Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Га! Чаму ж не граеш? Хіба ты не знаеш, He ведаеш хіба, Што, як тая рыба Ды на лёдзе б’ецца, Так вот я, здаецца, Сорак гадоў б’юся, Ніяк не звярнуся, Ніяк не натраплю Вадзіпы хоць каплю, Ды такой вадзіцы, Ды з такой крыніцы, Што як хто нап’ецца, Дык вольным стаецца...
I тым не менш Багушэвічава «дудка», як бачым, не знямела канчаткова. Нязбытную сілу давала ёй светлая надзея, вера, што прыйдзе дзень і на спакутаваную Беларусь.
Жыццё Францішка Багушэвіча гэта вялікі грамадзянскі подзвіг. Яно, хай не здадуцца надта банальнымі гэтыя словы, яркі прыклад для ўсіх нас, прыклад гранічнай сумленнасці, самаахвярнасці, вернага служэння народу. I таму гэта вялікая радасць яшчэ раз прайсці ўсімі тымі дарогамі, дзе, прарываючы гнятлівую немату маўчання, на ўвесь голас грала чыстая і непадкупная дудка Мацея Бурачка.
1989, 2003, 2017

ТОЙ КУРГАН ВЕКАВЕЧНЫ
Селішча
У край Купалавага юнацтва, да той зямлі, што дала паэту крылы для высокага палёту, падахвоціўся з’ездзіць са мной пляменнік Янкі Купалы Эдуард Іванавіч Аўлачынскі, які добра ведаў усе сцежкі «дзядзькі Янкі», сустракаўся з ім, жывучы ў гэтым салаўіным кутку Беларусі.
Па зямлі ішла восень. Але дзень быў на дзіва ясны і светлы ад шчодрага не па часе сонца, што прыпякала амаль па-летняму, раскашуючы ў чыстым бязвоблачным небе, ад яркага жаўталісця пералескаў і прыдарожных бяроз, клёнаў, ясеняў, якія не спяшаліся яшчэ скідаць свой залаты ўбор.
-	Спярша паедзем у Селішча, сказаў Эдуард Іванавіч, які быў для мяне сапраўдным гідам.
Фальварак Селішча, як вядома з біяграфіі паэта, узялі Луцэвічы ў арэнду ў 1895 годзе, калі Янку, ці, як яго звалі ў сям’і, Ясю, было недзе каля 13 гадоў. Тут, у Селішчы, адкрыліся будучаму паэту нязнаныя таямніцы чароўнай беларускай прыроды, хараство народнай душы, шматфарбнасць і мілагучнасць роднай мовы. У Селішчы зведаў ён і вялікае гора смерць бацькі, потым брата і дзвюх сястрычак. Тут ва ўсёй паўнаце спазнаў будучы паэт шматпакутную долю мужыка-беларуса, яго мазольную працу: пасля смерці бацькі васямнаццацігадоваму юнаку самому давялося заняцца гаспадаркай, узяцца, з яго слоў, «чытаць сумную кнігу памешчыцкага поля і пісаць журботную аповесць свайго гора сахой ды касою».
Я мужык-беларус пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус, пядзі дзве валасы...
Так, гэта тут, у Селішчы, малады гаспадар арандаванай зямлі ўпершыню пачаў спрабаваць свае сілы ў паэзіі («...на працы ў полі, успамінаў пазней паэт, або ў дарозе, або на начлезе прыйдзе думка і я пішу»), Якраз тут нарадзіліся гарачыя радкі вядомых сёння кожнаму вершаў і паэм Янкі Купалы, прысвечаных «пагарджанаму век», «сляпому, глухому» беларускаму мужыку, у якога спрадвеку былі «заліты потам горкім вочы», які прывык зносіць ад сваіх прыгнятальнікаў «лаянку і крык» і якога паэт пачаў, урэшце, будзіць ад «зімовага рабскага сну». Гэта адсюль пайшлі ў свет такія шэдэўры купалаўскай паэзіі, усёй нашай літаратуры, як «Мужык», «Там», «Я не для вас, паны, о не...», «Ворагам Беларушчыны», «Родныя песні», «3 песень аб сваёй старонцы», «Гэта крык, што жыве Беларусь», «Касцам», «Я мужык-беларус...», «Яшчэ прыйдзе вясна», «Песня мая», «Выйдзі», «Зімою», «Курган», «Адвечная песня», «Яна і я» і многія-многія іншыя, якія, праўда, былі запісаны на паперы пазней. Так, толькі запісаны пазней, але, як прызнаваўся сам паэт, ён «выплакаў» іх «сэрцам, высніў... душою, б’ючыся з нядоляй, б’ючыся з бядою», г. зн. у першую чаргу тут, у Селішчы. Інакш кажучы, якраз у Селішчы, дзе Ясь, спазнаўшы на ўласнай скуры гаркоту мужычага жыцця, долю беззямельных, ва ўсёй глыбіні ўсвядоміў векавую несправядлівасць беларускага народа, была ўспоена магутная купалаўская паэзія пратэсту. Таму перш за ўсё ў Селішчы і трэба шукаць крыніцы «дум беларускіх» Янкі Купалы, якім навучыўся ён «без школы і кніг». Недарэмна ж, якраз адсюль, з Селішча, рашуча разарваўшы зачараванае кола паднявольнага існавання, пайшоў пясняр у свет, каб «над беларускай соннай нівай нязгаслы светач распаліць».
