Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Пацягнуліся доўгія сібірскія гады бяспраўнага ссыльнага. Памагала тое, што ў Табольску, дзе пасялілі А. Петрашкевіча, ён знайшоў нямала землякоў.
У 1856 годзе Ануфрыю Петрашкевічу дазволілі пакінуць Сібір. Але вярнуцца дамоў, у родную Беларусь, ён змог толькі ў 1860 годзе праз 35 гадоў выгнання. Прытуліў яго ў сваім доме ў Вільні брат Юзаф, доктар медыцыны.
«Усё тут змянілася, — піша Ануфрый Петрашкевіч Ігнату Дамэйку ў Чылі ў пачатку 1863 года, новае пакаленне чужое мне, блізкія сэрцу альбо спяць у магілах, альбо закінуты за мора. Дадай да гэтага маю нямогласць і будзеш мець поўны мой партрэт, прытым я ўжо без вусоў, зусім іншы і абліччам...»
Гэта быў адзін з апошніх лістоў Ануфрыя Петрашкевіча. У тым жа годзе яго не стала.
На прыкладзе Ануфрыя Петрашкевіча добра відаць, як распраўляўся царызм з перадавой інтэлігенцыяй, з іншадумцамі. Выгнанне з роднай зямлі, царскія рэпрэсіі адмоўна адбіліся на яго паэтычнай творчасці. Апынуўшыся на чужыне, Ануфрый Петрашкевіч не напісаў ужо ні радка. Пра яго талент мы можам меркаваць толькі па творах філамацкага перыяду.

МІХАЛ РУКЕВІЧ
Дзекабрысты... Гэта само сумленне, сама высакароднасць, незвычайная самаахвярнасць і мужнасць Расіі. Гэта самыя лепшыя яе сыны, якія з адкрытым забралам выйшлі ў віхурыстым снежні 1825 года вырываць сваю радзіму з учэпістых кіпцюроў векавечнага тыранства.
У тым вялікім памкненні да волі не маглі стаяць убаку і ідэйныя пабрацімы дзекабрыстаў беларусы-філаматы, падданыя той жа Турмы Народаў. Вядома, выступіць разам з рускімі аднадумцамі на рашучы штурм яе замшэлых муроў яны не маглі хаця б таму, што яшчэ да паўстання іх Таварыства было выкрыта царскімі паслугачамі і разагнана.
I ўсё ж тыя, што ўцалелі пасля першай буры, якая рэхам адгукнулася па ўсёй Расіі, не схаваліся ў ціхіх закутках, не збаяліся царскіх пагроз. Пры першай жа нагодзе яны сталі на бок паўстанцаў Вялікага Снежня. Сцяг волі высока падняў тады і далучыў да дзекабрысцкіх сцягоў уцалелы ад царскіх рэпрэсій філамат Міхал Рукевіч.
У філамацкую сям’ю Міхал Рукевіч прыйшоў з Беласточчыны, з вёскі Гозьна, якой валодаў яго бацька, сярэдняй рукі шляхціч. Скончыўшы ў Беластоку гімназію, Міхал запісаўся ў Віленскі ўніверсітэт. Але вучыцца яму перашкодзіла вайна 1812 года. Як след яшчэ неапераны, але ўжо ахоплены патрыятычным духам сямнаццацігадовы юнак стаў салдатам «вызваленчай» арміі Напалеона, з імем якога беларуская шляхта звязвала выратаванне сваёй зямлі ад расійскіх «апекуноў». У шэрагах аднаго
з палкоў лёгкай кавалерыі, складзенага з літвінаў ды суседзяўпалякаў, бязвусы ўлан пабываў у многіх крывавых бітвах. За адвагу, праяўленую ў адной з іх, яму нават была прысуджана самая высокая ўзнагарода Ордэн Ганаровага легіёна. Але потым малады літвін трапіў у расійскі палон.
Вярнуўшыся пасля ўдалых і няўдалых баявых паходаў дадому, Міхал Рукевіч намерыўся ізноў узяцца за вучобу. У 1816 годзе ён другі раз паступае ва ўніверсітэт, дзе выбірае прафесію юрыста.
Апаленага ў баях ваяра філаматы з ахвотай прымаюць у сваё Таварыства, дзе Міхал Рукевіч адразу праявіў сябе як выдатны арганізатар моладзі, завадатар і ўдзельнік многіх філамацкіх пачынанняў. За гэта вельмі цаніў яго Адам Міцкевіч. 11 лістапада 1819 года ён пісаў Францішку Малеўскаму: «Рукевіча я вельмі хвалю... Шчыры і вельмі здольны». Гэтак жа высока ставілі Кавалерыста, як часам называлі яго сябры, і Тамаш Зан ды Ян Чачот, праслаўляючы яго ў сваіх філамацкіх вершах.
