Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Калі прыехалі да Луцэвічаў, «кабыліца была ўся ў пене». Выйшлі гаспадары з хаты, і «ўсе проста ўтаропіліся: што такое, што вы пабялеўшы нешта?..» Спачатку аж не маглі слова сказаць, так былі напужаны і задыханы.
Супакоіўшыся, селі за стол. I пачалі ўгаворваць Янку не кідаць гаспадарку. «А ён адно: дарэмна вы мяне мучыце і самі мучыцеся».
Назаўтра, пераначаваўшы, ізноў узяліся за ўгаворы, але хлопец паўтараў: «Не мучце сябе і не мучце мяне». «Мы яго вельмі жалелі, што ён адходзіў... Сядзелі, заплакалі. Добра паплакалі». Так і паехалі назад, не ўгаварыўшы Янку.
Назаўтра, працягвае расказ Соф’я Януараўна (перадаю яго даслоўна), ён прыйшоў з дому, на наш хутар (ён і казаў: я заўтра буду ісці). Ну, мы глядзелі... Ад нас з вакна было відаць, як ён з дарогі паверне на мост... Так помніцца мне ўсё гэта!.. «Каб ён, не дай бог, у рэчку не ўсунуўся...» так гавораць мае бацькі. I пайшоў бацька з маткай на сустрэчу... Стаялі, глядзелі, пакуль ён мост пройдзе. Прайшоў! Ідзе! Прыйшоў у хату... «Што ж ты надумаўся-такі?..» «Я вам і гаварыў, што не буду думаць другога, а буду думаць пайсці. Я вам, кажа, і гаварыў, як вы выязджалі, што я прыйду да вас. Але ў вас не буду і да бацькоў не буду нейкі час варочацца. Нейкі час. Ён так і сказаў: Нейкі час варочацца...» Соф’я Януараўна прыгадвае, як яе бацькі, убачыўшы, што адгаварыць Янку немагчыма, збіралі яго ў дарогу (хоць Луцэвічы і прасілі іх нічога не даваць хлопцу з сабой: думалі, так ён хутчэй адумаецца): Мама папытала, нябожчыца: «А што ты ўзяў з сабой?» «Нічога я не браў і ў вас браць не буду». Паглядзеў бацька мой у яго кішэнях, прагледзеў усе яго рубчыкі можа, яму далі грошы... Мама кажа: «Ты ж памрэш у дарозе, ты ж нічога не ўзяў, грошай пры табе няма...» Пераначаваў. Плачам мы ўсе па ім. Ён такі харошы быў, мілы. Ну што ж рабіць, што рабіць? Падышоў тата да маткі: «Як ты яго будзеш адпраўляць, галоднага? Трэба даць з сабой хоць трохі». Мама ўзяла торбачку палатняную беленькая, чысценькая была... Вяндліны, сухой кілбасы палажыла! I палажыла во такія як цяпер магу адмераць кускі сала... Паглядзеў ён, узяў гэту торбачку і да маткі: «Цётачка, забяры гэтае сальца, аднясі назад: торбачка мокрая зробіцца ад сала, пацячэ яшчэ, як цёпла стане... Лепш мне сушэйшай вяндлінкі падлажы... на месца гэтага...» Так і зрабілі. Тады бацька падазваў матку: «А ты грошай яму
не дала?» «У цябе ж грошы, я ж табе гаварыла: дай трохі на дарогу». Пайшоў бацька... дастаў грошы, даў яму некалькі: «Глядзі ж толькі, каб не загінуў дзе... Старайся вярнуцца чым скарэй каб мы на цябе паглядзелі...» 3 гэтым ён і пайшоў ад нас. Праз нейкі час, расказвае далей Соф’я Януараўна, Янка прыслаў ім пісьмо. Пра што ён пісаў, яна, вядома, не помніць. Але ў памяці назаўсёды засталася адна страфа верша, які быў у гэтым пісьме:
Бацька на калодцы Смолку рассякае, Матка на камінку Агонь раскладае.
He можа не зацікавіць нас і расказ сясцёр пра сваіх бацькоў, якіх гэтак любіў Янка Купала. Маці іх, Садалія, жыла ў беднасці, асабліва да замужжа. Калі была дзяўчынай, не мела нават «людскага плацця»: было толькі адно і на будзень, і на свята. Пражыла яна каля трыццаці трох гадоў. Памерла з няшчаснага выпадку: ехала на падводзе, конь спудзіўся, яна вывалілася з калёс, моцна пабілася а была ж цяжарная. Сканала ў бальніцы ў Мінску. Пасля яе асталося сямёра дзяцей. Бацька, Януары Дамашэвіч, хадзіў удаўцом чатыры гады, потым ажаніўся. Калі пачалася калектывізацыя, уступіў у калгас «Чырвоны сцяг» у вёсцы Дафарэнцыя. Памёр у 1930 годзе. Ён вельмі любіў дзяцей. У двары зрабіў для іх арэлі. Пагушкацца на іх часта прыбягалі з недалёкіх Бараўцоў, куды пераехалі Луцэвічы, родныя сёстры Янкі Купалы Марыя і Анця...
