Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Больш за ўсё хацелася нам бліжэй пазнаёміцца з яго роднай Віленшчынай, сустрэцца з людзьмі, якія маглі б нешта дадаць да жыццяпісу паэта, ну, і набыць у іх для музея нейкія рэчавыя памяткі.
Канцавым пунктам нашага падарожжа па Віленшчыне мы намецілі вёску (здаецца, раней гэта было мястэчка) Яшуны, дзе некалі працаваў малодшы брат Францішка Багушэвіча Апалінар і куды часта наведваўся сам паэт. Пра Яшуны ён пісаў і ў адным са сваіх твораў. Яшуны належаць да Шальчынінскага раёна, які з аднаго боку мяжуе з Вільнюскім, а з другога з нашым Воранаўскім раёнам Гродзенскай вобласці.
I вось па гладкіх асфальтаваных дарогах падвіленскага краю бяжыць падуладны Валеравым рукам наш лёгкі на ход аўтобусік. Па дарозе мы час ад часу спыняемся, знаёмімся з вёскамі, гутарым з сустрэчнымі, адшукваем людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, якія многа могуць нам сказаць, дапамагчы з матэрыяламі для музея.
Першы, каго нам параілі наведаць, быў настаяцель царквы каля вёскі Тургалі протаіерэй айцец Канстанцін Аўдзей. Мы спынілі свой аўтобус далекавата ад яго сядзібы не знайшлі пад’езда. Праз стары сад, свежаскошаную лугавіну з копамі пахкага зялёнага сена пайшлі цугам да яго дома. Каб не надта палохаць гаспадароў, першымі выправілі нашых дзяўчат. Сцежка да дома вяла міма навязаных на ланцугі сабак, якія, убачыўшы нас, проста рвалі тыя ланцугі, каб не дапусціць няпрошаных гасцей да ганка. Пачуўшы залівісты брэх сабак, выйшла пажылая жанчына і, адпіхваючы іх ад сцежкі, распытала нас, хто мы такія і чаго хочам. Перакрыкваючы сабак, мы ўсё ёй растлумачылі, і яна, уціхамірыўшы сваіх ваўкадаваў, прапусціла нас да дома.
Насустрач нам выйшаў на ганак высокі, хударлявы, з сівой барадой чалавек гадоў сямідзесяці ў доўгай чорнай pace. Калі мы расказалі яму, што да чаго, ён ветліва запрасіў нас у дом, дзе пасадзіў у невялікай, але вельмі ўтульнай гасцёўні. Спачатку айцец Канстанцін гаварыў на чыстай рускай мове, а даведаўшыся, хто мы, і пачуўшы нашу гаворку, адразу ж перайшоў на бела-
рускую мову, выявіўшы добрае яе веданне. Аказваецца, сам ён родам з Вілейскага раёна, з вёскі Губы. Больш за тое, ён родны пляменнік... беларускага пісьменніка дакастрычніцкай пары Касьяна Вясёлага (сапраўднае імя яго Вікенцій Іосіфавіч Аўдзей), які пісаў і публікаваў вершы, апавяданні, драматычныя творы. 3 яго п’есай «Не розумам сцяміў, а сэрцам» можна пазнаёміцца ў кнізе «Беларуская дакастрычніцкая драматургія», што выйшла ў Мінску ў 1961 годзе. Працаваў ён настаўнікам. Загінуў як афіцэр царскай арміі на Першай імперыялістычнай вайне. Айцец Канстанцін расказаў нам, з якім поспехам ставілася ў свой час беларуская п’еса дзядзькі «Не розумам сцяміў...» у Вільні і ў розных беларускіх мястэчках і вёсках. Вяскоўцы айца Канстанціна прыгадвалі яму такую дэталь: калі яго дзядзька прыязджаў з войска дамоў на пабыўку, то заўсёды гаварыў з людзьмі «папросту» па-беларуску. Усе дзівіліся, што афіцэр гаворыць на такой мове, смяяліся: «Мужык, мужык!»
Сам айцец Канстанцін скончыў у 1937 годзе Віленскую духоўную семінарыю, якая. між іншым, месцілася ў адным будынку з Беларускай гімназіяй. Дарэчы, у гэтай семінарыі вывучалася і беларуская мова. Для музея айцец Канстанцін падараваў каштоўны фотаздымак, дзе паказаны цэлы выпуск семінарыстаў, сярод якіх былі вядомыя дзеячы беларускай культуры.
Шмат цікавага расказаў нам святар пра віленскае жыццё трыццатых гадоў, пра малавядомыя старонкі з дзейнасці славутых людзей Беларусі. Акрамя ўсяго, ён паабяцаў звязаць нас з былым дырэктарам Науякурайскай школы Міхаілам Юстынавічам Шчасным, які жыве непадалёку і ў якога ёсць нямала матэрыялаў па гісторыі беларускай літаратуры ён жа скончыў Беларускую гімназію ў Вільні.
