Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
У 1811 годзе зрабіў спробу аднавіць беларускую дзяржаўнасць. Ён распрацаваў і падаў расійскаму імператару Аляксандру I, з якім наладзіў прыязныя адносіны, акт аднаўлення Вялікага Княства
Літоўскага ў межах Расійскай імперыі. У сваёй запісцы Агінскі так абгрунтоўваў неабходнасць аднаўлення беларускай дзяржавы з цэнтрам у Вільні: «Частка Польшчы, далучаная да Расійскай імперыі, складала калісьці асобнае самастойнае валоданне Літву яшчэ перад актам уніі Літоўскага Княства з Каралеўствам Польскім. Жыхары яго спрадвеку вылучаліся ваяўнічым духам, клапаціліся пра свае правы і былі верныя сваім манархам, адзначаліся мужнасцю і любоўю да Бацькаўшчыны. Гордыя сваім паходжаннем, літвіны, нягледзячы на аб’яднанне сваёй правінцыі з Польшчай, захавалі свае звычаі, свой грамадзянскі кодэкс, мясцовае кіраванне, сваё войска, вярхоўны суд, міністраў, дзяржаўных саноўнікаў і нават сойм, які збіраўся па чарзе ў Варшаве і Гародні. Усе гэтыя прывілеі былі такімі дарагімі для літвінаў, што, нягледзячы на ўсякія намаганні і красамоўныя адгаворы, немагчыма было схіліць літвінаў адмовіцца ад сваіх прывілеяў. Я перакананы, што калі б з часу далучэння да Расіі забраных польскіх зямель была з іх утворана адна правінцыя, захавана імя Літвы і пакінуты яе даўнія правы і каб з яе быў ўтвораны асобны край са сваім кіраўніцтвам, дзяржава ў складзе Расійскай імперыі, то тады іншаземны ўплыў пранікаў бы туды з цяжкасцю».
Аляксандр I з прыхільнасцю паставіўся да праекта Міхала Клеафаса Агінскага і даў сваю згоду на ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага. Загадам цара быў распрацаваны праект канстытуцыі беларускай аўтаномнай дзяржавы, у якім нават прадугледжвалася адмена прыгоннага права на працягу дзесяці гадоў. Але супраць гэтага праекта дружна выступілі расійскія шавіністы, пад уздзеяннем якіх Аляксандр I вясной 1812 года адмовіўся ад аднаўлення беларускай аўтаноміі ў складзе Расійскай імперыі.
У 1823 годзе М.-К. Агінскі, назаўсёды пакінуўшы свой маёнтак у Залессі, выехаў у Італію, пасяліўся ў Венецыі, дзе жыў да канца сваіх дзён.
М.-К. Агінскі ствараў паланэзы для фартэпіяна. Самым папулярным стаў яго паланэз ля-мінор «Развітанне з Радзімай». Пісаў таксама і маршы, сярод якіх «Марш паўстанцаў 1794 года», вальсы, мазуркі. У 1826-1827 гадах выдаў у Парыжы чатыры тамы сваіх «Мемуараў», напісаных на французскай мове. У 1828 годзе напісаў «Лісты пра музыку».
ЯН АНОШКА
Ян Аношка адно з самых загадкавых імён у гісторыі беларускай літаратуры. Біяграфічныя звесткі пра яго вельмі скупыя і супярэчлівыя. Вядома толькі, што нарадзіўся ён недзе каля 1775 года ў Быхаўскім павеце Магілёўскай губерні. Польскія бібліёграфы адзначаюць, што сваю вучобу пачаў ён у Магілёве ў езуітаў. Гэта вельмі верагодна: у той час школы ў асноўным былі ў руках святароў розных канфесій. Звесткі пра тое, што Ян Аношка быццам бы поўнасцю прысвяціў сваё жыццё тэалогіі (вывучаў яе, як пішуць, у Полацкай езуіцкай акадэміі, займеў духоўнае званне ксяндза, стаў прафесарам тэалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, рэктарам Варшаўскай духоўнай семінарыі), выклікалі сумненне ў складальнікаў польскай бібліяграфіі. Яны прыйшлі да высновы, што былі два Яны Аношкі: адзін польскі ксёндз, другі «беларускі пясняр», у творах якога, дарэчы, не відаць асаблівай рэлігійнасці.