Да Купалавага Селішча, якое здавалася мне раней дзесьці за трыдзевяць зямель, аказалася рукой падаць ад Мінска. Мы ехалі кіламетраў дваццаць па Лагойскай дарозе, потым прыкладна столькі ж па гравійцы на Дзяніскі, і вось за вёскай Вялікія Бясяды, праз хвілін дзесяць гоцання па каменцы, Эдуард Іванавіч скамандаваў мне прыпыніцца.
Дарога-каменка, на якой мы паставілі збоку машыну, была як прасека ў лісцёвым лесе. Бязлюддзе. Цішыня. Прайшлі па жар-
дзяным мастку налева, і адразу ж за прыдарожнай паласой бярозава-асінава-альховага зарасніку перад намі адкрылася поле. Гэта было пераворанае нядаўна бульбянішча, на якім адразу кінуліся ў вочы даўгія капцы бульбы, закрытыя на зіму зямлёй, акуратна прыплясканыя лапатамі. За полем цягнулася пярэстая жоўтая з зялёным стужка лесу, якая апаясвала яго з усіх бакоў. Поле было няроўнае, з характэрнымі для Лагойшчыны ўзгоркамі, багатае на камяні.
Гэта і ёсць Селішча, сказаў Эдуард Іванавіч. Вунь там быў двор Луцэвічаў...
Эдуард Іванавіч паказаў на маленькі велічынёй з танцпляцоўку астравок, зарослы лазняком ды асіннікам, з галінастым мацаком-дубам пасярэдзіне ці не гэты дуб і ўбярог Купалава печышча ад канчатковага заворвання? Грузнучы ў мяккай свежай раллі, мы пакіравалі да астраўка. Двое мужчын каля бліжэйшага бурта адзін пажылы, другі падгалісты малады дзяцюк павярнулі на нас галовы і доўга глядзелі, як быццам пытаючыся: «Што гэта яны шукаюць тут, на голай раллі?»
Ад колішняга жылля засталося на астраўку толькі зарослае травою ўзвышэнне і слабыя сляды падмуроўкі. Даўнейшае селішча Луцэвічаў стала цяпер месцам, куды бульдозеры ссоўвалі з поля каменне яно валялася цэлымі грудамі. Добра патупаўшы тут, мы знайшлі ўсё ж такі адну «жывую» памятку жытла невялічкую жалязяку з узорамі: ці то частку дзверцаў ад грубкі, ці то кавалачак юшкі ад коміна. I ўсё. Праўда, бліжэй к дарозе, каля лесу Эдуард Іванавіч паказаў мне некалькі карабатых, падсохлых яблынь тут быў сад. Яблыні, ведама ж, былі ўжо не Луцэвічаў, а, хутчэй за ўсё, пазнейшых гаспадароў. Але ж пасаджаны, ці, лепш сказаць, падсаджаны, яны былі на ранейшым месцы. Значыць, у Селішчы гэта мы можам з поўным правам сказаць захаваліся яшчэ рэшткі Луцэвічавага саду жывы помнік паэту. Адчуванне ў мяне было незвычайнае: гэта ж мы на той самай зямлі, якую араў, паліваў некалі потам, якую схадзіў удоўж і ўпоперак малады Янка Купала, на зямлі, дзе душу юнака «акрылялі прыгажосці свету», дзе «цяністыя бітага шляху прысады і ў вырай лятучыя гусяў шнуры гармонію ўводзілі ў песенным складу,
сачылі нязгоднай зваротак ігры», «дзе зялёнае поле рунеючым збожжам, цвітучая ў сонечны цвет сенажаць» яму «песню квяцілі ўзорам прыгожым, вучылі, як словы ў вянок завіваць», дзе «ад шопату спелых пшанічных калоссяў, ад шэлесту лісцяў узмежных ігруш музычнае водгулле ў песню лілося, злівалася з жальбамі скрыўджаных душ», дзе паэту «каса і сякера і цэп малацьбіты магутную волатаў сілу далі; марозы і спёкі далі гарт нязбытны» і песню «як звон. як пярун, адлілі». Радкі купалаўскай паэзіі гучалі тут зусім па-новаму як быццам я прысутнічаў пры іх нараджэнні. Радкі пра бясконцую ад цямна да цямна працу мужыка-беларуса, пра спрадвечную абяздоленасць таго, хто «свет хлебам корміць, а сам мякіначку есць», пра гэту во ціхую, вораную-перавораную паэтам «матку-зямлю»:
Хоць гарыста яна, камяніста яна, Вераб'ю па калена, што сею, расце, Дый люблю ж я яе, шкода хаткі, гумна;
0, такіх няма, мусіць, нідзе! -
3 саламянай страхой мая хатка, гумно; Непачэсна, што праўда, віднеюць яны, Дый на іх жа сваёй клаў рукой бервяно
I зямлю раўнаваў пад звяны!..
