол святлее!
Увесь твой строй, крывіч, Крывэ-Крывэйтаў зніч Прад бляскам тым бляднее...’