Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
А кадук яго ведае. Я не ўмею па-літоўску, толькі і адказаў дзядзька: ён і без слоў тых бачыць, дзе што ляжыць, тым больш што ад таго, скажам, мяса часта і застаецца ўсяго толькі гэты надпіс.
Дарэчы, Шальчынінкай гэта не што іншае, як беларускія Салечнікі, назву якіх так непазнавальна перахрысцілі літоўцы.
Тут, як і ў Вільнюскім раёне, людзі, з якімі мы гутарылі, таксама залічваюць сябе ў палякі. Прычыны такой «самасвядомасці» насельніцтва падвіленскага краю, «тутэйшых», відаць, тры: першая іх каталіцкасць, якая ўсё яшчэ атаясамліваецца з польскай нацыянальнасцю, другая тое, што ўсіх беларусаўкатолікаў (а мо і не толькі католікаў?) пры Польшчы «папісалі» палякамі хацелі яны ці не хацелі, і трэцяя шматвяковае прыніжэнне становішча беларусаў і адпаведна беларускай мовы, якая доўгі час лічылася мужычай, а цяпер мовай простага, менш адукаванага люду. У сувязі з першай прычынай успомніўся мне артыкул Янкі Купалы «Вера і нацыянальнасць», у якім ён яшчэ ў 1914 годзе з болем пісаў, што змаганне дзвюх цэркваў каталіцкай і праваслаўнай «не толькі дзеліць беларусаў на дзве часці па рэлігіі, але, самае важнае, забівае ў іх свядомасць і пачуццё нацыянальнай еднасці. Беларусу католіку ўгаварваюць. што раз ён католік, то ён паляк, і не павінны братацца з тым, хто іншай веры; беларусу праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён расіец і католіка беларуса павінен сцерагчыся, бо ён паляк...» У канцы артыкула паэт заклікаў: «Помніма, братцы, ці мы католікі, ці мы праваслаўныя, мы беларусы, а Бацькаў-
шчына наша Беларусь. He мяшайма справы рэлігіі з нацыянальнасцю».
Як відаць, і сёння гэта не ўсе ўсведамляюць, і сёння «мяшаюць» веравызнанне з нацыянальнасцю. I не толькі ў родных мясцінах Францішка Багушэвіча і падвіленскім краі. Мне нават у Мінску ад вельмі адукаваных людзей даводзілася чуць гэтую старую казку: раз праваслаўны значыць, рускі, раз католік — значыць, паляк. А многія ж нашы вернікі вельмі цвёрда перакананы ў гэтым. Назваўшы сябе палякамі, падвіленскія беларусы ставяць перад літоўскімі ўладамі і адпаведныя патрабаванні. I вось у Літве выплывае ўжо на свет божы «польскае пытанне», узнікаюць звязаныя з ім праблемы. У газеце «Правда» (ад 6 кастрычніка 1989 года) трапіўся мне на вочы артыкул другога сакратара райкама партыі Літвы названага Шальчынінскага раёна Ч. Высоцкага «Позірк з раёна», дзе і закранаецца гэтае «польскае пытанне». Аўтар зыходзіць са статыстыкі. Ён сцвярджае, што ў яго «інтэрнацыянальным Шальчынінскім раёне... больш як 80 працэнтаў жыхароў палякі, 8,5 працэнта літоўцы, 5 працэнтаў рускія і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей». Вось так! Пра беларусаў ні гуку! Дзе ж яны тады падзеліся, гэтыя беларусы, мова якіх гучыць тут на кожным кроку? Ды схаваліся пад два словы! Першае слова «палякі» (тыя больш як 80 працэнтаў), другое «іншыя нацыянальнасці», куды, пэўне ж, трапілі праваслаўныя беларусы. якія, паводле сцвярджэння таго ж айца Канстанціна, у пашпартах у адрозненне ад католікаў запісаны правільна беларусамі. Ч. Высоцкі чамусьці пасаромеўся назваць іх, Ёсць падазрэнне, што нашы сціплыя беларусы ўсё ж хаваюцца тут яшчэ пад адно слова «рускія»: якраз да іх адносяць сябе, як вядома, некаторыя праваслаўныя беларусы. Трохі ніжэй у сваім артыкуле Ч. Высоцкі падае яшчэ адну лічбу ён даводзіць, што ўсяго «ў Вільнюскім краі пражывае каля 270 тысяч палякаў». Адсюль другі сакратар райкама партыі робіць «лагічную» выснову: у рэспубліцы патрэбна «вышэйшая навучальная ўстанова для польскага насельніцтва», якая б магла «рыхтаваць спецыялістаў і з ліку палякаў, што пражываюць у іншых рэспубліках».
