Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Але не толькі сярод чылійцаў заслужыў высокую пашану Ігнат Дамэйка. Сваё імя праславіў ён яшчэ задоўга да прыезду ў Чылі як адзін з актывістаў вядомага віленскага згуртавання моладзі Таварыства філаматаў і як удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў на Беларусі і ў Польшчы.
Нездарма геній сусветнай літаратуры Адам Міцкевіч зрабіў Ігната Дамэйку адным з персанажаў славутай паэмы «Дзяды». Яго ж вобраз вывеў паэт і ў другім сваім шэдэўры паэме «Пан Тадэвуш».
Калі б падрабязна расказаць пра пакручастую долю Ігната Дамэйкі, пра ўсе яго шляхі-дарогі, пра неверагодныя падзеі жыцця, атрымаўся б сапраўдны прыгодніцкі раман.
У гэтым жа эсэ мы паспрабуем паказаць хаця б галоўныя вехі на жыццёвым шляху славутага вучонага, прасочым, як узышоў ён на вяршыню славы.
Нарадзіўся Ігнат Дамэйка 31 ліпеня 1802 года ў родавай сядзібе Медзвядка паблізу Міра Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). У сем гадоў малы Ігнась страціў бацьку, Іпаліта Дамэйку, старшыню Наваградскага земскага суда. Маці Караліна з дому Анцутаў засталася пасля яго смерці з трыма сынамі і дзвюма дочкамі. На дапамогу ёй прыйшлі Іпалітавы браты. Адзін з іх, гаспадарлівы Ігнат Дамэйка, які меў агранамічную адукацыю, узяў на выхаванне свайго малога цёзку да сябе ў маёнтак Жыбуртоўшчына ў Лідскім павеце, за 12 вёрст ад паштовай станцыі Наваельня. Дзядзька прывучаў малога Ігнася гаспадарыць на зямлі. А другі дзядзька Юзаф, які атрымаў асвету ў Германіі, у славутай фрайбургскай Горнай акадэміі і меў у сваім доме немалую калекцыю мінералаў і прыродазнаўчых кніг, хацеў зацікавіць пляменніка канкрэтнымі навукамі, і ў першую чаргу сваёй любімай мінералогіяй, рамантычнай прафесіяй геолага. Дзеля гэтага ён адвёз Ігнася ў Шчучын, у піярскую школу, дзе шмат увагі надавалася прыродазнаўчым навукам. бо школьную праграму склаў тут былы яе выкладчык вядомы мінералог і батанік Станіслаў Баніфацый Юндзіл. У школе меўся неблагі мінералагічны музей, багатая бібліятэка. Вучні былі пад апекай гувернёраў, ці «дырэктараў». Такім «дырэктарам» для Ігнася стаўся будучы паэт-філамат Ануфрый Петрашкевіч, дарэчы, таксама схільны да прыродазнаўства. Добры ўплыў меў на Ігната Дамэйку і адзін з выкладчыкаў школы ксёндз-піяр Калясанты Львовіч, які таксама трапіў у героі Міцкевічавых «Дзядоў».
Чатырнаццаць гадоў было Ігнату Дамэйку, калі ён скончыў Шчучынскую піярскую школу і запісаўся ў студэнты Віленскага ўніверсітэта. на фізіка-матэматычны факультэт, дзе ўзяўся шчыра вывучаць выбраныя ім навукі: біялогію, хімію, матэматыку. Адначасова наведваў лекцыі прафесараў літаратуры і гісторыі.
У 1821 годзе маці Ігната Дамэйкі атрымлівае ў спадчыну маёнтак свайго брата Станіслава Анцуты Сачыўкі каля Крашына (радзімы Паўлюка Багрыма) з усёй рухомасцю. Гаспадаром маёнтка яна хацела бачыць свайго сына Ігнася. Хлопец, вядома ж, не раз прыязджаў з Вільні ў Сачыўкі, памагаў мацеры гаспадарыць, але назаўсёды пакінуць вучобу не змог.
Праз які год універсітэт быў скончаны. Ігнат Дамэйка атрымаў ступень магістра філасофіі. Але прагны да ведаў юнак не спяшаўся развітвацца з універсітэтам. Яму хацелася глыбей засвоіць гісторыю, літаратуру, мовы. Ён ужо добра ведаў французскую і англійскую мовы, вывучаў яшчэ нямецкую і латынь. Хацелася таксама пазнаёміцца з гісторыяй архітэктуры, з геадэзіяй. Акрамя таго, затрымлівалі хлопца ва ўніверсітэце ў Вільні і абавязкі ў Таварыстве філаматаў, куды яго ахвотна прынялі старэйшыя сябры, відаць, не без падтрымкі былога «дырэктара» Ануфрыя Петрашкевіча.
