• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

    Зорка філаматаў

    нарысы, эсэ
    Кастусь Цвірка

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 548с.
    Мінск 2017
    141.87 МБ
    Каб трапіць у Акопы, мы з Эдуардам Іванавічам зноў вярнуліся да вёскі Вялікія Бясяды, скіравалі ў яе вуліцу. Праз калгасны двор выехалі на пясчаны прасёлак. Праз які кіламетр паказаліся прысады вёскі Харужанцы. За Харужанцамі, перад лесам, у цяні вясёлага дубка, што здалёк маячыў на сонечным узгорку, паставілі машыну.
    -	Акопы за гэтым лесам, сказаў Эдуард Іванавіч. Можна прайсці пеша...
    Да Акопаў ішла праз лес калдобістая, з грыўкамі травы між машынных і калёсных каляін дарога. Мы паволі, без спешкі хацелася адпачыць тут душой патупалі па ёй, узіраючыся ў прыдарожны сівец ды верас: ці не выпнецца дзе які грыб. I праўда: неўзабаве Эдуард Іванавіч прыкленчыў каля прыземістай хвойкі; калі ён выпрастаўся, у руках бліснула смуглявая галоўка баравіка.
    Падахвочаныя знаходкай, мы збочылі з дарогі і ішлі паўз яе, па выбітых каровамі і датаптаных, відаць, аматарамі «ціхага палявання», пакручастых сцежачках між хвой і куп’я, пільна ўглядаючыся перад сабой: абодва мы аказаліся заядлымі грыбовікамі і, вядома ж, не маглі прапусціць моманту. Але, як выявілася, мы не былі тут сёння першапраходцамі: то там, то сям бялелі ў траве парэзаныя кімсьці «карэньчыкі» кольцы баравікоў, валяліся збітыя мухаморы ды пры елках стаўбунаватыя макрухі, якіх, як відаць, і тут не было ахвотнікаў браць: усіх адпужвае ахоўная слізістая плёнка гэтых, калі верыць кнігам, ядомых грыбоў, падобных зверху на маслякоў. Зрэдку трапляліся нам цэлыя касякі чорных груздоў, ці хрушчоў, як завуць іх на Міншчыне, праўда, больш старых, з парыжэлымі спадыспаду пласцінкамі. Але мы каля іх не сунімаліся гэтак можна было і засесці на паўдарозе да мэты.
    Выглядвалі болып баравікоў ды рыжкоў, асабліва рыжкоў яны ж надта любяць такія сіўцы ды каровіны капыты. Шукаючы так грыбы, падумаў, што гэта ж якраз тут кружыў некалі з кошыкам і нажом Янка Купала, што мы ходзім яго грыбнымі мясцінамі...
    Неўпрыкметку дарога прывяла нас на светлую паляну, перасечаную ў некалькіх месцах роўнымі і вузкімі паскамі ясных пералескаў.
    Гэта пачыналіся ўжо Акопы. Эдуард Іванавіч, калдыбаючы па ўцвярдзелых за лета грудах раллі, шоргаючы чаравікамі па пруткім яшчэ ржэўніку, падвёў мяне пад адзін з пералескаў. Там, сярод хмызу, мне здалёк ужо кінуўся ў вочы вялізны каменьвалун, цёмны, з седлаватымі выемкамі. Гэта, сказаў Эдуард Іванавіч, камень Янкі Купалы. Тут ён любіў адпачываць, пісаў на ім, як на стале, вершы і паэмы. Мы на вока змералі валун быў ён прыкладна чатыры метры ў даўжыню, тры у шырыню і каля паўтара метра вышынёй. Як бы там ні было, а гэты камень не мог не звярнуць на сябе ўвагі Янкі Купалы, не мог не будзіць яго багатай фантазіі. Інакш кажучы, камень-валун у Акопах яшчэ адзін, пастаўлены самой прыродай помнік паэту, вечны сведка яго натхнення.
    Трошкі далей за каменем, між камлёў пачарнелых альшын і напалову сухіх вербалозін, цягнуўся, перасякаючы нам дарогу, глыбакаваты роў, на дне якога бялелі пясчаныя наносы след ручая, які яшчэ нядаўна шыўся тут між кругляцу ды асочкі. Каля рова Эдуард Іванавіч паказаў мне і зарослую цяпер сажалку Луцэвічаў, на беразе якой стаяла іх лазня.
    А вунь і сама хата Бянігны Іванаўны, мацеры паэта. Хата, пра якую, праўда, трэба гаварыць ужо ў мінулым часе. Бо ад яе застаўся толькі падмурак і выкладзеныя каменем два скляпы. Адзін, пад былой кухняй, для бульбы, гародніны; другі, пад кладоўкай, для малака, сала, садавіны, называўся ён спіжарня. Радавала трошкі тое, што і падмурак, і скляпы былі ў добрым стане. Сценкі скляпоў як быццам сёння былі выкладзены камянямі, нідзе не аб’ехалі, захаваліся нават лазы ў іх.