Магчыма, сярод гэтага «польскага» насельніцтва ёсць і сапраўдныя палякі. Ім, вядома ж, сапраўды трэба ствараць усе ўмовы для нацыянальнага развіцця. Але калі ў пераважнай большасці гэта ўсё ж беларусы-католікі, якія не разумеюць свайго сапраўднага паходжання? Як тады быць? Можа, трэба было б неяк растлумачваць, хто яны такія? Думаю, у будучым за тое, што сёння мы адкрыем ім вочы на сапраўдны стан рэчаў, яны нам толькі падзякуюць.
Забягаючы наперад, скажу, што на ўстаноўчым з’ездзе Таварыства беларускай мовы ў Мінску я падаў запіску аднаму з прамоўцаў прадстаўніку Таварыства беларускай культуры ў Літве Валянціну Стэху: «Што робіцца там для таго, каб раскрыць нашым беларусам-католікам Віленскага краю вочы на сваё сапраўднае нацыянальнае паходжанне?» Валянцін Стэх падрабязна расказаў з трыбуны з’езда, што робіцца ў Літве ў гэтым кірунку: перш за ўсё створана Таварыства беларускай культуры. якое працуе пры Літоўскім фондзе культуры і вядзе немалую растлумачальную работу сярод літоўскіх беларусаў, арганізавана ў Вільні згуртаванне беларускай мастацкай самадзейнасці «Сябрына», на Літоўскім радыё пакуль што адзін раз у два тыдні пачала гучаць перадача на беларускай мове. Ёсць ужо рашэнне перыядычна друкаваць адну старонку на беларускай мове ў рэспубліканскай маладзёжнай газеце «Камсамольская праўда». Літоўскія ўлады гатовы адкрыць у Літве і беларускія школы. Вось ён, інтэрнацыяналізм, у дзеянні, а не на словах!
Ад айца Канстанціна і Шчаснага мы даведаліся, што вёска Мерач, у ваколіцы якой стаіць хата Міхала Юстынавіча, ёсць тое самае Паўлава, цэнтр колішняй славутай Паўлаўскай рэспублікі, пра якую я даўно ведаў з літаратуры і якой цікавіўся як унікальнай старонкай у нашай гісторыі. Ведаць ведаў, але не меў ніякага ўяўлення, дзе яна знаходзіцца. Я намерваўся нават знайсці час і пашукаць яе, паглядзець, што ад яе засталося. I вось такая неспадзяванка: мы, аказваецца, сядзім і спакойна вядзём гамонку, па сутнасці, у той самай Паўлаўскай рэспубліцы, розгалас пра якую некалі разносіўся па ўсёй Еўропе!
Стваральнікам гэтай легендарнай рэспублікі быў буйны беларускі землеўладальнік Павел Ксаверы Бжастоўскі. Ад яго імя і вёска Мерач займела другую назву Паўлава, адсюль і Паўлаўская рэспубліка.
I было чаму здзіўляцца суседзям-памешчыкам, ды і не толькі суседзям: у самы росквіт прыгонніцтва, у далёкім 1767 годзе, яшчэ задоўга да Вялікай французскай рэвалюцыі багаты землеўласнік раптам сам вызваляе з прыгоннай няволі ўсіх сваіх падданых, раздае ім зямлю, аб’яўляе ўсіх насельнікаў яго ўладанняў роўнымі паміж сабой, усталёўвае сапраўды дэмакратычныя парадкі, сялянскую рэспубліку. У гэтай рэспубліцы селянін упершыню меў поўнае права выбіраць свой урад, свайго прэзідэнта. Адначасова кожны мог быць сам выбраны ў двухпалатны сойм, стаць міністрам, а можа, і прэзідэнтам. Праўда, сяляне нязменным прэзідэнтам выбіралі самога Бжастоўскага, якога не маглі не шанаваць, не любіць. У Паўлаўскай рэспубліцы, як і ў любой дзяржаве, быў свой сцяг, свой герб, чаканіліся свае грошы. Ну. і мелася сваё войска. У салдат гэтага войска была і свая форма: белыя суконныя жупаны з латуннымі гузікамі, чорныя аўчынныя папахі з чырвоным верхам, юхтавыя боты. На выпадак якога-небудзь узброенага нападу на рэспубліку, згодна з канстытуцыяй, магло быць склікана ўсеагульнае апалчэнне «народнае рушанне».
