Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ

ФРАНЦ САВІЧ
Франц Савіч паходзіў з новага пакалення паэтаў, якія ўсім сэрцам успрынялі ідэі сваіх славутых папярэднікаў філаматаў і філарэтаў і з юнацкім запалам і самаахвярнасцю прадоўжылі далей іх высакародную справу, прысвячаючы жыццё вызваленню Бацькаўшчыны ад царскага самадзяржаўя.
Нарадзіўся Франц Савіч у 1815 годзе ў вёсцы Вяляцічы Пінскага павета ў сям’і ўніяцкага святара. Вучыўся ён у Пінскім павятовым вучылішчы, а пасля яго заканчэння паступіў у 1833 годзе ў Віленскую медыка-хірургічную акадэмію, пераемніцу закрытага ўладамі за год перад гэтым Віленскага ўніверсітэта, гнязда вальнадумства і рэвалюцыйнасці.
У сценах акадэміі хадзілі яшчэ згадкі пра нашумелыя філамацка-філарэцкія згуртаванні, на вуснах студэнтаў былі вясёлыя песні і палымяныя вершаваныя радкі жывых яшчэ тады, выгнаных за межы радзімы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана. Хоць шмат чаго змянілася з іх выгнаннем і хоць «вучні Зана зніклі амаль зусім падчас падзей 1831 года», як расказвае сам Савіч, усё ж царскім уладам не ўдалося цалкам вытравіць вольналюбівыя памкненні моладзі. Сведчанне гэтага самаадданая дзейнасць самога Франца Савіча, якому ўдалося стварыць у 1836 годзе нелегальнае Дэмакратычнае таварыства. Ён напісаў для яго статут пад назвай «Прынцыпы дэмакратызму» і адозвупракламацыю «Заўвагі пра маральную вайну народа з дэспатызмам», дзе выклаў свае радыкальныя ідэі і спосабы іх ажыццяўлення. У 1837 годзе Ф. Савіч зблізіўся з польскім рэвалюцыянерам Шыманам Канарскім, які прыехаў з-за мяжы для наладжвання
вызваленчай барацьбы ў былым Вялікім Княстве Літоўскім. Было дамоўлена аб сумеснай дзейнасці супраць царызму. Але праз год Шыман Канарскі быў арыштаваны. Неўзабаве царскія жандары схапілі і Франца Савіча. Пасля працяглага следства Шымана Канарскага пакаралі смерцю, а іншых звязаных з ім змоўшчыкаў саслалі ў Сібір, здалі ў салдаты. Салдатчыну прысудзілі і Ф. Савічу з яго сябрамі Я. Загорскім і К. Рапчынскім, адправіўшы іх на Каўказ.
Для Савіча і яго сяброў пачаліся цяжкія, поўныя нягод і выпрабаванняў гады няволі. У 1841 годзе, інсцыніраваўшы самагубства, Франц Савіч уцёк з месца сваёй службы і адправіўся ў Таганрог, каб пераправіцца морам за мяжу. Але спроба ўцячы не ўдалася. Як не ўдаліся і іншыя такія спробы. За адну з іх два гады адседзеў у турме ў Ціраспалі (цяперашняя Малдова) і быў аддадзены ў салдаты, адкуль зноў уцёк. Пасля яшчэ адной няўдалай спробы ўцячы за мяжу ён змушаны быў застацца ў мястэчку Янушпаль Жытомірскага павета, дзе пад чужым імем заняўся лекарскай практыкай. У 1845 годзе ў час эпідэміі халеры, ратуючы людзей ад гэтай хваробы, Савіч сам не ўбярогся і неўзабаве памёр.
3 паэтычнай спадчыны Франца Савіча да нас дайшоў толькі адзін, напісаны на пінскай гаворцы верш «Там блізка Пінска...», што захаваўся дзякуючы Э. Паўлоўскаму, які ўключыў яго ў сваю кнігу «Успаміны з-над Віліі і Нёмана» (1882). Г. Кісялёў назваў гэты верш «яркім узорам беларускай рэвалюцыйнай паэзіі XIX ст.» («Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік». Мінск, 1995. Т. 5. С. 218). Як даводзяць літаратуразнаўцы, вершы Ф. Савіча хадзілі ў свой час у рукапісным выглядзе па Беларусі і Украіне, асобныя з іх сталі народнымі песнямі. Каштоўнымі дакументамі часу можна назваць і яго празаічныя творы напісаную ў 1838 годзе ў віленскай турме «Споведзь» і незавершаныя «Успаміны», якія паэт давёў да першых уцёкаў з салдатчыны. Абодва гэтыя творы былі надрукаваны ў кнізе Э. Геленіюша (Іваноўскага) «Успаміны мінулых гадоў», якая выйшла ў 1876 годзе.
