Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
9 лістапада 1824 года Ануфрый Петрашкевіч разам з сябрамі апынуўся ў Пецярбургу. У Міністэрстве асветы яго як добра падрыхтаванага спецыяліста, магістра філасофіі накіроўваюць у Маскоўскі ўніверсітэт. Прыехаў туды ў студзені 1825 года. Яму даюць працу ў бібліятэцы славутага ўніверсітэта.
3 пісем самога выгнанніка відаць яго не надта вясёлы настрой, хоць ссылка ў Маскву і была, вядома ж, не з цяжкіх пакаранняў. Больш за ўсё яго трывожыла хворая маці. Каб не хваляваць яе, ён наказвае блізкім не гаварыць пра яго прымусовую ссылку: хай думае, што яго змусілі паехаць туды службовыя клопаты.
У 1828 годзе Ануфрыю Петрашкевічу ўдалося нарэшце адведаць матку, якая жыла ў Дэразнай каля Шчучына, паказаць ёй, што сын здаровы і вясёлы. Паслаў яго на Беларусь са спецыяльным заданнем нейкі важны маскоўскі саноўнік, які меў свае немалыя ўладаннні ў Слонімскім павеце і на Палессі. У час паездкі выгнаннік здолеў пабыць яшчэ ў Болценіках, у роднага брата, а таксама ў Марылі і Ваўжынца Путкамераў, у Мэрачы ў Малеўскіх, якіх, праўда, не заспеў дома, пагасцяваў у Ігната Дамэйкі ў Заполлі, праведаў сястру Тэрэзу ў Асташыне. Шмат часу забрала паездка на Палессе, дзе ён прабіраўся па балотах і багнах на валах, запрэжаных у простыя сялянскія калёсы. Свае ўражанні пра наведванне Беларусі А. Петрашкевіч выказаў у пісьме сястры Тэрэзе: «Два месяцы блукаў я па Літве, заданне сваё ўжо
выканаў, цяпер вяртаюся ізноў у Маскву. Пабыўка мая, у якую сам не веру, была падобная на нейкі прыемны сон».
Ды і гэтая паездка на радзіму з Масквы не была апошняя. Праз год Петрашкевічу зноў выпала магчымасць наведаць родную зямлю. Праўда, гэты раз ехаў ён сюды зусім не з вясёлай місіяй: вёз у Вілызю хаваць раптоўна памерлага сябра па Таварыстве філарэтаў Цыпрыяна Дашкевіча: выконваў яго апошнюю волю, бо якраз яму наказаў той перад смерцю завезці цела на радзіму гэтаму не маглі супярэчыць улады. Толькі доўга затрымлівацца цяпер выгнанніку ў Вільні не далі.
Асталяваўшыся ў Маскве, Ануфрый Петрашкевіч ні на міг не забывае пра сваіх раскіданых па свеце сяброў па згуртаванні. Ён наладжвае сталую перапіску з усімі, з кім толькі можна, філаматамі і філарэтамі. Да яго ў Маскву злятаюцца пісьмы з розных куткоў Расійскай імперыі: з Адэсы ад Францішка Малеўскага, Адама Міцкевіча, Юзафа Яжоўскага, з Пецярбурга ад Тэадора Лазінскага, з Кізіла і Уфы ад Яна Чачота, з Арэнбурга і Ускалыска ад Тамаша Зана і, вядома ж, з радзімы ад Ігната Дамэйкі, Станіслава Казакевіча, Антонія Адынца. ад родных і блізкіх.
У Маскве Ануфрый Петрашкевіч памятае і пра сваю ролю філамацкага архівіста. Галоўны яго клопат цяпер захаваць творы і пісьмы раз’яднаных сяброў, матэрыялы Таварыства, не даць ім згубіцца ў жыццёвых віхурах. Да гэтай справы ён прылучае і сваіх блізкіх, з якімі звязаны перапіскай. У Маскоўскім універсітэце ў Ануфрыя Петрашкевіча, відаць, была магчымасць друкаваць творы сяброў-філаматаў. I ён імкнецца яе выкарыстаць. У 1826 годзе дапамагае свайму сябру Адаму Міцкевічу, які толькі што вярнуўся ў Маскву з поўдня, выдаць напісаныя ім у Адэсе і Крыме «Санеты». Выйшлі яны асобнай кнігай у друкарні Маскоўскага ўніверсітэта і мелі шырокі рэзананс у асяроддзі перадавой рускай грамадскасці.
Услед за Міцкевічавымі «Санетамі» філамацкі архівіст намерваецца выдаць томікі паэзіі Яна Чачота і Тамаша Зана, якія апынуліся ў далёкай уральскай ссылцы і якім было ўжо не да сваіх юнацкіх твораў. Амаль у кожным пісьме дадому Ануфрый
Петрашкевіч просіць свайго малодшага брата Юзафа перапісаць іх творы, што захоўваліся ў вядомым толькі ім месцы. Брат просьбу выконвае, хоць і не так хутка, як хацелася б Ануфрыю Петрашкевічу. Як асабістае няшчасце ўспрыняў ён вестку пра бясследнае знікненне некаторых твораў Яна Чачота, пра што ў вялікай роспачы піша брату 20 красавіка 1827 года: «...зніклі песні, пранумараваныя арабскімі лічбамі, знікла частка яго паэзіі, санеты, песні пра літвінак... Гэта быў самы цяжкі ў маім жыцці момант...» Страта многіх твораў Яна Чачота яшчэ больш прыспешвае Ануфрыя Петрашкевіча з падрыхтоўкай кнігі сябра. «3 нецярпеннем чакаю я санеты і песні Яна», піша ён брату і ў 1829 годзе.
Як ні шкада, але выдаць кнігі паэзіі сяброў Ануфрыю Петрашкевічу так і не ўдалося: яго задуму перапыніла лістападаўскае паўстанне 1830-1831 гадоў і звязаныя з ім падзеі (дарэчы, мы не ведаем, якія ж творы Чачота і Зана атрымаў Петрашкевіч ад брата трэба думаць, яны захоўваюцца недзе ў маскоўскіх архівах, і даследчыкаў яшчэ чакаюць цікавыя знаходкі: напрыклад, да гэтага часу філамацкіх санетаў Чачота, пра якія кажа Петрашкевіч, ніхто яшчэ, здаецца, не бачыў, як і песень пра літвінак; не выключана, што там былі і беларускамоўныя творы).
Вестку пра паўстанне беларускі выгнаннік сустрэў з энтузіязмам. Былы філамат марыць цяпер аб адным: стаць у шэрагі паўстанцаў, каб змагацца з царскай тыраніяй са зброяй у руках. Сышоўшыся з афіцэрамі Літоўскага корпуса, што былі высланы ўладамі ў Маскву за праяўленыя сімпатыі да паўстання, Ануфрый Петрашкевіч дамаўляецца з імі пра ўцёкі ў ахопленую «мяцяжом» родную «Літву». Былі сабраны грошы, зброя, знайшлі спосаб падрабіць патрэбныя дакументы. Арганізоўваў усё якраз Ануфрый Петрашкевіч, якому памагаў студэнт Маскоўскага ўніверсітэта Каспар Шаняўскі, родам з Мінскай губерні.
У гэты ж час Ануфрый Петрашкевіч звязваецца з рэвалюцыйным студэнцкім гуртком, якім кіруе Сунгураў. Кіраўнік гуртка маляваў перад Петрашкевічам шырокамаштабныя планы па ліквідацыі царызму і ўсталяванні ў Расіі канстытуцыйнага
кіравання. Поспеху выступлення павінны былі садзейнічаць польскае паўстанне і пашырэнне эпідэміі халеры.
Імкнучыся выкарыстаць у сваіх мэтах афіцэраў Літоўскага корпуса, Сунгураў прапаноўвае Петрашкевічу адгаварыць іх ад уцёкаў, схіліць да ўдзелу ў рэвалюцыйным выступленні ў Маскве.
Планы Сунгурава, відавочна, імпанавалі Петрашкевічу. I ўсё ж паразумення з рускім рэвалюцыянерам, у дзеяннях якога было шмат авантурнага, ён не знайшоў і не адступіўся ад намеру ўцячы на Беларусь. Тады Сунгураў удае Петрашкевіча паліцмайстру Суханаву. 16 красавіка 1831 года Петрашкевіча і яго сяброў-афіцэраў арыштоўваюць. He пазбягае гэтага ж і Сунгураў, на якога данёс студэнт Іван Палонік. Усе арыштаваныя былі кінуты ў турму, у адзіночныя камеры. Пачалося доўгае следства. I вось праз сем месяцаў, 17 лістапада таго ж года, Ануфрыю Петрашкевічу і яго сябрам зачыталі пастанову суда: усе яны прыгаворваюцца да пакарання смерцю.
