Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Паколькі помнікі, якія б маглі ўвайсці ў мемарыяльны комплекс «Акопы», не захоўваюцца, разбураюцца і далей, трэба ўжо цяпер, відаць, прыступіць да першапачатковай работы над яго
арганізацыяй. Ініцыятарам мог бы стаць Літаратурны музей Янкі Купалы. Думаецца, ужо сёння, не чакаючы якой-небудзь арганізацыйнай пастановы, музею варта было б выявіць і апісаць купалаўскія помнікі родных мясцін паэта, зрабіць як мага больш падрабязнае апісанне дома Бянігны Іванаўны ў Акопах, гаспадарчых будынкаў дзеля гэтага трэба паспяшацца распытаць усіх тых, хто добра ведаў сядзібу. У сваёй кнізе нарысаў «Время собнрать камнн» вядомы рускі пісьменнік Уладзімір Салаухін, горача выступаючы за аднаўленне на беразе Волхава «безнадзейна знішчанай, сцёртай з твару зямлі» сядзібы Г. Р. Дзяржавіна Званкі, ад якой не засталося нават планіроўкі, пераканаўча паказаў, што ўсё ж затраты на яе адбудову не толькі хутка акупяцца матэрыяльна (калі там будзе адкрыты турысцкі маршрут), але — што яшчэ больш важна акупяцца і «ў іншых, нематэрыяльных адносінах», намнога ўзбагаціўшы ўсіх нас духоўна; прычым затраты ў такім сэнсе «будуць акупляцца на працягу стагоддзяў». Усё гэта можна сказаць і ў дачыненні да Акопаў. Аднаўленне гэтай купалаўскай святыні дапаможа ўсім нам ва ўсёй яснасці ўбачыць глыбінныя карані вызваленчай барацьбы нашага народа, сапраўдным голасам якога, магутным і непадкупным, быў Янка Купала, дапаможа зразумець вытокі неўміручай паэзіі вялікага песняра Беларусі. Ужо недзе пасля паездак у купалаўскія мясціны я даведаўся, што на камені Янкі Купалы ў Акопах Міністэрствам культуры БССР устаноўлены мемарыяльны знак. На вялікай мармуровай пліце золатам ззяюць вельмі характэрныя словы з верша Янкі Купалы:
Песню стварыці ясну, як неба,
У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём... Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба, Гэткім я толькі жыву пачуццём.
Хай жа будзе гэты знак першым каменем у падмурак вялікага мемарыяльнага комплексу на радзіме Янкі Купалы!
Радзькаўшчына
У сваім падарожжы па купалаўскіх мясцінах я выпадкова натрапіў на зусім новую, невядомую дасюль назву, звязаную з юнацтвам песняра. ГэтаРадзькаўшчына.
У лісце да Л. М. Клейнбарта ад 23 лістапада 1927 года Янка Купала, расказваючы пра сваё жыццё, не мінае, вядома, і гадоў юнацтва, вучобы. На жаль, звесткі пра гэты надзвычай важны перыяд яго біяграфіі вельмі скупыя, тут ёсць шмат няяснага, так і не высветленага да сёння. Ёсць у лісце такія радкі: «3 таго ж Прудзішча бацька аддаў мяне да яго сваякоў на хут. Мачаны, які межаваў з фальв. Казімірава Самойлы (дырэктара Мінск, рэальн. вучылішча). Сын Самойлы Уладзімір Іванавіч рыхтаваў мяне ў рэальнае вучылішча...»
Што ж гэта быў за хутар? Да якіх канкрэтна сваякоў аддалі тады бацькі маладога Купалу? Нідзе ў друку я пра гэта не чытаў. Нават у кнізе Янкі Шарахоўскага «Пясняр народных дум» (1970) самай поўнай пакуль што і, як гаворыцца ў анатацыі да яе, «першай навуковай» біяграфіі паэта.
Я вырашыў наведацца ў тыя мясціны. Памянёныя паэтам Мачаны аказаліся не хутарам, а даволі ладнай вёскай Бяларуцкага сельсавета Лагойскага раёна. Вёскай яны былі і ў часы юнацтва Купалы. Хутар жа, дзе жылі яго сваякі, быў за кіламетр адсюль і называўся Радзькаўшчына. Чаму ж Купала пісаў «хутар Мачаны»? Хутчэй за ўсё, таму, што ён адміністрацыйна адносіўся да гэтай вёскі.
Хутар Радзькаўшчына знаходзіўся ў маляўнічым куточку Міншчыны. Каля самых пабудоў пятляла крынічная Вяча, зелянелі травяністыя лугавіны рачной поймы. 3 другога боку да сядзібы падступаў хвойнік. Сёння ад хутара нічога не засталося. Цяпер гэта бераг вадасховішча Вяча — улюбёнае месца адпачынку мінчан.
