• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

    Зорка філаматаў

    нарысы, эсэ
    Кастусь Цвірка

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 548с.
    Мінск 2017
    141.87 МБ
    А вось разгарнуў паэму «Купала». Як маляўніча апісвае аўтар святкаванне ў народзе язычніцкага Купалля! Якая прастата і высокая маральнасць ва ўзаемаадносінах сельскай моладзі!
    Такая вельмі значная падзея ў сялянскім жыцці, як дажынкі, стала асновай яшчэ адной вершаванай аповесці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Шчароўскія дажынкі». Колькі самабытных
    народных звычаяў, папраўдзе паэтычных малюнкаў вясковага жыцця раскрывае тут перад намі аўтар!
    А як вобразна і дэталёва, з сапраўдным народным гумарам разгортвае-паказвае беларускі пісьменнік рытуал каранацыі ў Маскве рускага цара ў вельмі нечаканай па тэме «быліцы Навума Прыгаворкі» пад назвай «Халімон на каранацыі»! Нічога падобнага ў рускай літаратуры я не чытаў. Ці абмінулі рускія літаратары такую значную падзею сваёй гісторыі?
    Шмат пазнавальнага і цікавага знаходжу я і ў польскамоўных творах беларускага дудара (так, і гэтакія вымушаны быў ён пісаць) «Благаславёная сям’я», «Славяне ў XIX стагоддзі», «3-над Іслачы, або Лекі на сон», а таксама ў яго вершах.
    А колькі выдумкі, іскрыстага гумару, нечаканых сюжэтных хадоў і ў драматычных творах Дуніна-Марцінкевіча у «Ідыліі», якая і сёння з поспехам ідзе ў нашых тэатрах, «Залётах» і «Пінскай шляхце»! Апошняя камедыя стала папраўдзе народнай, яна вось ужо не адно стагоддзе бесперастанку ставіцца не толькі на сталічнай сцэне, але і шматлікімі калектывамі мастацкай самадзейнасці ва ўсіх канцах краіны.
    Уладзіслаў Сыракомля называў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «сапраўдным гладыятарам» на арэне беларускай літаратуры. I тут няма перабольшання. У першай палове XIX стагоддзя, ды, можна сказаць, і да яго канца, беларускія пісьменнікі вымушаны былі пісаць на польскай або рускай мовах і толькі ў выключных выпадках, у асноўным дзеля асветы народа, пераходзілі на беларускую карэнную мову роднай зямлі. Творчасць на беларускай мове з прычыны адсутнасці беларускага друку ды і фактычна беларускага чытача была другараднай. Першы, хто зрабіў беларускую мову асноўнай, «рабочай» мовай, быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Ён, як той гладыятар, смела і адкрыта выйшаў на арэну барацьбы за мову свайго народа. Гэта быў сапраўдны подзвіг пісьменніка. Тады ж уся шляхта, усё вяльможнае панства, як чорт ад ладана, шарахаліся ад «мужычай» мовы, пнучыся размаўляць і пісаць на «панскай» польскай мове, a то і на французскай. Гаварыць па-мужычы азначала апускацца да мужыка-селяніна, самага ніжэйшага стану тагачаснага грамадства.
    Дунін-Марцінкевіч не пабаяўся стаць на бок селяніна, узвысіць праз друк яго мову. I тым самым выклікаў агонь на сябе.
    Пра злосныя нападкі на беларускага паэта польскіх паноў мы ведасм з артыкулаў Уладзіслава Сыракомлі, таксама беларускага сваім духам пісьменніка, які скалой стаяў у абарону свайго сябра ад ненавіснікаў беларускай мовы. У вершаваным пасланні Уладзіславу Сыракомлю «Літаратурныя клопаты» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч расказаў пра свае «хаджэнні па муках», каб данесці да чытача ўласныя творы, пра стаўленне да іх выдаўцоў, якія адразу ж вярталі гэтыя творы аўтару, крывячыся: «Нашто вы па-мужыцку пішаце, мой пане?»
    Зрэдчас усё ж шчасціла Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу пусціць у свет якое-небудзь сваё тварэнне. А як удавалася, як увогуле працавалася яму на ніве беларускай паэзіі, ён скардзіцца сябру Сыракомлю:
    А што ж дае мая скупая ніва, Быллём парослая? Шмат трэба працы. Пакуль уробіш! Дык хачу прызнацца, Што трачу дух. Я гэтак клапатліва Шмат месяцаў тварыў, і ўвесь здабытак Што многа слоў пустых пачуў і крытык. Здароўя шмат забрала гэта праца!