Міхал Рукевіч не любіў абстрактнай гаварыльні. Ён быў чалавек дзеяння, да гэтага ж падбухторваў ён і ўсіх філаматаў, часта выступаючы перад імі з канкрэтнымі прапановамі. Асаблівую ўвагу ён скіроўваў на стварэнне арганізацый моладзі. Актыўны ўдзел прыняў у заснаванні разам з Тамашом Занам Таварыства прамяністых. Гэта ён напісаў і прачытаў на першай іх сходцы сваю нашумелую «Малітву прамяністых», якая выклікала ва ўніверсітэцкага начальства занепакоенасць адкрытым радыкалізмам і якая ўрэшце стала адной з прычын забароны Таварыства. Актыўнічаў Рукевіч і ў Саюзе сяброў, адзін час быў нават яго прэзідэнтам.
У 1820 годзе Міхал Рукевіч скончыў вучобу ва ўніверсітэце, атрымаўшы дыплом кандыдата права, і выехаў на сваю Беласточчыну. Нейкі час ён гаспадарыў у вёсцы Мількаўшчыне, якую, відавочна, арандавалі бацькі гэта па дарозе паміж Гародняй і Ваўкавыскам. Працуючы на зямлі, Рукевіч, аднак, не парываў повязяў з віленскімі сябрамі, прымаў самы актыўны ўдзел у філамацкім жыцці. Напрыклад, ён быў адным з ініцыятараў рэарганізацыі Таварыства, якое, на яго думку, павінна было стаць
дзейсным цэнтрам палітычнага выхавання ўсёй «літоўскай» моладзі. У філамацкай дыскусіі пра гэта ён выступіў з грунтоўным дакладам «Пра перабудову Таварыства і падзел яго на пяць ступеняў». Апрача чыста арганізацыйных момантаў М. Рукевіч закранаў і маральныя прынцыпы Таварыства і яго членаў, казаў пра адносіны філаматаў да запрыгоненага сялянства. Сярод патрабаванняў, якія выстаўляў Рукевіч перад філаматамі, было, напрыклад, такое: «Тут кожны член Таварыства, які мае прыгонных, абавязваецца, што на працягу шасці гадоў пасля таго, як возьме маёнтак у сваё ўладанне, ці з часу набыцця гэтакай ступені навучыць маладых сялян чытаць і пісаць і, пачынаючы з лепшых і найбольш паважаных гаспадароў, вызваліць іх, каб кожны пасля шасці гадоў быў дабравольным чыншавіком ці адработчыкам. Калі ж член Таварыства будзе арандаваць маёнтак ці прыме яго ў заклад, ён павінен імкнуцца падрыхтаваць сялян да гэтай перамены».
3 ахвотай узяўся Рукевіч памагаць Францішку Малеўскаму ў складанні інструкцыі для геаграфічнага апісання парафій, сам даў прыклад такога апісання з Беласточчыны.
Але ўсё ж важнейшай была дзейнасць Міхала Рукевіча ў родных мясцінах. У Беластоку з дапамогай выкладчыка гімназіі былога філамата Зыгмунта Навіцкага ён здолеў арганізаваць згуртаванне гімназістаў «Згодныя браты», якое ўзначаліў Фелікс Ляховіч. Такую ж арганізацыю стварыў Міхал Рукевіч разам з Ляховічам і ў Свіслацкай гімназіі. У 1823 годзе «Згодныя браты» былі перайменаваны ў «Заран» тых, што нясуць зару новага жыцця. У адпаведнасці са сваёй задумай Рукевіч арганізаваў таксама саюзы моладзі ў Гародні, Сакулцы, Бельску, Драгічыне і Шчучыне (тут яму памог Ануфрый Петрашкевіч).
3 1823 года Міхал Рукевіч арандуе фальварак Завыкі. Калі пачаліся арышты філарэтаў, да яго ў гэтую ціхую беларускую вёсачку хацеў прыехаць Адам Міцкевіч, каб перачакаць неспакойны час. Пра намер Міцкевіча паведамляў Рукевічу Ян Чачот. Захавалася пісьмо гаспадара Завыкаў ад 21 верасня 1823 ro­fla Яну Чачоту, у якім Рукевіч пісаў так: «Яну Міхал. Пісьмо тваё ад 13 верасня я атрымаў з апошняй поштай. Намер Адама
прыехаць да мяне пажыць вельмі мяне ўзрадаваў, бо для мяне адзінай мэтай і адзіным шчасцем ёсць дружба. Яму вельмі прыкра, як ты кажаш, выціраць куты, хоць яны і прыяцельскія, і не вельмі даспадобы гэтая прапанова, але сапраўдны сябар пастараецца змяніць гэтую думку. Можа, са мной любаму Адаму не будзе так прыемна, як з Янам ці Тамашом, але ж і Міхал гэтакі ж, як і яны, сябар і будзе рады яго бачыць. Хоць, можа, і не так здолею сустрэць яго, аднак я ўсё зраблю, каб Адам не адчуваў, што ён выцірае чыесьці куты... Хай Адам прыязджае, калі захоча і чым хутчэй: чакаю яго з адкрытым сэрцам...»
