Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
арыстакратыі як бы ён пасмяяўся з нашай пыхі, з таго, што мы ганарымся старажытным, трыста гадоў назад атрыманым гербам, ён, што тысячы год налічвае ў сваёй генеалогіі... Наш селянін не піша і не чытае гісторыі, але. верачы ў якое-небудзь сваё мясцовае паданне, з пагардай паглядае на шляхецкую расу, інстынктыўна адчуваючы, што мы прыхадні адкульсьці, а ён тутэйшы жыхар і гаспадар тутэйшай зямлі».
Якраз дзеля таго, каб беларускі народ успомніў сваё мінулае і тым самым усвядоміў, што ён «гаспадар тутэйшай зямлі», У. Сыракомля і ўзяўся падымаць з забыцця гэтае мінулае, звярнуўшыся да гісторыі, да цікавай і самабытнай культуры беларускага народа. Гісторыі Беларусі быў прысвечаны ўжо самы першы твор У. Сыракомлі, які прызначаўся для друку, вялікая і даволі грунтоўная нататка пра мінулае Нясвіжа, апублікаваная ў «Старажытнай Польшчы» М. Балінскага за 1846 год. Дарэчы, у арыгінале нататкі, які захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы (аддзел рукапісаў, ф. 81-36, арк. 10-13), астаўся неапублікаваны дадатак апісанне каштоўнасцяў Нясвіжскага замка, якое і цяпер мае цікавасць для даследчыкаў нашай культуры. Гісторыі беларускіх мястэчак (Нясвіжа, Стоўбцаў, Койданава, Міра), быту беларусаў, іх вусна-паэтычнай творчасці прысвячае паэт і сваю кнігу «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853); пра вёскі і мястэчкі беларускага Прынёмання расказвае У Сыракомля ў кнізе «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861). Вялікую цікавасць мае аб’ёмістая манаграфія У Сыракомлі «Мінск», якая друкавалася ў двух нумарах часопіса «Тэка Віленьска» (1857). У гэтай працы аўтар грунтоўна раскрыў гісторыю Мінска, якая прасочваецца на фоне ўсёй гісторыі Беларусі, расказаў пра быт і заняткі сучасных яму мінчан, а таксама на аснове фальклору беларусаў імкнуўся паказаць старажытную культуру крывічан. Прытым аўтар асабліва засяроджвае ўвагу на тых фактах з гісторыі Беларусі, якія найбольш красамоўна расказваюць пра яе славу, якія самі па сабе маглі ўздымаць нацыянальны дух беларусаў. Так, значнае месца адводзіць У Сыракомля разгляду «Слова аб палку Ігаравым», якое, паводле яго меркавання, напісана «на царкоўнабеларускай мове», напісана
мінчанінам, з прычыны чаго Мінск павінен карыстацца славаю горада «старажытнай паэзіі, мясцовай песні, на той самай мове, на якой спявае свае песні наш народ у час жніва». Шмат каштоўнага матэрыялу па гісторыі і культуры Беларусі можна знайсці і ў дарожных нарысах У. Сыракомлі «Экскурсіі па Літве ў радыусе ад Вільні» (т. I 1857, т. II 1860). Пра гістарычнае мінулае Ашмян, Смаргоні, багушэвічаўскіх Жупран, пра быт насельніцтва гэтых ваколіц шмат цікавага расказана паэтам у дарожным дзённіку, які ён вёў, едучы ў 1856 годзе праз Беларусь у Варшаву. Гэты дзённік трапіўся мне ў рукі пры азнаямленні з матэрыяламі Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Літвы. Раскрыццю быту падвіленскіх беларусаў, іх вусна-паэтычнай творчасці прысвячае паэт шматлікія артыкулы ў «Віленскім весніку», у раздзеле «Мясцовы агляд», які вёў паэт, будучы штатным супрацоўнікам газеты. Ёсць у Сыракомлі асобныя артыкулы пра Валожын, Нясвіжскі замак, пра ахову гістарычных помнікаў Беларусі. Захаваліся ў рукапісе накіды артыкула пра Маладзечна, у якім паэт меркаваў паказаць усю гісторыю горада пачынаючы з далёкай старажытнасці.
