Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
«Я літвін», казаў неаднаразова паэт і падкрэсліваў, што і яго «прапрадзед» быў «шчырым літвінам». «Літоўскім лірнікам», «літоўскім паэтам», «песняром Літвы» называлі У Сыракомлю ў польскім, рускім і замежным друку пры яго жыцці і доўгі час пасля смерці. Вось што пісаў, напрыклад, М. Аксакаў: «Калі паэт можа прысвяціць усю сваю дзейнасць аднаму якомунебудзь прадмету, вакол якога, як бы вакол агульнага цэнтра, лунаюць і кружацца ўсе вобразы, думкі яго і летуценні, у якім, нібы ў фокусе, збіраюцца ўсе водгукі і ад якога ўсе любоўныя струны яго атрымліваюць асаблівы водгалас і каларыт, то такім прадметам, бясспрэчна, з’яўляецца для Сыракомлі Літва. Куды б ні накіраваўся вольны лёт яго натхнення, у якую б сферу ні залятала думка яго, якія б ні кранаў ён струны душы заўсёды... выступае з масы вобразаў усё адзін і той жа вобраз айчыны, які ён па-мастацку і любоўна малюе». Тое самае канстатуе, напрыклад, і В. Касцялкоўская, называючы Сыракомлю «песняром Літвы». У гэтым жа не раз прызнаваўся сам паэт:
Пра адно я толькі спяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць літвіны!
У вершы «Што ўмею намаляваць» У. Сыракомля таксама сцвярджае, што, калі ён бярэ ў рукі аловак, заўсёды ў яго атрымліваецца «альбо літоўская хатка, альбо касцёльчык вясковы, альбо дворык літоўскі». «Нічога іншага, гаворыць паэт, я не ўмею
маляваць на паперы: толькі тое, што палюбіў усёй сваёй душой». Літвою У. Сыракомля, як і наогул яго сучаснікі, называў Беларусь. Тут (вёска Смольгаў на Любаншчыне) у 1823 годзе нарадзіўся паэт, тут (спачатку на Палессі, а потым на Нясвіжшчыне і Стаўбцоўшчыне) правёў ён асноўную частку свайго жыцця. Апошнія дзесяць гадоў (1853-1862) У. Сыракомля пражыў у фальварку Барэйкаўшчына, што на дарозе з Вільні да Ашмян. Тут паэт таксама быў сярод беларускага насельніцтва. Пра гэта сведчыць сам У. Сыракомля, сцвярджаючы, што «люд падвіленскі... гаворыць па-русінску», г. зн. па-беларуску. Тое, што У Сыракомля, гаворачы пра Літву як сваю радзіму, меў на ўвазе не што іншае, як Беларусь, добра разумелі праз 50 гадоў пасля яго смерці нават польскія аўтары. Ч. Янкоўскі ў артыкуле «Літва» пісаў, што калі б Сыракомля ўстаў з магілы. то ён «аказаўся б не на Літве, а на Беларусі, дзе ўбачыў Кандратовіч святло і дзе пражыў свой век паміж Залучам і Барэйкаўшчынай». Вядомы польскі літаратуразнаўца А. Брукнер, азнаёміўшыся з творчасцю паэта, прыйшоў да высновы, што У. Сыракомля «сапраўдны пясняр беларускай зямлі, ні ў якім разе не літоўска-жмудскай... яго “Улас” (г. зн. Wlas-Blazej), “Янка-цвінтарнік” і г. д„ яго засцянковая шляхта, Лагода ці Дэмбарог нават гэта сапраўдная беларуская кроў». Тое, што У. Сыракомля быў усё жыццё ўлюбёны ў Беларусь, адразу кідалася ў вочы даследчыкам і біёграфам паэта. «Сыракомля, пісаў у сваіх успамінах пра “вясковага лірніка” Г. Мяжэнскі, перавышаў пачуццём і надзвычайнай любоўю да роднай зямлі, можна сказаць, усіх сучасных яму паэтаў... Словам, усё, што гэты чароўны паэт выліваў са сваіх збалелых грудзей, дыхае сапраўднай любоўю любоўю да ўсяго таго, што сваё, што роднае!»