ГАБРЫЭЛЯ ПУЗЫНЯ
Прадстаўніца заможнай беларускай шляхты Габрыэля Пузыня нарадзілася ў 1815 годзе ў Вільні ў сям’і Адама Гюнтара і Аляксандры з Тызенгаўзаў. У Вільні Гюнтары жылі толькі зімой. На лета яны пераязджалі ў свой маёнтак Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). 3 Дабраўлянамі звязана ўсё дзяцінства і маладосць Габрыэлі. Тут яна жыла да самага замужжа.
У сям’і Гюнтараў любілі мастацтва і літаратуру. Частымі гасцямі ў іх былі многія славутасці пісьменнікі Ігнат Ходзька, Антоні Эдвард Адынец, мастакі Ян Дамель, Ян Рустэм, піяністка Марыя Шыманоўская, вучоны Андрэй Снядэцкі і іншыя. Пасля вяртання з уральскай ссылкі жаданым госцем быў тут і Тамаш Зан. Кантакты з гэтымі таленавітымі людзьмі схілялі і Габрыэлю да ўласнай творчасці. Асабліва захаплялася яна паэзіяй Адама Міцкевіча. У знак вялікай павагі да паэта-земляка яна ў 1842 годзе, ведаючы пра нязбытную тугу Адама Міцкевіча па роднай беларускай зямлі, паслала яму ў Парыж бутэльку вады з Нёмана, кветкі з родных палёў і напісаны з гэтай нагоды верш.
Выйшаўшы ў 1851 годзе замуж за Тадэвуша Пузыню, стала гаспадыняй яго маёнтка Гарадзілаў у Ашмянскім павеце (цяпер Маладзечанскі раён). Гасцявалі ў яе доме Уладзіслаў Сыракомля, Уладзіслаў Міцкевіч (сын Адама Міцкевіча), Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі. У час паездак за мяжу пазнаёмілася ў Парыжы з пісьменнікамі Антоніем Гарэцкім і Багданам Залескім.
Габрыэля Пузыня выдала ў Вільні шэраг кніг. Сярод іх зборнік вершаў рэлігійнай тэматыкі «У імя Бога» (1843), кніга свецкай паэзіі «Далей у свет!» (1845), томік маралізатарскага характару «Дзеці літоўскія. іх слоўкі, адказы, назіранні» (1847), зборнік прозы «Малыя, але праўдзівыя апавяданні» (1857) і інш. Спрабавала свае сілы і ў драматургіі. Некаторыя яе п’есы ставіліся на віленскай сцэне. Яны склалі выдадзены ў 1861 годзе зборнік «Аматарскі тэатр». У яе творах адбілася жыццё вышэйшых слаёў беларускага грамадства, асаблівасці побыту заможнай шляхты.
Важную пазнавальную каштоўнасць мае дзённік Габрыэлі Пузыні, які яна вяла з маладых гадоў і які толькі часткова быў апублікаваны, прытым праз многа гадоў пасля яе смерці у 1928 годзе. Называўся ён «У Вільні і ў літоўскіх маёнтках. Дзённік 1815-1843 гадоў» і склаў асобную кнігу. Праўда, яе выдаўцы Адам Чарткоўскі і Генрык Масціцкі апусцілі ў ім асобныя мясціны, звязаныя з асабістым жыццём аўтаркі і яе сям’і. Дзённік згарэў у час Варшаўскага паўстання 1944 года.
Хоць Габрыэля Пузыня з пашанай ставілася да роднага беларускага народа, усё ж пісала свае творы на тагачаснай літаратурнай мовс польскай, а дакладней, на тым «пераходным» польска-беларускім дыялекце, пра які казала польскі мовазнавец Кавын-Кужова ў разглядзе мовы філаматаў і філарэтаў.

АРЦЁМ ВЯРЫГА-ДАРЭЎСКІ
На прыкладзе творчасці Арцёма Ігнатавіча Вярыгі-Дарэўскага (1816-1884) можна прасачыць шлях беларускага мастацкага слова ў XIX стагоддзі. Да нас дайшлі выдатныя водгукі на яго беларускія творы, але самі творы, так і не надрукаваныя, не захаваліся, іх, відаць, назаўсёды паглынула бязлітасная Рака Бяспамяцтва, як і творы многіх іншых беларускіх літаратараў. Зберагліся толькі нязначныя рэшткі.