Той-сёй можа растлумачваць такую самаахвярнасць Бжастоўскага дзеля сваіх падданых простым дзівацтвам, прыхамаццю багацея, гульнёю ў гуманізм. данінай модзе ці яшчэ чым-небудзь. Але такое тлумачэнне ідзе, думаецца, ад зададзенай устаноўкі: не можа так сабе чалавек адмаўляцца ад свайго багацця, прывілеяванага становішча. Інакш кажучы, такое тлумачэнне ідзе ад нявер'я ў людскую дабрату. Мне ж здаецца, якраз яна, дабрата, спагада да чалавека, павага да яго і рухалі Паўлам Бжастоўскім. I ці варта нам беспрычынна бэсціць высакароднага чалавека?
Дарэчы, такіх людзей нямала было ў нас у часы Асветніцтва. Дастаткова ўспомніць віленскага кароннага канцлера Андрэя Замойскага і падканцлера літоўскага Іаахіма Літавора Храптові-
ча, якія ў сваіх уладаннях замянялі паншчыну чыншам. Вядома, вялікі ўплыў на гэтых людзей зрабілі гуманістычныя ідэі асветнікаў, у першую чаргу французскіх энцыклапедыстаў і асабліва пісьменніка-нарадалюба Жан-Жака Русо.
Паўлаўская рэспубліка праіснавала больш чым паўвека, а канкрэтней цэлых 60 гадоў, і распалася са смерцю самога яе заснавальніка Паўла Бжастоўскага, які пад канец жыцця быў пробашчам пры касцёле ў Рукойнах і, як расказваў нам Альфонс Тамулайціс, там і пахаваны ў 1827 годзе.
У цэнтр Паўлаўскай рэспублікі Мерач-Паўлава мы трапілі на зыходзе дня. Усіх нас ашаламіла веліч напалову разбураных даўнейшых мураваных будынкаў, якія мы ўбачылі з дарогі, злева ад яе. 3 другога боку нам кінулася ў вочы гожая мураваная капліца, што стаяла сярод поля. Мы сунялі свой аўтобус каля тых велічных руінаў, пачалі іх фатаграфаваць. У варотах нейкай базы супынілі шафёра самазвала, пачалі наперабой з Ірынай Марачкінай распытваць яго пра Паўлаўскую рэспубліку. Так, ён ведае пра яе. Вунь палац Бжастоўскіх. Там іх лядоўня. Тут во быў склад. Вёска і сёння завецца Паўлава. А за рэчкай Мерачанкай ёсць яшчэ адна вёска Бжастова. Вядома ж, яна таксама названа ў гонар Паўла Бжастоўскага. Вось так раз быў добры чалавек, людзі ўвекавечылі яго і імя, і прозвішча.
Мы хацелі даведацца, што ж канкрэтнага засталося ў памяці паўлаўцаў ад іх колішняй рэспублікі, але шафёр сказаў, што ён спяшаецца і што лепш пра гэта можа расказаць вартаўнік, стары чалавек. На вялікі жаль, нам ужо не было часу шукаць вартаўніка. Галоўнае, мы ўбачылі, што ў Паўлаве і ваколіцах жыве ў народнай памяці тая славутая сялянская рэспубліка, якая ўзнікла на гэтай зямлі дзвесце з лішнім гадоў назад і руіны якой былі ў нас перад вачыма. Потым я даведаўся. што запісы ўспамінаў пра гэтую рэспубліку ёсць недзе ў мясцовай школе нехта там усур’ёз зацікавіўся яе гісторыяй, якая, як мне думаецца, чакае яшчэ пяра добрага раманіста.
У Яшуны, па дарозе да якіх гэтулькі было ў нас затрымак, мы дабраліся, калі пачынала ўжо змяркацца. Хоць збольшага
пазнаёміць нас з Яшунамі мы папрасілі настаўніка, краязнаўца Лябёнку Іёзаса Юргевіча, якога знайшлі па запісаным дзяўчатамі з музея адрасе малайцы, яны ўсё прадугледзелі.
Яшуны даволі вялікая вёска ці мястэчка. Са шматпавярховымі дамамі. Перш за ўсё Лябёнка звазіў нас на мясцовыя могілкі, падвёў там да сціплай магілы: тут, аказваецца, быў пахаваны беларускі пісьменнік, мастак, адказны рэдактар заходнебеларускага сатырычнага часопіса «Маланка» ў 1926-1928 гадах Іван Маразовіч, які падпісваўся псеўданімам Янка Маланка. Сам ён родам з Барысава, але тут ажаніўся, доўга жыў у Яшунах і памёр у 1938 годзе.