Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
як Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка. Гэта Пясочнае, якому мы абавязаны многімі папулярнымі песнямі, напісанымі яго ўраджэнцамі Анатолем Астрэйкам і Адамам Русаком. Гэта, нарэшце, Мікалаеўшчына, калыска неўміручага Якуба Коласа, дзе сёння ўзышоў новы літаратурны падлесак маладыя, здольныя беларускія паэты Мікола Маляўка, Алесь Камароўскі, Мікола Міцкевіч.
Пакінуўшы каля былой паэтавай хаты машыну, мы вырашылі прайсці па вуліцы Жукавага Барка. У праваднікі ўзялі Сыракомлю, разгарнуўшы яго «Вандроўкі...»: «Праз пясчысты насып уязджаем у вёску Жукаў Барок працавіты люд урабіў праз вякі скупыя пяскі збажына тут буйней кусціцца, чым у ваколіцы; люд сярэдняга росту, лагодных славянскіх рысаў твару, у чорных, з дамашняй воўны сярмягах, заклапочана снуе на сваіх шнурах. Вітаем яго па даўнім звычаі словамі «Бог у помач» і ад сэрца зычым яму поспеху ў яго мазалі. Вёска балоцістая, бо ў нізіне, і хоць малая складаецца з якіх дзесяці хат усё ж, дзякуючы таму, што побач Нёман, можа пахваліцца кузняй, млынам, царквой, плябаняй, лясніцтвам, вялікай новай карчмой і паромам».
Ведама, ні «чорных сярмяг», ні «шнуроў», ні балота не было тут цяпер і ў паміне. Але што ж, цікава, засталося ад былых пабудоў? Каля берага Нёмана мы знайшлі стары каменны млын. Пануры, з бародкамі моху, зарослы быльнягом колькі праз яго ўцякло вады!
Але мяне больш за ўсё цікавіла ўніяцкая царква, якую, як піша на той жа старонцы Сыракомля, «каля 1720 году залажыў» тут «Кароль Станіслаў Радзівіл, літоўскі канцлер». Аказваецца, яна прастаяла ўсе свае 250 гадоў і толькі нядаўна была знесена. На яе месцы мы знайшлі кучы бітай цэглы і друзу. Мікола Кавальчук шчыра шкадаваў («Гэта было не пры мне, я б такога не дапусціў»), Ён пры гэтым расказаў мне, што ў царкве было шмат кніг, у тым ліку старажытных, а таксама рукапісных, дзе рэгістраваліся ўсе падзеі вёскі, асабліва нараджэнне, шлюб, смерць прыхаджан. Усе гэтыя кнігі, як яму сказалі, перавезлі ў Стоўбцы, пра іх павінны ведаць у раённым аддзеле культуры.
Я адразу ўзгарэўся паехаць зноў у Стоўбцы: гэтыя кнігі, асабліва рукапісныя, былі б для мяне выдатнай знаходкай. Яны, ведама ж, шмат чаго расказваюць пра ўсё «паэтычнае гняздо» і пра Саламона Маймана, і пра Вінцэся Каратынскага, і пра Адама Плуга, і пра Уладзіслава Сыракомлю! У іх, пэўна ж, хаваецца нямала тайнаў, якія памогуць даследчыкам вельмі многае растлумачыць з гісторыі нашай культуры і літаратуры. Мне ж, у прыватнасці, яны б дапамаглі разгадаць «загадку Сыракомлі». У паэта, як вядома, ёсць нямала твораў, напісаных на матэрыяле жыцця мясцовых сялян. Маючы пад рукамі запісы вясковых падзей, можна было б дакладна даведацца, наколькі праўдзівы быў паэт у сваіх творах. што было асновай яго творчасці, як ён выкарыстоўваў у ёй мясцовыя факты. Мне ўспомніўся пранікнёны верш Сыракомлі «Ратай да жаўранка», у якім паэт расказвае пра звычайную, а таму яшчэ болып жахлівую з’яву ў жыцці тагачаснага беларускага селяніна вясновы голад:
Ты ўжо звоніш, жаўраночку, я ару таксама.
Табе лёгка заляці, брат, да нябеснай брамы.
Раскажы там аб ратаях, долі невясёлай: Люд вясне не рад, бо ходзіць голад зноў па сёлах.
Чалавек прачнецца рана рук крануць не ў сіле, Песню спеў бы, толькі грудзі з голаду застылі. Што нам кліч вясны-красуні, ранак той чароўны, Калі зноў і зноў па мёртвых звоніць звон царкоўны.’