Матывамі патрыятызму прасякнута ўся творчасць У. Сыракомлі паэзія, драматургія. проза, публіцыстыка. Паэт лічыў, што любоў да сваёй зямлі, да Бацькаўшчыны самае высакароднае пачуццё. Ён адкрыта асуджаў тых, хто адракаецца ад свайго толькі таму, што яно сваё, хто, забываючы звычаі роднага краю. слепа пераймае ўсё замежнае, чужое, хто мяняе свой родны край на чужыну. Той, піша паэт у адным з вершаў, хто туліцца
на чужыне, хто пазнаў там, «што дым родны значыць», цяпер, каб была магчымасць вярнуцца, «ішоў бы да Літвы абдзёрты і босы... Хворы, вярнуў бы здароўе сваёй душы ад шклянкі вады з Нёмана альбо Гарыні». У творах Сыракомлі можна знайсці нямала прачулых радкоў, прысвечаных родным ваколіцам. Гэта вершы і паэмы пра «смутны краю Палессе» («Улас»), пра наднёманскія лугі, якія паэт можа пазнаць «па паху» («Кавалак хлеба»), пра камяніцы і паркі Нясвіжа, «дзе над сінім азерцам стаіць стары замак» («Пілігрым»), пра вуліцы Мінска, які паэт называе «родным» («Тост у доме В. Марцінкевіча», «У коле знаёмых у Мінску») і г. д.
Адправіўшыся ў падарожжа па Польшчы (дарэчы, У. Сыракомля ўпершыню наведаў яе ў 1856 годзе, г. зн. усяго за 6 гадоў перад смерцю, будучы ўжо шырокавядомым паэтам), ён заўважае: «Тут, на польскім баку Нёмана, усё не такое, як у нас». Падарожнічаючы па Польшчы, Сыракомля ні на міг не забывае пра свой родны край, сумуе па ім, а ўбачыўшы Карпаты, не можа ўтрымацца, каб не ўзняцца на высокую гару: магчыма, яму ўдасца ўбачыць адтуль «родную Літву».
Вядома, што У. Сыракомля наадрэз адмовіўся ад вабных прапаноў перабрацца жыць у Варшаву, дзе яму як папулярнаму паэту і публіцысту давалі пасаду рэдактара спачатку «Бібліотэкі Варшавскей», а потым «Газэты Цодзеннэй» паважных польскіх выданняў таго часу. Вось як гаворыць пра гэта сам паэт у пісьме да А. Плуга: «Прапанову ўзначаліць рэдакцыю я не прыняў, прычыны ты павінен зразумець. Туга па краі, па сваіх, па Вільні забіла б мяне...»
Аб беларускім патрыятызме У. Сыракомлі вельмі яскрава сведчыць вершаванае апавяданне («гавэнда») «Жменя пшаніцы». Старому Сцяпану, войту, пра якога аўтар гаворыць, што «такога чалавека і са свечкай не знойдзеш», было даручана падабраць сабе замену. Каб выбраць са сваіх трох сыноў новага войта, мудры і справядлівы стары вырашыў наладзіць ім экзамены. Ён адправіў усіх трох у розныя краіны: «Хто з чужой стараны прынясе найбольшую карысць, той стане войтам». Старэйшы сын, Рыгор, вярнуўшыся з Нямеччыны, з захапленнем расказвае
бацьку і грамадзе, «які быт у немцаў мілы», якія там капелюшы і кафтаны. «Што тут казаць пра сярмягу? гаворыць сваім слухачам Рыгор. Крой дзівацкі ў яе, нечуваны: адразу па ёй відаць галечу! Перакройма ж світкі на кафтаны!» «Не, яму не быць войтам!» сказаў на гэта сам сабе стары Сцяпан. Другі сын, які ездзіў у Польшчу, у Кракаў, «тонам зуха» расказвае пра свае ўражанні: «Якая там мова! Проша пана, якія песні! Кожны напявае кракавяка. А мы спяваем так нудна...» I малады «зух» самаўпэўнена прапаноўвае сялянам: «Ведаеце, братва, якую дам параду? Кіньма нашы старыя песенькі, паспрабуем танцаваць кракавяк, а я буду весці рэй». Стары Сцяпан, які выказвае настроі і погляды сялян, адразу ж зазначае: «Не, не быць і гэтаму войтам!» I толькі трэці сын, Сымон, які з пашанай і любоўю ставіўся да культуры свайго народа і які прывёз з Украіны на развод жменю пшаніцы, заслужыў бацькава блаславенне на пасаду войта. Заканчваючы апавяданне, У. Сыракомля гаворыць, што толькі дурань «хоча нямецкім адзеннем пакрыць цела славяніна». Але большы дурань той, хто «пагарджае бацькоўскай зямлёй», хто мяняе родныя песні на «нейкую песеньку з чужой нівы».
