Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Жыгімонты ды Батуры Клёк знаходзілі ў віне.
Браў калісь гумор вясёлы 3 чары і Анакрэон.
Весяліў палацы й сёлы, I таму вялікі ён!
Дык жыві ж, наш Бах каханы, Весялі заўсёды нас.
Ты вяртаеш час жаданы, Што нуду змятае ўраз.
Гэй, гуляйма, філарэты! Радасць, нас усіх радні!
Дружбай вернаю сагрэты Будуць вечна нашы дні!
А калі аклічуць трубы Нас у сонечны прасцяг, Дружна ўскінем вальналюбы Мы з Пагоняй нашай сцяг!*
Але Міхал Рукевіч не лічыў літаратуру нечым галоўным у сваім жыцці, хоць і меў цягу да паэтычнай творчасці. На першы план ён ставіў арганізацыю супраціўлення царскаму самаўладдзю, вызваленне ад яго роднай зямлі.

ФРАНЦІШАК МАЛЕЎСКІ
Сын рэктара Віленскага ўніверсітэта Сымона Малеўскага няўрымслівы Францішак Геранім Малеўскі (сябры звалі яго яшчэ Ярош), хоць і быў крыху маладзейшы за большасць сваіх сяброў-філаматаў (нарадзіўся ён 21 жніўня 1800 года ў Вільні), але вылучаўся сярод іншых сваёй шырокай адукаванасцю, эрудыцыяй, бездакорным выхаваннем. Ужо ў маладым узросце ён дасканала валодаў многімі еўрапейскімі мовамі французскай, нямецкай, англійскай, італьянскай, лацінскай, польскай і беларускай, добра ведаў сусветную літаратуру, асабліва нямецкую, шчодра дзяліўся сваімі ведамі з сябрамі, якія чуйна лавілі новыя павевы з Захаду, сэрцам успрыняўшы дух рамантызму, што нёс літаратуры ажыўленне. Ва ўспрыманні новых ідэй шмат дапамог Францішак Малеўскі свайму сябру Адаму Міцкевічу, якога забяспечваў багатай літаратурай з сямейнай бібліятэкі. памагаў арыентавацца ў гісторыі еўрапейскіх літаратур. Удзячны Міцкевіч прысвяціў Францішку Малеўскаму всрш «Шашкі». Яго імя значыцца і між імён сяброў, якім Міцкевіч прысвяціў сваю першую паэтычную кнігу. Як адзначаў гісторык польскай літаратуры Юзаф Каленбах, Францішак Малеўскі «быў узорам працавітасці для іншых, вельмі патрабавальным да сяброў, але перш за ўсё да сябе».
У Віленскім універсітэце, куды ён паступіў у 1815 годзе, Францішак Малеўскі вучыўся на юрыста. Але вельмі цікавіўся і іншымі навукамі.
Ужо ў самыя першыя месяцы пасля ўтварэння Таварыства філаматаў сямнаццацігадовы студэнт універсітэта з рэкамендацыі
Адама Міцкевіча прымаецца ў члены гэтай арганізацыі і становіцца адным з самых актыўных яе дзеячаў. Ён выбіраецца на пэўны час сакратаром згуртавання, а пасля выезду Адама Міцкевіча ў Коўню з кастрычніка 1821 года ўзначальвае I аддзел Таварыства філаматаў. Як студэнт-юрыст Францішак Малеўскі бярэ чынны ўдзел у напісанні статутаў згуртавання, у рэарганізацыі Таварыства, актыўна выступае на пасяджэннях з навуковымі паведамленнямі, удзельнічае ў дыскусіях і дыспутах. Калі ўтварылася Таварыства філарэтаў, Францішка Малеўскага выбіраюць яго віцэ-прэзідэнтам. Ён жа распрацаваў і статут гэтай новай прадстаўнічай арганізацыі.
3 ўсёй сваёй маладой энергіяй узяўся Францішак Малеўскі за грамадскую працу для дабра краю, для яго асветы. Гэта яму належыць ідэя ўтварэння спецыяльнага Статыстычнага камітэта для ўсебаковага вывучэння роднай «Літвы». Пра абавязак філаматаў вывучаць родны край Францішак Малеўскі не раз гаварыў на навуковых пасяджэннях Таварыства, дзе сцвярджаў, што «нельга быць госцем на ўласнай зямлі, нельга не дбаць пра яе патрэбы...». Арганізаваўшы Статыстычны камітэт, ён становіцца яго старшынёй і адразу ж разгортвае шырокую дзейнасць па арганізацыі збору геаграфічных і этнаграфічных матэрыялаў з акругі Віленскага ўніверсітэта. Каб прылучыць да гэтай працы самыя шырокія колы адукаваных людзей, Францішак Малеўскі на аснове апублікаваных у друку яшчэ да вайны 1812 года афіцыйных інструкцый для вывучэння стану асветы складае з дапамогай Міхала Рукевіча і іншых філаматаў сваю, філамацкую, інструкцыю. у якой падае шырокую праграму вывучэння роднага краю, яго прыроды, геаграфіі, складу насельніцтва, а таксама скіроўвае ўвагу збіральнікаў на дэталёвае вывучэнне этнаграфіі, мовы розных станаў грамадства, на самабытнасць мясцовай культуры, імкнецца выявіць чужаземныя ўплывы на яе, асабліва ўздзеянне «маскалёў»-вайскоўцаў.
