Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
псраходзяць такія назвы, як «Ленінскі шлях» (ці «Шлях Леніна», «Шлях Ільіча»), «Чырвоны Кастрычнік», «Шлях да камунізму», «10 (40, 50 і г. д.) год Кастрычніка» (ці, адпаведна, БССР, СССР), «Маяк», «Перамога», «1 Мая», «Запаветы Ільіча». Вельмі многа ў назвах «сцягоў» «Кастрычніцкі сцяг», «Сцяг камунізму», «Сцяг Перамогі», «Чырвоны сцяг», «Сцяг Леніна», а яшчэ болей «святла» «Светлы шлях», «Зара», «Ясная зара», «Рассвет», «Звязда», «Зорка», «Аўрора», «Іскра», «Полымя», «Усход», безліч «чырвані», «шляхоў». Ёсць нават такія «шэдэўры», як «Абарона краіны», «За мір», «За Радзіму» звычайныя лозунгі!
Вынікі свайго даследавання я хацеў паслаць у якую-небудзь газету. 3 прапановай называць калгасы імёнамі іх цэнтральных вёсак. Мы захоўвалі б такім чынам нашы народныя назвы. Але адпраўляць такі допіс я перадумаў, бо прыйшоў да глыбокага пераканання, што пры далейшай дэмакратызацыі нашага грамадства, пры канчатковым пераходзе на эканамічныя метады гаспадарання калгасы ў цяперашнім выглядзе знікнуць. А разам з імі, як мякіна, адсеюцца і гэтыя бюракратычныя назвы, навязаныя людзям, як і самі калгасы, зверху.
Пра ўсё гэта я хацеў неяк сказаць парторгу, але ўбачыў, што яго не пераканаеш. Ну, і распытваць далей пра радзіму Багушэвіча стала бескарысна: расказваць пра што-небудзь у Леаніда Уладзіміравіча, як мне здалося, ужо не было настрою.
Жупраны
Жупраны бліжэйшае ад Кушлян мястэчка. У часы Багушэвіча цэнтр усёй ваколіцы. Сюды, у парафіяльны касцёл, з’язджаліся сяляне і шляхта з навакольных вёсак і фальваркаў, тут былі парафіяльныя могілкі.
Тапонім Жупраны сам Францішак Багушэвіч растлумачваў як змененае Зубраны, а Жупранская пушча была некалі Зубранскай ад слова «зубр». Тут шумелі векавечныя пушчы з багатай дзічынай. Але пры Багушэвічу ўжо навакольныя пушчы моцна парадзелі, спустошыліся каралеўскімі ды панскімі паляваннямі.
Францішак Багушэвіч вельмі часта бываў у Жупранах ці мала чаго трэба было ў парафіяльным мястэчку? Тут усё да драбніц было яму знаёмае, тут з кожным сустрэчным ён вітаўся, як з сябрам.
Сюды поўным сонца і святла вясновым днём 1900 года па пясчанай палявой дарозе з Кушлян паволі цягнулася доўгая пахавальная працэсія. За труной, якая ціха плыла на возе, ішлі сяляне і людзі шляхецкага саслоўя, рабочыя-рамеснікі і, як сказалі б сёння, прадстаўнікі гарадской інтэлігенцыі. Гэта везлі хаваць паэта і адваката Францішка Багушэвіча. Толькі два гады пажыў паэт пасля доўгіх гадоў блуканняў і пакут на бацькоўскай зямлі. Пэўна, жыў бы яшчэ куды больш (яму ж было толькі шэсцьдзясят), жыў бы. калі б не тыя гады вымушаных бадзянняў, калі б больш думаў пра сябе, а не пра іншых, калі б не яго няўрымслівы характар. Да заўчаснай смерці Багушэвіча прычынілася наладжаная яго сябрамі летам 1897 года экскурсія на лодках па Віліі і Нёмане да Коўні. Вось як расказвае пра гэта ў «Запісках Беларускага навуковага таварыства» (Вільня, 1938) адзін з сяброў паэта 3. Нагродскі: «Едучы ў Коўню, учаснікі яе (экскурсіі. -К. Ц) перажылі цяжкі момант: матурыст Швэнгрубэн чуць не ўтануў. Гэты выпадак страшэнна падзеяў на Багушэвіча, у якога зрабіўся як быццам нервовы “шок”. А ўслед за гэтым, у той жа дзень, сталася такая рэч. Прыстаўшы да берага на начлег, усе пайшлі спаць у нейкую пуньку. Але Багушэвіч не хацеў спаць у душнай пуні і пастанавіў легчы пад голым небам на лужку. Хаця накрапваў дожджык і Багушэвіча адгаворвалі ад гэтага, ён сказаў: “У 1863 годзе мы спалі ў горшых варунках”. Закруціўся ў бурку ды праспаў ноч на траве. Ад гэтага застудзіўся, і ў яго зрабілася хвароба нырак, да якое пасля прылучыўся туберкулёз. У рэзультаце здароўе яго было зламана, і гэта давяло да перадчаснае смерці».