Але перш за ўсё айцец Канстанцін хацеў пазнаёміць нас са сваёй гаспадаркай. А паказаць і праўда было што. Такі раскошны сад. Багаты агарод. Кветнікі з мноствам вядомых і невядомых кветак. Аранжарэя, дзе яшчэ больш убачылі мы розных дзівосаў. А чаго толькі не расло ў цяпліцы! Маю ўвагу затрымала нейкая невядомая расліна з лапушыстым лісцем.
Гэта в’етнамскі агурок...
О, дык з такой раслінай я сёлета пазнаёміўся ўжо! Зайшоўшы яшчэ ў пачатку года на Камароўку, я ўбачыў там грамадку людзей, што тоўпіліся вакол нейкай жардзіны, якую трымаў пажылы дзядзька. Выявілася, што гэтая жардзіна, якая ўзвышалася над галовамі людзей, быў праўда, ужо засохлы агурок! В’етнамскі агурок. Я як агароднік не ўстрымаўся, каб не купіць цэлую жменю даволі буйнога насення. Вырошчваў, як раіў стары прадавец, у гаршку на падаконніку. Параздаваў таксама сябрам і знаёмым, завёз і ў сваю Зялёную Дуброву. Але ўзышлі і ўзяліся расці на агародзе два калівы таго насення толькі ў самай шчырай агародніцы нашай машыністкі Маргарыты Аляксандраўны. Праўда, і яна не ведала, як іх далей даглядаць. Айцец Канстанцін, якому я расказаў пра ўсё гэта, адразу раскрыў прычыну нашых няўдач: проста гэтая расліна баіцца нават нязначнага холаду, і яе можна вырасціць толькі ў цяпліцы.
Ад саду і агарода гаспадар павёў нас да ўласнага, рукатворнага возера. Яно было невялікае, але вельмі гожа ўпісвалася ў пейзаж. Адным берагам падыходзіла да саду, другім упіралася да цяністага бярозавага гаю, які, бы жывы, адлюстроўваўся ў вадзе. Пры возеры быў нават рыбацкі домік, лодачная станцыя, дзе сярод розных лодак калыхалася на вадзе і маторка. У возеры, не без гонару паведаў нам гаспадар, ён развёў шмат усялякай рыбы, ёсць там нават вугры.
Калі мы палюбаваліся сапраўды цудоўным возерам, гаспадар запрасіў нас пазнаёміцца яшчэ з адным яго дзівам садовым домікам. Вельмі акуратны, з шырокімі вокнамі, у цяні дрэў. Усярэдзіне мноства найпрыгажэйшых кветак. Сярод іх, у кутку, экзатычны фантанчык. А ў цэнтры быў ужо засланы стол, дзе нас чакала закусь, якой мы даўно не бачылі. Пакаштавалі мы там і тых жа смажаных вугроў, і розных гатункаў пахкай дамашняй каўбасы, і дароў саду ды агарода. Ну, і свайго вырабу ўсялякіх він і сокаў.
У мяне ёсць усё, запрашаючы частавацца, без лішняй сціпласці сказаў гаспадар. Я сваімі рукамі стварыў сабе на зямлі райскі куток.
Падумалася: такое магло быць хіба што ў Літве, але толькі не ў нас, у Беларусі. Што б толькі не прыдумалі супроць гэтага нашы зайздроснікі-ўраўнільшчыкі! Яшчэ ж зусім нядаўна кожнаму, хто асмельваўся займець, скажам, аўтамабіль, дачу, прыклейвалі злосна-пагардлівы ярлык: прыватнік, уласнік, чынілі ўсялякія перашкоды як грамадска шкоднаму элементу. Ды і цяпер пра тых, хто працуе на сваім дачным участку, часам можна пачуць пагардлівае: корпаецца ў зямлі, свету не бачыць за работай. А ледзь хто, асабліва ў вёсцы, нажыве сваім мазалём які дастатак, адразу можа пачуць злоснае: кулак! А вось калі ты забіваеш «казла» ў двары, ідзеш з вялізным мяшком за плячыма і гітарай у руцэ ў турысцкі паход альбо бегаеш па лёдзе за шайбай, вядзеш «сціплы спосаб жыцця» ты харошы, табе павага, любоў і спачуванне! Ці не дэфармацыя гэта нашага грамадства? У аснове ж такой пагарды да «багацея» адна з самых нізкіх чалавечых якасцей зайздрасць. Думаю, ад яе, ад зайздрасці, і тыя негатыўныя адносіны да заробкаў цяперашніх кааператараў, якія сваёй працай, сваім умельствам, сваім розумам набываюць сабе матэрыяльныя даброты.
