Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Высокі мураваны касцёл у Рукойнах мы ўбачылі здалёку. Гожы, велічны будынак. Вельмі гарманічны. Увайшлі ўсярэдзіну. Гулкая, урачыстая цішыня. Добрыя, спагадныя лікі святых. Альфонс Тамулайціс раскрыў нам усю даволі дра.матычную гісторыю касцёла, які быў пабудаваны ў даўнія часы, але які не раз палілі, перараблялі пад царкву, ізноў узнаўлялі. Сам ксёндз тут ужо добра абжыўся, ведае людзей. Вядзе набажэнства на поль-
скай і літоўскай мовах. Пра сваіх прыхаджан, жыхароў Рукойнаў і прылеглых вёсак, ён, жартуючы, кажа:
Яны размаўляюць па-беларуску, моляцца па-польску, а лаюцца па-руску.
3 касцёла мы паспяшаліся ў сельсавет дзяўчатам з музея трэба было аформіць купленыя ў Свіранах рэчы. У тую сваю першую паездку я таксама заходзіў у сельсавет. He зусім звычайнае было тое наведванне гэтай паважанай установы. Калі я адчыніў тады сельсавецкія дзверы, то адразу ж памкнуўся ізноў іх зачыніць, бо ўбачыў за імі... шумнае застолле: напэўна, не туды трапіў! Але мне не далі гэтага зрабіць: дзве незнаёмыя жанчыны, не цырымонячыся, весела падхапілі мяне, нібы свайго, пад рукі і сілком пацягнулі да здвоеных сельсавецкіх сталоў (так, гэта быў сельсавет), за якім сядзела чалавек дванаццаць падпітых жанчын і мужчын. На сталах, у талерках і проста на разасланых газетах, была раскладзена багатая закусь, пасярэдзіне цьмяна пабліскваў напалову спарожнены гранёны графін, стаялі запацелыя бутэлькі віна. Я не паспеў апомніцца, як ужо сядзеў у гэтай шумнай незнаёмай кампаніі, і мне, як «штрафніку», налівалі з графіна і падносілі паўнюткую «малянкоўскую» шклянку празрыстай вадкасці. «Сёння ў Рукойнах вяселле, і, значыць, усе павінны гуляць і весяліцца! Такі ў нас звычай!» растлумачвалі мне, насядаючы, каб выпіў. Потым на ўсю моц (а каго ж баяцца, калі сама ўлада тут) спявалі песні, сярод якіх, помніцца, была і «Касіў Ясь канюшыну», і іншыя беларускія песні. А паўнатвары расчырванелы хлапец у расхрыстанай тэнісцы, бліснуўшы планкамі, расцягнуў спеўныя мяхі баяна... Нягледзячы на такую гаману, мне тады і пячатку здолелі паставіць на камандзіроўцы, і памаглі знайсці начлег. У сваіх ранейшых нататках пра тую паездку я, вядома, паасцярогся пісаць пра гэты аж занадта «цёплы прыём» у сельсавеце, пра шырыню характару рукайнянцаў. Але цяпер, за даўнасцю часу, думаю, можна ўспомніць. Тым больш што і людзі ж ужо амаль праз два дзясяткі гадоў тут, у сельсавеце, пэўне ж, зусім іншыя.
Так, тут былі іншыя не толькі людзі, але і будынак сельсавета. Той, помніцца, знаходзіўся ў простай драўлянай хаце. Гэты ж -
сучасны, двухпавярховы, з новых матэрыялаў. Прасторны хол з дывановымі дарожкамі, мяккаю мэбляю. Акуратныя светлыя кабінеты. Ну, і адпаведная строгасць. Я з работнікамі музея таксама зайшоў да старшыні сельсавета. Ім была даволі прыемная і тактоўная жанчына Леанарда Феліксаўна Сапкевіч. I якраз родам са Свіран. Больш за тое, тыя дзве этнаграфічныя рэчы дзяўчаты і набылі менавіта ў яе радні Александровічаў...
Калі мы расказалі пра мэту нашай экспедыцыі, Леанарда Феліксаўна з вялікай ахвотай узялася нам памагаць. Яна ўспомніла, што краязнаўствам займалася ў Рукойнах настаўніца тутэйшай школы Рэгіна Станіславаўна Кузьміцкая, і тут жа ўзялася званіць ёй, распытваць пра матэрыялы, звязаныя з Францішкам Багушэвічам. Леанарда Феліксаўна таксама знайшла і дала нам адрас краязнаўца настаўніка гісторыі Меднікскай школы Аляксандра Феліксавіча Алянковіча, які родам з вёсачкі Уляны, суседняй са Свіранамі, ён даўно цікавіцца сваім земляком Францішкам Багушэвічам, змяшчае пра яго ў віленскіх газетах артыкулы.
