Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Зямлі патрэбны паэты, якія ёю жывуць і дыхаюць, аб ёй, як аб маці, дбаюць, якія, перш чым з плугам прайсці, думкамі яе саграваюць.
Яны яшчэ ў снежні снежным, калі за хатамі свет увесь белы, у галаве раўнютка ўзаруць яе і прабарануюць! Яны яшчэ ў лютым лютым, калі замятае снег зоры,
Кожны палетак засеюць
зярнят золатам.
А потым зноў яго перасеюць, і не раз, а разоў, можа, дваццаць ці сорак.
I доўга думаць будуць, дзе жыта пусціць, дзе проса, куды колас вось гэты
Паставіць звінець...
Адным толькі ім, паэтам (сапраўдным, не вершаплётам), рада
Аддаць зямля ўсе ключы ад залатаносных складаў.
Крытык Рыгор Бярозкін, прачытаўшы гэты верш у маёй кнізе «Чарназём», зразумеў яго так, быццам я заклікаю на зямлю паэтаў членаў і не членаў нашага Саюза пісьменнікаў. А ў мяне і ў галаве такога не было. Што ж, значыць, я недастаткова ясна выказаў сваю думку, не здолеў як след данесці яе да чытача.
Пра ўсё гэта думалася мне, калі я тупаў каля клуба, чакаючы прыезду артыстаў. Нарэшце яны прыехалі. Я ўбачыў знаёмага мне Бражніка. Людзі, што стаялі на вуліцы, паціснуліся ў клубную залу, а я падаўся ў свой дванаццаціложкавы пакой спаць: заўтра мяне чакала новая дарога.
Нясвіжскія небасхілы
Дзень гойданкі па дарозе Доўгае Яскавічы Старобін Слуцк Капыль, начлег на раскладушцы капыльскай гасцініцы, і вось, сышоўшы чыстым ядраным ранкам з чарговага аўтобуса, я апынуўся ў Кудзінавічах вёсцы, куды пераехаў з Яскавіч, намерваючыся знайсці на «новай зямлі» сваё арандатарскае шчасце, Аляксандр Кандратовіч бацька паэта. Тут, па гэтай зялёнай мураве, па круглых, як маленькія курганкі, купінах, зрашэчаных мурашкамі і чмялямі, па белым і мяккім (ступіш і не па-
чуеш) пяску вуліцы працягу палявой дарогі хадзіла некалі маленства Уладзіслава Сыракомлі; тут, забываючы на вячэру, a то і сон, цэлымі днямі гуляў ён з вясковымі хлапчукамі ў «чыжыка» і «свінню», гарцаваў на бярозавым «кані»; тут, на зімовых вячорках, як зачараваны, слухаў ён поўныя суму і жалю, цягучыя песні прыгонных беларускіх сялянак; адсюль, ахоплены прагай аблегчыць долю забітага беларускага мужыка, падаўся ён з набітым кнігамі і сшыткамі ранцам у Нясвіж па навуку.
Вёска Кудзінавічы знаходзіцца якраз на мяжы Нясвіжскага і Капыльскага раёнаў, але ўваходзіць у склад апошняга. Сельсавет Пацейкаўскі. Інфармацыю пра вёску даў мне яшчэ ў аўтобусе дзядзька з Кудзінавіч, які вёз з Капыля сетку хлеба. Мы разам з ім і выйшлі на прыпынку.
А да каго вы ў Кудзінавічах? папытаў ён. Я не ведаў, што і адказаць. Меркавалася проста пахадзіць па вёсцы, пагутарыць з людзьмі. Але так вось і сказаць дзядзьку ён, напэўна, не зразумее.
Думаю зайсці ў школу, адказаў я. Відаць, і сапраўды трэба было б пачаць са школы: з дырэктарам ці настаўнікам, якім лёгка можна растлумачыць мэту майго з’яўлення тут, усё ж лацвей было б знаёміцца з вёскай.
Але школа цяпер зачынена, сказаў дзядзька. I ні дырэктара, ні настаўніка няма ў вёсцы паехалі ў Мінск.
Раз так, сказаў я дзядзьку, то зайду да брыгадзіра. Але перш пагляджу магазін.
У магазіне я папоўніў свой сакваяж пачкам пячэння і кульком цукерак хай ляжаць. Калі зноў выйшаў на ганак, убачыў у акне суседняй хаты тры ці чатыры прыплюснутыя да шыбы жаночыя і, здаецца, дзіцячыя насы і столькі ж пар вачэй па-над імі, што былі скіраваны ў мой бок. Ці не мой гэты чорны сакваяж і «дэголеўка» (капялюшык без палёў, які я купіў у Бабруйску, хоць і не ведаў, носяць яго ў нас ці не, ва ўсякім разе ні ў кога іншага, апрача дзяцей, я такога не сустракаў) выклікалі ў людзей такую цікавасць да маёй асобы?
Ідучы па вуліцы, убачыў на лаўцы дзвюх жанчын немаладога веку. Даў «добры дзень», прыпыніўся. Слова за словам -
разгаварыліся, я прысеў да цётак. Жанчыны былі вельмі словаахвотлівыя, з тых, каго хлебам не кармі, а дай пагаварыць. Цётка, што сядзела бліжэй да мяне, поўная, мажная, была родам з Пухавіцкага раёна. Я сказаў, што мы суседзі, бо я са Старадарожскага раёна, расказаў пра сябе, пра сваю маці, якая, так вось, як і яны, жыве ў вёсцы, дзержыць карову. Заадно, нічога не тоячы, як мог, растлумачыў, чаго я тут, у Кудзінавічах. Гутарыць з імі было лёгка, бо яны разумелі мяне, я іх. 3 размовы я даведаўся нямала цікавага пра вёску Кудзінавічы. Напрыклад, тое, што тут раней была невялікая рачулка, якая называлася Бабулька, з яршамі, уюнамі і ракамі. Цякла яна ў Нёман. Цяпер, калі скрозь панакопвалі канаў, асушылі балоты, рачулка знікла. I яшчэ недалёка ад вёскі ёсць месца пад назвай Двор. Там некалі жыў пан. Цёткі добра яго помняць, хоць былі тады малыя. Помняць, як першы раз убачылі ў пана веласіпед. Спецыяльна хадзілі ў двор глядзець, як пан катаецца на гэтым дзіве з двух колаў, якое яны празвалі самаяздачка. А зараз унь якіх машын панараблялі. Да Кудзінавіч некалькі разоў на дзень ходзіць аўтобус. Праўда, зімой, калі намяце снегу, панасыпае гур, ніякая машына ўжо сюды не дапінае. Людзі, акружаныя снягамі, сядзяць тады дома, пры нагрэтых грубках, ды глядзяць тэлевізар праз гэтае «акенца» відаць увесь свет. Гаварылася шмат пра што. I, канешне, пра тое, што трывожыць вяскоўца: як пратрымаць карову, нарабіць сена, што трэба было б зрабіць калгасу, каб маладыя гэтак не ўцякалі ў горад, чаго тут ім не хапае.
У час нашай гаворкі на лаўку падсеў дзядзька гадоў пяцідзесяці пяці. Гэта быў, як мне сказалі цёткі, «стражнік», калгасны вартаўнік. Ён сядзеў моўчкі, слухаў і расказы цётак, і мае роспыты. А потым, падазрона агледзеўшы мяне, пальнуў:
А вам нашто гэта ведаць? Хто вы такі?
Я пачаў як можна прасцей растлумачваць дзядзьку прычыну майго з’яўлення ў Кудзінавічах. Але па яго вачах я бачыў, што маім словам ён не надта дае веры.
Цёткі таксама прыкусілі языкі, пачалі кідаць на мяне цікаўныя позіркі, як быццам толькі цяпер убачылі. Гаворка, як я ні стараўся яе працягваць, ужо не клеілася.
Можа б, лепей правялі мяне, дзядзька, да брыгадзіра? Я зразумеў, што без афіцыёзу тут не абысціся.
А вы і самі знойдзеце, яго хата унь за выганам, адказаў дзядзька тым жа з цвёрдымі ноткамі голасам.
Мне нічога не заставалася, як развітацца. Я ішоў з такім адчуваннем, быццам у чымсьці быў вінаваты.
Брыгадзіра (правільней, выконваючага абавязкі брыгадзіра, бо пастаяпны брыгадзір хварэў) дома не было. Бабка, відаць, яго маці, сказала, што ён паехаў з жонкай у дровы. Прыйшлося яшчэ пагуляць па вёсцы памазоліць людзям вочы.
Калі зноў вярнуўся да брыгадзіравай хаты, у двары убачыў стаялі калёсы з дрывамі, пры аглоблі ляжалі хамут і сядзёлка. Каля ганка тупаў і сам гаспадар. Паздароўкаўшыся, я назваў сябе, дастаў сваё камандзіровачнае пасведчанне. Брыгадзір пажылы, павольны ў рухах чалавек узяў паперку, запрасіў мяне на веранду, пасадзіў на лаве, сам таксама сеў побач са мной і пачаў доўга, шавелячы губамі, чытаць. У час гэтага зацяжнога чытання ўвайшла яго жонка. Яна нахілілася да яго вуха і пачала нешта шаптаць.
Ды не, вось жа дакумант, сказаў уголас брыгадзір, паказваючы ёй маё пасведчанне.
Хто ж яго ведае, сказала цётка у яе быў агрубелы ад вятроў і сонца твар, патрэсканыя прыпухлыя рукі; павярнуўшыся да мяне, яна «датлумачыла»: Гэта ж, кажуць, амерыканцаў з неба спускаюць. Каб нашу савецкую ўласць забраць... Хаця ж бы і вы не былі які шпіён...
Я не памыліўся, яна так і сказала: «шпіён». Мне гэта пачало ўжо надакучаць, і я не ўтрымаўся:
Кіньце вы малоць глупства! Няўжо вы думаеце, што патрэбны нейкаму шпіёну?
Маё вельмі шчырае абурэнне, здаецца, заспакоіла жанчыну. Хаця не зусім, бо яна ўсё яшчэ паглядвала на мяне з падазронасцю відаць, чутка пра мяне ўжо разнеслася па вёсцы. Усё гэта толькі раздражняла, псавала настрой.
Між іншым, з такімі недарэчнымі падазрэннямі я сустракаўся не ўпершыню. Аднойчы, калі я яшчэ працаваў на Беларускім
радыё, мы ўдвух з супрацоўнікам Літаратурнага музея Янкі Купалы літаратарам Іванам Курбекам збіралі ў вёсцы Камуна Любанскага раёна матэрыял для перадачы «Гавораць героі паэмы “Над ракой Арэсай”». Мы хадзілі ад хаты да хаты, запісвалі галасы першых камунараў, па ходзе здымаючы фотаапаратам тое, што здавалася нам цікавым у вёсцы купалаўскіх герояў. I раптам на вуліцы наганяе хлапчук і кажа, што нас просіць старшыня сельсавета. Калі мы зайшлі ў сельсавет, старшыня помніцца, ён быў без нагі, спытаўшы, хто мы такія, запатрабаваў у нас дакументы. Мы дасталі свае пасведчанні з месца работы. Хоць яны былі з фотакарткамі, усімі пячаткамі і подпісамі, старшыня аб’явіў нам, што дакументы не сапраўдныя, і патрабаваў даць другія. Пашпарты нашы былі ў любанскай гасцініцы, і больш нічога даць мы не маглі. Тады старшыня загадаў нам аддаць «рэпарцёр» і фотаапарат, дакументы таксама нам не вяртаў. Дзейнічаў ён вельмі рашуча, упэўнена. У сельсавеце каля стала і ў дзвярах стаяла нямала дужых вясковых хлопцаў, якія з цікавасцю назіралі, як старшыня затрымліваў «шпіёнаў», як званіў у раённую міліцыю, дакладваючы аб затрыманых, у якіх ён «нзьял фотоаппарат н магннтофод». Нас, вядома, давялося потым адпусціць (трэба было бачыць, з якой незадаволенасцю аддаваў нам старшыня нашы «магнітофоды»!), хоць мы і патрацілі на гэты спектакль нямала дарагога нам часу...
Дарогай, па якой ездзіў некалі на вазку ў нясвіжскую дамініканскую школу Уладзіслаў Сыракомля, я спачатку пехатой, потым на аўтобусе дабраўся да Нясвіжа пад вечар.
Гарадок якраз «абзаводзіўся» ценямі. 3 акна нейкай вежы, што маячыла над усімі дахамі дамоў і хат, цаляла ў вочы чырвонае вячэрняе сонца, якое расплылося па шыбе. За Слуцкай брамай нехта раскручваў здаецца, «Запарожцам» белы шлейф пылу, які так і вісеў над усёй паласой дарогі.
Уладкаваўшыся ў гасцініцы, я выйшаў пагуляць па горадзе. Накіраваўся да радзівілаўскага замка, дзе, шапочучы чаротам, залацела возера. Пры вуліцы, агароджаны мураванай сцяной, ішоў у неба велічны фарны касцёл. Ён якраз быў адчынены там нешта рамантавалі. Я ўвайшоў усярэдзіну. Справа, на сцяне,
мне адразу кінуўся ў вочы знаёмы партрэт Уладзіслава Сыракомлі ў вялікай пазалочанай рамцы. Гэта мяне не здзівіла: тут, у Нясвіжы, ён быў дома. Тут, пачынаючы з 1833 года, гэта значыць з дзесяцігадовага ўзросту, жыў спачатку вучыўся, а потым і працаваў у радзівілаўскай канцылярыі будучы паэт, тут ён ведаў кожны камень на бруку, кожнае дрэва ў старажытным парку. Як ніхто лепей, ведаў ён і гісторыю горада пачынаючы ад даўнейшых часоў. 3 яе, з гісторыі Нясвіжа, і пачаў У. Сыракомля, па сутнасці, сваю працу па даследаванні мінуўшчыны Беларусі. Артыкул пра Нясвіж, які напісаў ён на падставе радзівілаўскіх архіваў, быў надрукаваны ў «Старажытнай Польшчы» Балінскага. Гісторыі Нясвіжа, яго быту і культуры, гістарычным помнікам прысвечаны таксама вялікі раздзел у «Вандроўках па маіх былых ваколіцах». Можна смела сказаць, што і па сённяшні дзень гэтыя працы па гісторыі Нясвіжа найбольш поўныя. Без іх наўрад ці абыдзецца і цяпер любы даследчык гісторыі нашых гарадоў і мястэчак. 3 прац Сыракомлі мы даведваемся, напрыклад, пра тое, што Нясвіж некалі адыгрываў вельмі значную ролю як у культурным, гаспадарчым, так і палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Яго называлі нават «другой сталіцай Літвы» пасля Вільні. У сваіх «Вандроўках...» Сыракомля расказвае аб развіцці культуры, аб выдавецкай дзейнасці ў Нясвіжы выдатнага беларускага асветніка эпохі Адраджэння Сымона Буднага, чалавека энцыклапедычных ведаў, які добра валодаў многімі еўрапейскімі мовамі, у тым ліку чэшскай, італьянскай, грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, стараяўрэйскай, але які тым не менш пісаў і друкаваў свае творы на роднай яму беларускай мове. «Глупствам з’яўляецца, гаварыў ён, пагарджаць мовай адной краіны і ўзносіць да неба мову другой». На беларускай мове Сымон Будны напісаў і выдаў у 1562 годзе ў Нясвіжскай друкарні адзін з найбольш значных сваіх твораў «Катэхізіс», прызначаны для «паспалітага люду», а таксама іншыя кнігі.