Прыходзіла пара ўладкоўвацца Ігнату Дамэйку на работу. Вядома, маладога хлопца вабіў да сябе горад, дзе ён мог знайсці як спецыяліст някепскую пасаду. Але перамагла «агітацыя» дзядзькі Ігната заняцца гаспадаркай на вёсцы. Паколькі ў Сачыўках, дзе жыла маці, гаспадарыў цяпер сястрын муж, Ігнату Дамэйку аддавалі ў валоданне маёнтак Заполле ў Лідскім павеце. Дваццацігадовы Жэгота, як называлі сябры Ігната Дамэйку, з цікавасцю і маладым запалам узяўся за гаспадаранне, зрабіўся нават вядомым «ва ўсёй Літве аканомам», як адзначана ў III частцы «Дзядоў» Адама Міцкевіча.
Калі пачалося следства па справе філарэтаў і філаматаў, следчая камісія даведалася і пра ўдзел Ігната Дамэйкі ў тайным згуртаванні моладзі. У лістападзе 1823 года маладога гаспадара Заполля арыштоўваюць, дастаўляюць у Вільню і кідаюць у сцены базыльянскага кляштара, дзе яго з вялікай прыхільнасцю і спагадай сустрэлі, як расказваецца ў «Дзядах», сябры па нядолі (праўда, з мастацкіх меркаванняў Міцкевіч перанёс гэтую сустрэчу на Каляды).
Каля паўгода давялося марнавацца маладому земляробу ў непрытульных, халодных кляштарных сценах, задавальняцца далёка не раскошным турэмным пайком. Толькі вясной наступнага года яго разам з большасцю сяброў выпусцілі на сонечнае святло. Пазбегнуць высылкі ў «аддаленыя губерні Расіі» дапамаглі Жэготу ўплывовыя дзядзькі. Улады пакуль што задаволіліся толькі высылкай «змоўшчыка» на вёску, у яго ж Заполле. пад нагляд паліцыі і без права ўладкавання на дзяржаўную службу,
пакуль не будзе дадзены на гэта «дазвол яго цэсарэвічаўскай вялікасці вялікага князя Канстанціна», як адзначалася ў прыгаворы.
У сваім Заполлі пад неаслабным паліцэйскім вокам прагаспадарыў Ігнат Дамэйка цэлых шэсць гадоў. He вядома, колькі б яшчэ доўжылася гэтая, хай і не пакутлівая, ссылка, калі б не паўстанне 1830-1831 гадоў. Пачуўшы пра яго, Дамэйка пры першай жа магчымасці ўцякае з дому і становіцца ў шэрагі змагароў за вызваленне Айчыны ад маскоўскага «прылучэння». Змагаўся ён у войску генерала Хлапоўскага.
Пасля разгрому паўстання ўцалелыя яго ўдзельнікі падаюцца ў сталіцу Саксоніі Дрэздэн, які даў ім часовы прытулак перад ад’ездам далей на Захад. У Дрэздэне Ігнат Дамэйка сустрэўся з віленскімі сябрамі Антоніем Эдвардам Адынцом і Адамам Міцкевічам. Адсюль разам з Міцкевічам, з якім яшчэ болып зблізіла яго цяпер агульная эмігранцкая доля, у канцы ліпеня 1832 года ён едзе ў Парыж сапраўдную сталіцу польскай эміграцыі.
Жыў там Дамэйка з Міцкевічам у адным з недарагіх гатэляў, потым сябры знайшлі прыватныя кватэры. У Парыжы сустракае Жэгота і свайго стрыечнага брата Уладзіслава Лясковіча, такога ж паўстанца-выгнанніка, які раней прыехаў у Парыж і пасяліўся ў яго ваколіцы.
У французскай сталіцы Ігнат Дамэйка актыўна ўключаецца ў грамадскае жыццё эміграцыі. Даведаўшыся, што тут неўзабаве пасля разгрому Лістападаўскага паўстання, а канкрэтна 10 снежня 1831 года, утварылася Таварыства літоўскае і рускіх зямель, ён зноў жа разам з Адамам Міцкевічам абодва ж «літвіны» запісваецца ў гэтае згуртаванне і бярэ ў ім самы чынны ўдзел. Мэтай таварыства, як зазначалася ў статуце, было стварэнне гісторыі Лістападаўскага паўстання на Беларусі, Літве і Валыні і наогул вывучэнне мінуўшчыны і «статыстыкі» гэтых зямель. Сваімі працамі таварыства хацела паказаць сусветнай грамадскасці, што насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага было і застаецца «адным з народаў Еўропы, які быў прыгожай палавінай Рэчы Паспалітай польскай». Ігнат Дамэйка склаў цэлую праграму работы таварыства, скарыстаўшы пры гэтым, вядома, свой філамацкі вопыт. Дарэчы, дзейнасць парыжскага аб’яднання
«літвінаў», якое ў цэнтр сваёй увагі ставіла ў першую чаргу Беларусь, ніхто ў нас яшчэ не вывучаў, і ў архівах Парыжа, дзе, пэўна. аселі яго матэрыялы, нас могуць чакаць цікавыя адкрыцці.