Гаспадаром хутара быў Януары Дамашэвіч, які ажаніўся з Садаліяй роднай сястрой Дамініка Луцэвіча, бацькі паэта. Якраз у яе, цёткі, і жыў нейкі час малады Купала, працярэбліваючы нялёгкі шлях у навуку.
Мне хацелася больш падрабязна даведацца пра маладосць паэта, пра сям’ю Дамашэвічаў, пра ўсё, што звязвала Купалу з ёю. У Мачанах я сустрэў 82-гадовага Кастуся Дзядзюлю, які жыў некалі на суседнім з Дамашэвічамі хутары. Ён добра ведаў іх, бываў у іхнай хаце. Помніць самога Януарыя Дамашэвіча, які
«памёр з нагі калена распухла», памятае ягоных дзяцей. Ведаў Дзядзюля і самых блізкіх суседзяў Дамашэвіча Самойлаў і іх дзяцей таксама: Уладзіміра Іванавіча, якога ён называе Валодзькам, а таксама Шурку і Маню.
Я ўжо і не спадзяваўся знайсці сведкаў Купалавай маладосці як-ніяк, з таго часу, калі тут бываў Янка, мінула восем дзясяткаў гадоў. Шукаць гэтых людзей трэба было хаця б на паўвека paHeft. Але, аказваецца, цуды ёсць на свеце! Зусім выпадкова я даведаўся, што ў Мінску жывуць аж тры стрыечныя сястры Купалы — дочкі тых самых Садаліі і Януарыя Дамашэвічаў, у якіх знайшоў сабе прытулак малады Янка.
I вось разам з супрацоўнікамі Літаратурнага музея Янкі Купалы я сярод сясцёр паэта на кватэры адной з іх. (Як гэта ні дзіўна, але да сённяшняга дня ніхто нават не пацікавіўся імі, не распытаў іх пра сустрэчы з Купалам.) Хоць усе сёстры даволі сталага веку (Леанідзе Януараўне 73, Сцепанідзе 86, а Соф’і 90 гадоў), аднак выглядаюць яшчэ няблага бадзёрыя, гаваркія. У Дамашэвічаў былі яшчэ тры сыны Казя, Юзя і Анцік, а таксама дачка Маня. 3 іх жывы толькі Анцік, але пабачыцца з ім не давялося: яшчэ да вайны ён пасяліўся ў Польшчы. Дзве малодшыя сястры Леаніда і Сцепаніда (ці Лёня і Стэфа, як іх звалі ў маладосці) сустракаліся з Купалам часцей тады, калі ён жыў у Мінску. Але помніцца ім (хоць, праўда, цьмянавата) і малады Купала. Магчыма, з успамінамі тут перапляліся і расказы старэйшых з сям’і: у сясцёр склалася пра яго ўражанне, як пра «смешнага», «жартаўлівага». Паводле іх успамінаў, любіў ён пажартаваць, пасваволіць. «Набярэ вады ў збан і давай аблівацца...» Або пра адносіны Купалы з іх бацькам, Януарыем Дамашэвічам, які чамусьці баяўся ракаў: «Улезе Янка ў рэчку, вышчупае рака і бяжыць: “Я пакажу дзядзьку, дзе ракі зімуюць!..”»
Згадкі гэтых дзвюх сясцёр з даволі цікавымі дэталямі і пра маладыя, і пра сталыя гады паэта я запісаў на магнітафон, які прыхапіў з сабой. Асабліва цікавыя ўспаміны старэйшай з сясцёр Соф’і Януараўны, якую некалі звалі Зося, Зоська. Ёй добра запомніўся малады Купала, якога ў сям’і Дамашэвічаў вельмі любілі: «Харошы быў, мілы, няхітры...» Жыў ён у іх, аказваецца,
не толькі тады, калі Уладзімір Самойла рыхтаваў яго да паступлення ў Мінскае рэальнае вучылішча, але і ў час вучобы ў Бяларуцкім народным вучылішчы зімой 1897-1898 гадоў. Разам са старэйшым сынам Казем, з якім сябраваў Янка, адвозіла яго туды Садалія на фурманцы. Добра запомнілася Соф’і Януараўне, як Янка пасвіў коней, як хадзіў разам з ёй у грыбы, больш у рыжкі, што раслі ў недалёкім хвойніку, як забаўляўся ён з дзецьмі на Вячы. Засталося ў памяці, як Янка прасіў яе, Зоську, паклікаць малых дзяўчатак з суседняга хутара дачок урача Каборды. Хлопец штосьці пісаў на паперках, скручваў іх і, пускаючы на рэчку, казаў дзяўчаткам, каб яны пераймалі іх і дазнаваліся пра сваё шчасце.