У канцы верша стаіць дата «10 красавіка 1851 г.». I месца напісання твора «Залуча». Відаць, паэт гэты страшны голад бачыў якраз тут, у Жукавым Барку. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова перагартаць рукапісныя кнігі з рэгістрацыяй смерці сялян за час, якім пазначаны верш. На падставе запісаў можна дакументальна дамаляваць карціну той сялянскай бяды і гэтым самым упэўніцца, якія жыццёвыя крыніцы жывілі творчасць паэта. Гэтак жа сама можна, мусіць, даведацца і пра жыццёвую аснову верша «Пахаванне маладога аратага», напісанага ў тым жа 1851 годзе, толькі 10 жніўня. У ім паэт з вялікім спачуваннем («Чую, як кроў мая стыне ля сэрца») расказвае, як вязуць на могілкі
і хаваюць зусім яшчэ маладога селяніна, загубленага цяжкім паднявольным жыццём. Ёсць пра верш сведчанне Вінцэся Каратынскага, які быў сакратаром Сыракомлі: «Штуршок да напісання гэтага верша даў Кандратовічу сапраўдны выпадак у вёсцы Жукаў Барок, якую арандаваў паэт». Наколькі дакладныя гэтыя словы? Хто быў той «малады ратай»? Адказ на гэтыя пытанні, напэўна ж, хаваецца ў царкоўных запісах такая падзея не магла прайсці міма царквы. Такім вось чынам можна было б «праверыць» шмат якія вершы Сыракомлі.
Але мае надзеі лопнулі, як той мыльны пухір, калі я, вярнуўшыся ў Стоўбцы, зайшоў у аддзел культуры райвыканкама: там мне сказалі, што кнігі з жукаборскай царквы... спалілі. Убачыўшы маё здзіўленне і расчараванне, Таіса Сцяпанаўна Дзіянава, супрацоўнік аддзела культуры, параіла мне схадзіць да качагара, які паліў кнігі, магчыма, у яго што-небудзь ды засталося. Жыве ён недзе на вуліцы Гагарына. Зваць Міхаіл Кандратавіч Пляскач. Што ж, на ўсякі выпадак трэба схадзіць. Вясёлы гаваркі дзядзька, у якога я папытаў, дзе жыве Пляскач, з ахвотай узяўся правесці мяне.
Па носе пазнаю: вы яго радня, сказаў дзядзька.
Я толькі ўсміхнуўся, не спяшаючыся яго расчароўваць: у дзядзькі, мне здалося, засвярбеў ужо нос, нешта прадчуваючы.
Высокі светлы дом Плескача хаваўся ў зеляніне дрэў і кустоў. Сад быў зайздросны, добра дагледжаны. Дзядзька, не гледзячы, адшчапіў звыклым рухам рукі дашчаныя зялёныя варотцы і ўпэўнена пашыбаваў да ганка, а потым па дывановай дарожцы на верандзе ў дом. Там нікога не аказалася, і дзядзька павёў мяне ў сад.
Дзе ты там, старая развалюха? гукнуў ён і, пачуўшы голас Плескача, дадаў: Iдзі скарэй госця табе прывёў. 3 тваёй, з Плескачовай, хеўры.
Пляскач, не надта стары, моцны чалавек, паволі расхінаючы галіны яблынь, падышоў да нас.
Ну, пазнаеш? пытаў дзядзька. Пазнавай, пазнавай нос у яго твой.
Пляскач акінуў мяне ўважлівым поглядам і паціснуў плячыма. Каб не рабіць з сябе загадкі, я адразу растлумачыў, хто
я і чаго сюды прыйшоў. Дзядзька, які мяне прывёў, пачуўшы пра нейкія кнігі, прыкметна расчараваўся і, даўшы «бывайце здаровы», хуценька паціснуў за вароты.
Што праўда, то праўда, кнігі мы спалілі, расказваў Пляскач. Звалілі к нам, у качагарку, прайсці не было як. Яны там доўга ляжалі. Усе Стоўбцы хадзілі туды што хто хацеў, тое і браў. Кніг гэтых было, можа, дзвесце цэлая гара. Усякія там былі і друкаваныя, і так, ад рукі пісаныя. Якім было мо па тысячы гадоў тоўстыя, счарнелыя, крыж залачоны пасярэдзіне. У другіх было запісана, калі хто радзіўся, вянчаўся, прычашчаўся. Я дажа сябе там быў знайшоў... Чакалі мы, чакалі, калі іх забяруць, асвабадзяць нам праход і па кнізе, па кнізе пачалі падпальваць імі ў печы. Нас тады чатырох было, качагараў. На змену палілі. Больш як на месяц хапіла іх для распалу...
А хто прывёз іх да вас, гэтыя кнігі?
Распараджаўся імі былы намеснік старшыні райвыканкама Ліцко, адказаў Пляскач. He ведаю, можа, ён не ўсе нам скінуў...
