Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Як мяркуе Франц Віктаравіч, гэту ж жыццёвую гісторыю выкарыстаў Янка Купала і ў «Паўлінцы». Ды і сам вобраз Паўлінкі вельмі нагадвае Зосю сястру Франуся Аўлачынскага і адначасова гераіню вершаванага апавядання «Адплата кахання».
Я слухаў расказы і меркаванні Франца Віктаравіча Гінтаўта (дарэчы, аб прататыпах купалаўскіх герояў ён рыхтуе якраз да друку артыкул) і радаваўся, што ў нас ёсць такія во апантаныя людзі, энтузіясты-краязнаўцы, якія імкнуцца дакапацца да кораня ў раскрыцці гісторыі нашай літаратуры, запоўніць тыя, часта вельмі істотныя, прагалы, якімі па той ці іншай прычыне не маглі заняцца прафесійныя літаратуразнаўцы.
Аб знаходжанні Янкі Купалы ў Акопах і наогул на Лысагоршчыне, як умоўна называюць гэту мясцовасць самі яе насельнікі, шмат цікавага можа расказаць любы са старажылаў навакольных вёсак Харужанцаў, Карпілаўкі, Вялікіх і Малых Бясяд, Сухой Гары, Лысай Гары, Жукаўкі і іншых. На жаль, запісам іх расказаў ніхто па-сур’ёзнаму не займаўся. А гэта значыць, што такая, вельмі яркая старонка ў біяграфіі народнага паэта, які быў вельмі цесна звязаны з жыццём свайго народа, не будзе як след асветлена. Праўда, у апошні час зацікавіўся зборам успа-
мінаў тутэйшых старажылаў ураджэнец гэтых мясцін літаратар Леанід Пракопчык, які шмат цікавага расказаў пра радзіму Янкі Купалы ў кнізе «Даўгінаўскія вёрсты», што выйшла ў 1977 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».
Толькі пабываўшы ў Акопах, у вакольных вёсках. пагутарыўшы з людзьмі, я зразумеў, чаму так цягнула сюды заўсёды Янку Купалу. Гэта ж тут яго «родны кут», тая «малая радзіма», якая стала для паэта ўвасабленнем усёй Беларусі. Як вядома, Янка Купала толькі нарадзіўся ў Вязынцы, пажыўшы там усяго да ro­fla. Ужо ў 1883 годзе Луцэвічы перабраліся ў Юзафова, а потым у суседняе Косіна цяперашняга Лагойскага раёна, папрацаваўшы там да 1889 года. Праз два гады, паспытаўшы хлеба з чужога поля ў Сенніцы і Мінску, зноў вярнуліся сюды, на Лагойшчыну у фальварак Прудзішча, дзе сядзелі да 1895 года. Прудзішча ад Акопаў за якіх-небудзь 5-6 кіламетраў. У 1895 годзе мы бачым Луцэвічаў у Селішчы, ад якіх да Акопаў рукой падаць. Прудзішча, Селішча, Акопы гэта ж, па сутнасці, адна мясціна, якую абжывалі Луцэвічы каля чатырох дзясяткаў гадоў! Нездарма ж Даўгінаўскі гасцінец, якім ездзіў Янка Купала сюды, да мацеры, з Мінска ці адкуль бы там ні было, паэт называў «родным» («Знаёмы гэты шлях мне родны Даўгінаўскі вядомы шлях!»).