He мінаў Ігнат Дамэйка і іншых грамадскіх згуртаванняў эміграцыі, напрыклад Таварыства навуковай дапамогі Літаратурнага аб’яднання, што потым ператварылася ў Гісторыка-літаратурнае таварыства.
Дзейны і неспакойны па натуры Дамэйка заняўся ў Парыжы таксама падрыхтоўкай да друку і выдання прац і мастацкіх твораў сваіх сяброў. Яго паслугамі карысталіся, напрыклад, Іаахім Лялевель, Багдан Залескі. Асабліва адчувальную падтрымку і дапамогу «любага Жэготы» атрымліваў Адам Міцкевіч. Калі паэт засеў за напісанне свайго самага буйнога і значнага твора «Пан Тадэвуш», Дамэйка быў у гэтай тытанічнай працы незаменны памочнік і кансультант. Як добры знаўца роднай яму і паэту Наваградчыны, ён падаваў для Міцкевіча шмат важных звестак з яе гісторыі, прыроды, памагаў узнавіць у памяці постаці яе адметных людзей, што сталі вобразамі паэтычнай эпапеі. Ды і патрэбныя словы часам памагаў знайсці сябру. Гэта ж перш за ўсё яго, Дамэйку, меў на ўвазе Міцкевіч, калі ў адным з лістоў расказваў, як пісалася паэма: «I сябры тады памагалі сваімі расказамі, і для песні мне кідалі слова за словам».
Яму, Ігнату Дамэйку, даручыў паэт і перапісванне паэмы для друку (машынкі ж тады не было) з адзінага, не надта каб і чытэльнага арыгінала. Гэта была немалая праца перапісаць начыста агромністы па сваім памеры твор.
Ігнат Дамэйка не толькі быў у некаторай ступені саўдзельнікам у напісанні паэмы, але і дзякуючы асобным рысам свайго характару стаў правобразам аднаго з галоўных герояў твора Яцака Сапліцы, якому аўтар меркаваў спачатку і імя даць Жэгота. Нават усю паэму паэт меўся назваць Дамэйкавым імем «Жэгота», паставіўшы ў цэнтр увагі яго вобраз прадстаўніка дробнай шляхты, носьбіта свабодалюбівых ідэй.
Парыж, гэты важны цэнтр еўрапейскай культуры, у пару знаходжання ў ім Ігната Дамэйкі перажываў росквіт прыродазнаўства. I гэта ў поўнай меры скарыстоўвае наш «літоўскі»
прыродазнавец, мінералог. 3 прагнасцю слухае ён лекцыі славутых вучоных Францыі, наведваючы такія асяродкі навукі, як Калеж дэ Франс і Сарбона, а таксама незраўнаны парыжскі Батанічны сад. Каб удасканаліць свае веды ў выбранай мінералогіі, Ігнат Дамэйка паступае ў Горную школу, зноў садзіцца на студэнцкую лаву. За тры гады ён прайшоў увесь курс навучання, закончыўшы школу ў 1837 годзе з вялікім багажом ведаў і дыпломам спецыяліста ў руках.
На пастаянную працу Дамэйку запрашаюць у Эльзас, дзе ён знайшоў багатыя паклады жалезнай руды. Яму даручаюць арганізацыю выплаўкі жалеза, за што абяцаюць добрыя заробкі, але перспектыва звязаць сваё жыццё з прамысловасцю ў чужой краіне не надта цешыць вольналюбівага «літвіна». Яго ўсё больш прыгнятала безвыходнасць, бессэнсоўнасць жыцця.
Ды якраз у гэты час, час роздуму і сумненняў, Ігнат Дамэйка атрымаў з Парыжа ліст ад свайго сябра Адама Міцкевіча, ліст, што стаў паваротным у яго жыцці: «Мілы Жэгота! Я вельмі рады, што ты нарэшце знайшоў сваю руду... Але ці ведаеш ты, што цябе чакаюць амерыканскія капальні? Быў якраз сёння ў мяне паляк Ястжэмскі, які сустракаўся з французам Дзюфрэно. Хто такі гэты Дзюфрэно, я не ведаю. Але ён сказаў, што ёсць для цябе месца ў Чылі, дзе ты станеш прафесарам хіміі і металургіі, дадуць табе грошы на дарогу і зарплату тры тысячы даляраў. Ястжэмскі кажа, што гэта будзе 15 тысяч франкаў. Выезд у кастрычніку. Так што пішы Дзюфрэно і даведвайся пра падрабязнасці».