Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Я папрасіў яго растлумачыць больш падрабязна пра гэтую новую сістэму асушкі балот.
Вы філолаг? папытаў ён. Тады, канешне, вам не ўсё панятна, і ўзяў аловак. Я слухаў Аркадзя, і мне было сорамна, што не ведаю такіх простых рэчаў.
Потым мы глядзелі, як рабочыя ўстанаўлівалі арматуру. Хлапец гадоў сямнаццаці. прымерваючыся вокам з адлегласці, паказваў ім далоняй, наколькі патрэбна гэтую арматуру пасунуць. Рабіў ён гэта яшчэ няўпэўнена, увесь час азіраўся на галоўнага інжынера.
Гэта наш новы майстар участка, тлумачыў мне Аркадзь. Толькі што скончыў Мазырскі тэхнікум. Міша добры хлопец, стараецца, з яго будзе толк...
Знізу, з будучага шлюза, поўз сюды, пад нашы ногі, тоўсты шланг, падобны на пажарную кішку. Дзядзька з папяросай у зубах час ад часу браў яго рукамі і накіроўваў праз насыпаны грудок зямлі, на якім мы стаялі, у бок рачной плыні выпускаў ваду.
Значыць. рака ўжо ўзята ў кішку? пажартаваў я, падышоўшы да дзядзькі.
Выходзіць, так, адказаў ён з усмешкай. Яно не зліваць, дык затопіць усю пляцоўку. Так што некаму трэба і гэтую работу рабіць. Паставілі мяне. Вось і стаю, гляджу сваё дзела. Адным словам, загадчык кішкі!
Тут жа, за два крокі ад шлюза, былі Яскавічы. Пайду пахаджу па вёсцы, а потым, к вечару, вярнуся сюды, каб зноў разам з меліяратарамі паехаць у Доўгае, дзе ў мяне забяспечаны начлег.
Сяло аказалася вялікае, з шырокай вуліцай. Дамы даволі прыстойныя, з верандамі і шырокімі вокнамі. Над шыфернымі дахамі тэлевізійныя антэны. Так, сённяшнія Яскавічы нічым не напамінаюць тую вёску, якую больш чым стагоддзе назад бачыў Уладзіслаў Сыракомля. Многа вады ўцякло з таго моманту. Шмат пабачылі за гэты час Яскавічы. Але, мусіць, ніколі столькі не перацярпелі, як у мінулую вайну. Сяло было начыста спалена фашыстамі, спалена, як яны гэта ўсюды рабілі, разам з людзьмі дзецьмі, жанчынамі, старымі. Ад вялікага сяла не засталося ні кала ні двара. Цяпер яно адрадзілася: панаехалі людзі, разбудаваліся. Сёння тут каля 180 двароў. У Яскавічах васьмігадовая школа, аддзяленне сувязі, сельмаг, камбінат бытавога абслугоўвання. Сяло з’яўляецца цэнтрам сельсавета і саўгаса. Пра ўсё гэта я даведаўся ад людзей, з якімі сустракаўся проста на вуліцы. Дарэчы, я думаў спачатку завітаць да Ганны Парфёнаўны Андруховіч, якая, паводле слоў Дзмітрыя Іванавіча Хаміцэвіча, жыла ў Яскавічах. Але потым раздумаў: напомніўшы пра спаленых дзяцей, я, ведама ж, зноў растрывожыў бы самыя балючыя яе раны. А так яна, напэўна б, шмат чаго дабавіла да той трагічнай гісторыі маленькай беларускай вёсачкі Хадыка.
Пад канец я затрымаўся каля магазіна тут было людна. Сабраўшыся ў кружкі, гаманілі пра тое, што набяжыць, мужчыны, пакурваючы папулярны тут «Север». Я падышоў да аднаго такога кружка на мяне асабліва ніхто не звяртаў увагі, бо тут быў, акрамя ўсяго, аўтобусны прыпынак і многія чакалі аўтобуса. Мне вельмі цікава было паслухаць людскую гаворку. Якая чыстая, каларытная беларуская мова, колькі нечаканых, вядомых, але ўжо, здавалася, забытых слоў! 1 як хораша, натуральна льецца яна з вуснаў гэтых простых дзядзькоў і цётак, занятых сваімі адвечнымі гаспадарскімі клопатамі!