    Эдуард Іванавіч паказаў мне, дзе былі «пакоі», спальня, калідор, лесвіца на вышкі, дзверы і, нарэшце, пакой, дзе звычайна спыняўся Янка Купала. Два акны Купалавага пакоя ён быў вуглавы выходзілі ў сад: адно, здаецца, на поўдзень, другое на захад. Перад самымі вокнамі цвілі на клумбах кветкі, раскашавалі кусты руж. 3 акон відаць былі дубы, клёны, ясені, хвоі недалёкага лесу, прасвечвалася шырокімі прагаламі поле. He дзіва, што так добра пісалася тут паэту.
    Цяпер пасярэдзіне пакоя Янкі Купалы гаманіла з ветрам выгоністая бяроза. На месцы ж кветнікаў разрасліся суцэльнай
    сцяной здзічэлыя кусты руж тыя самыя, што бачыліся з акна паэту. Вакол хаты былі яшчэ кусты бэзу, шыпшыны, а таксама рэшткі саду састарэлыя яблыні, ігрушы.
    Недалёка ад хаты мы знайшлі рэшткі калодзежа, які даўно аб’ехаў цяпер гэта была неглыбокая яміна, з камянямі. 3 яміны цягнуліся ўвысь два тонкія маладыя дубкі. Эдуард Іванавіч падводзіў мяне туды, дзе былі раней гаспадарчыя пабудовы ад іх заставаліся цяпер толькі камяні падмуркаў ці невысокія, амаль зроўненыя з зямлёй, травяністыя валкі. Вось тут стаяла «высакаватая будачка» капцільня («раней яна называлася вяндлярня»), Тут хлявы («і коні ў адным стаялі»). Тут пуня. Тут гумно, у якім была конная малацілка. Тут знаходзіліся два свірны: у адным «ссыпалі дабро», у другім, добра помніцца Эдуарду Іванавічу, віселі хамуты, сядзёлкі і ўсякія іншыя рэчы («нейкі склад быў»),
    Мы абышлі ўсю, яшчэ даволі вялікую паляну. Якая разнастайнасць парод дрэў у Акопах, вакол былога двара Бянігны Іванаўны! Тут і светлыя беразнякі, і задуменныя хвойнікі, і пахмурныя рады елак, і уперамешку з іншымі дрэвамі клёны, дубы, ясені, арабіны, вербы, ліпы, дзікія яблыні і грушы... I ўсё гэта ў вясёлым асеннім убранні. Чароўны, поўны цішыні і сонца куточак!
    Мы доўга тупалі па свежаапалым лісці, па сіўцовым куп’і, сачылі, як над лесам, высока ў небе плаваў, амаль не махаючы крыламі, нейкі ястрабок, і нам проста не хацелася вяртацца назад, пакідаць гэты першародны спакой, гэту амаль што не кранутую красу ціхай прыроды. Водзячы мяне па сцежках паэта, Эдуард Іванавіч расказваў аб колішнім тут жыцці, аб сваіх сустрэчах з Янкам Купалам. Праўда, пра першыя гады, калі Аўлачынскія жылі разам з Бянігнай Іванаўнай у Акопах, а потым самастойна на суседнім хутары Айчызна, Эдуард Іванавіч нічога не помніць, бо тады яшчэ быў зусім малы. Затое добра запомніўся яму «дзядзька Янка», калі Аўлачынскія жылі на недалёкім хутары Ляўшова, які сёння зліўся з вёскай Харужанцы. Янка Купала, прыязджаючы ў Акопы, не мінаў хаты сваёй сястры ў Ляўшове Марыі Дамінікаўны Аўлачынскай. Тым больш
    што з яе чалавекам Янкам Аўлачынскім, бацькам Эдуарда Іванавіча, ён шчыра сябраваў, яшчэ з юнацтва вучыўся з ім у Беларуцкім вучылішчы, хадзіў разам на паляванне. Помніцца Эдуарду Іванавічу, як паляўнічыя падсмейваліся з Янкі Купалы, які прыходзіў з лесу з пустымі рукамі: у яго рука не падымалася стрэліць у звера, асабліва ў такога прыгожага і бяскрыўднага, як вавёрка. «Хай жыве сабе ды дзяцей пацяшае», казаў Янка Купала. He раз сустракаўся з паэтам Эдуард Іванавіч і ў саміх Акопах, куды бегаў з Ляўшова да сваёй «бабкі» Бянігны Іванаўны.