Але намер Адама Міцкевіча пажыць у Рукевічавых Завыках так і застаўся няздзейсненым, бо неўзабаве і Міцкевіча, і Рукевіча арыштавалі. Жандары, што заявіліся ў Завыкі, пад канвоем пагналі гаспадара фальварка ў Вільню, дзе яго пасялілі ў турэмныя сцены францішканскага кляштара. I тут, у турме, Рукевіч змог паказаць свой арганізатарскі талент. Каб падняць падупалы дух філарэтаў і філаматаў у турэмных сценах, асабліва «галоўнага бунтара» Тамаша Зана, Рукевіч арганізоўвае вясёлыя абходзіны яго імянінаў, пра якія шмат гаварылі ў Вільні і пра якія з прыемнасцю ўспаміналі потым усе зняволеныя.
На следстве Міхал Рукевіч трымаўся мужна і ўсе абвінавачванні адмаўляў. У сваім рапарце «Его Нмператорскому Высочеству Государю Цесаревлчу й Веллкому Князю Константнну Павловччу» сенатар Навасільцаў даносіў, што, нягледзячы на паказанні Яна Янкоўскага, быццам «жнвушнй около Белостока Рукевйч прйнадлежал к обіцеству фйларетов н покушался к учрежденню там подобного обіцества», пацверджання гэтаму ўстанавіць не ўдалося, наадварот, усе апытаныя «едйнодушно утверждают, что нйкогда не слышалй, чтобы Рукевнч лмел намеренле заводйть какое-лнбо обшество в Белостоке, а как, кроме сего, по выправке в уннверсіітетскйх спйсках, оказалось, что Рукевйч, окончйв в уннверсйтете наукн, в последннх чйслах йюня 1820 года, йз Вйльны удалйлся, а обшество фйларетов основалось в 1820 г. в октябре месяце, следственно, уже после выезда Рукевчча, то я. не находя в обьявленйй Янковского основательноста, предпчсал Рукевлча освободлть йз ареста, тем более что в забранных у него
бумагах ннчего подозрнтельного не оказалось». Як бачым, шчупак выслізнуў з рыбаковых рук. Відаць, далёка яшчэ было тайным службам Навасільцава да адпаведных службаў нашага часу.
Вярнуўшыся ў свае Завыкі, Міхал Рукевіч не толькі не кінуў свайго небяспечнага занятку, але і яшчэ з большай энергіяй узяўся за арганізацыю супраціўлення царскай тыраніі. Пазнаёміўшыся з афіцэрамі Літоўскага асобнага корпуса царскіх войск, часці якіх былі размешчаны за тры вярсты ад Завыкаў, у мястэчку Бранск, Міхалу Рукевічу ўдалося згуртаваць гэтых афіцэраў у рэвалюцыйную арганізацыю, якую назвалі Таварыства ваенных сяброў. Кіраўнічы камітэт арганізацыі склалі афіцэры Ігельстром, Вягелін, Гофман, Трэбінскі. Пятроўскі. Самы старшы па чыне быў сярод іх камандзір 1-й роты Літоўскага піянерскага батальёна капітан Канстанцін Ігельстром, які, згодна з логікай, павінен быў бы ўзначаліць арганізацыю, але ён палічыў за лепшае быць толькі членам кіраўнічага камітэта. Старшынёй згуртавання выбралі паручніка Гофмана, Рукевічавага земляка і сябра дзяцінства. Сам жа арганізатар таварыства Рукевіч, відаць. з тактычных меркаванняў у кіраўнічы камітэт не ўвайшоў, прынамсі фармальна. Тым больш што ён быў пад паліцэйскім наглядам.
Войскі Літоўскага асобнага корпуса былі створаны загадам цара Аляксандра I у 1815 годзе з мэтай прадухілення рэвалюцыйных выступленняў супраць царызму ў адной з «небяспечных» частак імперыі. Размяшчаліся яны ў пагранічных з Каралеўствам Польскім Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Падольскай губернях і ў Беластоцкай акрузе і маглі быць хутка кінуты на «подавленне» любых мяцяжоў. Таму надзвычай важнай задачай для ўсіх рэвалюцыйных сіл, у тым ліку для філаматаў і дзекабрыстаў, было перацягнуць на свой бок афіцэраў і салдат корпуса.