Нашчадак старадаўняга беларускага шляхецкага роду Арцём Вярыга-Дарэўскі ўбачыў свет у невялікім мястэчку Кубічы Лепельскага павета Віцебскай губерні. Дзяцінства яго было не з лёгкіх. Ён нават не зведаў матчынай ласкі, бо маці памерла адразу пасля родаў. Бацька, Ігнат Вярыга-Дарэўскі, збяднелы шляхціч, зарабляў хлеб, працуючы службоўцам у Кублічах. Выхоўваўся малы Арцём у сваякоў у фальварку Людвінава паблізу Дзісны. Скончыў Забельскую гімназію (у мястэчку Валынцы цяперашняга Верхнядзвінскага раёна). Служыў чыноўнікам у Віцебску. У 1840 годзе займаў пад Віцебскам фальварак Стайкі, дзе, як відаць, працаваў нейкі час на гаспадарцы. Потым зноў пайшоў на чыноўніцкую службу ў той жа Віцебск.
На хвалі грамадска-палітычнага руху ў пачатку 60-х гадоў XIX стагоддзя праявіў сваю грамадзянскую актыўнасць, выступаючы супраць антынароднай палітыкі царызму. За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў быў арыштаваны і зняволены ў Віцебскую турму, а потым сасланы ў Сібір. на катаргу. Адбыўшы яе, ён быў пакінуты на пасяленні ў Іркуцку. У апошнія гады служыў на сібірскіх капальнях золата. Недзе там і памёр.
Пра накіраванасць творчасці Арцёма Вярыгі-Дарэўскага кажа і яго псеўданім Беларуская Дуда. Служыць сваім пяром роднай Беларусі, выгаворваць сваёй творчасцю, сваёй «дудой» усе бядоты і памкненні беларускага народа такую ставіў паэт перад сабой мэту. Прытым, нягледзячы на адсутнасць беларускага друку, усё ж настойліва пісаў на мове свайго народа. «3 Беларушчынай не разбратаўся. Гэта мой ідэал, пісаў ён брату Адаму. Можа, дарэмна на яе трачуся. Што ж рабіць “Па Хомку шапка”».
На жаль, з пераважнай большасцю твораў папулярнага ў свой час сярод шырокіх грамадскіх колаў беларускага паэта Арцёма Вярыгі-Дарэўскага мы сёння не можам пазнаёміцца. He вядома, на якіх скрыжалях развеялі іх вятры часу. Мы ведаем толькі загалоўкі асобных твораў без сумнення выдатнага беларускага песняра. Гэта паэма «Ахульго» пра змаганне горцаў на чале з легендарным Шамілём за волю сваёй радзімы, драма «Гордасць», камедыі «Хцівасць» і «Грэх 4-ты гнеў», дарожныя нататкі «Гутаркі з пляндроўкі па зямлі латышскай», верш «Думка хлопца з ваколіц Віцебска на адглос вольнасці» і іншыя творы. Вядома таксама, што Арцём Вярыга-Дарэўскі рабіў пераклады на беларускую мову твораў Адама Міцкевіча. Да нас дайшлі толькі лічаныя паэтычныя творы Беларускай Дуды ды часткова яго публіцыстыка. А яшчэ захаваўся славуты «Альбом ВярыгіДарэўскага» унікальны помнік літаратуры XIX стагоддзя. У ім пакінулі свае паэтычныя і празаічныя пажаданні гаспадару альбома такія літаратурныя славутасці, як Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі, Антоні Эдвард Адынец, Ігнат Ходзька, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, гісторыкі Адам Кіркор, Мікалай Маліноўскі, Міхал Балінскі і іншыя. Усе яны шчыра віталі Арцёма Вярыгу-Дарэўскага, падзяляючы яго беларускую ідэю.
I ў далёкай сібірскай ссылцы Вярыга-Дарэўскі быў верны роднай Беларусі і там не забываў сваё беларускае слова. Нездарма ж таварышы па ссылцы называлі яго Вайдэлотам Беларусі.

ІГНАТ ХРАПАВІЦКІ
Род Храпавіцкіх здаўна вядомы на Беларусі. Яго прадстаўнікі займалі даволі высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Расійскай імперыі. Храпавіцкія былі параднёныя з многімі знакамітымі беларускімі родамі Агінскімі, Радзівіламі, Плятэрамі, Рыпінскімі. Беларусь спрадвечная радзіма Храпавіцкіх.
Паэт і фалькларыст Ігнат Храпавіцкі нарадзіўся 31 ліпеня 1817 года ў сям’і камергера царскага двара Яўстаха Храпавіцкага, які жыў у сваім родавым маёнтку ў Каханавічах Дрысенскага павета Віцебскай губерні. Вучыўся дома, у нанятых настаўніках. Звестак пра яго жыццё, асабліва пра ранні перыяд, захавалася няшмат. Вядома толькі, што ён падарожнічаў па краінах Еўропы, наведваў, напрыклад, Рым. Як відаць з яго публікацый, I. Храпавіцкі быў надзвычай адукаваным чалавекам, вызначаўся шырокай эрудыцыяй, культурай.