    Якім паддаўся прыніжэнням. мукам, Пакуль яе ўдалося выдаць друкам, Табе, вястун, хачу цяпер прызнацца.
    А выдадзеную кнігу яшчэ трэба было прадаць, каб вярнуць хаця б частку затрачаных на выпуск грошай і, галоўнае, каб яе чыталі. Як вядома, непісьменны селянін не мог яе купіць. Паэту заставалася толькі прапаноўваць свае творы адукаванай шляхце, якая была апалячана, a то і афранцужана. Вось прадавец, расказвае аўтар, «кіруецца ў салон праслаўленай Цаліны», тыповай велікасвецкай пані з яе франкаманіяй:
    Там модныя паненкі, панічы і пані
    У самым наймаднейшым, дарагім убранні;
    Французскі звычай там, французская і мова.
    Свайго радзімага там не пачуеш слова.
    Раскошы тыя ўбачыўшы. пачуўшы мовы тоны, Падумаеш: Парыж тут адчыніў салоны.
    Калі прадавец прапанаваў гаспадыні салона кнігі, яна, каб паказаць сваю «культурнасць», паслала дачок паглядзець іх: «Дзюма там ці Бальзак?» На што дачка Франя адказала:
    «Non, Maman! мужыцкі твор. якісь «Купала». «Ah mon Dien! Як можна мову так паскудзіць! Кінь гэтыя грымзолы, каб рук не пабрудзіць!..»
    Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выслухоўваў злыя насмешкі і знявагі апалячанага панства, зразумелую няўвагу да беларускіх кніг выдаўцоў і кнігароў, цярпеў немалыя матэрыяльныя страты, выпускаючы кнігі за свае ўласныя сродкі, але не адступаўся ад свайго. Біўся на арэне беларушчыны за свой народ да канца. Як гладыятар.
    Зацікавіўшыся асобай Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, я аб'ездзіў у розны час, здаецца, усе яго мясціны. Мне хацелася даведацца, што жывіла творчасць «беларускага дудара», якія захаваліся звязаныя з ім матэрыяльныя памяткі, як ушаноўваецца ён на сваёй «малой радзіме».
    Пачаў я, натуральна, з месца нараджэння паэта. Як ведаем мы са школьных падручнікаў, нарадзіўся ён у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета. У Бабруйск я лёгка даехаў поездам. Там завітаў у рэдакцыю раённай газеты, з супрацоўнікамі якой дамовіўся пра паездку загадзя.
    I вось весела паскакаў спрытны раённы «козлік» па грудах і выбоінах лясных і палявых прасёлкаў. Зялёналістыя, не змрочныя лясы і пералескі, раздолле палёў, расфарбаваныя жаўтацветам лугі. Зямля, што ўзгадвала нашага слаўнага пісьменніка.
    Ад колішняга фальварка, дзе гаспадарыў бацька Вінцэнта Ян Дунін-Марцінкевіч, ні знаку. Нічога канкрэтнага пра той фальварак мы, вядома ж, не дапыталіся ў жыхароў невялічкай вёсачкі, што вырасла на яго месцы, займеўшы тую ж назву Панюшкавічы. Ды адкуль ім што ведаць: амаль усе яны перасяленцы з іншых вёсак. Адзінае, што напамінае тут пра беларускага дудара, гэта даволі высокая стэла на ўзбярэжжы ракі Бярэзіны з выявай паэта, Месца для помніка выбрана выдатнае, вось
    толькі сам помнік на мяне не зрабіў уражання: ён як бы злеплены наспех, дзе-нідзе ўжо адлушчыўся бетон. Хочацца думаць, што гэта помнік часовы, што некалі ўстане тут больш годны, варты памяці нашага выдатнага пісьменніка.
    Помніцца мне і паездка ў былую Пяршайскую воласць Мінскага павета, дзе ў 1840 годзе асеў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у фальварку Люцінка і дзе пражыў да канца свайго зямнога быцця цэлыя 44 гады. Заехаў я туды са сваім студэнцкім таварышам, пісьменнікам Іванам Чыгрынавым на маёй машыне.