Вельмі ўзрадавалася Леанарда Феліксаўна нашай прапанове правесці ў Свіранах літаратурнае свята ў гонар 150-гадовага юбілею з дня нараджэння Францішка Багушэвіча вясной 1990 года. Яна і сама пра тое ж думала, але не ведала, як гэта зрабіць. Як чалавек дзелавы, Леанарда Феліксаўна папрасіла нумар тэлсфона музея, дала свае «каардынаты». Гэтае свята, казала яна, трэба арганізаваць як найлепш. Каб на ім былі не толькі людзі са Свіран, але і з усёй ваколіцы. Хай бы даведаліся яны ўрэшце пра свайго славутага земляка, паслухалі яго творы. Леанарда Феліксаўна папрасіла нас, каб на гэтае свята мы абавязкова сагітавалі сучасных беларускіх паэтаў. Каб землякі Францішка Багушэвіча змаглі паслухаць з вуснаў саміх аўтараў прыгожае беларускае паэтычнае слова.
Кушляны
Другая наша паездка была ў Кушляны. Фальварак Кушляны Ашмянскага павета набылі продкі Францішка Багушэвіча яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Бацька паэта Казімір Багушэвіч пе-
равёз сваю сям’ю са Свіранаў у родавае гняздо недзе каля 1846 ro­fla, калі малому Францішку было якіх шэсць гадоў. 3 Кушлянамі звязаны, можна сказаць, самыя лепшыя гады жыцця Францішка Багушэвіча, тут палюбіў ён маляўнічыя краявіды роднай зямлі, адкрыў для сябе душэўную шчырасць, прыродную дабрыню і працавітасць мужыка-беларуса, тут пачаў шукаць шляхі да яго вызвалення са шматвекавой няволі і цямноты.
Паступіўшы ў 1852 годзе ў Віленскую гімназію, Францішак Багушэвіч ніяк не парываў з домам Вільня ж адсюль была зусім блізка. У любую вольную хвіліну ён ехаў да бацькоў, бавіў тут канікулы.
Адсюль, з Кушлян, дзесьці ў 1865 годзе, ужо сталым чалавекам, уцякаючы ад кары за ўдзел у завірусе Студзеньскага паўстання, пусціўся Ф. Багушэвіч на доўгія гады ў вялікі, не заўсёды прыветлівы свет, інакш кажучы, у горкае выгнанне.
Цэлых дваццаць гадоў кідала яго доля па цярністых шляхах далёкай Украіны і яшчэ больш далёкіх кутках неабсяжнай Расіі, па незнаёмых гарадах, мястэчках, сёлах.
Але куды б ні трапляў Францішак Багушэвіч у пошуках прытулку і кавалка хлеба, душа яго заўсёды была дома, адсюль ірвалася яна на родную Віленшчыну, да асмужаных кушлянскіх палёў і пералескаў.
Умёр бы то, мусіць, я тут, Каб не жменька той роднай зямлі,
пісаў паэт.
I вось у 1883 годзе, калі Ф. Багушэвіч быў ужо сямейным чалавекам, яму надарылася першая магчымасць вярнуцца дадому: паэт прачуў, што ў Вільні для такіх, як ён, юрыстаў якраз адкрыліся вакансіі. I ён адразу ж скарыстоўвае гэтую магчымасць, не ўважаючы на наладжаныя ва Украіне важныя сувязі, на абяцанае начальствам павышэнне па службе.
Працуючы адвакатам у Вільні, паэт цяпер мог часта наведвацца ў Кушляны. Але гэтага для яго было вельмі мала. Ф. Багушэвіч марыць стала пасяліцца ў дарагім сэрцу кутку, жыць сярод простага вясковага люду, на бацькоўскай зямлі. Мара
пра ўласную хату ў Кушлянах, туга па родным краі вельмі выразна чуецца ў яго вершы «Мая хата», які ўвайшоў у выдадзены ў 1891 годзе зборнік «Дудка беларуская»:
Бедна ж мая хатка расселася з краю, Меж пяскоў, каменняў, ля самага гаю, Ля самага бору, на беражку лесу;
Ніхто тут не трафе, хоць бы з інтарэсу. Як няма гарэлкі, няма куска хлеба, Дык які ж інтэрас, каму сюды трэба? Да хоць няма хлеба, жабраваць не буду, Пражыву як-кольвек ад працы, ад труду!..