Упершыню пра паэта Яна Аношку расказала ў прадмове да яго кнігі «Паэзія» паэтэса з Дзісны Тэкля Урублеўская: «Жывучы некалькі гадоў у раёне Беларускай губерні, я часта чула вершы Яна Аношкі, якога ніколі не давялося мне бачыць, але толькі летась я даведалася, што яго ўжо няма сярод жывых». Паколькі кніга Яна Аношкі выйшла ў Полацку ў 1828 годзе, то можна сказаць, што памёр паэт не пазней 1827 года.
Далей Тэкля Урублеўская адзначала, што «яго высокасць Мікалай Хрэбніцкі, былы маршалак Лепеля і ордэнскі кавалер, добры знаўца літаратуры, імкнучыся зберагчы кожнае зерне народнай творчасці, угаварыў мяне сабраць вершы беларускага
паэта і выдаць іх... Я адразу ж узялася за працу: тутэйшыя людзі хутка адгукнуліся на маю просьбу і пачалі прысылаць мне вершы Яна Аношкі, хто іх меў у сябе...».
У выдадзеную такім чынам кнігу ўвайшла нязначная частка твораў паэта. У руках Т. Урублеўскай заставаўся яшчэ вялікі сшытак, на сарака аркушах якога былі перапісаны «розныя казкі, байкі, вершаваныя пісьмы і г. д.». Цікава. што другі выдавец Аношкавых твораў Павел Мэдэкша нават не ведаў пра першае выданне кнігі паэта. Ён самастойна, недзе праз 14 гадоў, сабраў сярод людзей 37 яшчэ не апублікаваных твораў Яна Аношкі і змясціў іх у кнізе «Вянок з папараці», што выйшла ў 1842 годзе ў Вільні. Усё гэта яскрава сведчыць пра даволі шырокую папулярнасць у народзе твораў паэта, якая, як заўважыў у сваім артыкуле «Беларусь і Ян Баршчэўскі» Рамуальд Падбярэскі, тлумачылася тым, што Ян Аношка «быў найбліжэй да народнага духу».
На Аношкавы вершы звярнулі ўвагу і ў расійскай сталіцы. У 1866 годзе «йллюстрнрованная газета» змясціла артыкул рускага бібліёграфа Р. Генадзі, які пісаў, што «першы народны паэт Беларусі» Ян Аношка памёр «у маладых гадах», што гэта быў «бедны жабрак, які ўсё жыццё правёў у вандраваннях ад вёскі да вёскі», што ён «не ведаў ні дома, ні родных», «марнеў у карчме і ніхто не пашкадаваў пра яго смерць, ніхто не паведаміў пра яе. Толькі здабыткі яго рэдкага таленту засталіся да гэтага часу ў памяці народа, які не ведае, каму ім абавязаны...».
Вершы Яна Аношкі антыпрыгонніцкія па сваёй сутнасці. Пыхлівасці палацаў ён супрацьпастаўляе сумленную беднасць сялянскай хаціны. У многіх, асабліва сатырычных творах, паэт ганьбіць сквапнасць і жорсткасць паноў, іх неапраўданую пагарду да мужыка-хлебароба. У Аношкавых вершах можна знайсці праявы сентыменталізму. Ен праслаўляе простае сялянскае жыццё на ўлонні прыроды, выступае супраць асобных яго заганаў, высмейвае п’янства.
Аднак найбольш вострыя, самыя смелыя вершы Яна Аношкі, вядома ж, да нас не дайшлі, бо не былі апублікаваны з цэнзурных меркаванняў. На гэта намякае Тэкля Урублеўская, прызна-
ючыся ў згаданай вышэй прадмове, што яна вымушана была асобныя з Аношкавых вершаў папраўляць, асабліва тады, «калі пяро паэта, разышоўшыся, пераходзіла ўсе межы». Вядома, не маглі ўвайсці ў кнігу і беларускія творы Яна Аношкі: яны ж былі напісаны не на «літаратурнай» мове. А тое, што вершы на беларускай мове меліся ў «беларускага песняра», які блізка да сэрца прымаў долю запрыгоненага селяніна-беларуса і які быў «адкрыты» для ўсіх, можна не сумнявацца. Таму трэба цалкам пагадзіцца з прафесарам М. Р. Ларчанкам, які, прааналізаваўшы творы паэта, пісаў у газеце «Літаратура і мастацтва» (17 ліп. 1954 г.): «На нашу думку, тая акалічнасць, што творы Аношкі выдадзены на польскай мове, не можа перашкодзіць паэту заняць сваё пэўнае месца ў гісторыі новай беларускай літаратуры таго часу, калі яна толькі пачынала гістарычны шлях свайго развіцця».
I з гэтай думкай нельга не пагадзіцца.

