Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Сярод адрасатаў Аляксандра Ельскага былі Вінцэнт ДунінМарцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Кіркор, Вінцэсь Каратынскі, Ян Карловіч, Юзаф Крашэўскі і ўсе, хто так ці інакш быў звязаны з гісторыяй і культурай Беларусі.
У зборы матэрыялаў для задуманага музея з ахвотай дапамагаюць Аляксандру Ельскаму яго жонка Алена і дачка Алеся. Дарэчы, Алеся яшчэ захаплялася збіраннем беларускага фальклору, запісвала тэксты і мелодыі народных песень, і яе, такім чынам, можна з поўным правам назваць беларускай фалькларысткай. Ці не гэтыя захапленні і звялі яе з яшчэ адным апантаным збіральнікам старажытнасцяў Беларусі, Польшчы і Літвы Зыгмунтам
Глогерам, аўтарам знакамітай чатырохтомавай «Старапольскай ілюстраванай энцыклапедыі», які стаў яе мужам.
У выніку шырокамаштабнай збіральніцкай дзейнасці Аляксандра Ельскага ў правінцыйным Замосці назапасіліся каштоўныя зборы самых розных матэрыялаў з галіны гісторыі і культуры і кніжных рарытэтаў. Сярод іх больш за 60 арыгінальных карцін і тысячы гравюр, малюнкаў і эскізаў як мясцовых беларускіх мастакоў, так і заходнееўрапейскіх майстроў выяўленчага мастацтва, шмат каштоўных археалагічных, нумізматычных, этнаграфічных экспанатаў, рэдкіх вырабаў з фарфору, косці, шкла, дрэва, калекцыі слуцкіх паясоў, гадзіннікаў, старадаўняй мэблі. У замосцінскім музеі захоўваліся папкі з уласнаручнымі рукапісамі знакамітых людзей французскага караля Людовіка XVI і яго жонкі Марыі Антуанеты, Напалеона Банапарта, рускіх цароў Паўла і Пятра I. Два партфелі займалі аўтографы Адама Міцкевіча і звязаныя з яго імем матэрыялы.
Надзвычай багатая старадрукамі і рэдкімі выданнямі сабралася ў Аляксандра Ельскага бібліятэка, у якой налічвалася звыш 10 тысяч кніг на самых розных мовах. Сярод іх было нямала такіх, якім маглі пазайздросціць самыя знакамітыя музеі Еўропы. Напрыклад, кніга Плутарха з бібліятэкі Напалеона. Цікавая гісторыя гэтага асобніка. Ён быў згублены ў час уцёкаў Напалеона з Масквы. Убачыўшы гэтую кнігу, адзін з казакаў кальнуў яе пікай і падаў свайму афіцэру. Кніга Напалеона са слядамі казацкай пікі неверагодным чынам дасталася Аляксандру Ельскаму, які знайшоў для яе сваё месца ў сабранай ім бібліятэцы.
Але ў сваіх зборах Аляксандр Ельскі перавагу аддаваў беларускім матэрыялам. У Замосці захоўваліся ў сістэматызаваным парадку рэдкія беларускія старадрукі, летапісы, хронікі, геаграфічныя карты, атласы, усе выданні Статута Вялікага Княства Літоўскага, прыжыццёвыя выданні і рукапісы Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Адама Кіркора, матэрыялы іншых пісьменнікаў і дзеячаў беларускай культуры, а таксама запісы беларускага фальклору, зробленыя самім замосцінскім гаспадаром і яго дачкой Алесяй.
Слава пра незвычайныя зборы культурных каштоўнасцяў у Замосці разышлася далёка за межы Беларусі. Для азнаямлення з імі сюды прыязджалі знакамітыя дзеячы навукі і культуры розных краін. Імкнучыся займець іх аўтографы, Аляксандр Ельскі завёў спецыяльную «Кнігу для запісаў асобаў, што аглядаюць зборы ў Замосці, пачатую ў 1882 годзе». Адзін з наведнікаў Замосця вядомы польскі фалькларыст і этнограф, аўтар мнагатомавага «Люду беларускага» Міхал Федароўскі зазначыў у кнізе: «Як бы я ні намагаўся знайсці самыя красамоўныя словы, яны не перададуць тое пачуццё, што выклікала ў маім сэрцы і душы гэтае багацце незраўнаных скарбаў і дарагіх памятак, таму замест выказвання таго, чаго словамі акрэсліць немагчыма, я з хваляваннем схіляю перад табой галаву і нізка кланяюся, каб выказаць табе глыбокую пашану, самы заслужаны і самы паважаны Працаўнік, а таксама мілы гаспадару, зычачы, каб Бог дазволіў табе як можна больш гадоў працаваць яшчэ для айчыннай навукі і дабра ўдзячных землякоў».