Ніколі не забудзе Соф’я Януараўна, як пазней ужо падтрымліваў яе Купала, калі муж, Іван Белановіч, пайшоў на вайну на першую імперыялістычную. Жанчына засталася з двума дзяцьмі на руках, а трэцім хадзіла. Купала наведваў яе ў Сілінцы вёсцы паблізу Лагойска, куды яна выйшла замуж, дапамагаў, чым толькі мог. Калі аднойчы ў роспачы яна хацела атруціцца, Янка Купала адабраў у яе бутэльку з воцатам і аднёс схаваць суседзям Драздовічам. Нездарма ж у яго гонар Соф’я Януараўна і сына свайго назвала Янкам.
Прыгадала Соф'я Януараўна і бацькоў Купалы. Пра бацьку яго, якога яна называе Домінік, гаворыць, што быў ён з «бакамі, нябрыты», «сярэдне-высокі», «хазяйскі быў». Маці паэта была «нізкаватая», «вясёлая», «харошая», «спакойная». Вучыла Зосю вязаць карункі добра валодала гэтым рамяством. Але асабліва ўрэзаўся ў яе памяць адзін эпізод, надзвычай важны, на мой погляд, для разумення маладога Купалы калі Янка адыходзіў «у людзі». У памянёным вышэй лісце да Л. М. Клейнбарта паэт гаворыць пра гэта вельмі скупа: «Пасля смерці бацькі давялося мне самому заняцца гаспадаркай, але яна хутка пачала мне надакучваць, бо трэба было працаваць на памешчыка, уладальніка той зямлі, якую я павінен быў араць і засяваць. I вось у 1903 г., здаецца, я пайшоў на службу...» Пакінуць зямлю Купалу падштурхнулі сямейныя няшчасці, прычынай якіх ён лічыў «беспрытульнае, поўнае розных нягод, бадзяжнае жыццё» па чужых
арэндах яму «страшна было думаць пра будучыню» (ліст да Л. М. Клейнбарта ад 1910 г.).
Купала стаяў тады перад выбарам: або аддаць усяго сябе бясконцай паднявольнай працы на чужым полі дзеля кавалка хлеба, або, вырваўшыся з кабалы, пракладваць сваю ўласную дарогу ў жыцці, змагацца за разняволенне ўсяго народа. Выбраў ён, як вядома, апошняе.
Але, аказваецца, парваць з усталяваным жыццёвым укладам сям’і было няпроста. Мацеры, якая заставалася на гаспадарцы з дочкамі, цяжка было зразумець сына адзінага на той час мужчыну ў сям’і. Увесь драматызм адыходу Купалы ў свет і перадае расказ Соф’і Януараўны. Янкаў адыход тады настолькі ўразіў дзяўчынку, што і цяпер, на старасці. яна не можа расказаць пра гэта без слёз. (Ці не таму і захоўвала ў памяці амаль 80 гадоў усе звязаныя з ім дэталі?) Соф’я Януараўна прыгадвае, як хтосьці з сям’і Луцэвічаў (спачатку яна гаворыць «дзядзька», г. зн. Купалаў бацька, але потым прыпамінае, што яго ўжо тады не было жывога) прыехаў да яе бацькоў у Радзькаўшчыну з просьбай дапамагчы ўгаварыць Янку не пакідаць дома. Луцэвічы прасілі дапамогі ў Дамашэвічаў недарэмна: Янка вельмі шанаваў іх. «Ён болей бываў у нашых, як дома... Мая матка была больш аддана яму, чым сыну... Вельмі любілі яны адзін аднаго...»
1 вось бацька і маці Соф’і Януараўны, узяўшы з сабой і яе, тады дзяўчынку Зоську, выправіліся на падводзе да Луцэвічаў відавочна, у Селішча (сама расказчыца не магла ўжо гэта прыпомніць). 3 яе памяці не сцерліся нават дробныя дэталі, звязаныя з той паездкай. Добра запомнілася зусім немалаважнае для ўражлівай дзяўчынкі здарэнне ў дарозе. За Бяларучамі ў вялікім лесе раптам «захрапла кабыліца». Бацька сказаў ім, каб моцна трымаліся за калёсы. Тут выскачыў на дарогу воўк і «прама за пыскі кабыліцу... Сяк-так абараніліся. Як пусціў бацька гэту кабыліцу, дык ледзь мы выдзержалі».