Клікалі ж у госці і клічуць суседзі He пайду, не трэба, бо, кажуць, заедзі Ад чужога хлеба губы абсядаюць, Што чужога прагнуць, то сваё кідаюць. Я не кіну хаты, хоць вы мяне рэжце. He пайду да вас я, хіба у арэшце.
А хоць сілай навет адарвалі б з дому, Калісьці вярнуўся б, як мядзведзь да лому. Заваліцца й хата, зарастуць пакосы, Усё б я вярнуўся, хоць голы да босы!..
Паэтава мара хоць на схіле гадоў, але ўсё ж збылася. Нечакана атрымаўшы ў 1896 годзе ў спадчыну добрую суму грошай, Францішак Багушэвіч нарэшце будуе ў Кушлянах свой дом. Але толькі праз два гады ён цалкам вызваляецца ад сваёй адвакацкай дзейнасці і канчаткова пасяляецца на бацькаўшчыне. Уяўляю, якое гэта было шчасце для паэта жыць на сваёй зямлі! I пісаць! А пісаць тут было пра што. 3 успамінаў сучаснікаў паэта мы ведаем, што Ф. Багушэвіч часта заводзіў сяброўства з простымі сялянамі, любіў распытваць людзей пра іх жыццё, пра розныя гісторыі, запісваў усё пачутае на паперу. Ці не адсюль і яго апавяданні? Толькі за два апошнія гады паэт падрыхтаваў аж дзве новыя кнігі «Беларускія апавяданні Бурачка» і зборнік вершаў «Скрыпачка беларуская». Як гэта ні шкада, але абедзве кнігі бясследна страчаны. Пэўне ж, яны яшчэ раз паказалі б свету незвычайны талент Францішка Багушэвіча.
Творы Францішка Багушэвіча, якія ён ахвотна чытаў відаць, адразу пасля напісання сваім суседзям і знаёмым, мелі вялікі водгалас у людскіх сэрцах. Яны надзвычай лёгка запаміналіся, падоўгу захоўваліся ў народнай памяці. У пачатку 1960-х гадоў, калі я працаваў на Беларускім радыё, мне давялося запісаць на плёнку аднаго старога жупранца, здаецца, гэта быў Невядомскі, ён чытаў па памяці, як рэпу грыз, адзін за адным вершы, якія чуў яшчэ ад самога Багушэвіча. Мне здалося, што асобныя з тых вершаў я не сустракаў у кнігах паэта. Нешта тады перашкодзіла мне дакладна ўсё гэта праверыць. Можа, сярод расказаных вершаў былі і тыя, што склалі потым «Скрыпачку беларускую»? Тую магнітафонную стужку я здаў тады ў фанатэку Беларускага радыё. За такі доўгі час яе там, вядома ж, ужо недзе размагніцілі. Сёння мне застаецца толькі паўшчуваць сябе за гэтакую сваю нядбаласць.
У Кушлянах нас сустрэлі дырэктар будучага Дома-музея Францішка Багушэвіча малады паэт Алесь Жамойцін і сакратар партарганізацыі кушлянскага калгаса Леанід Уладзіміравіч Грышан.
Я ўжо раней ведаў: Жамойцін з вялікім энтузіязмам узяўся за аднаўленне сядзібы Францішка Багушэвіча. Уступіўшы ў Саюз пісьменнікаў, ён не кінуўся абіваць высокія парогі, каб асесці ў сталіцы, атрымаць там добрую пасаду, а папрасіўся туды, куды яго паклікала прызванне. Прыдбаў там сабе дом, перавёз сям’ю. Словам, «усур’ёз і надоўга» звязаў свой лёс з зямлёй Францішка Багушэвіча, з музейнай работай. Галоўнае, Алесь зусім невыпадковы для музея чалавек. Пра яго цікавасць да роднай гісторыі, да спадчыны Францішка Багушэвіча сведчаць артыкулы, якія ён друкаваў у рэспубліканскіх часопісах, яго вершы і паэмы на гістарычную тэму. Адзін з яго твораў «Кастусь Каліноўскі» даводзілася і мне рыхтаваць да друку ў «Полымі».
Ездзячы па Беларусі, я ніколі не прамінаў пазнаёміцца з краязнаўчымі музеямі. Колькі ў іх штатах сустракаў я абыякавых, зусім незацікаўленых людзей! «I падабаецца вам гэтая работа?» папытаўся я неяк у адным раённым краязнаўчым музеі ў маладой расфарбаванай дзяўчыны, яго работніцы. «Не вельмі, прызналася яна. Але недзе ж трэба рабіць...» Такіх вось «Недзе ж