Зорка філаматаў
нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
трэба аднесці вядомую прымаўку: калі гучаць гарматы музы маўчаць. Але муза Францішка Багушэвіча змушана была маўчаць і тады, калі былы паўстанец пайшоў пакутніцкай дарогай дабравольнага выгнання блукаць па свеце ў пошуках прытулку і кавалка чорнага хлеба. «Можа быць, ніхто з такой мінай не глядзіць на гэтыя прайшоўшыя гады, як я, які гэтулькі страціў без следу: прамываў цукар у вадзе ўвесь час...» з горыччу казаў пра свае дваццацігадовыя блуканні сам паэт. Толькі пасля вяртання на радзіму, на схіле жыцця змагла на ўсю моц загучаць песня «панарскага салаўя».
Вішнева
У час сваёй экспедыцыі мы зазірнулі яшчэ ў Вішнева вёску ў Смаргонскім раёне. Тут у 1886-1889 гадах Францішак Багушэвіч, наязджаючы з Вільні, працаваў даверанай асобай у маёнтку Яна Карловіча. 3 ім, вядомым польскім дзеячам навукі і культуры, Францішак Багушэвіч, як мяркуюць, пазнаёміўся і на ўсё жыццё пасябраваў, калі працаваў настаўнікам у Доцішках. недалёка ад якіх, у суседняй Падзітве, быў родавы маёнтак Карловічаў. Гэта Ян Карловіч, які, дарэчы, з вялікай пашанай ставіўся да беларускага народа, да яго мовы, культуры, збіраў і запісваў яго фальклор, дапамог паўстанцу Багушэвічу ўцячы ад учэпістых лап царскіх шпікоў ва Украіну і ўладкавацца там на вучобу ў Нежынскі юрыдычны ліцэй. 3 удзячнасцю прыгадваючы гэтую дапамогу, беларускі паэт пісаў з Нежына Карловічавай мацеры, што ён «абавязаны яе высакароднаму сыну ўсёй сваёй будучыняй». Тут трэба яшчэ дадаць: Яну Карловічу абавязана ўся беларуская літаратура, абавязана тым, што наогул творы Францішка Багушэвіча дайшлі да нас, што яны не згубіліся ў віхурах таго неспрыяльнага для нашай культуры часу. Гэта ж якраз намаганнем Яна Карловіча былі ў 1890-я гады выдадзены зборнікі твораў Мацея Бурачка.
Пасля вяртання Францішка Багушэвіча з Украіны, ведаючы яго цяжкае матэрыяльнае становішча (ды і якая магла быць аплата працы мужыцкага адваката?), Ян Карловіч прапанаваў свайму сябру прыглядаць за здадзеным у арэнду яго маёнткам
у Вішневе. Пра стан гаспадаркі можна меркаваць з пісем Францішка Багушэвіча да Яна Карловіча і яго жонкі. Арэнда давала зусім невялікі прыбытак. Клопатаў жа было там шмат, і Францішак Багушэвіч урэшце папрасіўся вызваліць яго ад гэтай пасады.
Паказаць нам у Вішневе месца Карловічавага маёнтка, знішчанага ў час Першай імперыялістычнай вайны, згадзілася былая настаўніца Вішнеўскай школы Валянціна Іосіфаўна Дыро. Стаяў ён на беразе прыгожага Вішнеўскага возера. Сёння ад маёнтка застаўся гэты раскошны парк (цяпер, як і ўсюды ў нас, запушчаны, занядбаны), а таксама сад. Два разы на год да Яна Карловіча, як расказваюць людзі, з’язджаліся з усіх бакоў, здалёку і зблізку, шматлікія госці на Святога Яна і ўвосень. Прыязджала і «пані з Гродна» гэта, як мяркуе Валянціна Іосіфаўна, была Эліза Ажэшка. Пра Яна Карловіча ў людзей засталіся самыя добрыя ўспаміны. Паводле іх расказаў, «не было ніводнага выпадку, каб ён зняважыў каго». Наадварот, быў сялянам часта за доктара, лячыў іх у сваіх пакоях, даваў ім прытулак. I яшчэ любіў слухаць народныя песні, запісваў іх, для гэтага часта хадзіў на сялянскія вяселлі, на іншыя святы.