    У Люцінцы ад былой сядзібы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча засталіся толькі ўрослыя ў зямлю камяні падмурка на ўзвышэнні, да якога падступалі хаты невялікай вёсачкі. Мы хадзілі па колішнім селішчы пісьменніка, і мне ўявіўся ўтульны прасторны дом Марцінкевічаў, дзе кожны дзень гучалі галасы сямейнікаў, суседзяў і гасцей, дзе ў асобным кабінеце так добра працавалася за пісьмовым сталом гаспадару, перад якім адкрываліся з акна краявіды роднай зямлі, змяняліся адна за адной вёсны і зімы. Тут былі напісаны ці не ўсе творы беларускага дудара, пачынаючы ад «Ідыліі», «Гапона», «Вечарніц» і канчаючы «Залётамі» і іншымі п’есамі, паэмамі, былінамі, вершамі. У доме пісьменніка гучала музыка, ставіліся спектаклі на яго п’есы. Тут жа працавала і арганізаваная ім школа, дзе вучыліся дзеці вяскоўцаў і дзе, дарэчы, атрымаў першапачатковую адукацыю пачынальнік беларускай прозы, пісьменнік Ядвігін Ш. Марцінкевічаў дом быў сапраўдным асяродкам беларускай культуры ў XIX стагоддзі.
    Мы доўга тупалі з Іванам па былым селішчы Марцінкевічаў і апанурана думалі не толькі пра нелітасцівы разбуральны час, але і пра нашу ўсеагульную абыякавасць да ўласных святыняў, да дарагіх памятак мінулага. На добры лад, ужо даўно трэба было ўзнавіць сядзібу першага беларускага пісьменніка-класіка, сапраўднага патрыёта роднай зямлі, паказаць у ёй тагачасны тыповы побыт шляхецкага двара XIX стагоддзя. Каб сюды, у сядзібумузей, прыходзілі школьнікі і студэнты, усе, хто любіць і шануе нашу культурную спадчыну, хто хоча ведаць, як жылі нашы далёкія продкі.
    3 сваёй Люцінкі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выязджаў часам у новую дарогу, каб зведаць і іншыя куткі Беларусі, пашыраючы тым самым тэматыку сваёй творчасці. 3 адной такой адлучкі ён прывёз свой славуты драматычны твор «Пінская шляхта». У пачатку п’есы аўтар пазначае: «Дзея адбываецца ў ваколіцы О... паміж балотаў, у глушы Пінскага павета». Пры шматлікіх публікацыях гэтай невялікай, але вельмі змястоўнай камедыі я чамусьці не знаходзіў расшыфроўкі той загадкавай «ваколіцы О...». Мне заўсёды здавалася, што аўтар проста прыдумаў яе, як прыдумаў і герояў твора надта ж адпавядалі прозвішчы персанажаў нейкім рысам іхных характараў: Кручкоў, Пісулькін, Пратасавіцкі, Цюхай-Ліпскі...
    Якое ж было маё здзіўленне, калі як удзельнік адной этнаграфічнай экспедыцыі на Пінскае Палессе я трапіў у гэтую самую «ваколіцу О...»! Аб’язджаючы на акадэмічным аўтобусіку вёскі Столінскага раёна, які раней уваходзіў у Пінскі павет, мы супыніліся ў адной з іх у Ольпені. Тутэйшы настаўнік, які якраз трапіўся нам на вуліцы, паведаў, што гэта ж акурат тут адбывалася дзеянне камедыі «Пінская шляхта», што тая загадкавая «ваколіца О...» і ёсць гэты во Ольпень! Усё правільна: і аднаго ж з персанажаў камедыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч назваў Альпенскі, Цімох Альпенскі.
    Мы з цікавасцю аглядалі старасвецкія хаты з патрэсканымі бярвёнамі сцен, з маленькімі прыземістымі вокнамі, з якіх выглядвалі на нас, невядомых прыхадняў, старэнькія, з такімі ж пазамі-маршчынамі на тварах, як і ў сценах, бабулькі і дзядкі жывая пінская шляхта! Маладая круглатварая шляхцянка, што падышла пад наш аўтобус. нават паказала хаты, дзе і цяпер жывуць... Цюхай-Ліпскія і Пратасавіцкія! I мы заходзілі да нашчадкаў Марцінкевічавых персанажаў у хаты і гаманілі з імі, як з самымі звычайнымі людзьмі!
    Настаўнік пад’ехаў з намі і ў недалёкую школу, дзе ў невялікім музейчыку паказаў пад шклом пажоўклыя ад часу паперы-дакументы, на якіх мы таксама прачыталі засведчаныя гербавымі пячаткамі прозвішчы Цюхай-Ліпскіх і Пратасавіцкіх. Зрэшты, чаго мне далёка было хадзіць, каб даведацца пра існа-