Жывуць яшчэ сярод нас сучаснікі Янкі Купалы, блізкія яму людзі, якія ведалі паэта, сустракаліся з ім. Чаму б нам не распытаць іх усіх, не запісаць падрабязныя ўспаміны? Кожная іх згадка дапамагла б нам намаляваць жывы вобраз вялікага паэта, адчуць атмасферу яго памкненняў і пошукаў, лепш зразумець неўміручую купалаўскую паэзію.
19801983, 2017
3 ФІЛАМАЦКАЙ СЯМ’І
АНУФРЫЙ ПЕТРАШКЕВІЧ
Сёння імя Ануфрыя Петрашкевіча амаль згубілася ў віхурах часу, яно толькі зрэдчас мільгне ў працах асобных гісторыкаў, і то ў пераліку з іншымі імёнамі. Між тым, гэты змагар супроць царскага самадзяржаўя і паэт заслугоўвае значна большай увагі і пашаны.
У памяці нашчадкаў Ануфрый Петрашкевіч застанецца перш за ўсё як адзін з заснавальнікаў і самых актыўных дзеячаў Таварыства філаматаў. Ён выбіраўся на нейкі час сакратаром Таварыства, намеснікам яго старшыні (віцэ-прэзідэнтам). Калі ў 1818 годзе згуртаванне было падзелена на два аддзелы аддзел літаратуры і гуманітарных навук і аддзел фізікі, матэматыкі і медыцыны, узначаліць другі з іх філаматы даручылі якраз яму, Ануфрыю Петрашкевічу. На пасяджэннях Таварыства, якія, дарэчы, часта адбываліся ў яго на кватэры, ён актыўна выступаў з трактатамі па фізіцы, з паведамленнямі пра навуковыя навіны, з рэцэнзіямі на прачытаныя сябрамі творы, а таксама з уласнымі вершамі і ідыліямі. У філамацкай сям’і Петрашкевіч праявіў сябе як выдатны арганізатар усялякіх святочных цырымоній і ўрачыстасцяў, якім філаматы прыдавалі немалое значэнне, завабліваючы ў свае шэрагі віленскую моладзь. Асабліва карыснай была яго дзейнасць як архівіста згуртавання: ён беражліва захоўваў перапіску філаматаў, іх паэтычныя творы, усе матэрыялы Таварыства. Нават здолеў захаваць іх у час следства над філаматамі і філарэтамі. Гэта дзякуючы Ануфрыю Петрашкевічу мы можам сёння чытаць многія творы яго сяброў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, у тым ліку напісаныя па-беларуску.
Важная роля Ануфрыя Петрашкевіча і як аднаго з першаадкрывальнікаў беларускага фальклору. Ён з самага пачатку сваёй паэтычнай творчасці свядома выкарыстоўваў матывы і вобразы вуснай паэзіі беларускага народа, яго звычаі і вераванні. Ужо ў спісе прачытаных філаматамі на сваіх пасяджэннях твораў за 1818 год значыцца і прысвечаны беларускім абрадам верш Ануфрыя Петрашкевіча «Купала», з разглядам якога выступаў Ян Чачот, на жаль, верш гэты не захаваўся. Відаць, ён быў першай прыступкай да больш буйнога твора Ануфрыя Петрашкевіча ідыліі з той жа назвай, якую прачытаў аўтар на філамацкім пасяджэнні 26 снежня 1819 года. Яе па-належнаму ацаніў Адам Міцкевіч, зазначыўшы, што ў творы «няма чаго папраўляць» (яго меркавалі надрукаваць у часопісе «Геба», які збіраліся выдаваць філаматы).
I праўда нягледзячы на ідылічны паказ сялянскага жыцця, на яўны ўплыў сентыменталізму, ідылія Ануфрыя Петрашкевіча «Купала» мае і свае вартасці. Перш за ўсё яна данесла да нас цікавыя, цяпер ужо, здаецца, назаўсёды страчаныя рытуалы беларускага Купалля пачатку XIX стагоддзя. Напрыклад, рытуал ахвярапрынашэнняў язычніцкаму богу Купалу, зварот да яго ўдзельнікаў свята з малітвай-песняй, роля дзядка ахоўніка жару для купальскага агню і кіраўніка абраду. У апісанне старажытнага свята вельмі натуральна ўплятае аўтар шырока распаўсюджаныя раней вераванні беларусаў у ведзьмаў, якія быццам бы лётаюць у купальскую ноч на мётлах, крадуць у кароў малако, робяць у жыце заломы.
