Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Мне знайшоўся ложак у нумары. У пакоі утульна, халадок. Стол засцелены чыстым беласнежным абрусам. На ім графін з вадой, шклянка. У калідоры нехта пранёс транзістар. Я ўлавіў голас дыктара: «У наступныя два дні тэмпература паветра будзе 24-27 градусаў цяпла, вецер умераны. На поўдні Беларусі кароткатэрміновыя дажджы, часамі з навальніцамі...» Значыць, еду заўтра пад дождж...
Раніца была ясная, рэдзенькі туманок (ці мо дым?) слаўся, ужо асвечаны сонцам, па сіўцовых паплавах і канавах. 3 травы дарожнай абочыны перад самым носам аўтобуса узляталі павольныя вароны і чародкі шэрых маладых шпачкоў. Перада мной разгортвалася старонка за старонкай найцікавейшая жывая кніга, назва якой «Палессе». Толькі чытай. Праўда, з акна аўтобуса яе не прачытаеш. Гэта толькі перагортванне, разглядванне малюнкаў. Каб чытаць яе, трэба пачуць пад нагамі трывалую цвердзь дарогі, халадок травы...
Аўтобус прыпыніўся ў саўгасе «10 год БССР» тым славутым саўгасе, пра які пісаў у паэме «Над ракой Арэсай» Янка Купала. Шафёр пабег у сталоўку значыць, аўтобус пастаіць. Я выйшаў на вуліцу размяцца. Абапёрся рукамі на штыкетнік.
Па двары тупаў пажылога веку дзядзька. Каля хлява ляжалі куча граверу, знятыя з крукоў дзверы, у праёме відаць былі сталюга з дзвюх дошак, стружкі. Дзядзька неўзабаве падышоў да мяне, таксама палажыў на штыкетнік локці. Разгаварыліся. Дзядзька робіць прыбудоўку да хаты, склеп. Але не стае лесу, цэменту... Мы не дагаварылі: да кабіны падышоў шафёр, адчыніў дзверцы. Я хацеў развітацца з дзядзькам, але ён таксама, накульгваючы на адну нагу, накіраваўся са мной да аўтобуса.
Дык вы таксама едзеце? I куды?
У Абоз.
Раз так, то давайце, дзядзька, сядзем разам і я ж у Абоз. Мусіць, ужо мне трэба, падумаў я, дапытвацца пра тое, дзеля чаго еду. Гэта ж тут недзе пачынаюцца тыя лясы. Буду распытваць усіх, з кім толькі давядзецца загаварыць. Пачну якраз з гэтага дзядзькі. Хай, можа, ён не ведае пра нейкае там урочышча з назвай Хадыка, дык хоць параіць, дзе яго шукаць. Але дзядзька нечакана адказаў:
Хадыка? Ведаю была такая вёска...
-	Як? Вёска? I была?
-	Яе спалілі немцы.
-	Як спалілі? усё яшчэ не разумею я.
Як... He ведаеш, як палілі немцы вёскі? Прыйшлі, сагналі ўсіх у адну хату і спалілі. I людзей, і вёску.
-	1 вёска называлася Хадыка?
-	Хадыка.
Вось як, аказваецца, павярнулася з прыгожай, з сівых вякоў легендай. Трагедыя асочніка Хадыкі адступіла раптам недзе на задні план перад навейшай, непамерна большай трагедыяй вёскі Хадыка, трагедыяй, так знаёмай кожнаму беларусу.
Скажыце, а як туды ехаць?
Гэта у Даманавіцкім сельсавеце... Лепш за ўсё вам вярнуцца назад, у «10 год БССР». Адтуль на Даманавічы ідзе аўтобус.
Аўтобус скакаў цяпер па тоўстых каранях, што перапляталі дарогу. Аб вокны шаргацелі калючыя сасновыя галіны, білі шышкамі. Усё ж у мяне было жаданне вылезці і пайсці назад,
у «10 год БССР», каб хутчэй трапіць на месца тых дзвюх трагедый. Але чаму назад? У Сыракомлі ж ясна сказана: Хадыка у Дзякавіцкіх лясах.
Дзядзька, дык вёска была не ў Дзякавіцкіх лясах?
He, у Даманавіцкіх.
Можа, гэта зусім не тое месца, якое я шукаю.
Тым больш што Хадыка, як сведчыць легенда, толькі невялікая палянка ў лесе. Значыць, каб высветліць гэта, трэба ўсё ж з’ездзіць у Дзякавічы.
А з Дзякавіч я дабяруся да Даманавіч?
He ведаю, аўтобусы там не ходзяць. Гэта другая вобласць...
Усё ж я вырашыў канчаткова паеду спачатку ў Дзякавічы. А там відаць будзе. Спяшацца тут няма чаго, час пакуль што ў мяне ёсць.
Мінулі лясную вёску Забярэзнік, і вось нарэшце канцавы пункт Абоз, таксама сярод лесу.
Вёска Абоз разам з назвай узнікла нядаўна, пры савецкай уладзе. Недалёка адсюль быў леспрамгас у вёсцы Пасталы. На месцы ж цяперашняй вёскі Абоз раней была стаянка коней, якімі тралявалі да Пасталоў лес, інакш кажучы тут быў абоз. Ён і даў назву вёсцы, якая ўзнікла на гэтым месцы. Перад тым жа на лясной палянцы быў хутар, у ім жыў нейкі Жыцька, якому (гэта было яшчэ да рэвалюцыі) пан за добрую службу даў тры гектары зямлі з лесам: карчуй і жыві сабе. Жыцька абжыўся тут. Але ў час калектывізацыі яго раскулачылі, выслалі...
Пра ўсё гэта мне расказаў той жа дзядзька, з якім я ехаў і які разам са мною сышоў у Абозе. Дабіраўся ён да свайго брата, лесніка, які жыве ў вёсцы Буда два кіламетры ад Абоза (ці не расстарацца лесу?). Каб трапіць у Дзякавічы, мне таксама трэба было ісці да Буды адтуль могуць быць машыны. Ды, кажуць, і аўтобус раз у суткі ідзе на Жыткавічы. Нам ізноў было па дарозе. Але перш чым ісці ў Буду, я з дзядзькам зайшоў у кантору леспрамгаса можа, туды, у Жыткавічы, ідзе якая машына. Але ў канторы толькі сядзела за лічыльнікамі жанчына. Hi на-
чальства, ні машын цяпер тут не было усе ў лесе. Можа, гэта і лепей пойдзем да Буды пеша.
Ішлі вузенькай, але добра ўбітай лясной сцежкай. Паабапал віліся, у тым жа кірунку, другія сцежкі каровіныя. На купінах ля самых ног сінелі на зялёных галіначках ягадніку спелыя чарніцы толькі нагінайся ды кладзі ў рот. I я з асалодай смакаваў халаднаватыя ягады. Дзядзька ж на іх і не глядзеў тут гэта, відаць, не навіна.
Што ў вас з нагой, дзядзька?
Я папытаў і з няўпэўненасцю паглядзеў на яго, можа, пытанне нетактоўнае? Але дзядзька, памаўчаўшы, адказаў як бы з неахвотай:
Параніла.
Мусіць, бачачы, што я не задаволіўся адказам, дадаў:
Гэта яшчэ ў дзевятнаццатым годзе. Я служыў тады ў Чэка, у Ленінградзе.
Я папрасіў дзядзьку расказаць, пры якіх усё ж абставінах яго параніла.
Пры звычайных, сказаў дзядзька.
...Іх, дзесяць маладых байцоў-чэкістаў, паслалі ў вёску там засела група белых афіцэраў. Прыехалі туды ўночы. Афіцэры адбіваліся гранатамі вінтовак у іх не было. Падаспела якраз на машыне другая група чэкістаў падмога. У гэтым баі яго і параніла. Афіцэраў тады палавілі і, дапытаўшы, парасстрэльвалі. Дзядзька расказаў яшчэ, як тады было цяжка. Галадалі хлеба не было. Пяклі хлеб з аўса: як ясі ажно колюцца асцюкі. Да таго ж быў ён цвёрды і гарэніў... Калі ён прыслаў такога хлеба дадому і там кінулі яго сабаку, то і сабака не ўзяў: панюхаў, панюхаў і адышоў.
За лесам адразу расло жыта, трохі далей відаць былі стрэхі хат. У вочы кінулася воданапорная вежа з буслянкай наверсе. На ёй стаяў бусел ці, відаць, бусліха, парадкуючы нешта сваёй доўгай дзюбай у гняздзе.
У вёсцы ніякага руху, толькі куры грабуцца ў пяску каля платоў. Усе, вядома, на працы, на сене. Адны дзеці відаць дзе-
нідзе ў акне замкнёнай хаты. Але вунь і дарослы чалавек на лавачцы. Падыходзім да яго з дзядзькам.
Скажыце, калі ласка, як заехаць у Дзякавічы?
А я таксама туды, адказаў малады чалавек. Каля яго стаяла чорная напакаваная сумка з замком маланка. I таксама не ведаю, як заехаць. Аўтобус на Жыткавічы будзе толькі вечарам. I ідзе ён не праз Дзякавічы, а бокам. Так што трэба чакаць якой машыны.