Унікальны музей і багатая бібліятэка ў Замосці, на жаль, не захаваліся. Зберагліся толькі тыя рукапісы, якія сам Аляксандр Ельскі ў 1900 годзе падарыў бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, і экспанаты, ахвяраваныя ім кафедры археалогіі гэтага ж універсітэта. Нацыянальнаму музею ў Кракаве перадаў ён таксама і малюнкі. Усё гэта склала каля 20 000 адзінак. У 1907 годзе А. Ельскі падарыў некаторыя рукапісы архіву Таварыства сяброў навук у Вільні. Астатняе ж загінула ў агні Першай сусветнай вайны, канца якой ён не дачакаўся: памёр Аляксандр Ельскі 27 жніўня 1916 года ў маёнтку Замосце і быў пахаваны ў Дудзічах.
Стварэнне музея старажытнасцяў у Замосці было хоць і галоўнай, але не адзінай галіной дзейнасці Аляксандра Ельскага. Пра свае пошукі помнікаў культуры і гісторыі, пра цікавыя знаходкі Аляксандру Ельскаму рупіла расказаць людзям, адкрыць перад усімі вялікія культурныя багацці роднай зямлі. I ён бярэцца за пяро, пачынаючы плённае супрацоўніцтва з рознымі друкаванымі органамі, у прыватнасці з віленскай грамадска-палітычнай і літаратурнай газетай «Kurjer Wilenski» і асабліва
з пецярбургскім штотыднёвікам на польскай мове «Kraj», у якім перыядычна з’яўляюцца «Лісты з правінцыі» А. Ельскага пра сучаснае яму жыццё Міншчыны, нарысы, артыкулы і грунтоўныя навуковыя даследаванні. Гісторыя, этнаграфія, літаратура і мастацтва, грамадска-палітычныя праблемы часу, эканоміка вось кола інтарэсаў Аляксандра Ельскага. Свае публікацыі ён часта падпісвае псеўданімамі Бацян з-над Пцічы, Літвін-грамадзянін, Свядомы, падкрэсліваючы сваю адданасць роднай зямлі.
Выдатна характарызуюць апантаную натуру Ельскага яго краязнаўчыя нарысы. Адзін з іх «Пра бібліятэку Юльяна Бергеля, пастара ў Слуцку». Гэта па-пісьменніцку выстраенае апавяданне з дарожнымі прыгодамі і лірычнымі адступленнямі пра паездку разам з дачкой Алесяй і яе сяброўкай з Замосця ў Слуцк для агляду знакамітай бібліятэкі слуцкага калекцыянера Юльяна Бергеля, багаты кнігазбор якога прыемна ўразіў Аляксандра Ельскага і падахвоціў яшчэ больш інтэнсіўна заняцца стварэннем уласнага музея старажытнасцяў і сваёй бібліятэкі. He з меншай цікавасцю чытаюцца нарысы-даследаванні Аляксандра Ельскага «Піва і піваварства ў нашым мінулым» (1883), «Заўвагі пра сялянскае пытанне ў нас і ў іншых краінах» (1884), «Нарыс гісторыі айчыннай гаспадаркі ў супастаўленні са звычаямі народа ад старажытнасці да нашых дзён» у двух тамах (1893-1897), «Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку» (1894), «Нарыс звычаяў шляхты ў супастаўленні з эканомікай і доляй люду ў Польшчы і Літве» ў двух тамах (1897-1898), «Карцёжніцтва і іншыя азартныя гульні і забавы ў нас у святле традыцый і айчыннай літаратуры» (1899), «Гістарычныя звесткі пра фабрыку шкла і аздобных люстэркаў у радзівілаўскім Урэччы на Літве» (1899), «Згубны культ іншаземшчыны ў нас у святле айчыннай літаратуры» (1901), «Што такое раскоша ўвогуле і як яна праяўляецца ў нас у святле народных традыцый і айчыннай літаратуры» (1903), «Нарыс гісторыі Мінскай каталіцкай епархіі» (1907), «Пакаранне ў хрысціянскай сям’і» (1908). Усе гэтыя працы выходзілі асобнымі выданнямі ў Варшаве, Кракаве, Санкт-Пецярбургу і Мінску. Асобныя нарысы, часам з працягам, друкаваліся таксама ў перыядычных выданнях.