Пахавалі Францішка Багушэвіча на жупранскіх могілках no634 з бацькам і роднымі. На магіле быў пастаўлены вялікі дубовы крыж, на якім павесілі дудку, смык і скрыпку сімвалы яго паэзіі. I яшчэ было ўскладзена на магілу некалькі стужак з надпісамі. Сярод гэтых надпісаў кідаўся ў вочы такі: «Змоўклі песні тыя, што іграў на дудцы».
Нягледзячы на цяжкое, поўнае змагання і пакут жыццё Францішка Багушэвіча, усё ж мы можам сказаць, што ў яго была шчаслівая доля: пасля шматгадовых блуканняў па свеце ён здолеў-такі вярнуцца на сваю радзіму і спіць вечным сном у сваёй зямлі, сярод родных і блізкіх. Няшмат каму з беларускіх паэтаў у далёкім і не такім далёкім мінулым так пашанцавала!
Жупраны знаходзяцца на даволі бойкай дарозе: Мінск Ашмяны Вільнюс. Кожнага, хто праязджае тут, страчае ў прыдарожным скверыку бронзавы Францішак Багушэвіч. Паэт як бы запрашае наведаць яго радзіму. I кожны, хто любіць сваю Беларусь, яе народ, хто шануе яе лепшых сыноў, даражыць нашай культурай, не можа не прыняць гэтае запрашэнне. Ён абавязкова спыніць тут сваю машыну і сходзіць пакланіцца магіле Францішка Багушэвіча, ну, і пастараецца, мусіць, трапіць у чырвоны касцёл, дзе ў знак асаблівай пашаны да паэта неўзабаве пасля яго смерці на сцяне, на самым відным месцы, была ўмуравана мармуровая дошка з яго партрэтам. Праўда, партрэт ужо іншы, «палепшаны». Той, першапачатковы, недзе ў пасляваенны час нейкі наш сучасны варвар выняў адтуль, каб зрабіць музейным экспанатам. Па сённяшні дзень, кажуць, ён пыліцца недзе ў запасніках Ашмянскага краязнаўчага музея. На мой погляд, не ўпрыгожвае нас і тое, як мы ўшаноўваем магілу Францішка Багушэвіча. У мой першы прыезд тут стаяў зроблены нейкім мясцовым майстрам стандартны цэментавы помнік. Цяпер, прыехаўшы ў Жупраны, мы ўбачылі гранітны помнік з барэльефам паэта пастаўлены ён быў у 1975 годзе. Замест магільных курганоў, пад якімі прах паэта, яго бацькі і іншых Багушэвічаў, ляжалі дзве вельмі акуратненькія пліты адна на месцы магілы Францішка Багушэвіча, другая для ўсіх астатніх Багушэвічаў. Як быццам гэтым самым ушанована ўся іх сям'я. Але ці так гэта? Перад маімі вачамі стаіць зроблены ў 1929 годзе Язэпам Драздовічам малюнак «Магіла Багушэвічаў у Жупранах». На ім асобныя курганкі для кожнага з сямейнікаў з крыжамі і паўкруглымі камянямі ў галовах. Ці трэба было парушаць, мяняць усё гэта? Ці не паздзекаваліся мы тым самым са святых магіл? Нікому ж, напрыклад, і ў галаву не прыйдзе ставіць які помнік над простым
магільным курганком Льва Талстога ў Яснай Паляне, які хвалюе сэрца больш за любую мастацкую выдумку.