Я загаварыў да камлкжаватага нябрытага дзядзькі, што стаяў збоку. У руках ён трымаў сетку з буханкамі хлеба, між якімі былі заціснуты абаранкі, размоклы кулёчак камсы (за пяць капеек сто галоў, такую загадку загадаў пра яе адзін з дзядзькоў) і бутэлька «чарніла». Мне хацелася даведацца, ці няма тут паблізу
ўрочышча або вёскі пад назвай Чортаў Брод я забыўся пра гэта папытаць у тых, з кім гутарыў раней. Пра Чортаў Брод расказваецца ў адным з твораў Сыракомлі. Гэта глухое палескае ўрочышча сярод непраходных балот. Магчыма, я знайду яшчэ адзін факт, які будзе гаварыць аб тым, наколькі блізкі паэт быў у сваёй творчасці да жыцця, да беларускага фальклору. Дзядзька сказаў мне, што ён ведае вёску Жоўты Брод, а вось Чортавага не сустракаў. Можа, хто іншы раскажа. Сам дзядзька не яскавіцкі, жыве ён за некалькі кіламетраў адсюль у Савецкай Морачы. Ну, што ж, для мяне і гэта было цікава усё-такі Брады каля Яскавіч ёсць. Дарэчы, а чаму Савецкая Морач? Дзядзька расказаў мне, што раней тут якраз на Марачанцы (так ён назваў раку Морач) праходзіла савецка-польская граніца. На польскім баку была вёска Морач. У 1924 годзе адтуль у Савецкую Беларусь уцякалі ўсе, хто толькі мог, людзі не жадалі больш рабіць на паноў. Перабежчыкі з Морачы пабудавалі на савецкім баку новую вёску, якую і назвалі Савецкая Морач. Да той жа, першай Морачы, дабавіўся эпітэт Заходняя.
Вечарам я зноў быў у Доўгім. Мая палеская праграма была, як пішуць газетчыкі, вычарпана. Пераначую і гайда далей. Вячэраў у сталоўцы БМУ. На раздачы стаяла бялявая ружовашчокая дзяўчына з кропелькамі рабаціння, працавала яна весела, з усмешкай. Я бачыў яе тут, на гэтым жа месцы, і ўчора вечарам, і сёння як снедаў.
Што вам? глядзела яна на чарговага кліента з падносам, трымаючы напагатове талерку. А праз секунду глядзела ўжо на другога:
Што вам?
Колькі разоў за дзень паўтарала яна гэтае «Што вам?», стоячы ў густой духаце кухні, дзе на шматлікіх плітках і плітах увесь час нешта варыцца, смажыцца, пячэцца, скварыцца! Можна толькі здзіўляцца, як яна яшчэ захавала пры гэтым «прысутнасць духу», не набыла той раздражнёнасці, праз якую так часта хапаемся мы, гарадскія, за кнігу скаргаў. Такую ж ветлівасць мы, чэрствыя кліенты, як бы і не заўважаем. Праўда, гатавалі тут, як кажуць, не вельмі (відаць, на гэта былі свае прычыны).
Узяць вось гэтую «салату»: буйна пакрышылі капусту, лінулі на яе алею і гатова. На добры толк, яе трэба было б хоць перацерці. Але цыбатыя, хударлявыя хлопцы асноўныя наведвальнікі сталоўкі, заказваючы гэтую «жывую» капусту, ласкава называлі яе «салацік», а потым, за сталамі, у адзін момант пераціралі яе ўласнымі зубамі. Гледзячы на іх, я таксама са смакам з’еў сваю порцыю «салаты па-доўгаўску».
У 10 гадзін вечара ў клубе БМУ афіша абяцала канцэрт артыстаў Белдзяржфілармоніі, сярод іх я прачытаў імёны Ніжнікавай, Бражніка. На вуліцы. перад уваходам у клуб, тоўпіліся рабочыя БМУ і калгаснікі мясцовага калгаса. Я ўжо навучыўся іх адрозніваць. Зрэшты, і «вучыцца» тут не было чаго: раз малады значыць, рабочы, пажылы калгаснік. Аркадзь Карніенка казаў мне, што сярэдні ўзрост рабочых БМУ 18-25 гадоў, трыццацігадовага называюць ужо старым. Старшыня ж калгаса Іван Трафімавіч, у сваю чаргу, скардзіўся, што ў калгасе асталіся адны старыя, уся моладзь перабегла ў БМУ. Яго, Івана Трафімавіча, я якраз і ўбачыў тут, сярод людзей. Падышоўшы, я пацікавіўся, хто аплачвае канцэрт. Іван Трафімавіч адказаў, што аплачвае калгас сумесна з БМУ па 150 рублёў: хай глядзяць і тыя, і другія.
Мне прыгадаліся шматлікія артыкулы, якія вырашалі праблему «моладзь і вёска». Апошні, які я чытаў, быў артыкул М. Дзелянкоўскага ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 5 чэрвеня. Асноўнай прычынай міграцыі сельскай моладзі ў горад аўтар лічыць неўладкаванасць быту ў вёсцы. На зусім сур’ёзнай ноце М. Дзелянкоўскі піша: «А ўзяць бытавое абслугоўванне. I зноў не ў спрошчаным выглядзе: у вёсцы, маўляў, ёсць быткамбінат, пошта, магазін. Так, ёсць. Але куды ім да гарадскіх! He купіш жа ў сельскім магазіне ні торта, ні марожанага, ні іншых прысмакаў. А абаранкі, булкі, белы хлеб...» I далей: «Спажывецкі падыход? Магчыма. Але і яго ўлічваць трэба. Булка свежая ці марожанае, скажам, дробязь. Ну, а тэатр, спартыўныя спаборніцтвы на высокім узроўні ці іншыя масавыя відовішчы, музеі, выстаўкі і г. д. А дзе ў вёсцы пастрыгчыся, зрабіць модную прычоску?..» Усе гэтыя вельмі наіўныя довады лёгка разбіваюцца аб факт
Доўгага: людзі жывуць абсалютна ў адных і тых жа ўмовах у адной і той жа вёсцы, наведваюць адзін і той жа клуб, адны і тыя ж магазіны, пошту, сталоўку і г. д., а вось працаваць у калгасе не хочуць, стараюцца ўладкавацца ў БМУ. Значыць, моладзь ідзе не з вёскі ў горад, а з калгаса на прадпрыемства вось у чым соль. Але чаму? Можа, таму, што на прадпрыемстве ў адрозненне ад калгаса нарміраваны рабочы дзень («ад і да»), цвёрдая зарплата? He хачу быць тут катэгарычным магчыма, і гэта мае значэнне. Але асноўная прычына, чаму моладзь пакідае зямлю, мне здаецца, усё ж не ў гэтым. Нядаўна я прачытаў выдатныя нарысы Глеба Успенскага пра сялянскую працу. У адным з іх пісьменнік прызнаецца, што доўга не мог зразумець, што прымушае селяніна, у дадзеным выпадку Івана Ермалаевіча, усе без астатку сілы аддаваць сваёй цяжкай працы, біцца ўсё жыццё, не бачачы свету, дзеля аднаго кавалка хлеба, не мог даўмецца, дзе «тайна бясплённасці і бясконцасці працы, з якіх сатканы дні, гадзіны і гады існавання Івана Ермалаевіча і многіх на яго падобных». Гэтую тайну ён разгадаў дзякуючы глыбокаму вывучэнню душы хлебароба, яго псіхалогіі. Ёю. гэтаю тайнаю, была, як даказаў пісьменнік, паэзія земляробчай працы: «Аказалася, што земляробчая праца, якая забірае ў Івана Ермалаевіча ўсё жыццё, хоць і мае бачны вынік толькі ў тым, што Іван Ермалаевіч «не галодны» з усім сваім сямействам і скацінай, але ў той жа час у гэтай працы усе яго найістотнейшыя інтарэсы. Іван Ермалаевіч «б’ецца» не толькі таму, што яму трэба пад’есці, плаціць падаткі, але і таму яшчэ, што земляробчая праца з усімі яе разгалінаваннямі, нечаканасцямі паглынае і яго душу, сканцэнтроўвае ў сабе амаль усю яго разумовую і нават маральную дзейнасць, як бы задавальняе маральна. Hi ў якой іншай сферы, акрамя сферы земляробчай працы, зноў-такі ў безлічы яе разгалінаванняў і складанасцяў, думка яго не такая вольная, не такая смелая, не такая напружаная, як акурат тут, дзе саха, барана, авечкі, куры, качкі, каровы і г. д.». Тут, у сваёй працы, піша Г. Успенскі, селянін мастак, паэт, творца. Адсюль такая «ўлада зямлі», яе «цяга», якая прымушае селяніна ад цямна да цямна «круціцца» на полі. прачынацца сярод ночы, цэлымі
днямі думаць аб нейкай качцы ці «зялёненькай травінцы» жыта. Прычым, падкрэслівае пісьменнік, гэтую цягу і ўладу зямлі, якія пабочнаму воку здаюцца нязмерна цяжкімі, «народ нясе лёгка, як пустую сумачку». Паэзія земляробчай працы, якую «адкрыў» Глеб Успенскі, была магчыма ў апісаным ім выглядзе, ведама, толькі пры адсталай, патрыярхальнай, аднаасобніцкай сістэме гаспадаркі. Яна, гэтая паэзія, як паказаў выдатны нарысіст-псіхолаг, была ў яго час велізарнай сілай, на якой, па сутнасці, трымалася ўся тагачасная сельская гаспадарка, была тым адзіным рухавіком, пры дапамозе якога яна развівалася. Сёння, з увядзеннем новых прагрэсіўных форм гаспадарання на сяле, з ростам спецыялізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, сама сабой знікае як гэта ні шкада і тая паэзія земляробчай працы, пра якую так хораша расказаў Глеб Успенскі. Ці не таму і не прыжываецца сённяшняя моладзь на зямлі, на якой нараджаецца, пазбаўляючыся яе «ўлады»? Ці не таму і расце, большыцца, як снежны ком, гэты паток моладзі — з вёскі ў горад? Чым яго можна прыпыніць? Тортам і свежымі булкамі, як раіць М. Дзелянкоўскі? Выбачайце. Што-што, а падобныя бытавыя «даброты» мала цікавяць маладога чалавека. Яго больш задавальняе рамантыка вядома, не ўяўная, а сапраўдная, кліча справа, у якой ён можа найбольшым чынам праявіць сябе, дзе ён можа быць самім сабой, адным словам, вабіць паэзія ведама, у шырокім сэнсе гэтага слова. Відаць, усё гэта больш знаходзіць цяпер моладзь у горадзе на прадпрыемстве, у навукова-даследчым інстытуце, у той ці іншай установе. Я не ведаю, што трэба зрабіць, каб усё гэта было і ў вёсцы, у калгасе. Ведаю адно: рабіць нешта трэба. Бо сёння таксама я думаю, з гэтым згодзіцца кожны зямлі патрэбны, побач з нашай новай выдатнейшай сучаснай тэхнікай, паэты людзі, якія любяць гэтую зямлю, якія не ўяўляюць без яе жыцця, якія адчуваюць сябе тут дома: