Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Туды не пад’едзеце няма дарогі.
To, можа, я пеша прайду?..
Вы не знойдзеце... Хіба папрасіць бабу Стасю... Вунь яна ідзе...
Але бабка Стася, жывая, вельмі рухавая жанчына, адгаварыла: Правесці-то я правяла б, але мы можам размінуцца... Ды ён вот-вот павінен быць...
I праўда, не паспеў я як след разгледзецца, пахадзіць па вуліцы пасёлка (гэты пасёлак, хоць і аддзяляе яго ад Вялікіх Бясяд гравійка, усё роўна адносіцца да іх), як тая ж маладая жанчынка гукнула мне:
Франц Віктаравіч прыйшоў ужо!..
Франц Віктаравіч, прыемны з твару, нетаропкі ў рухах чалавек, вельмі інтэлігентны, сустрэў мяне як знаёмага, аднадумца. Ён расказаў, што цяпер якраз хадзіў на былую сядзібу пана Вайцяхоўскага, таго самага, што аддаваў Луцэвічам у арэнду Селішча. Франц Віктаравіч фатаграфаваў там рэшткі панскага саду, маляўнічыя куткі раскошнага парку, цудоўныя азёры-сажалкі: усё ж такі сядзіба гэта таксама моцна звязана з біяграфіяй Янкі Купалы.
3 самых малых гадоў ведаў Франц Віктаравіч Янку Купалу: сядзіба Гінтаўтаў, якія жылі ў Ляўшове, межавалася з дваром Аўлачынскіх, дзе вельмі часта, як ужо гаварылася, гасцяваў паэт. Я расказаў Францу Віктаравічу, як мы хадзілі тут з Эдуардам Іванавічам Аўлачынскім.
А ці вадзіў ён вас на курган?
He, не вадзіў. А на які курган?
Ды той самы... «Ўдзірванелы курган векавечны»... Пра які і паэма Янкі Купалы «Курган»...
Але ці той? моцна засумняваўся я. А мы можам разам памеркаваць... Калі хочаце, давайце пад’едзем туды, паглядзім...
Я, вядома, не мог не згадзіцца. У Харужанцах Франц Віктаравіч папрасіў мяне спыніцца каля самай крайняй хаты.
Тут жыве мой сваяк, ляснік. Ён пакажа, як прайсці на курган. Я хадзіў туды малым, але цяпер курган зарос лесам...
Ляснік Віктар Хадкоўскі якраз зграбаў за хатай сена. Выслухаўшы нас, ён гукнуў сына, які яму памагаў.
Саша, звадзі людзей на Курганы... Толькі ідзі раўком.
Саша, загарэлы хлапчук гадоў дванаццаці, адклаў убок граблі і, не вельмі дзівячыся з нашага намеру, сказаў нам ісці за ім.
Але ж той курган... «на ўзбярэжжы ракі шумнацечнай», а тут ніякай ракі не відаць... ізноў выказаў я сваё сумненне Францу Віктаравічу, ідучы з ім услед за Сашам.
Усё правільна... Толькі пачакайце... I, калі выйшлі за аселіцу, ён дадаў: Вы заўважылі, па чым мы ідзём?
Мы ішлі зялёнай, з тарфянымі пралысінамі вузкай лагчынкай, якая напамінала рэчышча высахлай ракі. Пад нагамі чулася вільгаць, і мы стараліся ступаць на цубчэйшыя купіны кругляцу, з якога вытыркаліся сцяблінкі чорнагалову ужо з белымі камячкамі пуху.
Тут як бы нейкая балаціна?
-	Вот-вот. Вы пакуль што заўважайце, а потым мы звяжам усё ў адно, сказаў Франц Віктаравіч з усмешкай.
Гэтай лагчынкай, якую чамусьці ляснік назваў «раўком», мы дайшлі да лесу, што ішоў, падымаўся ўверх хвоі, бярозы, арабіны... Да вяршыні ўзгорка дабіраліся кругамі, абмінаючы нейкія яміны, траншэі, зарослыя аж не відаць было збуялым скрыпенем ды маркоўнікам. На самай вяршыні ўбачылі замшэлы дот.
Гэта і ёсць той Курган, сказаў Франц Віктаравіч, калі мы спыніліся на ўзгорку. Адсюль, калі ён быў бязлесы, добра праглядваліся ўсе навакольныя дарогі і вёскі... Таму вайскоўцы і скарысталі яго для сваёй мэты... Калі я быў малы, бачыў тут дзве жалезныя пліты з выбітымі літарамі. Значыць, нехта важны быў тут пахаваны. Ну, і галоўнае, чаму я думаю, што гэта той курган, паданне, што расказаў мне сябра Янкі Купалы, наш блізкі сусед у Ляўшове Янка Аўлачынскі. От паслухайце яго. Некалі, кажа паданне, жыў тут нейкі князь. Аднаго разу ўгнявіў яго чымсьці вядомы ва ўсёй ваколіцы лірнік-жабрак, які лічыўся чараўніком. Князь загадаў слугам забіць яго і закапаць на гэтым во ўзгорку. Назаўтра ўсе крыніцы, якія білі адсюль, быстрацечная рака, што ўтварала гэтыя крыніцы, у адзін момант перасохлі. Гэта была кара за забойства лірніка-чараўніка. 3 таго часу тут і засталося тое рэчышча, якім мы і падымаліся на ўзгорак. Яно цягнецца аж да самай Гайны-ракі. Гэтай лагчынай-рэчышчам і цяпер нясуцца вясною бурлівыя плыні талай вады. Паданне гэта не мог не ведаць ад сябра і Янка Купала, які вельмі цікавіўся даўніной.
Калі я слухаў Франца Віктаравіча, мне вельмі яскрава пачуўся той нестрыманы гул бурлівай і магутнай плыні купалаўскага «Кургана», паэмы, што бліскотна ўвабрала ў свае строфы і шматпакутную гісторыю змагання беларускага народа за волю, і стрыманую веліч не вельмі раскошнай прыроды краю, яго бессмяротныя легенды і паданні, што праз вусны людзей дайшлі да нас з самай сівой мінуўшчыны:
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, Ўдзірванелы курган векавечны.
Дуб галлё распусціў каранасты над ім, Сухазелле ў грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем сваім, Аб мінуўшчыне ў жальбе галосе.
На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае, Ночкай зоры глядзяць залатыя.
Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз, Перуны білі з краю да краю, -
Ён стаіць гэта памяць людская, паказ...
Толькі гутарка ходзіць такая...
Спусціўшыся той лагчынкай-рэчышчам з высокага ўзгоркакургана ўніз, мы зноў селі ў машыну і пад’ехалі да былой сядзібы Гінтаўтаў і іх суседзяў Аўлачынскіх. Франц Віктаравіч, адышоўшыся, доўга стаяў на пустэчы каля старых цяністых ліп, што ціха шумелі ўверсе сваёй багатай лістотай.
-	От тут была наша хата...
I Франц Віктаравіч расказаў мне трагічную гісторыю бацькоўскай сям’і, што жыла тут побач з Аўлачынскімі з 1919 года. У час Вялікай Айчыннай вайны, помсцячы за яго брата Станіслава, які перад вайной быў старшынёй тутэйшага калгаса, а з прыходам гітлераўцаў стаў адным з завадатараў партызанскага руху, фашысты загналі бацьку, маці і пяцярых іх дзяцей малодшых
братоў і сясцёр Франца Віктаравіча у пуню і разам з іншымі партызанскімі сем’ямі спалілі жывымі. Пра гэта Франц Віктаравіч даведаўся пазней, бо быў далёка адсюль, у партызанскім краі...
Жывучы ў Ляўшове, Франц Віктаравіч добра пазнаўся са сваімі суседзямі Аўлачынскімі, без якіх, на яго думку, нельга абысціся ў выяўленні вытокаў творчасці Янкі Купалы. I перш за ўсё без першага гаспадара Ляўшова Франуся Аўлачынскага. Быў ён з бедных, беззямельных сялян. Але раптоўна яму прываліла багацце. Ад дзядзькі па мацеры. Паехаў неяк дзядзька ў Амерыку на заработкі. Там яму ўдалося сабраць немалы капітал. Але скарыстаць яго дзядзьку не выпала: падарваўся, як відаць, на непасільнай працы, захварэў і памёр. Перад смерцю ён, адзінокі чалавек, напісаў завяшчанне, згодна з якім увесь свой набытак перадаваў старшаму сыну адзінай сваёй сястры, што была замужам за Аўлачынскім. Гэтым старшым сынам і быў Франусь, тады яшчэ падлетак. Атрымаўшы добрыя грошы, Франусеў бацька купіў каля Лысай Гары, у Ляўшове, тры валокі зямлі і пачаў абжывацца. Калі бацькі памерлі, Франусь, які пасталеў ужо к таму часу, завалодаў ляўшоўскім хутарам. Пры ім былі яшчэ дзве сястры і малодшы брат Янка, той самы Янка Аўлачынскі, з якім сябраваў Янка Купала. Стаўшы паўнапраўным гаспадаром, Франусь захацеў зрабіцца сапраўдным панам, шляхцічам. Дзеля гэтага ён падшукаў сабе ў Мінску нявесту са шляхецкай сям’і. He важна, што Таклюся была далёка не красуня, затое чыстакроўная шляхцянка! I, галоўнае, бацькі абяцалі і самога Франуся прыпісаць да дваранства. Згулялі вяселле, і Таклюся стала гаспадыняй у Франусевым доме. Хоць афіцыйна з дваранствам у Франуся нічога не выйшла, усё ж ён хадзіў як пан, пераймаючы ўсе панскія звычкі. Гаварыў ужо не «па-мужычы», а нейкай змешанай беларуска-польска-рускай мовай. «Вось цо да», «собственно», «тудэма-сюдэма», «пане дабрадзею» такія яго былі любімыя слоўцы. Яго так і празвалі людзі Восьцода. Сямейнае жыццё ў Франуся не ўдалося: Таклюся аказалася бяздзетнай. і ён пад канец запіў, упаў у розныя дзівацтвы. Як мяркуе Франц Віктаравіч, Франусь Аўлачынскі паслужыў для Янкі Купалы прататыпам каларытнага і запамінальнага вобраза камедыі
«Паўлінка» Пранціся Пустарэвіча. Гэты вобраз амаль «жыўцом» спісаны з былога гаспадара ляўшоўскага хутара.
Апрача таго, «дапамог» Франусь Янку Купалу напісаць і TaKia паэтычныя творы, як «Адплата кахання», «Сват», «Страх», дзе вельмі яскрава праглядваецца гэты самазваны «шляхціч». У «Адплаце кахання» выдае яго нават вельмі блізкае прозвішча Лаўчынскі. Тут жа гаворыцца і пра яго сёстраў:
Во гэты-то шляхціч, во гэты багаты, Пан новай і гонтамі выкрытай хаты, Меў некалькі сёстраў, а стройных і мілых, Прыгожых у твары, здаровых на сілах: Кроў проста, здаецца, змяшалася з млекам, Спаткаўся дзе з імі бяда з чалавекам: Загіне напэўна з душою прастачай, I сонца не ўгледзіць, і хаткі не ўбача!
Аж так шчыраваці патрапяць галубкі, I іхнія грудзі, і вочы, і губкі!
А надта ж адна з іх, што звалася Зосяй, I зграбненька ходзіць, галоўку лепш носе, I лепей смяецца, і лепей міргае, А ўся, як малійка, як кветка жывая! Ці дзе загаворыць, ці песню зацягне. To слухаў бы вечна, так кожны прысягне...
Зося, расказваецца ў творы, пакахала простага сялянскага хлопца Янку Лявончыка («па бацьку Прывада»), пра якога аўтар кажа з вялікай сімпатыяй:
Прыгожы быў хлопец, дзяўчатак прынада; Што возьме, то зробіць, зух першы ў забаве, He мае плям чорных на сэрцы, на славе.
У вёсцы у роднай ён добрым суседам, He крыўдзіць дзяцей, не смяецца над дзедам...
Янка таксама горача пакахаў Зосю. Ужо збіраліся пажаніцца. Але даведаўся пра гэта пан Лаўчынскі: «Як можна? Шляхцянка род панскі, косць з косці з мужыцкай крывёю змяшаціся хоча! На свет паказаці не будзе як вочаў. Той Янка, хамула, паненку абдыме...» I ён цвёрда намерыўся перашкодзіць шлюбу... У гераіні вершаванага апавядання «Адплата кахання» Зосі ўсе, хто
ведаў сям’ю Аўлачынскіх, адразу пазналі Зосю, сястру Франуся, якую ён хацеў аддаць за нейкага «моднага шляхцюка». У Янку Лявончыку зноў жа ўбачылі аднаго з парабкаў пана Аўлачынскага Лёню Сыча, якога, як і ў творы Янкі Купалы, пакахала Зося. У жыцці гэтак жа сама пан Аўлачынскі быў супраць шлюбу сястры Зосі з парабкам. Ён прагнаў Лёню з работы, а сястры, як расказваюць, прыгразіў: «Вось цо да, калі пойдзеш за хамулу Сыча, собственно фігу, а не пасаг ты ў мяне налучыш...» Каб Зося ўсё ж не зрабіла «глупства», пан Аўлачынскі пачаў прыспешваць яе жаніцьбу з аблюбаваным ім шляхцічам. Ужо і на «запаведзі» падалі, з’ездзіўшы да лагойскага ксяндза. Збіраліся гуляць вяселле. Але недзе перад самым вяселлем Лёня Сыч са згоды Зосі падкраўся да яе ўночы і, як гэта рабілася ў даўнія часы, выкраў нявесту з пасагам, пакінуўшы «Восьцода» з фігай. Лёня і Зося самі абвянчаліся ў Мінску, у добрага праваслаўнага «бацюшкі».