Тут, на невялікім абшары «камяністай», «гарыстай» лагойскай зямлі, было ўсё для Янкі Купалы дарагім і блізкім, тут усе вобразы і тэмы яго твораў. I калі паэт кажа ў сваёй аўтабіяграфіі, што такія найбольш буйныя і значныя творы, як «Адплата кахання», «Раскіданае гняздо», «Паўлінка», «Прымакі», «Тутэйшыя», «Зімою», «Сват», «Страх», «За што», ён напісаў «з жыццёвых фактаў», то трэба разумець, што гэтыя факты ён узяў якраз з сваіх родных мясцін. Распытайце людзей з вёсак, якія акаляюць Акопы, і вам раскажуць ці не пра ўсіх прататыпаў купалаўскіх герояў. Напрыклад, пра тое, што Сцяпан Крыніцкі з камедыі «Паўлінка» гаспадар недалёкага ад Акопаў хутара Рубеж Гіляры Аўлачынскі, што Якім Сарока не хто іншы, як вандроўны настаўнік Мечыслаў Багдановіч з хутара Верацейка, што ў аснове драмы «Раскіданае гняздо» рэальныя падзеі з недалёкай вёскі Прытыкі, дзе быў гаспадар, якога пан выгнаў
з зямлі, што ў паэме «Нікому» таксама расказваецца пра сапраўдны выпадак, пачуты паэтам у адной з вёсак пад Гайнай. Многія творы Янкі Купалы заснаваны на тутэйшых паданнях, казках, песнях, якія добра ведаў паэт, якія збіраў і запісваў. У кнізе «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981) яе складальнік Г. В. Кісялёў змясціў цікавы дакумент камандзіровачнае пасведчанне ад 17 чэрвеня 1921 г., выдадзенае I. Д. Луцэвічу «ў тым, што ён камандзіруецца на хутар Акопы Радашковіцкай воласці для збірання ў раёне воласцей Радашковіцкай, Гайна-Слабадской і Бяларуцкай Мінскай губ. этнаграфічнага матэрыялу, які датычыцца народнай творчасці, а канкрэтна: запісванне песень, казак і г. д., а таксама адшукванне і набыццё рэдкіх кніг і рукапісаў». Землякі паэта добра помняць, як ён запісваў па вёсках разам з настаўнікам Васілём Рынковічам фальклор. Сястра Рынковіча Анастасія Рынковіч з Вудаў прыгадвае тры сшыткі з фальклорнымі запісамі, якія рабілі Янка Купала і яе брат...
Акопы былі для Янкі Купалы тым жа, што Міхайлаўскае для A. С. Пушкіна, Тарханы для М. Ю. Лермантава, Спаскае-Лутавінава для I. С. Тургенева, Ясная Паляна для Л. М. Талстога, Меліхава для А. П. Чэхава, Мікалаеўшчына для Якуба Коласа. Усе гэтыя мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю выдатных людзей, сталі сапраўды народнымі святынямі, куды людзі ідуць не толькі для таго, каб ушанаваць памяць, пакланіцца іх генію, але і перанесціся ў атмасферу творчасці выдатных пісьменнікаў, убачыць яе вытокі, а значыць, і лепш зразумець яе. Як гэта ні дзіўна, але вытокі творчасці нашага вялікага паэта Янкі Купалы мы па сённяшні дзень не можам паказаць свету, самім сабе. Ці не таму, што мы проста не ўяснілі для сябе, якія мясціны лічыць «малой радзімай» паэта, яго сапраўднай калыскай. Так, у нас вельмі многа зроблена і робіцца для ўшанавання памяці народнага песняра, у тым ліку мясцін, звязаных з яго біяграфіяй. Створаны цудоўны Літаратурны музей Янкі Купалы ў Мінску, там, дзе стаяла перад вайной хата паэта; філіял музея ў Вязынцы, месцы яго нараджэння; другі філіял у Ляўках, дзе была дача песняра. Усё гэта вельмі добра. Але непараўнальна большае значэнне, чым, скажам, Ляўкі, мела для Янкі Купалы