На добры толк, трэба б заахвочваць, агітаваць людзей, каб яны імкнуліся жыць лепей, цікавей, каб яны самі стваралі сабе годныя ўмовы жыцця, напрыклад, каб бралі зямлю, рабілі на ёй такія вось «райскія куткі». Якраз на такіх гаспадароў сваёй долі трэба арыентаваць людзей, а не на сярэдні шэры ўзровень, не на беднасць ды ўбогасць, за якімі часцей за ўсё гультайства, п’янства, маральная разбэшчанасць.
А цяпер можна і да Шчаснага, калі мы адведалі хлебасолі, сказаў гаспадар, ідучы разам з намі ад садовага доміка. Вы садзіцеся ў свой аўтобус і прастуйце за мной. Я сёння буду ехаць на сваёй машыне.
Дык, значыць, гэта ваша унь белая «Ніва»? папытаў я.
Гэта машына ў мяне для гаспадарчых патрэб... На выезд у мяне ёсць другая.
Айцец Канстанцін зайшоў у дом і выйшаў адтуль ужо ў элегантным свецкім плашчы са звязкай ключоў у руках і пакіраваў
да прыземістай будыніны ў двары. Праз некалькі хвілін выехаў адтуль на бліскучай чорнай «Волзе». Вось табе і айцец Канстанцін! Цяпер наўрад ці можна было б здагадацца, хто гэта сядзіць за рулём.
Убачыўшы ля парога сваёй хаты айца Канстанціна, Міхал Юстынавіч быў вельмі ўзрадаваны. Сябры абняліся. Гаспадар павёў нас у хату, пасадзіў вакол стала. I праўда, у Шчаснага нашы музейнікі знайшлі нямала цікавых матэрыялаў, звязаных з гісторыяй беларускай літаратуры. Для музея ён падараваў аж адзінаццаць каштоўных фотаздымкаў з гісторыі Беларускай гімназіі ў Вільні. На адным з іх вывешаны на сцяне партрэт Францішка Багушэвіча. Меў Міхась Юстынавіч і камплект «Нашай нівы», але гэтае рэдкае цяпер выданне пазычыў у яго такі ж аматар беларускай літаратуры Язэп Ермалковіч з вёскі Юшкі калі б мы пад’ехалі туды, можна было б забраць той камплект. Але нам не ставала часу. Мы толькі запісалі Ермалковічаў адрас. Ужо недзе пасля нашага вяртання ў Мінск адна з найшчырэйшых падзвіжніц музея Ірына Марачкіна сагітавала мужа і ўсё ж прывезла з ім той каштоўны набытак для музея.
Калі мы папрасілі абодвух паважаных людзей больш падрабязна расказаць нам пра Беларускую гімназію і Віленскую духоўную семінарыю, пра тагачаснае літаратурнае асяроддзе ў Вільні, яны з ахвотай пачалі прыгадваць сваё незабыўнае мінулае. Для нас гэта была жывая гісторыя, і мы, каб хаця не прапусціць нешта важнае, уключылі свае магнітафоны. «А ты помніш, як?..», «А таго і таго не забыўся?..» Гэтакімі пытаннямі яны нібы выцягвалі з памяці нітачкі новых і новых успамінаў мы толькі спраўляліся перастаўляць у магнітафонах касеты.
Пад канец папрасілі расказаць пра тутэйшыя мясціны, у якіх ім выпала пражыць многія дзясяткі гадоў, пра іх Шальчынінскі раён, яго насельнікаў. Адказваючы на гэтае пытанне, айцец Канстанцін пачаў літаральна так (падаю дакладна спісаныя з магнітафоннай стужкі яго словы):
Ведаеце што тут нейкае недаразуменне. Усе беларусы тут жывуць, усе беларусы. А спытай іх: «Ты хто?» «Я паляк!» А па-польску не панімае ні слова...
I праўда, кружачы на сваім аўтобусе і па Віленскім, і гэтым вось Шальчынінскім раёне, мы пры сустрэчах з людзьмі чулі толькі беларускую мову, вельмі каларытную. Нават не страчалі пакуль што, каб хто гаварыў па-літоўску. Спыніўшыся каля аднаго магазіна ці то ў Тургелях, ці то ў самім Шальчынінкаі, мы ўбачылі на шкле акон надпісы на літоўскай мове (відаць, яны пазначалі, дзе тут ляжыць мяса, рыба, дзе якія крупы...). У дзядзькі, які мясціў на багажніку веласіпеда толькі што купленыя буханкі хлеба, я, паказаўшы на тыя надпісы, папытаў, што там напісана.