Разам з інструктарам райкама партыі Сашам Турко, вельмі цікаўным і дапытлівым хлопцам, які нядаўна скончыў універсітэт у Мінску і цяпер піша кнігу па гісторыі Стаўбцоўшчыны, мы адшукалі шыкоўны, у зеляніне дом Ліцко. Жанчына, якая выйшла нам насустрач, сказала, што гаспадара дома няма пайшоў купляць муку. Падышлі к магазіну. Саша адразу знайшоў у чарзе Ліцко.
Кнігі? павярнуўся да мяне сярэдніх гадоў мужчына з поўным, старанна выгаленым тварам. У мяне нічога не засталося усё спалілі качагары, і ён зноў адвярнуўся, даючы нам зразумець, што размова скончана.
Выпадкова я даведаўся, што ў гаражы райвыканкама частка кніг, праўда, з другой, Велікасульскай, царквы, усё ж захавалася. «Я збіраўся паведаміць куды-небудзь у Мінск, сказаў мне цяперашні намеснік старшыні райвыканкама Юнцэвіч, і так не сабраўся дасюль».
Антон Уладзіміравіч дазволіў мне паглядзець гэтыя кнігі. Сярод іх я знайшоў камплекты «Мінскіх епархіяльных ведамасцяў»,
кнігі царкоўных запісаў дзевятнаццатага і нават васямнаццатага стагоддзяў, дарэвалюцыйныя брашуры, кнігі на лацінскай мове.
Быў ужо мяккі празрысты надвячорак. Сонца яшчэ свяціла, але дзённая гарачыня патроху спадала. Далёкая паласа лесу, паплавы і палеткі збажыны і бульбы, нічым не затуманеныя (марыва ўжо знікла), праглядваліся прарэзліва ва ўсіх сваіх фарбах як намаляваныя. I мне раптам уздумалася, не чакаючы заўтрашняга дня, цяпер вось і пачаць сваю далейшую вандроўку ў новую мясціну, звязаную з Сыракомлем, вёску Мархачоўшчына. Балазе яна зусім недалёка ад Стоўбцаў. У Мархачоўшчыне, куды пераехалі з Кудзінавіч бацькі Сыракомлі на новую арэнду, паэт правёў частку сваіх дзіцячых і юнацкіх гадоў: сюды прыязджаў ён з Нясвіжа на канікулы, тут пасля заканчэння вучобы памагаў бацьку па гаспадарцы. Мне трэба было хоць адным вокам глянуць на тыя мясціны. Я адправіўся туды пеша і, падсеўшы па дарозе на праезджы аўтобус, праз колькі часу быў там. Тыповая беларуская вёсачка сярод лугоў і пералескаў. За агародамі, па зялёнай лагчыне, слаўся ўжо бялявы туман. Каля лесу стаяў роўны белы слуп дыму, які таксама потым апускаўся ўніз і вісеў на грудзях пацямнелага лесу раўнюткім поясам. Адразу, самі сабой, усплылі ў памяці радкі Сыракомлі з яго вялікай лірычнай паэмы «Радавіты Ян Дэмбарог»:
Вячэрнім часам, у светлым маі, Як салавей у садку зазвоніць, Мы з хлопцамі сельскімі мчымся на конях Ізноў на начлег, да зялёнага гаю...
Там гэтулькі песень, вясёлых жартаў, Шчымлівых страхаў і пагаданак!
У вёсцы пеўні пяюць ужо ранак. А нам не спіцца шчырая варта!
Бо дзе ты ўспіш гэтай ноччу маёвай:
To конь заржэ, то полымя блісне. To птаства раптам, нібы наўмысне, Ударыць трэллю з сядзібы альховай...'
Гэтыя паэтычныя строфы, як і ўся паэма, прыйшлі адсюль, з Мархачоўшчыны. Якраз тут ганяў малады Людвік з вясковымі
хлапчукамі на начлег імклівыя табуны коней, тут бачыў ён узыход і заход сонца, слухаў салаўіныя спевы і начныя шолахі лесу. Тут упершыню ўспыхнуў у сэрцы маладога паэта, узносячы яго да нябёс, магутны агонь маладога кахання.
Адсюль, ад Мархачоўшчыны, як я даведаўся, рукой падаць і да Мікалаеўшчыны радзімы Якуба Коласа. Адна зямля, адны і тыя ж крыніцы жывілі, аказваецца, творчасць абодвух паэтаў. Добра было б пахадзіць як можна болей па гэтай спеўнай зямлі, пажыць тут месяц-другі, пазнаёміцца з усімі вясковымі дзядзькамі і цёткамі, маладымі і старымі, яны, іх расказы, я ўпэўнены, далі б мне намнога больш, чым любыя, нават самыя выдатныя кнігі. Але на гэта патрэбен час, якога ў мяне вечна не хапае.