На жаль, ажыццявіць такую цікавую задуму перашкодзіла паліцыя, якая, даведаўшыся пра нелегальнае выданне філаматамі гэтага «Геаграфічнага апісання, ці Інструкцыі ў збіранні
звестак для вывучэння парафій», канфіскавала ўвесь тыраж брашуры, за што філаматы мелі шмат непрыемнасцяў.
He ўдалося Францішку Малеўскаму стварыць і прадстаўнічы Саюз літоўскай моладзі, пры дапамозе якога ён марыў далучыць моладзь Беларусі і прылеглых зямель да карыснай грамадскай дзейнасці. Ва ўмовах канспірацыі такое шырокае аб’яднанне моладзі было проста нерэальнае. Тое ж трэба сказаць і пра спробу Францішка Малеўскага арганізаваць Саюз маладых адвакатаў.
Нягледзячы на перашкоды, філаматы рабілі ўсё магчымае для пашырэння сваіх ідэй. Галоўнай для іх была асвета народа. Францішак Малеўскі надаваў вялікае значэнне новым метадам навучання, якія садзейнічалі пашырэнню асветы сярод простага люду, давалі адукацыю сялянскім дзецям. Перш за ўсё гэта ланкастарская сістэма навучання, якую ён увёў у Шчорсах пры падтрымцы графа Адама Храптовіча. У пісьме да Яна Чачота 7 жніўня 1821 года Францішак Малеўскі так расказвае пра арганізаваную ім шчорсаўскую школу Ланкастара: «Я не браўся за кнігі, нават падумаць не мог пра нашу работу, бо цэлыя дні праводзіў то ў садзе, то ў школе Ланкастара. 3 увагаю гляджу на 250 дзяцей, сабраных разам у вялікім памяшканні. Што гэта за карціна, што за поле для назірання, што за ўцеха! Бачу, што лепш скарыстоўваць метад Ланкастара не ў горадзе, а на вёсцы, і не 50 ці 100, а значна болей дзяцей можна вучыць пры яго дапамозе. Перад вачамі ў мяне сялянскія ўборы. сярмяжкі, кашулькі, палатняныя куртачкі. Гэтулькі многа вучняў! Толькі тут можна ацаніць Ланкастара як вялікага дабрадзея, нізка пакланіцца яму за такое вынаходства. Ці схіліцца перад блаславёным Наканаваннем, што дало ў гэтым стагоддзі такое адкрыццё...»
Гэтую вельмі прагрэсіўную сістэму навучання Францішак Малеўскі імкнецца пашырыць на ўсю «Літву», ахапіць з яе дапамогай як мага больш сялянскіх дзяцей, што імкнуцца да навукі. На старонках віленскага друку ён выступае з артыкуламі, дзе расказвае пра вопыт шчорсаўскай школы Ланкастара, горача заклікае пераймаць яго ў іншых школах.
Пасля сканчэння Віленскага ўніверсітэта Францішку Малеўскаму адкрылася магчымасць стаць прафесарам права гэтай па-
важнай навучальнай установы, застацца тут працаваць. Дзеля гэтага ўніверсітэт накіраваў яго за мяжу, каб паглыбіць і пашырыць веды ў выбранай галіне навукі. Малеўскі пабыў у Варшаве, а потым паехаў у Берлін, дзе слухаў лекцыі вядомых нямецкіх вучоных. У 1822 годзе ён наведаў Вену, Лейпцыг, Дрэздэн, Прагу, дзе знайшоў шмат карыснага для папаўнення сваіх ведаў. У Празе малады вучоны пазнаёміўся з чэшскім «будзіцелем» Вацлавам Ганкам, з якім шчыра пасябраваў, наладзіўшы потым шматгадовую перапіску. Відавочна, якраз ён пазнаёміў потым з ім і Адама Міцкевіча.