Добрае ўражанне засталося ў вішнеўцаў і ад яго сына Мечыслава Карловіча, чамусьці «хваравітага». Нарадзіўся ён тут, у Вішневе. Быў Мечыслаў Карловіч вядомым кампазітарам. 3 дзяцінства, як сам казаў, шчыра палюбіў беларускія народныя песні, рабіў у Вішневе запісы ўзораў беларускай музыкі, выкарыстоўваў гэтыя запісы цытатна і ў распрацоўцы у сваіх сімфанічных творах. Яго «Літоўская рапсодыя», напрыклад, уключана ў рэпертуар Беларускага тэлебачання і радыё. Мечыслаў Карловіч не раз сустракаўся ў Вішневе з Францішкам Багушэвічам, потым вёў з ім перапіску, спрабаваў пісаць музыку на яго творы, напрыклад на верш «Хмаркі». He вядома толькі, ці захавалася гэтая музыка.
Валянціна Іосіфаўна ўспамінае, як у 1938 годзе ў Вішневе было наладжана вялікае свята ў памяць Мечыслава Карловіча. Тады ж быў і ўстаноўлены помнік у яго гонар. На жаль, гэты помнік быў знішчаны (захавалася толькі частка). Валянціна Іосіфаўна разам з вучнямі адкапала яго ў Карловічавым парку. Але рабіла гэта крадком, бо мясцовыя ўлады з недаверам ставіліся
да ўсялякіх «паноў». Гэтая частка помніка Мечыславу Карловічу і цяпер ляжыць у густым кустоўі парку. Вось яшчэ адзін жывы «паказчык» нашых адносін да культурнай спадчыны, да памяці аб лепшых сынах Беларусі! На добры лад, помнік Мечыславу Карловічу трэба было б нам узнавіць, скарыстаўшы яго рэшткі як аснову. Гэта было б данінай павагі і нашаму земляку-кампазітару Мечыславу Карловічу, і яго бацьку Яну Карловічу, які гэтулькі зрабіў для беларускай літаратуры і культуры. Усведамляючы заслугі Карловічаў у развіцці нашай культуры, у прыватнасці творчыя дасягненні кампазітара Мечыслава Карловіча, свайго земляка, выдатнага чалавека, Валянціна Іосіфаўна, як магла, выказала свае адносіны да яго ўласным вершам, які так і назвала «Мечыславу Карловічу»:
Вы палюбілі гэтыя мясціны, Дзе нарадзіліся і дзе ўзраслі. Да нас дайшлі святыя успаміны Аб людзях слаўных, што між нас жылі.
Былі вам гэтак любы песні жнеек, Што так спявалі, з поля ідучы! Вам у душу тады запалі неяк Мелодыі тых песень уначы.
Вы разумелі пошум дрэў і шэпты Трысця на ціхім возеры цудоўным. Як хораша ўсё выказалі гэта Вы у сваёй рапсодыі чароўнай!
О Вішнева! Яго ты ўзгадавала I моц яму магутную дала. Штораз яго як сына ты страчала, Ты родным кутам для яго была.
Як мы ўбачылі, Карловічы пакінулі надзвычай добры след у памяці вішнеўцаў.
Вузлы дарог
За час экспедыцыі мы змаглі збольшага азнаёміцца толькі з некаторымі, праўда, найболып важнымі багушэвічаўскімі мясцінамі. А іх жа на карце блуканняў аўтара «Дудкі беларускай»
нямала. Гэта перш за ўсё Віленская гімназія, дзе вучыўся паэт. Варта было б паглядзець на цяперашні яе стан, адшукаць месца, дзе спыняўся Францішак Багушэвіч, дзе бываў у Вільні ў час вучобы. Апрача таго, трэба б выявіць і акружэнне паэта, у першую чаргу выкладчыкаў, а таксама студэнтаў, з якімі ён разам вучыўся. Вышэй ужо называліся былыя таварышы Францішка Багушэвіча па гімназіі і адначасова паплечнікі Кастуся Каліноўскага Ціт Далеўскі, Ігнацы Здановіч, пакараныя смерцю за ўдзел у Студзеньскім паўстанні. Вучыліся з ім і іншыя цікавыя хлопцы. Напрыклад, брат Ціта Далеўскага Канстанцін, які ў час таго ж паўстання камандаваў асобым атрадам, быў паранены. Пасля разгрому паўстання ўцёк за мяжу, змагаўся за народную справу ў час Парыжскай камуны 1871 года і быў расстраляны версальцамі. У адным класе з Багушэвічам вучыўся Юліян Чарноўскі у 1863 годзе рэвалюцыйны камісар Ашмянскага павета. Трэба сказаць, з гімназіі выйшла нямала рэвалюцыянераў, людзей, да канца адданых народу. Гэтае гімназісцкае акружэнне Францішка Багушэвіча можа вельмі многа сказаць аб фарміраванні светапогляду паэта, а значыць. і аб вытоках яго творчасці.