Шмат каштоўнага фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу можна знайсці і ў іншых творах Ануфрыя Петрашкевіча і ў Bepmax, напісаных на гістарычную тэму, і ў шматлікіх паэтычных экспромтах, што пісаліся спецыяльна да розных філамацкіх сходак альбо як віншаванні сяброў пры святкаванні іх дзён нараджэння.
Звяртае на сябе ўвагу і мова твораў Ануфрыя Петрашкевіча. Адчуваецца ўплыў на яе беларускай моўнай стыхіі. Польскія даследчыкі знаходзяць нямала беларускіх слоў і выразаў, цэлых словазваротаў, уласцівых толькі нашай мове.
У Віленскі ўніверсітэт Ануфрый Петрашкевіч прыехаў са Шчучына невялікага мястэчка Лідскага павета Гродзенскай губерні. Там у 1793 годзе ён і ўбачыў свет. У родным Шчучыне Ануфрый Петрашкевіч скончыў павятовую піярскую школу. Пасля яе нейкі час працаваў гувернёрам. Дарэчы, адным з выхаванцаў быў Ігнат Дамэйка, які потым стаў яго сябрам у Таварыстве філаматаў. Якраз у ваколіцах Шчучына чуў ён ад людзей беларускія народныя песні, назіраў купальскія абрады, старажытныя звычаі беларусаў, што потым і прыдаліся да яго паэтычных твораў.
Вучобу ва ўніверсітэце (факультэт прыродазнаўчых і фізічных навук) Ануфрыю Петрашкевічу як выхадцу з незаможнай шляхецкай сям’і даводзілася спалучаць з работай у той самай «Масе радзівілаўскай», дзе працаваў у гэты ж час і Ян Чачот, з якім ён шчыра пасябраваў. У 1816 годзе Ануфрый Петрашкевіч атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Праз чатыры гады вырашыў прадоўжыць вучобу ў Варшаўскім універсітэце, дзе займеў ступень магістра філасофіі. Як стыпендыят універсітэта ён павінен быў адпрацаваць нейкі час настаўнікам у Каралеўстве Польскім.
Яго пасылаюць у Люблін, у ваяводскую школу выкладаць геаграфію, натуральную гісторыю і латынь. Але настаўніцкая праца не задавальняла дзейсную і неспакойную натуру Ануфрыя Петрашкевіча. У лістах філаматам, асабліва Яну Чачоту, відаць яго вялікая туга па віленскіх сябрах, па доме. Урэшце ён кідае настаўніцкую службу і ў канцы 1822 года вяртаецца ў Вільню, дзе з дапамогай Чачота зноў уладкоўваецца ў тую ж «Масу».
Калі пачаліся арышты філаматаў, Ануфрыю Петрашкевічу нейкім чынам удалося застацца на волі. Магчыма, прычыніліся тут вучоба і настаўніцтва ў Польшчы, калі ён недзе каля двух гадоў не ўдзельнічаў непасрэдна ў рабоце арганізацыі. Але, хутчэй за ўсё, Петрашкевічу проста пашанцавала, бо адразу ж па прыездзе ён зноў з галавой акунуўся ў філамацкую дзейнасць. У сакавіку 1823 года ён паставіў перад філаматамі пытанне аб утварэнні яшчэ адной арганізацыі Патрыятычнага саюза, накіраванага супраць палітыкі царызму. А ў Шчучыне, куды наведваўся да род-
ных, ён разам з Міхалам Рукевічам пачаў ствараць мясцовую тайную антыцарскую арганізацыю. Але, відаць, пра гэтую яго дзейнасць уладам не было вядома.
У час следства над арыштаванымі філаматамі і філарэтамі, якіх кінулі ў турэмнае зняволенне, Ануфрый Петрашкевіч яшчэ раз праявіў свае арганізатарскія здольнасці. Ён стварыў спецыяльны камітэт дапамогі зняволеным сябрам, імкнуўся вызваліць іх з бяды. Зняволеныя адразу адчулі матэрыяльную і духоўную падтрымку тых, хто гуртаваўся вакол камітэта. Што да апраўдання сяброў, то гэтага Ануфрыю Петрашкевічу зрабіць не ўдалося. Наадварот, у канцы следства ён і сам быў прыгавораны да выгнання з роднай зямлі па той жа справе.