У канцы 1823 года Малеўскага нечакана арыштоўваюць нямецкія ўлады без прад'яўлення хоць бы якога абвінавачвання. Толькі потым яму паведамілі аб арышце ў Вільні сяброў-філаматаў, а таксама філарэтаў. Яго ж самога арыштавалі згодна з распараджэнннем вялікага князя Канстанціна. Пратрымаўшы ў турэмнай камеры да лютага 1824 года, нямецкія ўлады перадалі Францішка Малеўскага ў рукі расійскіх улад. Яго даставілі з Берліна спачатку ў Варшаву, дзе ён трапіў на допыт да самога «цэсарэвіча». Паколькі сябры не змаглі перадаць Францішку Малеўскаму, як яму трымацца і што казаць на допыце, ён міжволі прагаварыўся пра існаванне Таварыства філаматаў, што яго сябры старанна ўтойвалі ад улад. Такім чынам ён стаў міжвольнай прычынай раскрыцця гэтага ядра студэнцкіх і не толькі студэнцкіх згуртаванняў.
За ўдзел у тайных арганізацыях моладзі Францішка Малеўскага спачатку высылаюць разам з яго сябрамі ў Пецярбург, у Міністэрства асветы, якое пастанавіла паслаць іх у Адэсу, выкарыстаць там як выкладчыкаў тамтэйшай гімназіі. 3 Адэсы Малеўскі трапіў з сябрамі ў канцы 1825 года ў Маскву. Тут Францішка Малеўскага і Адама Міцкевіча залічылі на службу ў канцылярыю маскоўскага генерал-губернатара ліберальнага князя Д. В. Галіцына. I жыў Малеўскі на адной кватэры з Міцкевічам.
Прыехаўшы ў канцы 1827 года ў Пецярбург, сябры пасяляюцца ў гэтай паўночнай сталіцы. Праз два гады яны разлучыліся ў ёй назаўсёды. Адам Міцкевіч выехаў за мяжу, а Францішак Малеўскі застаўся жыць у Пецярбургу.
У Францішка Малеўскага доля была больш шчаслівая, чым у яго сяброў. Ён адзіны з усіх беларускіх выгнаннікаў, каму ўдалося і па-за межамі радзімы працаваць на яе карысць. Пачалося з таго, што Ф. Малеўскага запрасілі на працу ў 2-е аддзяленне «Собственной его нмператорского велнчества канцелярнн», якое з 1826 года ажыццяўляла пад кіраўніцтвам прагрэсіўнага дзяржаўнага дзеяча М. М. Спяранскага кадыфікацыю законаў. Разам з былым сваім настаўнікам, прафесарам Віленскага ўніверсітэта, знаўцам гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Ігнатам Даніловічам, гэтакім жа выгнаннікам з роднай беларускай зямлі, і яшчэ адным земляком-гісторыкам Аляксандрам Каравіцкім Малеўскі заняўся зборам «провннцмальных законов для западных губерннй, прнсоеднненных от Польшн», як гаварылася ў царскім дакуменце. Францішак Малеўскі з вялікай цікавасцю і разуменнем важнасці сваёй работы ўзяўся за адшукванне і складанне юрыдычных помнікаў роднага краю. Тым больш, што спачатку ўлады меркавалі на падставе гэтых законаў выпрацаваць для «заходніх губерняў» сваё асобнае заканадаўства, ад чаго, праўда, неўзабаве адмовіліся. Сабраныя Малеўскім, Даніловічам і Каравіцкім матэрыялы ўвайшлі ў «Полное собранне законов Росснйской нмпернн» ў 45 тамах, выдадзенае ў 1830 годзе, а таксама ў «Свод законов Росснйской нмперші» ў 15 тамах (1832-1839). У гэтых выданнях нямала знойдзеных Францішкам Малеўскім юрыдычных помнікаў вялікай беларускай дзяржавы. Пра гэта сведчыць і той факт, што пасля заканчэння працы Францішак Малеўскі быў узнагароджаны ордэнам Святой Анны і атрымаў прэмію 10 тысяч рублёў срэбрам. Яму прызначылі таксама пажыццёвую пенсію 3 тысячы рублёў штогод.
Пазней Францішак Малеўскі стаў дырэктарам Літоўскай метрыкі (архіва) пры той жа царскай канцылярыі, дзе, трэба думаць, ён нямала зрабіў для арганізацыі збору і захоўвання гістарычных дакументаў, што расказваюць пра мінулае Беларусі. Як сведчаць сучаснікі, ён любіў паўтараць такое выслоўе: «Заўсёды пытайцеся ў сябе, ці выконваеце вы свае абавязкі перад айчынай».