Шчырую любоў паэта да Беларусі польскія шавіністы лічылі літоўскім сепаратызмам, тым сепаратызмам, у якім яны абвінавачвалі і выдатнага беларускага рэвалюцыянера Кастуся Каліноўскага, сапраўднага патрыёта Беларусі і разам з тым перакананага інтэрнацыяналіста. Ці не таму доўгі час творчасць У Сыракомлі адсоўвалася недзе на задні план, ігнаравалася. на што звярнуў увагу яшчэ А. Драгашэўскі, дзівячыся «ўбоству літаратуры пра літоўскага лірніка». «Тэарэтыкі» тыпу С. Цывінскага проста заяўлялі, што ў наш век «значэнне Сыракомлі зменшылася», прызнаючы разам з тым, што яго творчасць будзе мець цікавасць больш доўгі час хіба толькі сярод шырокіх мас «на ўсходніх крэсах». Толькі сённяшнія літаратуразнаўцы Полынчы рашуча адхіляюць гэтую недаацэнку творчасці выдатнага паэта-дэмакрата, пра што сведчыць, напрыклад, грунтоўны артыкул В. Кубацкага «Гавэнда пра Сыракомлю», дзе ён пераканаўча даводзіць, што У. Сыракомля паэт «далёка не малой меры».
«Сепаратызм» У. Сыракомлі меў у сваёй аснове класавыя карані. Перад ім стаяла дылема: з кім ісці з польскім панам, прыгоннікам супроць беларускага селяніна ці, наадварот, з беларускім селянінам супроць польскага пана. У. Сыракомля фактычна выбраў апошняе. Паэт паслядоўна, з уласцівай яму публіцыстычнай страснасцю абараняў інтарэсы запрыгоненага беларускага селяніна, змагаючыся за яго разняволенне, за адмену бесчалавечнага прыгоннага права, якое зжыло сябе як эканамічна, так і маральна. «Я край мой кармлю ад веку і маю права звацца чалавекам», заяўляў вуснамі свайго паэта селянінбеларус. Гэтае патрабаванне Сыракомлі аддаць народу ўсе яго чалавечыя правы пазней падхопіць і ўзніме як неадкладны лозунг часу вялікі абаронца свайго народа Янка Купала. Дарэчы, паэзія Я. Купалы, які надзвычай высока цаніў «вясковага лірніка» за яго дэмакратызм, за тое, што ён не забыўся «слоў беларускіх», некаторымі матывамі, вобразамі вельмі пераклікаецца з творчасцю Сыракомлі, што дае падставу гаварыць аб уплыве Сыракомлі на Купалу як аб адным са звёнаў пераемнасці беларускай літаратуры. Абодва паэты былі выразнікамі самых кроўных інтарэсаў беларускага народа на розных этапах яго гісторыі. «Не я пяю, а люд божы, які песню ва мне творыць», гаварыў У Сыракомля. падкрэсліваючы сваю непарыўную злітнасць з мужыком-беларусам, «адвакатам і прадстаўніком на Парнасе» якога быў.