    У памяці застаўся адзін выпадак. Аднойчы Янка Купала пайшоў у грыбы. Раптоўна ўсчалася небывалая бура, хлынуў лівень. 3 хаты і з гаспадарчых будынкаў ледзь не пазносіла дахі. Некалькі гадзін шалеў гэты смерч. Бянігна Іванаўна не знаходзіла сабе месца, хадзіла па хаце, плакала, узіраючыся ў вокны: прападзе Ясь гэта ж пайшоў амаль што голы, і столькі часу няма. Толькі калі мінула бура, Янка Купала вярнуўся дадому. Ён быў мокры да ніткі, але вясёлы, з усмешкай на твары: перачакаў непагадзь, схаваўшыся пад нейкі выварацень...
    Вяртаючыся з Акопаў у Мінск, мы заскочылі яшчэ «на хвілінку» ў Янушкавічы, да сябра дзяцінства Эдуарда Іванавіча былога настаўніка, выкладчыка хіміі Мечыслава Іосіфавіча Несцяровіча, які некалі жыў побач з Акопамі на хутары Моцеўшчына. Ён часта сустракаў тут Янку Купалу то ў лесе ў грыбах, то на кірмашы ў Харужанцах, куды паэт любіў хадзіць, гутарыць там з людзьмі, то на сенажаці, то на полі... Запомнілася, напрыклад, Мечыславу Іосіфавічу, як аднойчы ён убачыў Янку Купалу на сенакосе каля вёскі Карпілаўка, у гурце касцоў і жанчын зграбальшчыц сена, што расселіся на грудку папалуднаваць. Частуючыся разам з усімі, Янка Купала размаўляў аб чымсьці са сваімі землякамі, смяяўся, а потым пачаў чытаць ім паэму Якуба Коласа «Новая зямля». Якраз з таго часу ўрэзаліся ў памяць Мечыславу Іосіфавічу, тады яшчэ малому хлапчуку, упершыню пачутыя з вуснаў Янкі Купалы радкі цудоўнай коласаўскай паэмы: «А збоку чмыша бык Мікіта, хвастом матаючы сярдзіта...» I, вядома ж, ніколі не забудзе Мечыслаў Іосіфавіч, як паэт аднойчы падараваў яму дзве кніжкі «Тараса Бульбу» Гогаля на беларускай
    мове і фальклорны зборнік (на жаль, абедзве кніжкі згарэлі ў час вайны): Янка Купала заўсёды, прыязджаючы ў Акопы, прывозіў дзецям такія гасцінцы...
    I яшчэ была ў мяне на радзіме Янкі Купалы праўда, трохі пазней, на другое лета адна сустрэча. Сустрэча з ураджэнцам гэтых мясцін. нядаўнім выкладчыкам біялогіі Гродзенскага ўніверсітэта Францам Віктаравічам Гінтаўтам.
    Пра яго расказаў мне Максім Лужанін, які ведаў з публікацыі ў газеце «Літаратура і мастацтва» аб маіх росшуках крыніц купалаўскай паэзіі. Аляксандр Амвросьевіч сказаў мне ў той размове, што Франц Віктаравіч, яго таварыш яшчэ па Белпедтэхнікуму, таксама займаецца тым жа, што і я, і што ён шмат цікавага можа расказаць пра купалаўскія мясціны.
    Каб распытаць, як звязацца з Францам Віктаравічам, я набраў нумар тэлефона яго сваякоў, што жывуць у Мінску, гэты тэлефон таксама дапамог мне знайсці Максім Лужанін. Прыветлівы жаночы голас адказаў, што Франц Віктаравіч якраз гасцюе цяпер у іх, у сваякоў, але ўчора паехаў на дні два-тры ў Вялікія Бясяды на радзіму. Ён намерыўся пабыць там у свайго стрыечнага брата, таксама Гінтаўта.
    Была якраз субота, выхадны дзень, а пад акном бо не займеў гаража стаяла, заўсёды напагатове, машына. Доўга не думаючы, я ўвапхнуў у партфель блакнот, мацнуў па кішэні, ці на месцы ключы, і патупацеў прыступкамі лесвіцы ўніз. Праз якую гадзіну я ўжо стаяў у Вялікіх Бясядах на ўтравелым грудку перад варотцамі дагледжанага двара з вясёлкамі кветак пад вокнамі хаты. Убачыўшы машыну, з варотцаў выйшла маладая жанчына з малым на руках.
    Ага, у нас Франц Віктаравіч, адказала яна на маё запытанне. Толькі ён цяпер не дома пайшоў фатаграфаваць панскі двор. Гэта кіламетры паўтара-два адсюль.
    А як туды пад’ехаць?