Адным з найбольш важных клопатаў У. Сыракомлі была барацьба за права беларускага народа ствараць культуру на сваёй роднай мове. Пра гэта яскрава сведчыць даволі грунтоўнае «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў у Мінскай правінцыі», якое друкавалася ў трох нумарах «Газэты Варшавскей», а таксама чатыры артыкулы пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Насуперак шляхце, якая называла беларускую мову «хамскай», «гміннай», У. Сыракомля пісаў: «Прыгожае гэта адгалінаванне славянскай мовы крывіцкі дыялект, і стары! Бо гэта мова нашага Літоўскага Статута і справаводства на працягу двух вякоў, XVI і XVII, і распаўсюджаная! Бо смела можна сказаць, што размаўлялі на ёй тры чвэрці даўняй Літвы, люд, шляхта і паны; пазбавіўшыся свайго пісьмовага значэння, гэтая мова сёння асталася толькі адной спадчынай сялянскіх хат...» Паэт шкадуе, што «багатая калісьці, яго (беларускага народа. К. Ц.) мова знаходзіцца цяпер у застоі, яна перастала ўзбагачацца, а тыя, што хацелі зрабіць яе пісьмовай і тым самым заахвоціць народ
да кнігі, вымушаны змагацца з многімі цяжкасцямі». У Сыракомля горача падтрымліваў і абараняў ад нападкаў рэакцыянераў беларускую літаратуру. Пасля першых двух артыкулаў пра В. Дуніна-Марцінкевіча ў той жа «Газэце Варшавскей» з’явіўся водгук на іх пана Ф. Скібіцкага, які падпісваўся псеўданімам У. Аўтар гэтага водгуку, што называўся «Творы на гміннай гаворцы», выступіў супроць Сыракомлі, які з вялікай радасцю сустракаў творы на беларускай мове. Уладзіслаў Сыракомля ў сваім новым артыкуле разбівае адзін за адны.м усе довады пана Скібіцкага. Перш за ўсё, прыводзячы пастаўленае Скібіцкім пытанне: «Ці творы, напісаныя на мове беларусаў, заслугоўваюць такога радаснага вітання, безадносна на вартасць іх зместу?», У. Сыракомля з перакананасцю адказвае: «Любы, на любой мове напісаны твор не заслугоўвае радаснага вітання, калі ён нецікавы, непрыдатны; але калі якая-небудзь мова або гаворка з непісьмовай становіцца пісьмовай, кожная напісаная на ёй кніжка заслугоўвае ўвагі як довад узнікаючай патрэбы пісання на гэтай мове або гаворцы...» На другое пытанне пана Скібіцкага: «Ці зможа гэтая мова (беларуская) перадаваць усе адценні думкі, быць прыдатнай для розных стыляў і ўдасканаліцца да такой ступені, каб заслужыць назву асобнай мовы?», У. Сыракомля зноў з глыбокім перакананнем адказвае: «Так, зможа, бо мае дастаткова лёгкасці і адначасова сілы, перадае ў паэзіі мяккія і далікатныя пачуцці, у жывой гаворцы мае лёгкія звароты, трапныя выразы. He стае ёй многіх выразаў для перадачы таго, што не ўваходзіць у склад паняццяў і патрэб нашага народа, але ў меру развіцця асветы самога народа і літаратуры на яго мове гэтая мова патрапіць знайсці ў сваёй глыбіні выразы і словазвароты, якіх няма сёння. Кожная мова праходзіць эпоху дзяцінства». Адказваючы на трэцяе пытанне Скібіцкага: «Ці варта імкнуцца, як гэта робіць Сыракомля, да ўдасканалення беларускай мовы як мовы асобнага народа?», паэт-дэмакрат даводзіць, што не толькі варта, але і «неабходна». «Надзвычай разнастайную ўвогуле мову Славяншчыны, піша У. Сыракомля, шаноўны апанент дзеліць толькі на чатыры разгалінаванні на мову расійскую, польскую, чэшскую і ілірыйскую. He пярэчым, што
гэтыя чатыры мовы стаяць на першым месцы сярод славянскіх дыялектаў па сваёй пісьмовай дасканаласці, але чаму ж іншым мовам не даваць развівацца, нашто ж, напрыклад, у мове беларусінаў бачыць толькі мешаніну моваў рускай і польскай? Ці тое ж самае не можна сказаць і пра маларасійскую мову? Калі так, то чаму ж шаноўны апанент чэшскую і ілірыйскую мовы ўзвышае да годнасці асобных моваў? У іх жа таксама лёгка знойдзеш і рускія і польскія выразы». Далей паэт гаворыць пра самабытнасць, адметнасць беларускай мовы, выкрывае хлусню шавіністаў, быццам бы яна толькі дыялект польскай або рускай мовы. У заключэнне аўтар выказвае ўпэўненасць, што беларуская мова будзе развівацца і ўдасканальвацца. «3 усёй павагай да шаноўнага апанента, піша У. Сыракомля, паўтараем: на гэтым полі працаваць можна і варта». У сувязі з гэтым «вясковы лірнік» ад усяго сэрца заклікае Дуніна-Марцінкевіча з болыпай адказнасцю і сур’ёзнасцю ставіцца да мовы сваіх твораў, раіць яму, каб ён «асцерагаўся паланізмаў і кніжных выразаў, каб правінцыялізмаў адной ваколіцы і парафіі не прыпісваў усёй русінскай мове, каб тады толькі ўжываў чужыя выразы, калі не знойдзе адпаведных у мове, на якой піша».