Вельмі ярка і зусім недвухсэнсоўна выказаўся У. Сыракомля аб сваёй блізкасці да беларускага народа ў выдатным вершы «Лірнік вясковы». Паэт піша, што яго ліру «людзі пояць слязьмі». Таму ён спадзяецца, што рэха ад яго песень панясецца шырока па свеце «ад краю да краю, да самага Дунаю, да самага Кіева». I калі-небудзь пасля яго смерці «ў акно суседа пастукае грамада чужых людзей» і скажа: «Прыйшлі мы паглядзець, дзе ваш лірнік спачывае, лірнік, знаны ў свеце». Слухаючы гасцей, люд з усёй вёскі будзе дзівіцца і шаптаць, паціскаючы плячыма: «Адкуль яны, людзі з далёкіх краёў, ведаюць песні гэтай вёскі?» I, вядома ж, здагадаюцца, што гэта разнёс іх па свеце «наш лірнік вясковы», і таму з гордасцю «перад людзьмі з чужой зямлі
ўсёй душой будуць славіць лірніка, што спяваў і жыў з імі». Пад гэтым вершам значыцца: «Залуча. 18 студзеня 1852 года». Адсюль вынікае, што вёска, якая зможа ганарыцца сваім лірнікам і песні якой ён разнясе па свеце, быў Жукаў Барок (за паўкіламетра ад Залучанскай сядзібы паэта). Інакш кажучы, У. Сыракомля сам прызнаецца, што асновай яго творчасці быў беларускі фальклор. Як пясняр і абаронца народа Сыракомля не мог без сарказму і гневу гаварыць пра яго прыгнятальнікаў. Каб пераканацца ў гэтым, даволі перачытаць такія творы паэта, як «Ілюмінацыя», «Вызваленне сялян», «Лялька», «Нядзеля», «Эпітафія землеўласніку» і г. д. Свае адносіны да паноў вельмі выразна выказаў У. Сыракомля і ў вершы «Вясковы музыка», прысвечаным С. Манюшку. Стары музыка раіць маладому кінуць свой «марны» занятак, бо ва «ўбогай вёсцы» яму няшмат заплацяць: «Тут рэдка абсеўкі, дажынкі, вяселлі, тут хлеба не вельмі, гулянак не вельмі». Малады падае думку, што трэба кінуць вёску, «дзе жывуць небаракі», і адправіцца са скрыпкай туды, «дзе багатыя людзі». «О дзіця! адказвае на гэта стары. ...Лепш знямець са сваімі песнямі, чым стукаць у дзверы багатых... Нічым не кранеш іх, бо ў душы іх холад, слухаюць яны з пагардай на твары». Усё гэта, вядома, не магло не раздражняць закаранелых прыгоннікаў. Ф. Беляк у заўвагах да выбранага У. Сыракомлі прыводзіць яскравы ўрывак з верша Ф. Вэнжыка, які абвінавачваў «вясковага лірніка» ў тым, што ён «бэсціць» у асобных творах «польскую шляхту». Супрацьпастаўляючы высокія якасці беларускага селяніна маральнай разбэшчанасці, фанабэрыі і ганарлівасці польскай шляхты, У Сыракомля смела выкрываў міф аб яе выключнасці і праве гаспадарыць над мужыком. Яскрава выказана гэта ў знойдзеным мною першапачатковым варыянце кнігі У. Сыракомлі «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах», які захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Разважаючы пра старажытнасць беларускіх вёсак, У. Сыракомля пісаў (гэты ўрывак выкраслены рукой цэнзара): «I не адно мужыцкае імя добра было вядома праз вякі ў сваёй ваколіцы, пакуль не з’явіліся імёны і гербы магнатаў. Калі б народ наш лепей помніў мінулае, калі б разумеў ідэі так званай гістарычнай