У другой палове XIX стагоддзя ў Польшчы пачалі стварацца і выходзіць з друку вельмі грунтоўныя мнагатомавыя энцыклапедычныя выданні «Геаграфічны слоўнік Польскага Каралеўства і іншых славянскіх краёў» («Slownik geograficzny Krolestwa Polskiego i innych krain slowianskich») i «Вялікая ўсеагульная ілюстраваная энцыклапедыя» («Wielka Encyklopedia Powszechna Ilustrowana»). Аляксандра Ельскага як найпершага знаўцу Беларусі, яе гісторыі і культуры запрашаюць іх рэдакцыі да супрацоўніцтва. Для гэтых энцыклапедый Бацян з Замосця напісаў і апублікаваў каля 10 тысяч артыкулаў. Большасць з іх гэта сціслыя, «пратакольныя» звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі. Але Аляксандр Ельскі ўмудраўся і на адведзеных яму цесных плошчах выдання сказаць пра самае значнае, самае неабходнае. Што ж да найбольш буйных гарадоў, такіх, як Мінск, Пінск, то ім прысвячаліся і самыя вялікія, манаграфічнага кшталту артыкулы, у якіх і сённяшні чытач знойдзе безліч цікавай інфармацыі.
Як ужо гаварылася вышэй, у сваёй шырокамаштабнай дзейнасці па стварэнні замосцінскага музея і бібліятэкі Аляксандр Ельскі абапіраўся на шырокае кола зацікаўленых людзей, дзеячаў навукі і культуры. Пра найбольш блізкіх па духу дзеячаў, асабліва тых, хто шчыра працаваў для дабра свайго краю і садзейнічаў абуджэнню нацыянальнай свядомасці беларусаў, ён імкнуўся расказаць як мага больш, падаючы ўсім яркія прыклады служэння свайму народу. Сярод герояў яго жыццяпісаў мы бачым і архівіста Міхала Богуша-Шышкі, які працаваў у архівах князёў Радзівілаў у Нясвіжы і Берліне, грамадскага і культурнага дзеяча Яна Ваньковіча, гісторыка, выдаўца, грамадскага дзеяча Адама Ганорыя Кіркора, грамадскага дзеяча Эмерыка Чапскага, «людзей Міцкевічавай эпохі», паплечнікаў вялікага паэта Дамініка Ходзькі, Казіміра Пясэцкага, Рафала Слізеня, Францішка Галавацкага, тры «постаці жанчын з-над Нёмана, Дняпра і Дзвіны» пісьменніцы Евы Фялінскай, аўтаркі гаспадарчай кнігі «Літоўская гаспадыня» Ганны Цюндзявіцкай, філантропкі Габрыэлі Горват, «беларускага хлебароба» Тамаша Грыба, пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і іншых.
Аляксандра Ельскага па праве можна лічыць заснавальнікам навуковага беларусазнаўства. Ён першы заняўся ўсебаковым і сапраўды глыбокім навуковым даследаваннем адначасова гісторыі, мовы, літаратуры, матэрыяльнай культуры, этнаграфіі. прамысловасці, сельскай гаспадаркі беларусаў як самастойнага народа ў славянскім свеце. I прысвяціў гэтым даследаванням больш чым паўстагоддзя.
Такую дзейнасць А. Ельскі лічыў сваім найсвяцейшым патрыятычным абавязкам. Ён быў адным з першых грамадзян нашай зямлі, якія шчыра паверылі ў непазбежнасць недалёкага духоўнага адраджэння беларускага народа, што ён асабліва выразна засведчыў у пісьме да Яна Карловіча ад 16/28 лютага 1890 года: «Зразумела, насілле і рэўнасць спыняюць беларускую літаратуру <•. •>, свежым доказам чаго з’яўляецца затрыманне выдання Запольскага ў Кіеве, бо хоць каляндар яго на гэты год («Календарь Северо-Западного края» на 1890 год) выйшаў, але цалкам ачышчаны ад беларушчыны. Аднак і ў такую крытычную хвіліну нельга нам апускаць рукі і трэба ратаваць гаворку братоў-беларусаў шляхам збірання як этнаграфічнага, так і літаратурнага матэрыялу для болып шчаслівай будучыні. <...>