Ну, што ж, пачакаем, удвух весялей, сказаў я і, падзякаваўшы дзядзьку за тое, што правёў мяне ў Буду, прысеў на лаўку. Малады чалавек быў таксама з Мінска, з Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі. Едзе ў камандзіроўку ў Дзякавічы. Там яго павінны чакаць таварышы яны ў Дзякавічах ужо даўно. Даследуюць мясцовасць, вымяраюць паверхню перад асушкай балот.
Чакаць, на наша прыемнае здзіўленне, давялося няшмат. На вуліцы паказалася машына, крытая. Галаснулі. Машына спынілася, і шафёр сказаў, што едзе ў Дзякавічы. Лепей і не прыдумаеш!
Хвілін сорак гоцання па каранях дрэў і дарожных выбоінах і мы ў Дзякавічах. Вёска вялікая мы даволі доўга яшчэ ехалі вуліцай. Праз акенца відаць былі хаты, правільней сцены хат. На кожнай сцяне пасярэдзіне прыбіты дошчачкі. На адной сцяне дошчачка з надпісам (мусіць, вугалем) «вядро», на другой «лапата», на трэцяй «багор». Перад вачыма так і мільгацелі: «вядро» «лапата» «багор» «вядро» «лапата» «багор»...
Машына гэта была «тэхпомач» высадзіла нас у цэнтры сяла. Тут, на прасторным двары-стадыёне, двухпавярховы драўляны будынак Дома культуры, у якім таксама праўленне калгаса «Кастрычнік», Дзякавіцкая сельская бібліятэка. Побач з Домам культуры невялікі дамок: «Выканаўчы камітэт Дзякавіцкага сельскага Савета Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці». За вуліцай, насупроць, магазін.
Мой спадарожнік пайшоў шукаць сваіх, я ж накіраваўся ў праўленне калгаса. У канторы за сталамі дзве зусім маладзенькія дзяўчыны і пажылая жанчына. На пытанне, як мне пабачыць старшыню калгаса, адказалі амаль хорам:
Паехаў у Рог.
-	Рог?
Гэта так называюць урочышча, нашы сенакосы.
А сакратар партарганізацыі?
-	1 ён там.
-	Ну а камсорг?
Усе сёння ў Розе. Ужо тыдзень, як туды паехалі касцы. Сёння павінны кончыць касіць. Прыедуць вечарам, а можа, уночы.
Я цераз двор накіраваўся ў сельсавет: трэба ж забяспечыць сабе начлег. Тузануў дзверы з шыльдачкай «Старшыня» зачынены.
Старшыня сельсавета тут, паказала жанчына на дзверы, з якіх выйшла.
Папрасіўшы дазволу, увайшоў у пакой. Там за сталом сядзела толькі маладзенькая дзяўчына. Пажартавалі з мяне, ці што?
Я хачу ўбачыць старшыню сельсавета...
Я старшыня, адказала нечакана дзяўчына.
Пазнаёміліся. Зваць яе Лідзія Ігнатаўна Чаркас. Неўзабаве ў пакой зноў зайшла такая ж маладая дзяўчына (ці мо я ўжо так пастарэў, што ўсе здаюцца маладымі?). Гэта была новы завуч школы толькі што скончыла Мазырскі педінстытут.
Значыць, тут дзяўчаты ўзялі ўсю ўладу ў свае рукі? пажартаваў я.
Выходзіць, так, смяецца Ліда Чаркас. Тут нас многа.
Пасядзеўшы ў сельсавеце, выйшаў на вуліцу: усё роўна з начлегам цяпер нічога не атрымаецца усе на сене. «Падыдзіце вечарам нешта знойдзем», сказала старшыня сельсавета.
На адным двары я ўбачыў старую жанчыну і дзядка з рэдзенькай белай бародкай. Падышоўшы, папытаў у іх, ці ведаюць яны такое ўрочышча Хадыка. Дзядок пачухаў галаву.
А я недзе чула, сказала жанчына. Па-мойму, гэта сяло... Туды за Пісаравічы... Я пытаў пра Хадыку і ў іншых людзей. Усе ў адзін голас адказалі мне, што паблізу Дзякавіч урочышча пад назвай Хадыка няма.
Значыць, вёска Хадыка, якую спалілі немцы, якраз і ёсць тое месца, пра якое пісаў Сыракомля, і затрымлівацца тут няма сэнсу.
Пераначую і — на Даманавічы. Толькі як мне туды дабрацца? Аўтобусы ж у той бок не ходзяць. Надзея толькі на старшыню калгаса калі не сёння, то заўтра раніцай ён, як мяне запэўнілі, павінен вярнуцца з Рога.