ВІКЕНЦІЙ РАВІНСКІ
Дзякуючы проста дэтэктыўным росшукам вядомага літаратуразнаўца і пісьменніка Генадзя Кісялёва, апісаным у кнізе «Загадка беларускай “Энеіды”», мы сёння можам пад выдатным творам нашай літаратуры паэмай «Энеіда навыварат», што амаль стагоддзе падавалася як «ананімная», з упэўненасцю паставіць нарэшце імя яе аўтара Вікенцій Равінскі. I ўслед за ўдумлівым даследчыкам прасачыць каляіны жыцця гэтага невядомага раней беларускага паэта.
Родам Вікенцій Паўлавіч з беларускай Смаленшчыны, з цяперашняга Духаўшчынскага раёна, як мяркуецца, з «сяльца» Маніна, якое потым пачало называцца Елісеевічы. Год нараджэння 1786. А дакладней, як меркаваў Г. Кісялёў, 23 снежня 1786 года. Бацька паэта земскі спраўнік Павел Васільевіч Равінскі быў дваранінам сярэдняй рукі, меў ва ўладанні зямельныя надзелы з падданымі.
Бацькі адправілі юнака Вікенція, як і яго старэйшых братоў, на вайсковую службу. У 14 гадоў хлопец быў унтэр-афіцэрам Бранскага мушкецёрскага палка. А праз колькі часу ён ужо зведаў цяжкасці баявых паходаў. Удзельнічаючы з 1805 года ў бітвах з французамі, В. Равінскі у складзе корпуса рускіх войск генерала Галянішчава-Кутузава прайшоў праз Галіцыю, Сілезію, Маравію, Аўстрыю. Потым ваяваў у часцях генерал-лейтэнанта князя Баграціёна, праявіў сябе як храбры воін у бітвах пад Аўстэрліцам, Прэйсіш-Эйлау і асабліва пры Шэнграбене, за што быў узнагароджаны першым баявым ордэнам. Удзельнічаў у вайне 1812 года, якую сустрэў у чыне капітана. Быў ад’ютантам праслаўленага генерала Дохтурава. За бітвы пад Барадзіно, Малаяраслаўцам
і родным Смаленскам В. Равінскі атрымаў баявыя ўзнагароды. Потым быў вызваленчы паход у складзе рускага войска ў Еўропу, Равінскі дайшоў да Парыжа. У 1816 годзе ён выйшаў у адстаўку ў чыне палкоўніка. 3 1826 па 1833 год быў на цывільнай службе спачатку ў Арэнбургскай губерні, ва Уфе, а потым у Пензе і Кастраме. Якраз у час знаходжання Равінскага ва Уфе пакутаваў там жа ў ссылцы яго зямляк і паэт Ян Чачот. У 1833 годзе В. Равінскі вярнуўся на радзіму, у Духаўшчынскі павет, дзе і жыў да канца сваіх дзён.
Вікенцій Равінскі быў вельмі адукаваным чалавекам, добра ведаў гісторыю, літаратуру, валодаў апрача рускай і беларускай яшчэ французскай і нямецкай мовамі. Як цікавага і дасціпнага суразмоўцу яго згадвае ў сваіх успамінах наш славуты зямляк кампазітар Міхаіл Глінка.
«Энеіда навыварат» В. Равінскага класічны твор новай беларускай літаратуры. Напісана яна была пад непасрэдным уплывам «Вергнлневой Эненды, вывороченной нанзнанку» рускага паэта Мікалая Осіпава і «Энеіды» ўкраінца Івана Катлярэўскага. У аснове ўсіх трох паэм гісторыя вандраванняў героя Траянскай вайны Энея, якую расказаў у сваёй гераічнай паэме «Энеіда» рымскі паэт I стагоддзя да н. э. Вергілій. Традыцыйны сюжэт аўтар беларускай «Энеіды навыварат» напоўніў сваім зместам. У паэме мы бачым вобразы простых беларускіх сялян і паноў. У ёй паказваецца жыццё і побыт беларусаў пачатку XIX стагоддзя, крытыкуюцца праявы прыгонніцтва. Напісана паэма як пародыя на творы антычнай літаратуры, у тым ліку і на Вергіліеву «Энеіду». Палемічная паэма Вікенція Равінскага была накіравана супраць канонаў класіцызму, якія сталі тормазам у развіцці літаратуры. Гэты выдатны твор беларускай літаратуры напісаны дзесьці паміж 1816-1826 гадамі, доўгі час знаходзіўся ў стане рукапісу і меў нямала варыянтаў. Паэма дала добры штуршок для развіцця новай беларускай літаратуры.