Да важных Багушэвічавых мясцін належыць і Пецярбургскі ўніверсітэт, дзе вучыўся паэт. Хоць і нядоўга ён там пабыў, але, трэба думаць, усё ж нямала даў беларускаму паэту для ідэйнага сталення гэты прызнаны цэнтр перадавой грамадскай думкі Расіі. А Сувалкскія, ці Аўгустоўскія, лясы, дзе хадзіў паўстанцкімі сцяжынамі Францішак Багушэвіч? Як гэта было б заманліва прайсці імі, пашукаць сляды бітваў, у якіх удзельнічаў паэт, ну, і знайсці дом Крушэўскіх, якія дапамаглі параненаму Францішку Багушэвічу ізноў стаць на ногі. Варта было б пашукаць на Беласточчыне і ў Вільні месцы, дзе хаваўся паўстанец Багушэвіч ад царскіх шпікоў у 1863-1865 гадах. Здаецца, ніхто з нашых даследчыкаў не пабываў яшчэ ў багушэвічаўскіх мясцінах Украіны і Расіі. А іх жа было нямала: Нежын, дзе ў 1865-1868 гадах вучыўся паэт у юрыдычным ліцэі, Чарнігаў, дзе ў 1868-1869 гадах працаваў ён памочнікам справавода Чарнігаўскага праўлення і следчым, а таксама Кралявец (цяпер Сумская вобласць), Старадуб (Бранская вобласць), Волагда, Гразявец (Валагодская
вобласць), Барзна (Чарнігаўская вобласць), Канатоп (Сумская вобласць), дзе беларускі паэт працаваў з 1869 па 1884 год судовым следчым. Колькі падзей, трагедый, расчараванняў, дум хаваецца пад гэтым пратакольным тэрмінам «судовы следчы»!
А віленскія судовыя ўстановы, дзе па вяртанні на радзіму працаваў Францішак Багушэвіч адвакатам судовай палаты. На гэтай пасадзе ён вёў пераважна справы сялян і гарадской беднаты. Адсюль і яго празванне мужыцкі адвакат.
Быў у біяграфіі Францішка Багушэвіча і горад Гродна. Сюды ён прыязджаў да сусветна вядомай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, шчырай прыхільніцы беларускага народа, беларускай культуры. Элізу Ажэшку звязвала з Францішкам Багушэвічам адзінства поглядаў, а таксама агульнае баявое мінулае: і польская пісьменніца, і беларускі паэт былі ўдзельнікамі Студзеньскага паўстання 1863 года. Ну, і яднала іх, вядома ж, яшчэ і літаратура. У 1888 годзе ў пісьме да Яна Карловіча Эліза Ажэшка пісала: «Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч і чытаў мне толькі што напісаную ім па-беларуску байку, доўгую, поўную фантазіі, цудоўную. Прыгожы гэта талент. Яго польскія вершы слабыя, але беларускія, на маю думку, па меншай меры выдатныя. Трэба б было з усёй сілай заахвочваць яго да работы ў гэтым напрамку». У сваю чаргу, Францішак Багушэвіч з найвялікшай пашанай ставіўся да Элізы Ажэшкі, прысвяціў ёй адзін са сваіх лепшых вершаў «Яснавяльможнай пані Арэшчысе».
3 вялікім смуткам дачулася Эліза Ажэшка пра такую нечаканую смерць беларускага сабрата на самай мяжы новага стагоддзя. Згадваючы падзвіжніцтва нарадалюба Францішка Багушэвіча, яна пісала: «Быў ён адным з найвысакародных людзей, якія служылі нашай зямлі, а для мяне асабіста адным з вельмі нешматлікіх сяброў. Успаміны пра яго для мяне дарагія і самотныя». He кожны мог атрымаць такую высокую ацэнку ад выдатнай пісьменніцы!
Трагізм лёсу Францішка Багушэвіча ў тым, што ён так і не ўбачыў вынікаў таго, за што змагаўся і са зброяй у руках, і пяром паэта. Наадварот, пасля яркага ўсплёску народнага духу ў час Студзеньскага паўстання яшчэ больш цёмная ноч на доўгія гады
апусцілася на анямелыя палі Беларусі, а на шляху паэтычнага слова беларускага дудара да народа сталі непераадольныя перашкоды, што чыніла новая палітыка царызму. Гэты трагізм прарываўся і ў яго «дудцы», якая, зняверваючыся, часам проста нямела ад безвыходнасці: