Зорка філаматаў нарысы, эсэ Кастусь Цвірка

Зорка філаматаў

нарысы, эсэ
Кастусь Цвірка
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 548с.
Мінск 2017
141.87 МБ
Тых двух, што вось тут па дубку пасадзілі, Ажно на паўвека былі разлучылі.
Ды іх філарэцкая дружба за час той He згасла ў дарозе жыцця пакручастай. Калі іх звёў Бог зноў на гэтым жа свеце, Ім бліснула праўда, як перлінка ў леце: Уцехі зямныя то сон, што ўцякае, У сэрцы любоў толькі не памірае. Пра гэта пасвендчыць і гэты во камень. Як будзем абодва пад каменем самі.‘
Гадзін у дванаццаць Аляксандр Пятровіч пачаў развітвацца са мною: яму трэба было яшчэ паспець у школу на ўрокі, гадзінам к дзвюм. Паколькі электрычкі ў гэты час не было, ён намерыўся ісці ў Баранавічы пеша.
Тут недалёка. Ды і хадзіць я люблю, заспакоіў мяне Аляксандр Пятровіч, паціскаючы на развітанне руку.
Астаўшыся адзін, я ізноў пайшоў блукаць па парку. У правым яго кутку я натрапіў яшчэ на адну важную памятку, што засталася ад былых уладароў маёнтка, вялікі мураваны склеп, задзірванелы зверху. Праз адкрыты дзвярны прахон я ўвайшоў усярэдзіну. Шырокі, прасторны, ён разыходзіўся ўнізе ў два бакі, а дзе канчаўся, у цемнаце нельга было разабраць. Я хацеў агледзець склеп дэталёва, але адтуль так моцна патыхнула дустам, што я адразу павярнуў назад. Белая атрута была парассыпана па ўсім склепе. Ясна тут быў яе склад. Потым да мяне дайшло, што гэта ж не што іншае, як той самы фамільны склеп гаспадароў маёнтка, дзе стаялі іх труны, якраз ім прыходзіў пакланіцца ў свой прыезд Ігнат Дамэйка. Я не мог уявіць, як іх выкідалі адсюль, як з магілы рабілі склад. Кажуць, парассыпаны па склепе
дуст ужо ніяк нельга ні вымесці адтуль, ні выпаліць агнём. Так што той, хто не ведае, што такое дуст, хто ніколі не бачыў яго і не нюхаў, хай едзе ў Крашын, у былы панскі парк, а цяпер «Парк культуры і адпачынку працоўных»: там уволю можа ён надыхацца «славутай» атрутай стагоддзя.
Крашын... Гэтая назва навекі звязана з імем загубленага нацыянальнага генія Беларусі. Таму ці ж можам мы быць абыякавымі да ўсяго, што там робіцца, да захавання жывых памятак старажытнага мястэчка, да самога аблічча радзімы Паўлюка Багрыма?
Зноў і зноў перачытваю адзіны, цудам уцалелы твор паэта, дзе, нібы сонца ў кроплі вады, адбілася цэлая эпоха ў жыцці беларускага народа, эпоха, імя якой прыгон. Народная трагедыя паказана праз долю аднаго сялянскага хлопца, якога прыгонніцкая сістэма прывяла да поўнай безвыходнасці:
Зайграй, зайграй, хлопча малы, I ў скрыпачкі і ў цымбалы, А я зайграю у дуду, Бо ў Крашыне жыць не буду.
Бо ў Крашыне пан сярдзіты, Бацька кіямі забіты, Маці тужыць, сястра плача, Гдзе ж ты пойдзеш, небарача?
Гдзе я пайду? Мілы Божа! I Іайду ў свет, у бездарожжа, У ваўкалака абярнуся, 3 шчасцем на вас азірнуся.
Будзь здарова, маці міла! Каб ты мяне не радзіла, Каб ты мяне не карміла, Шчасліўшая ты бы была!..
Да якой жа мяжы адчаю мог быць даведзены чалавек, калі ён шкадуе нават, што нарадзіўся на свет, што нарадзіўся чалавекам, а не каршуном, калі адзіны ратунак бачыць ён у тым, каб абяр-
нуцца ў ваўкалака, калі ён баіцца расці, а за тое, што ўсё ж вырас, ён дакарае кажана чаму той не сеў некалі на яго:
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс?..
Гэта не проста верш. Гэта крык беларускай душы, што даляцеў да нас з далёкага стагоддзя. Кажуць, геніяльнае заўсёды простае. Тут якраз той самы выпадак. I вельмі натуральная ў вершы, амаль у кожным радку сувязь з фальклорам, з народнымі вераваннямі і ўяўленнямі. Інакш і не магло быць: аўтар жа сам з народа, ён з яго ніколі не «выходзіў», ён неад’емная яго частачка, з ім паэт дзяліў агульную долю. Долю нявольніка на сваёй зямлі, нявольніка, які ўжо ўсвядоміў сябе чалавекам і які не хоча мірыцца з адведзенай яму ў жыцці роляй. Адсюль абвостраная трагедыйнасць твора.
Пра трагічную долю Паўлюка Багрыма напісана нямала мастацкіх твораў, асабліва паэтычных. Але, мусіць, найбольш ярка выказаў нашу жальбу па загубленым беларускім Шаўчэнку Уладзімір Караткевіч у вершы «Паўлюк Багрым». Паэт-каваль убачыўся яму на схіле жыцця, пасля гвалтоўнай 25-гадовай недарэчнай салдатчыны:
Праз акенца сляпое
Шэры дожджык глядзіцца ў хату, У якой дагарае, Бы ў небе асеннім зара, Непатрэбная старасць Адстаўнога паўстанца-салдата, Невядомага генія, Беларускага песняра...
Мог бы славай грымець Сярод годных паэтаў Еўропы, Гвалтам спуталі ногі, Трымалі ўвесь час за руку. Што пакіне ён?
Вершык у памяці хлопаў?
Кандэлябру ў касцёле Ды кроў на гарачым пяску...
У трагедыі Паўлюка Багрыма Уладзімір Караткевіч убачыў трагедыю ўсяго народа, трагедыю Беларусі, з якой здзекуецца «п’яны, разбэшчаны гун», якую гнятуць прыхадні, што «тлустым задам расселіся на паднявольнай зямлі».
Беларусь мая, сонца, Дарагая і родная маці! На якіх раздарожжах Згубіла ты шчасце сваё? Ці удасца хоць дзецям Шчаслівага дня дачакаці Пасля мужнасці гэткай, Пасля столькіх крывавых баёў?..
Але гэта не крык адчаю. Гэта высокі парыў збалелай душы. Кажучы купалаўскімі словамі, «гэта крык, гэта енк, што жыве Беларусь». Якраз так, думаецца, трэба ацэньваць і верш Паўлюка Багрыма.
1991. 2017

ДАРОГА Ў CTO ГАДОЎ
Ля вытокаў
Грукочуць, татахкаюць па рэйках колы цягніка. Проста на яго з ранішняга паўзмроку нібы хтосьці адзін за адным кідае але ўсё міма, міма! чорныя. мокрыя яшчэ ад расы, тэлеграфныя слупы. Белая грамадка маладых бяроз, што, застылая, драмала ўперадзе, сярод поля, параўняўшыся з цягніком, схамянулася раптам, закружылася ў вясёлым карагодзе. Рытм імклівай язды адразу завалодаў мною. Усе клопаты, усе мае штодзённыя непаладкі цяпер ззаду. Яны ўжо мяне не дагоняць! Цэлы месяц як здорава! буду я ў дарозе. Гэта маё першае вялікае падарожжа. Мяне, аспіранта Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР, уключылі ў склад этнаграфічнай экспедыцыі 1970 года. Маршрут індывідуальны. Я павінен прайсці тымі сцежкамі, якімі болей чым сто гадоў назад хадзіў Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч). Чаму якраз Сыракомля? Таму, па-першае, што ён наш зямляк, што ён апяваў у сваёй паэзіі Беларусь, яе разлогі і пушчы, расказваў пра долю беларускага мужыка. Таму, што ў жыцці і творчасці гэтага выдатнага паэта XIX стагоддзя, якога высока цаніў Максім Горкі і на творы якога пісаў музыку Чайкоўскі, шмат яшчэ няяснага, не высветленага. Таму, урэшце, што яго творчасць, яго праца як краязнаўцы і этнографа Беларусі тэма майго даследавання.
Пра Уладзіслава Сыракомлю беларускі чытач, трэба сказаць, ведаў няшмат. Чатыры гады назад у нас выйшаў толькі тоненькі томік яго выбраных твораў, польскіх, у перакладзе на беларускую мову, і беларускіх, якія захаваліся. А напісана ж ім вельмі
многа. Яшчэ ў 1872 годзе, у дзясятую гадавіну смерці паэта, у Варшаве было выдадзена дзесяць тамоў адной толькі яго паэзіі. Акрамя таго, у Сыракомлі ёсць нямала празаічных твораў, навуковых прац, артыкулаў. I асноўнае месца ў гэтай багатай спадчыне займаюць творы, заснаваныя на беларускім матэрыяле... Цягнік бяжыць на поўдзень ад Мінска. Недзе там, як сведчаць дакументы, у былым Бабруйскім павеце месца нараджэння Уладзіслава Сыракомлі. 3 яго, з гэтага месца, і пачну я сваё падарожжа, каб потым крок за крокам прайсці ўвесь шлях паэта. У дарогу я прыхапіў у бібліятэцы яго кнігу, выдадзеную ў 1854 годзе, «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах». На першай старонцы яго партрэт: хударлявы, прадаўгаваты твар, добрыя, спакойныя вочы.
Што ж, дарагі Сыракомля, павандруем разам ужо ў новым веку па тваіх ваколіцах. Перш за ўсё нам трэба, як ужо гаварылася, адшукаць і не на паперы, а на самой зямлі месца твайго нараджэння. Яшчэ ў 1850 годзе ты пісаў у сваёй аўтабіяграфіі: «Нарадзіўся я 29 верасня 1823 года на балоцістым Палессі, у вёсцы Смольгаў». У дзясятым томе «Геаграфічнага слоўніка Польскага Каралеўства і іншых славянскіх краёў» за 1889 год пра Смолыаў сказана так: «Фальварак у заходняй частцы Бабруйскага павета, на паграніччы са Слуцкім паветам... пры дарозе з мястэчка Пагост да вёскі Таль». Далей гаворыцца пра тое, што тут нарадзіўся паэт Уладзіслаў Сыракомля. I Пагост, і Таль я знайшоў на сваёй карце. Гэта у Любанскім раёне.
Ці ёсць цяпер што на месцы таго фальварка? Што з сябе ўяўляе? Вядома, пра паэта там ніхто нічога не раскажа. Як не раскажуць пра яго і ў іншых «яго ваколіцах», куды я паеду. Але ўсё роўна знайсці тое месца, пабываць там трэба. I не толькі дзеля таго, каб удакладніць факт яго біяграфіі, а яшчэ дзеля таго, каб пахадзіць па тых сцежках, якімі хадзіў паэт, падыхаць паветрам, якім ён дыхаў, паслухаць гаворку. якую ён слухаў, прыказкі, паданні... Нехта добра сказаў: каб лепш зразумець паэта, трэба пабываць на яго радзіме.
За Асіповічамі ад маладых «маслячковых» хвойнікаў, што прабягалі за акном вагона, на мяне раптам дыхнула родным bo-
дарам маленства: гэта ж за імі, тымі іглістымі хвойкамі, хутка, праз колькі перагонаў, пакажуцца знаёмыя хаты станцыі-раз’езда Фалічы, ад якой рукой падаць да маёй Зялёнай Дубровы. I я, убачыўшы гэтыя хаты, не мог, каб не сысці з цягніка, не заскочыць хоць на гадзіну у родную вёску. Да сваёй маці. Тым больш што гэта была, па сутнасці, ужо не толькі мая радзіма, а і Сыракомлева, яго «ваколіцы»; мы ж, калі раздумаць, абодва «случчакі», абодва з таго краю, які некалі называўся Слуцкім княствам (удзел старажытнага роду Алелькавічаў) і які нават цяпер яшчэ, па традыцыі, носіць абагуленае імя Случчына.
Заехаў дадому, а там якраз чарга адпасваць каровы. Цяпер, калі нічога не скошана і не зжата, адной мацеры пасвіць па лесе не вельмі лёгкая работа. Так што прабач, Сыракомля, давялося паставіць за шафу свой «вучоны» партфель, надзець дапатопныя штаны і ўзяць у рукі дубец. Па праўдзе кажучы, я і тут не разлучаўся з Сыракомлем: мы ўжо добра падружыліся з ім, сталі як пабрацімы.
Досвітак быў дзіўна спакойны. Ад ночы, якая толькі што прайшла па зямлі, аставаўся яшчэ шэры прыцемак, здаровы летні халадок, што звычайна бывае перад гарачым днём, ды нерухомыя кроплі расы на драсёне і лопуху імі густа зараслі вадасцёкавыя канаўкі паўз платы. Клікаць: «Каровы выганяйце!» ці тым болыл трубіць у прасмолены берасцяны рог, які запомніўся мне з маленства і якога ўжо, напэўна, не знайшоў бы і са свечкай ні ў чыіх сенцах, патрэбы якраз не было. Калі я пайшоў на сярэдзіну вёскі «займаць», каровы ўжо стаялі каля двароў, абціраючы галовамі належаныя за ноч бакі, сонна дажоўваючы сваю жвачку. На выгане, ужо сабраныя ў статак, яны адразу прыпалі да густой нізкарослай муравы. Міла і хораша было мне слухаць ізноў праз многа аж страшна лічыць гадоў, як дружна грызуць яны ядкую траву, пакідаючы пасля сябе роўныя цемнаватыя дарожкі на белай pace. Быццам і не было горада, не было яго мітусяніны і таўхатні, яго грукату і шалёнага рытму. Жыццё нібы спынілася. А правільней яно ішло, як і заўсёды, сваім адвечным, натуральным, нічым не прыспешаным ходам. Я неяк адразу настроіўся на гэты яго ход. Усе мае важныя праблемы,