Апрача арганізацыі ўцёкаў разам з афіцэрамі-землякамі ў паўстанцкае войска і сувязі з сунгураўскім гуртком у віну Петрашкевічу ставілі яшчэ знойдзеныя ў яго паперах «дзёрзкія і абразлівыя для рускіх падданых вершы». «Вершамі» гэтымі аказалася імправізацыя Адама Міцкевіча, з якой ён выступіў на дні нараджэння Цыпрыяна Дашкевіча ў Маскве 8 кастрычніка 1827 ro­fla і якая была перапісана рукою імянінніка. Пасля смерці Дашкевіча яго паперы забраў да сябе Петрашкевіч. У сваёй імправізацыі Адам Міцкевіч хацеў пакпіць з бескампраміснага стаўлення імянінніка да «маскалёў» як да ворагаў. Дарэчы, такой зацятасцю вылучаўся і Ян Чачот, які абвінавачваў Тамаша Зана, што ён сябруе з рускімі чыноўнікамі ў Арэнбургу, і Адама Міцкевіча за яго наведванні ў Маскве салонаў рускай арыстакратыі. Такія настроі ў філамацка-філарэцкім асяроддзі не мог ухваляць Адам Міцкевіч, які, пасябраваўшы з перадавымі прадстаўнікамі рускай інтэлігенцыі, у тым ліку з Аляксандрам Пушкіным і дзекабрыстамі, добра ведаў іх антыцарскія настроі. Таму якраз гэтую несправядлівую варожасць Цыпрыяна Дашкевіча да ўсяго рускага і ўзяў Адам Міцкевіч у аснову сваёй імправізацыі. Ён тонка высмейваў імянінніка за тое, што той марыць «тапіць
у сажалках масквічоў і бурыць вежы Крамля», што ён з вялікай радасцю пабачыў бы, «як будзе гарэць уся Масква». Улады, як відаць, не ўбачылі тут іроніі, зразумелі тэкст літаральна.
Змовы Сунгурава і Петрашкевіча, удзел у іх студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта і афіцэраў Літоўскага корпуса былі першымі пасля паўстання дзекабрыстаў праяўленнямі антыцарскага руху ў цэнтры Расіі. Пра іх арышт і суровы прысуд гаварыла ўся Масква. Асабліва ўскалыхнулі падзеі Маскоўскі ўніверсітэт. Пра іх вялікае ўздзеянне на студэнтаў расказвае ў «Былым і думах» Аляксандр Герцэн: «Над імі была прызначана «ваеннасудная камісія», у перакладзе гэта азначала, што іх чакае пагібель. Усе мы ліхаманкава чакалі, што з імі будзе... Бура, што ламала маладыя ўсходы, была побач. Мы ўжо не толькі прадчувалі яе набліжэнне а чулі, бачылі яе і прыціскаліся цясней і цясней адзін да аднаго».
Нядобрым вынікам выкрытай змовы было ўзмацненне паліцэйскага нагляду над «неблагонадежнымн» ў Маскоўскім універсітэце, ізаляцыя ад моладзі найбольш небяспечных «элементаў». Выкрыццё «змоўшчыкаў», напрыклад, адбілася на долі «казённакоштнага» студэнта, будучага вялікага рускага крытыка Вісарыёна Бялінскага, які быў пад падазрэннем ва ўлад і якога нарэшце выключаюць з універсітэта. На сувязь гэтых падзей паказвае і аўтар артыкула «Студэнцкія гады Бялінскага» М. Палякоў у 56-м томе (ч. II) «Лнтературного наследства», які сцвярджае, што «выключэнне Бялінскага адбылося пры вельмі цяжкай і трывожнай для Маскоўскага ўніверсітэта сітуацыі, якая склалася ў 1831-1832 гадах у выніку разгрому студэнцкага рэвалюцыйнага гуртка Сунгурава і палітычнага следства па справе Шаняўскага і Петрашкевіча».
Асуджаны на смерць Ануфрый Петрашкевіч цэлыя два месяцы чакаў у адзіночным заключэнні выканання смяротнага прысуду. Але 13 студзеня 1832 года яму аб'явілі пра замену пакарання смерцю на пажыццёвую высылку ў Сібір з пазбаўленнем шляхецтва і навуковай ступені магістра філасофіі.
I вось этапамі разам з іншымі асуджанымі Ануфрыя Петрашкевіча пагналі пад сцюжы і мяцеліцы ў халодную Сібір. 3 Масквы
да Табольска са сваімі новымі сябрамі па няшчасці ішоў ён пехатою амаль паўгода з 7 лютага па 4 ліпеня таго ж года.
Вестка пра суровае пакаранне Ануфрыя Петрашкевіча ўсхвалявала і сяброў-філаматаў. Усе яны імкнуцца хоць як-небудзь памагчы супольніку. «Паслаў табе мінулай поштай 50 рублёў асігнацыямі з маіх сціплых запасаў», паведамляе Юзаф Яжоўскі і выказвае заклапочанасць, як адправіць яшчэ адзенне, бялізну. «Даведаўся з «Tygodnika Petersburskiego» пра тваё пакаранне, піша з Урала Тамаш Зан, і так хацеў дабрацца да цябе з усёй паўнатой пачуццяў і блаславеннем. Чым багаты, тым і рады...»