Робячы разгляд беларускіх твораў В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомля заклікаў яго «выключна (слова «выключна» ён падкрэслівае. К. Ц.) прысвяціць сябе» творчасці на беларускай мове. Кажучы пра тую адказую ролю, якая выпала на долю В. Дуніна-Марцінкевіча як беларускага паэта, У. Сыракомля ў рэцэнзіі на яго кнігу «Цікавішся? Прачытай!» зноў даводзіць, што «народная, русінская паэзія вось арэна п. Марцінкевіча, няхай жа ён выступае на ёй як сапраўдны гладыятар».
Цяжка пераацаніць значэнне гэтых публіцыстычных выступленняў У. Сыракомлі для развіцця беларускай літаратуры. Яе парасткі патрабавалі тады асаблівай, павышанай увагі і падтрымкі, бо ўзышлі на вельмі неспрыяльнай глебе у атмасферы варожасці пануючых класаў да беларускага народа і яго культуры. Гэтую ўвагу і падтрымку маладая беларуская літаратура і атрымала ад Уладзіслава Сыракомлі, імя якога было ў той час вельмі аўтарытэтнае.
3 усяго сказанага вышэй вынікае лагічнае пытанне: як жа так сталася, што У. Сыракомля, які гэтак горача вітаў кожны літаратурны твор на беларускай мове, клапаціўся аб удасканаленні беларускай літаратурнай мовы, аб яе чысціні, які быў не простай «зоркай», а якраз «сонцам» беларускага адраджэння, пісаў свае творы ўсё ж на польскай мове? Каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна звярнуцца да гісторыі.
Як вядома, Беларусь, якая апынулася яшчэ ў XVII стагоддзі пад пратэктаратам Польшчы, больш за дзвесце гадоў цярпела жорсткі нацыянальны прыгнёт. Беларуская мова, якая раней была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім, паступова выцяснялася з літаратуры польскай мовай. Нават пасля ўз’яднання з Расіяй у канцы XIX стагоддзя польская мова яшчэ доўгі час лічылася афіцыйнай на беларускіх землях. «Усё, што думае аб грамадскіх справах, пісаў пра гэты час 3. Серакоўскі, усё, што піша і чытае ў Заходнім краі, усё гэта цалкам польскае». I таму пісьменнік, які хацеў нешта сказаць адукаванаму грамадству, вымушаны быў пісаць на польскай мове.
Літаратурная праца для Сыракомлі, як відаць з біяграфіі, была галоўным сродкам існавання. Фізічная праца на панскіх фальварках (спачатку Залуча, а потым Барэйкаўшчына), якія арандаваў У Сыракомля, давала мала, на што неаднаразова скардзіўся сам паэт. Каб пракарміць вялікую сям’ю, беднаму арандатару даводзілася вельмі многа пісаць, за што не раз папракала яго крытыка. Паэт прызнаваў: «Папрокі варшаўскіх газетчыкаў аб тым, што працую я паспешліва і шмат друкуюся, у значнай ступені справядлівыя, але маё становішча, святы абавязак па ўтрыманні трох дамоў сваёй радні прымушаюць мяне спяшацца». Пісаць на беларускай мове, якая была ў той час, як вядома, пад забаронай, азначала б для У. Сыракомлі пакінуць тыя дваццаць з лішнім «галодных губ», якія штодзённа чакалі «вынікаў яго пяра», без кавалка хлеба, пусціць сям’ю па свеце з жабрачай торбай. Гэта была ў той час вялікая «раскоша» пісаць на беларускай мове. Але чаму ж тады, можа ўзнікнуць пытанне, гэтую «раскошу» дазволілі сабе сябры і землякі У. Сыракомлі, яго аднадумцы В. Дунін-Марцінкевіч і А. Вярыга-Дарэўскі? Бо як