тая зямля, якая ўзгадавала яго, надзяліла вялікім дарам паэта, дзе кожны ўзгорак і камень, палетак і пералесак, ручай і дрэва звязаны з яго бессмяротнымі творамі. Думаецца, нашай грамадскасці варта б было падумаць над стварэннем тут мемарыяльнага комплексу, каб паказаць вытокі творчасці вялікага паэта. Для гэтага вядома, не адразу, недзе ў перспектыве неабходна перш за ўсё ўзнавіць дом мацеры паэта ў Акопах. Так, гэта не проста. Тут цэлы шэраг розных складанасцяў. Але іх, я ўпэўнены, можна пераадолець. Тым больш што ў краіне назапашаны ўжо немалы вопыт узнаўлення разбураных, зруйнаваных сядзіб, звязаных з імёнамі выдатных людзей. Як вядома, двойчы ўзнаўляўся дом A. С. Пушкіна ў Міхайлаўскім (першы раз ён згарэў у 1919 г. і зноў адбудаваны ў 1937 г., у другі раз дом спапяліла вайна, узноўлены ён быў у 1949 г.), згарэў і зноў быў адбудаваны дом М. Ю. Лермантава ў Тарханах. 3 руін былі ўзняты сядзібы Рэпіна ў Пенатах, Чэхава ў Меліхаве, Тургенева ў Спаскім-Лутавінаве. He вельмі даўно з-за неабдуманасці будаўнікоў быў разбураны, але хутка адбудаваны нанова дом Грыбаедава ў Маскве у гэтым доме цяпер музей выдатнага рускага пісьменніка. Колькі гадоў назад «Лнтературная газета» змясціла артыкул П. Вайнштэйна «Болдзінскі ўрок» з вельмі яскравым падзагалоўкам: «На памылках вучацца... але ці не лепш пазбягаць іх». У артыкуле ішла гаворка аб недапушчальнай безадказнасці да зберажэння пушкінскага запаведніка ў Болдзіне, што прыводзіла да яго разбурэння. Толькі дзякуючы ўмяшанню Дзяржкамітэта па грамадзянскім будаўніцтве і архітэктуры пры Дзяржбудзе СССР пачалося ўзнаўленне пушкінскай святыні. Савет Міністраў РСФСР зацвердзіў цэлы шэраг помнікаў музеязапаведніка, якія павінны быць узноўлены і рэстаўрыраваны на працягу 1982-1990 гадоў. Згодна з новым праектам, развіццё раённага цэнтра Вялікае Болдзіна прадугледжана за межамі гістарычнай часткі сяла, звязанага са знаходжаннем у ім Пушкіна. Пабудовы, якія перашкаджаюць запаведніку, намечана знесці, а зруйнаваную па непаразуменні царкву, пабудаваную дзедам паэта, узнавіць. Аб’ектамі музейнага паказу стануць апрача галоўнага дома з экспазіцыяй аб жыцці і творчасці паэта і кух-
ня, канюшня, лазня. У былой прыгонніцкай канторы будзе разгорнута экспазіцыя аб быце прыгонных сялян, а ў памяшканні царквы пра падзеі рускай гісторыі і ўдзеле ў іх сваякоў A. С. Пушкіна. На сядзібе сына паэта, у сяле Львоўка, можна будзе пазнаёміцца з экспазіцыяй «Народ у творчасці A. С. Пушкіна». Пралягуць і пешыя, і аўтамабільныя маршруты для турыстаў не толькі па Болдзіне, але і ў запаведны гай Лучыннік, што, як гаворыцца ў артыкуле, нашэптваў паэту вершы, а таксама ў іншыя навакольныя сёлы і вёскі, якія помняць Пушкіна. Вернута будучыня і пушкінскаму Кісцянёву, вёсцы, якую мясцовыя праекціроўшчыкі ўключылі ў спіс неперспектыўных. Міністэрству сельскай гаспадаркі РСФСР сумесна з Горкаўскім аблвыканкамам даручана забяспечыць будаўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, жылых дамоў і аб’ектаў культурна-бытавога прызначэння не толькі ў Кісцянёве, але і ў Вялікім Казарынаве, Чарноўскім, Апраксіне, Новай Слабадзе населеных пунктах, неадрыўных ад музея-запаведніка. Вось якая грандыёзная работа распачата па адной толькі памятнай мясціне, звязанай з імем вялікага рускага паэта.