Так, мы не ўбачылі ўжо хаты Луцэвічаў, іх гумна, нават рэшткаў двара, дзе гаспадарыў малады Ясь. Затое ж нікуды не знікла. засталася во яна, перад нашымі вачыма зямля, дзе ўсё гэта было, з тымі ж узгоркамі і лагчынамі, з тымі ж, хай і абноўленымі, змененымі, лясамі і пералескамі, раўкамі і крыніцамі, зямля, з якой вылецела ў шырокі свет наша самая звонкая, самая шчырая песня. Але як гэта ні дзіўна, як ні крыўдна мы не знайшлі тут і знаку, хаця б маленькай памяткі, якая б расказала людзям, нагадала б усім нам, што якраз на гэтай зямлі з нясмелага вясковага хлапчука вырас вялікі народны пясняр, слава і гонар Беларусі.
Акопы
Мы моўчкі падышлі да машыны, яшчэ раз акінулі вокам узгорысты палетак маладога Луцэвіча і, развярнуўшыся, пагоцалі па той жа каменцы назад. У нашых планах было зазірнуць яшчэ ў адну, не менш важную купалаўскую мясціну Акопы.
Сюды пераехалі Луцэвічы (маці паэта з дзецьмі) у 1909 годзе, пабыўшы перад гэтым некалькі гадоў на арэндзе ў Бараўцах, і сядзелі тут дзесьці каля двух дзясяткаў гадоў (арандаваны кавалак зямлі і сядзіба памешчыка Жэлігоўскага пасля рэвалюцыі перайшлі ў іх рукі), пакуль састарэлая Бянігна Іванаўна не перабралася да сына ў Мінск.
Акопы... Гэту геаграфічную назву трэба б было ўпісаць у гісторыю нашай літаратуры залатымі літарамі. Ім, Акопам, абавязана беларуская літаратура і гэта трэба сказаць без аніякага перабольшання самымі яркімі сваімі старонкамі. Якраз тут, у Акопах, гэтым зацішным куточку беларускай зямлі, куды ў любую вольную хвіліну на працягу двух дзясяткаў гадоў ірваўся з усіх дарог Янка Купала, куточку, дзе было яму ўсё блізкае і мілае, дзе ён адчуваў сябе як нідзе лепш, з-пад пяра паэта вылецеў у свет цэлы вырай твораў, якія сталі гонарам і славай беларускай літаратуры, зрабіліся нашай вечна жывой класікай. «Акопы» гэту паметку мы сустракаем пад вялікай колькасцю твораў Янкі Купалы перадрэвалюцыйнага і паслярэвалюцыйнага часу. Сярод іх такія ўзорныя вершы, як «Гэй, наперад!», «Як у лесе зацвіталі....», «3 недацветаў», «У купальскую ноч», «Не прасі», «Грайце, песні», «Жняя», «3 летніх малюнкаў», «Блізкім і далёкім», «За свабоду сваю...», «Каб я князем быў», «Заручыны», «Дзве таполі», «Ты прыйдзі...», «Над ракою ў спакою», «На жалейцы», «Братка і Сястрыца», «Навука», «Тутэйшы», «На смерць Сцяпана Булата», «А зязюлька кукавала», «Па Даўгінаўскім гасцінцы», «Аб дзяўчыне», «Дзе стаяў двор панскі» і многія-многія іншыя. У Акопах былі напісаны народным паэтам і такія выдатныя творы нашай літаратуры, як паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», а таксама зроблены вершаваны пераклад «Слова аб палку Ігаравым». Трэба думаць, у Акопах нарадзіліся і многія з тых твораў Янкі Купалы, пад якімі няма паметкі аўтара як дарэвалюцыйныя, так і паслярэвалюцыйныя. Пацверджаннем гэтага можа паслужыць, напрыклад, паведамленне, якое было змешчана ў 1926 годзе ў часопісе «Полымя» (№ 5) у «Хроніцы беларускай культуры», дзе гаворыцца, што «Янка Купала, які знаходзіцца ў сябе дома, у Акопах (заўважце, дома. К. Ц.), напісаў цэлы знізак новых вершаў эпічнага характару...».