Радзіму Францішка Багушэвіча я пакідаў з гнятлівым пачуццём. Ці не зашмат у гэтым мемарыяльным комплексе знішчана, перш за ўсё нашай няўвагай, а мо і нашым бескультур’ем, самых розных памятак, звязаных з біяграфіяй аднаго з першапраходцаў роднай беларускай літаратуры? Ці не зашмат тут усялякіх падробак, «падхарошванняў»? Успамінаецца паездка ў 1986 годзе на Шаўчэнкаўскае свята ва Украіну. Мне пашчасціла пабываць тады на радзіме Тараса Шаўчэнкі у сяле Морынцы Звянігарадскага раёна Чаркаскай вобласці, дзе нарадзіўся паэт, і ў блізкім адсюль сяле Кірылаўка (цяпер Шаўчэнкава), дзе прайшлі яго дзіцячыя гады. На месцы роднай хаты вялікага Кабзара я ўбачыў толькі памятны камень з прымацаванай таблічкай і надпісам на ёй, а там, дзе стаяла хата Шаўчэнкаў у Кірылаўцы, абеліск і камень з магілы бацькі. Вярнуўшыся ў Чаркасы, дзе сабраліся ўсе ўдзельнікі свята, каб правесці там літаратурны вечар, я выказаў аднаму з арганізатараў урачыстасці паэту Івану Драчу сваё здзіўленне: чаму гэта ўкраінцы не адбудавалі дасюль ні роднай хаты Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі ў Морынцы, ні хаты ў Кірылаўцы, з якой пайшоў ён «у людзі».
А нашто нам імітацыя, адказаў на гэта Іван Драч. Трэба захоўваць і аберагаць тое, што засталося, першароднае...
I праўда, украінцы з пашанай аберагаюць кожную памятку, звязаную са сваім вялікім нацыянальным паэтам. Напрыклад, глінабітны дамок дзяка, у якога браў першапачатковую навуку маленькі Тарас, абнесены з усіх бакоў сценамі спецыяльнай пабудовы з дахам. На вякі захаваецца цяпер гэтая першая школка песняра Украіны.
Я расказаў пра гэта ў аўтобусе Содалю і ўсім таварышам па вандроўцы і выказаў сваю занепакоенасць, ці паслухаецца Алесь Жамойцін нашай парады зберагчы падмурак даўнейшай хаты Багушэвічаў Mae перажыванні падзяліў і Содаль. Ён параіў яшчэ раз пагутарыць з Алесем. Паколькі мы ўжо на той момант далёка ад’ехалі, заставалася толькі патэлефанаваць. Але дома ў Алеся тэлефона не было. Я надумаў пазваніць у калгасную кантору,
папрасіць, каб перадалі Алесю маю просьбу: хай ён па нашым прыездзе патэлефануе мне на работу ў «Полымя». Але і ў кантору пазваніць з Ашмян, дзе мы ізноў праязджалі, было не так проста: Кушлянскі калгас належаў да іншага, Смаргонскага, раёна. Калі мяне ўсё ж звязалі з той канторай (званіў я з кабінета майго сябра, рэдактара ашмянскай райгазеты Юркі Мікалаева), я нібы з-пад зямлі пачуў далёкі жаночы голас. Гэты голас і паабяцаў выканаць маю просьбу. Але званка я ад Алеся чамусьці так і не дачакаўся.
Як потым выявілася, мы ўсё ж дарэмна сумняваліся ў Жамойціне. Неўзабаве пасля нашай паездкі ў Кушлянах ізноў пабывала група работнікаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, якія сказалі мне, што падмурак хаты Багушэвічаў беражна захоўваецца. Ну, а палазіў там бульдозер быццам бы таму, што няўрымслівы Алесь Жамойцін хацеў гэтакім спосабам пашукаць для музея сямейныя рэліквіі Багушэвічаў. Між іншым, яму, як расказваюць, перад тым тое-сёе на Багушэвічавай сядзібе ўдалося знайсці вельмі цікавую, праўда, пабітую, фарфоравую талерку, камень, на якім выбіта лічба 1898, а гэта ж год, калі паэт назаўсёды вярнуўся ў Кушляны. На гарышчы Багушэвічавай хаты адшукаўся таксама абрывак старога канверта з некалькімі невыразнымі словамі, напісанымі, як мяркуецца, рукой паэта... Ну што ж, можна толькі пажадаць Алесю Жамойціну поспехаў у яго важнай рабоце па ўвекавечанні памяці нашага Францішка Багушэвіча.
Яшуны
Вядома, Свіраны, Кушляны, Жупраны самыя важныя мясціны ў жыцці Францішка Багушэвіча. Гэта яго зямля, «малая радзіма». Але, каб па-сапраўднаму спазнаць і зразумець паэта, трэба, мусіць, прайсці ўсімі яго шляхамі, па якіх кідала яго доля.
У час нашай экспедыцыі мы меліся апрача названых вёсак наведаць і іншыя, зразумела, не вельмі далёкія адсюль мясціны, што наклалі хоць які-небудзь адбітак на біяграфію Францішка Багушэвіча.