Думаецца, «болдзінскі ўрок» і нас павінен нечаму навучыць. Навучыць, як па-сапраўднаму, па-дзяржаўнаму ставіцца да ўшанавання памяці аб славутых людзях радзімы. Што датычыцца Акопаў, то на добры лад тут неабходна б было аднавіць усю сядзібу Луцэвічаў з калодзежам, лазняй, гаспадарчымі пабудовамі. Дарэчы, некаторыя з гэтых пабудоў як тыповыя для тутэйшых мясцін можна было б перанесці з навакольных вёсак: усё ж шмат якія з іх яшчэ захаваліся. Трэба ўлічыць, што яны, апрача ўсяго, маюць вялікую каштоўнасць і як этнаграфічныя помнікі. У мемарыяльны купалаўскі комплекс трэба было б уключыць і ўпарадкаваць астравок сядзібы Луцэвічаў у Селішчы, рэшткі іх сядзібы ў Прудзішчах, а таксама нейкім чынам адзначыць дом у Малых Бясядах удзельніка паўстання 1863 г. С. Чаховіча, які ўпершыню пазнаёміў Янку Купалу з рэвалюцыйнай літаратурай, сядзібу Аўлачынскіх у Айчызне і Харужанцах і іншыя выяўленыя і не выяўленыя пакуль яшчэ помнікі, звязаныя з біяграфіяй вялікага паэта.
I, вядома ж, у гэты комплекс вельмі натуральна ўвайшла б і сядзіба літаратурнага настаўніка і сябра Янкі Купалы, аднаго з пачынальнікаў беларускай прозы Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) у вёсцы Карпілаўка, да якой ад Акопаў нейкіх паўтара кіламетра. Янка Купала лічыў яе сваёй вёскай, ведаў усіх яе людзей, пісаў пра яе (гэта аб ёй, напрыклад, радкі: «Хаты тыя, хаты, дзіркі на страсе, з печы дым не ў комін, а пад столь нясе...» і г. д.). У Карпілаўцы поўнай мерай браў Янка Купала матэрыял для сваёй творчасці. Тутэйшая калгасніца Грыпіна Гаеўская расказвала (яе расказ запісаў Алесь Матусевіч; гэтыя запісы захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы): «Колькі я яму ў полі жніўных песень наспявала. Бывала, сядзе на камень, услухаецца, як мы спяваем, і ўсё нешта з Антонам Лявіцкім гаворыць і запісвае...» Калі казаць пра Ядвігіна Ш., то гэта якраз ён дапамог Янку Купалу выйсці на шлях літаратуры, вызначыць месца ў жыцці. Аб гэтым сведчыць сам паэт: «У 1904-1906 гг., не помню ў якім годзе канкрэтна, я пазнаёміўся з Ядвігіным Ш. (жылі мы па суседству). Гэта было для мяне вялікай падзеяй, таму што я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які не толькі пісьменнік, якога друкуюць, але і піша па-беларуску. 3 Ядвігіным Ш. я вельмі зблізіўся. Ён многа расказваў пра незнаёмыя мне тады пісьменніцкія справы і т. п. ...» У Карпілаўцы, у гасцях у Ядвігіна Ш. бывалі Змітрок Бядуля, бацькі якога жылі зусім недалёка, у мястэчку Пасадзец цяперашняга Лагойскага раёна, і Максім Багдановіч. Відаць, адной са складанасцяў стварэння купалаўскага мемарыяльнага комплексу можа быць тое, што Акопы цяпер бязлюдная паляна, закінутая сярод лясоў і ўзгоркаў. Але ж такая акалічнасць адначасова можа і аблегчыць справу: як-ніяк, у гэтым цудоўным, зацішным куточку Лагойшчыны з яе маляўнічымі лясамі і пералескамі, далінамі і ўзгоркамі (дарэчы, побач з Акопамі адна з дзвюх самых высокіх кропак Беларусі Лысая Гара) можна пабудаваць, напрыклад, які-небудзь дом адпачынку ці піянерскі лагер. Словам, захацеўшы, нейкае рашэнне праблемы можна знайсці абавязкова.